узбі́ць, узаб’ю́, узаб’е́ш, узаб’е́; узаб’ём, узаб’яце́, узаб’ю́ць; узбі́ў, -бі́ла; узбі́; узбі́ты; зак., што.

1. Ударам ці ўдарамі насадзіць, накалоць.

У. абруч на бочку.

У. вілкі на вожаг.

2. Надзець, насунуць на што-н. зверху або з цяжкасцю надзець што-н. вузкае, цеснае (разм.).

Ледзь узбіў паліто на плечы.

3. Лёгкімі ўдарамі зрабіць больш рыхлым, пышным, пеністым.

У. падушку.

У. смятанку.

4. Разбіць яйка на патэльню (разм.).

5. Паставіць, пакласці, павесіць што-н. на вельмі высокае, нязручнае месца (разм.).

Куды ты ўзбіў гэту скрынку?

|| незак. узбіва́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

паразі́ць, ‑ражу, ‑разіш, ‑разіць; ‑разім, ‑разіце; зак., каго-што.

1. чым. Забіць, нанесці ўдар якой‑н. зброяй. Паразіць куляй. // Папаўшы ў што‑н., знішчыць, разбурыць. Паразіць мішэнь.

2. Перамагчы, нанесці паражэнне, разбіць. Паразіць ворага.

3. Выклікаць пашкоджанне, змяненне ў тканцы, органе і пад. (пра хваробу, эпідэмію і пад.). У жніўні 1945 года прамянёвая хвароба паразіла жыхароў Хірасімы і Нагасакі, якія ўцалелі ад ядзернай хвалі і агню. «Маладосць».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раздрабі́ць, ‑драблю, ‑дробіш, ‑дробіць; зак., што.

1. Разбіць, раскалоць на дробныя часткі. Раздрабіць шкло. □ Здавалася, вось-вось плынь сарве чалавека, закружыць яго, раздробіць аб камяні галаву. Даніленка. / у безас. ужыв. Левае плячо ў Мальца было прыкметна ніжэй за правае — у вайну разрыўною куляй яму раздрабіла лапатку. Дамашэвіч.

2. Раздзяліць на часткі, групы; расчляніць. Раздрабіць сілы праціўніка.

3. Выразіць больш дробнымі адзінкамі. Раздрабіць метры ў сантыметры.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Разразі́ць ’растрывожыць’: пабіў калена і так разразіў рану, што аж гніць пачала (Сцяшк. Сл.), розразі́ць ’сапсаваць, атруціць’ (ТС), з іншым трываннем, разража́ць ’раздражняць’ (Ян.), ’узбуджаць’ (Юрч.), разража́цца ’запаляцца, чырванець’ (воран., Сл. ПЗБ). Ад раз- і разіць (гл.). Паводле Варбат (Зб. Трубачову, 26), сюды ж рус. дыял. разрази́ть ’растрывожыць, растравіць (рану)’, ’раздражніць, расстроіць’, укр. разрази́ти ’раздражніць, растравіць’ (< прасл. *orzraziti), а таксама стараж.-рус. раздразити ’разбіцца’, ст.-польск. rozdrazic się ’тс’, ст.-слав. роздразитиразбіць’ з выдзяленнем асновы *draziti > *dražiti, гл. дражніць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рэ́сціць ’дабіць, даканаць; пакараць’ (слон., Нар. лекс.), дарэ́сьціць ’дакончыць’ (Нар. сл.), ’разбурыць, разбіць’ (зэльв., Жыв. сл.). Рус. рестить ’лаяцца’, изрестити ’выкалаць’. Прасл. *restiti ’калоць, біць; лаяцца, караць’, магчыма, уяўляе сабой дэнамінатыў ад *restъ(ь?), верагодна ў значэнні ’калючка, вастрыё’, як, напрыклад *čьstiti ’шанаваць’ < *čьstь ’гонар’; gostiti ’гасцяваць’ < gostь ’госць’ (Гарачава, Этимология–1980, 105–106). Відаць, сюды ж рэ́сткі, мяркуючы па ілюстрацыі: крычэць на ўвесь свет рэсткім крыкам (Глеб Альгердзіч. Нашчадкі і спадкаемцы // Шыпшына, № 2, 1946. С. 36), са значэннем ’востры, пранізлівы’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

перамало́ць, ‑мялю, ‑мелеш, ‑меле; зак., што.

