дабі́ць, -б’ю́, -б’е́ш, -б’е́; -б’ём, -б’яце́, -б’ю́ць; -бі́ты; зак.
1. каго (што). Прыкончыць (у 2 знач.) раненага, падстрэленага.
Паляўнічы дабіў звера.
Гэтыя весткі зусім дабілі старога (перан.).
2. перан., каго-што. Канчаткова разграміць.
Д. варожыя сілы.
3. што. Канчаткова разбіць што-н. недабітае, трэснутае; перабіць усё, што засталося цэлым.
Д. талеркі.
4. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.), што і чаго. Скончыць біць, утвараць гукі (пра гадзіннік).
Гадзіннік не паспеў д. шостага ўдару, як пачалася нарада.
5. што. Увагнаць да канца.
Д. цвік.
6. перан., што. Завяршыць якую-н. работу.
К вечару дабілі жніво.
◊
Дабіць да ручкі (разм.) — давесці да развалу, да поўнай непрыгоднасці.
|| незак. дабіва́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)