Па́сма, па́смо, па́сьмо ’некалькі нітак ці валокнаў, складзеных уздоўж’, ’трыццаць нітак’, ’пучок валасоў’ (ТСБМ, Маш., Шат., Касп., Бяльк., Бір. Дзярж.; Сл. ПЗБ, Мат. Гом., Сл. Брэс., ТС; слуц. КЭС), ’змятая жменя льну’ (Яруш., Бес., Уладз., Мядзв.), ’галун’ (Яруш.), ’12 пар нітак у кроснах’ (КЭС, лаг.), каслаўка, пучок’ (КЭС, лаг.; Ян.), ’мера палатна ў шырыню’ (кобр., Сл. Брэс.; Ян.), глус. па́сьмяне ’трыццаць нітак’ (Янк. Мат.). Укр. па́смо, рус. пасмо, пасманка, пасменка, па́сменный, пасмёнок, пасменник, польск., н.-, в.-луж. pasmo, чэш., славац. pásmo, славен. pásmo, серб.-харв. па̏смо, макед. пасмо́, балг. пасмо́. Паводле Фасмера (3, 212), прасл. pasmo, якое з’яўляецца роднасным да лат. puõsms, puõsmis ’прасла ў плоце’. Трубачоў (Ремесл. терм., 102–103) лічыць, што прасл. pasmo — другасная форма ў адносінах да больш поўнай pasmę (Р. скл. pasmene), а лат. puõsms ’дробка льну, адбеленая ад кудзелі’, як і літ. põsmas ’пасма’, запазычаны са слав. моў. Адносна апошняга гэтаксама мяркуе і Махэк₂ (436). Аткупшчыкоў (Из истории, 260) сумняваецца ў старажытнасці суфікса ‑*men‑ у гэтым слове і лічыць, што рус. пасменка — больш позняе паводле свайго ўтварэння з другасным суфіксам ‑men‑. Аднак гэтаму, відаць, супярэчыць і наяўнасць бел. глус. па́сьмяне. Адносна этымалогіі прасл. pasmę (< *patsmnen) Трубачоў (Ремесл. терм., 102) выказвае дапушчэнне яго роднаснасці з герм. *faþma‑ ’пэўная колькасць пражы’ (> ст.-в.-ням. fadum, суч. ням. Faden ’нітка’) < і.-е. *pet‑/*pot‑. Іншыя ў якасці роднасных прыводзяць ст.-іран. afsman‑ ’верш (у гатах), вершаваны радок’, пачатак якога afs‑ узыходзіць да pas‑. Гэты корань у авесце азначае ’блытаць; путаць, умацоўваць адно на адным’ (Махэк₂, 436).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

многа, шмат, багата, нямала, незлічона, нязлічана, безліч, не злічыць, лічыць не злічыць, процьма, маса, вялікая колькасць, незлічоная колькасць; парадкам, ніштавата, бачана-нябачана, навалам, гібель, гіблота (разм.); сіла, моц, хмара, лавіна, бездань, лес, мора, акіян, сто, мільён, мільярд, поўна, горы, рой, цьма (перан.) □ без ліку, не абабрацца, не прабіцца, не перарабіць, аж цёмна, цьма цьмушчая, цьма цьмой, непачаты край, ні канца ні краю, куры не клююць, па вушы, па горла, дай божа, да чорта, да халеры, як бобу, як грыбоў, як сабак, цэлы воз, вазамі вазі, цэлы мех, хоць адбаўляй, хоць заваліся, хоць заліся, хоць засыпся, хоць каўшом бяры, хоць касу закладай, хоць гаць гаці, хоць рэкі прудзі, хоць равы масці, кішмя кішыць, да гібелі

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

дзень, дня, мн. дні, дзён, м.

1. Частка сутак ад усходу да захаду сонца, ад раніцы да вечара.

Ясны д.

Дасць Бог д., дасць і спажытак (прыказка). І дзень і ноч.

2. Тое, што і суткі.

Водпуск на пяць дзён.

3. Прамежак часу ў межах сутак, заняты чым-н.

Працоўны д.

Светлавы д.

4. чаго. Вызначаны тэрмін, дата, прысвечаная якой-н. падзеі.

Д.

Перамогі.

Д. нараджэння.

5. мн. Пара, перыяд.

Дні юнацтва.

Палярны дзень — за Палярным кругам: частка года, калі сонца не заходзіць за гарызонт.

Посны дзень — дзень, у які згодна з царкоўным звычаем нельга есці скаромнае.

Разгрузачны дзень — харчаванне аднатыпнымі прадуктамі на працягу аднаго дня з мэтай аздараўлення або пахудзення.

Санітарны дзень — дзень, які прызначаецца для санітарнага агляду службовага памяшкання.

Рабочы (працоўны) дзень — пэўная колькасць часу, адведзеная для работы, службы.

Добры дзень! — прывітальны зварот днём пры сустрэчы.

Дзень у дзень; дзень пры дні — штодзень, кожны дзень.

З дня на дзень — у адзін з бліжэйшых дзён.

Чакаем іх з дня на дзень.

Наводзіць цень на ясны дзень — наўмысна ўносіць няяснасць у якую-н. справу; блытаць каго-н.

Учарашні дзень — былое, мінулае.