1. Змалоць нанава, іначай. Перамалоць вобмешку.

2. Памалоць усё, многае. Перамалоць усю пшаніцу. □ Крыламі махае дужы птах, — Адарвацца ж ад зямлі не можа: Хоць муку адвозяць на вазах, Ды не ўсё перамалоў ён збожжа. Непачаловіч.

3. перан. Разм. Паступова знішчыць, разбіць. — Усё, што перашкаджала жыць, перамалолі. Паслядовіч. Галоўнае ў тым, што мы перамалолі, знішчылі шмат жывой сілы і тэхнікі ворага. М. Ткачоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

расква́сіць, ‑квашу, ‑квасіш, ‑квасіць; зак., што.

Разм.

1. Размачыць, зрабіць гразкім. Вада заліла лагчыны, расквасіла нізіны, а праз іх і да ўзгоркаў не дабрацца. Бялевіч. / у безас. ужыв. Ісці цяжка: дарогу расквасіла, да чаравікаў прыліпаюць камякі гразі. Навуменка.

2. Разбіць да крыві (нос, твар і пад.). Расквасіць нос. □ — Што было... Што было, — адказваючы на роспыты, сказаў Цімох, — ды расквасіў плешкаю галаву аднаму, другі раз, мо, не палезе. Мурашка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Разбо́й ’напад з рабаўнічай мэтай’ (ТСБМ, Нас.), ’разбой, грабеж’ (ТС), ’разбойнік’ (Гарэц., Нас., Сержп., Бяльк.), ст.-бел. разбойникъ, разбой ’рабаўнік’. Сюды ж разбо́йства ’разбой (Гарэц.), ’бандыцкі напад’ (Др.-Падб.), разбо́йнік ’той, хто займаецца разбоем’ (ТСБМ, Бяльк.). Рус. дыял. разбо́й ’разбойнік’, укр. разбі́й ’напад з рабаўнічымі мэтамі’. Назоўнік, утвораны да разбі́ць (гл.) бязафіксным спосабам, як зажо́н ’зажынкі’ ад зажына́ць. Старое значэнне дзеяслова ў народнай мове: «Адзін пачаў таргаваць, а другі — купцоў разбіваць» (Сержп. Казкі, 257). У сувязі з гэтым рэканструкцыя прасл. *orzbojь (*arzbajь, БЕР, 6, 149) выглядае праблематычнай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

распе́трыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., што.

Разм. Разбіць ушчэнт; размесці. Мы клялі вас тады, Мінеральныя Воды І абвеяны снегам Суровы Каўказ, — Белы гад нас прыціснуў Крыжовым паходам І распетрылі чэрці нас. Шмат загінула там, Каля ног Машука. Броўка. Як рэкі развіваюць зім кайданы, распетрым ворага над Сожам. Вялюгін. // Развеяць, раскідаць. У такія хвіліны [Глушак] думаў пра Нохіма як разумнейшы: «.. Распетрыў са страху ўсё сам, гатовы развеяць усё да пушынкі, а як вернецца добры час — дзе яго, тваё, сабярэш?» Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дабі́ць, -б’ю́, -б’е́ш, -б’е́; -б’ём, -б’яце́, -б’ю́ць; -бі́ты; зак.

1. каго (што). Прыкончыць (у 2 знач.) раненага, падстрэленага.

Паляўнічы дабіў звера.

Гэтыя весткі зусім дабілі старога (перан.).

2. перан., каго-што. Канчаткова разграміць.

Д. варожыя сілы.

3. што. Канчаткова разбіць што-н. недабітае, трэснутае; перабіць усё, што засталося цэлым.

Д. талеркі.

4. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.), што і чаго. Скончыць біць, утвараць гукі (пра гадзіннік).

Гадзіннік не паспеў д. шостага ўдару, як пачалася нарада.

5. што. Увагнаць да канца.

Д. цвік.

6. перан., што. Завяршыць якую-н. работу.

К вечару дабілі жніво.

Дабіць да ручкі (разм.) — давесці да развалу, да поўнай непрыгоднасці.

|| незак. дабіва́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)