Чорны дзень — цяжкая, змрочная часіна.

|| памянш.-ласк. дзянёк, -нька́, мн. -нькі́, -нько́ў, м. (да 1—3 знач.).

|| прым. дзённы, -ая, -ае (да 1 і 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Са́ні ’зімовая павозка на палазах’, са́нкі ’памяншальнае да сані’ (Касп., Сцяшк., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС, Шушк.), ’сківіцы; ніжняя сківіца’ (Бяльк., Гарэц.; арш., докш., КЭС; Шатал., Сл. ПЗБ, ТС, Мат. Гом.), санькі ’санкі’ (Янк. 1), sanka ’часць плуга, па якой ён сунецца па зямлі’ (Тарн.), са́ннік ’майстар рабіць сані’ (Янк. 3., Гарб.), санны́кколькасць сена або саломы, што змяшчаецца на санках’ (Сл. Брэс., Клім.). Укр. са́ни ’сані’, са́нка ’полаз’, рус. са́ни, ст.-рус. сани, ст.-рус., ц.-слав. сань ’змяя’, польск. sanie, sanki ’сані’, sannice ’палазы’, в.-луж. sanje, н.-луж. sáne ’сани’, чэш. sáně ’сані; сківіцы, скула’, saň ’дракон, змей’, славац. sane ’сані’, серб.-харв. са̏они, славен. sanȋ, балг. са́нка ’сані’. Слова не вельмі яснага паходжання. Запазычанне з фін. cionne ’від саамскіх саней’ (Каліма, RS, 6, 82 і інш.) або набліжэнне да тат. čana ’сані’, казах. šana, манг. čana, бурац. sana ’санкі, лыжы’ (Радлаў, 4, 286; Рамстед — гл. Фасмер, 3, 556–557) адвяргаецца шэрагам аўтараў, якія схіляюцца да славянскага паходжання слова, гл. Фасмер, там жа з літ-рай. Звярталася ўвага на паралелізм значэнняў ’сані, санны полаз’, ’змяя’ у слова сані і полаз ’санны полаз, змяя’. Узнаўляецца прасл. *sanь (Шустар-Шэўц, 2, 1269) або *sani (Махэк₂, 537; Сной₁, 554). Агульнай назвы для саней у індаеўрапейскай мове няма. Найбольш пераканаўчым лічыцца параўнанне з літ. šónas ’старана’, лат. sãns ’тс’, першапачаткова ’рабро’. Сувязь з грэч. σανίς ’паля; бэлька, тоўстая дошка’ лічыцца сумніцельнай. Гл. Зубаты, AfslPh, 16, 416 і наст.; Мюленбах-Эндзелін, 3, 804 і наст.; Траўтман, 298. Абаеў, 1, 398 параўноўвае слав. словы з асец. з̌опуд̌/сопӕд̌ ’сані; сківіца’. Гл. яшчэ БЕР, 6, 476–478; Борысь, 538.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

То́лькі ’выключна, адзіна, ’зусім нядаўна’, ’ледзь, ледзьве’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Ласт., Байк. і Некр., Федар. 4, Сержп. Прык., Сл. ПЗБ, Растарг.), ’столькі’ (Сцяшк., ЛА, 5), то́лька, ’выключна; ледзь’ (Бяльк.), ’столькі, у такой колькасці’ (смарг., Сл. ПЗБ), то́лько ’выключна, адзіна’ (вільн., Сл. ПЗБ), ’тс’, ’столькі’ (ТС), туо́лько ’выключна, адзіна; столькі, у такой колькасці’ (беласг., Сл. ПЗБ), ст.-бел. толико ’толькі, столькі’ (Ст.-бел. лексікон), только ’тс’ (Альтбаўэр); сюды ж то́лякі ’нядаўна’ (Сцяшк. Сл.), то́лечка ’толькі’ (Гіл.), то́лечкі ’тс’ (Янк. 2), ’толькі (памяншальнае)’ (Растарг.), ’толькі што’ (Жд. 1), то́лечкі ’тс’ (Ян., Мат. Маг., Нар. Гом.), то́лячкі ’тс’ (Чэрн., Сцяшк. Сл.), то́лічка ’малая колькасць’, то́лічкі ’чуць-чуць’ (Нас.). Укр. ті́льки ’адзіна, выключна’, ті́лько ’тс’, дыял. ’столькі’, рус. то́лько ’выключна; ледзь; аднак’, польск. tylko ’тс’, чэш. tolik ’столькі’, toliko ’выключна’, славац. toľko ’столькі’, toľký ’такі вялікі, такі значны’, славен. tolíko ’столькі’, tólik ’такі вялікі’, серб.-харв. то̏лико, толѝко ’столькі’, макед. толку ’тс’, балг. то́лко ’тс’. Прасл. *toliko прысл. ад *tolikъ ’такі вялікі, такі на колькасці’, якое з’яўляецца суфіксальным утварэннем ад прасл. *toli ’столькі’, параўн. укр. дыял. ті́лький ’такі па колькасці’, рус. дыял. только́й ’такі’, старое польск. tylki, telki ’такі вялікі, такі па велічыні’, чэш. дыял. telký, teľký ’тс’, славац. toľký ’тс’, в.-луж. telki ’такі вялікі’, славен. tólik ’тс’, серб.-харв. толѝки ’тс’, дыял. tolȉk ’тс’, балг. дыял. то́лки ’тс’, ст.-слав. толикъ ’такі вялікі, такі шматлікі’. У неславянскіх мовах аналагічныя ўтварэнні — грэч. τηλίκος ’такі вялікі, такі моцны’, лац. tālis ’такі; такі важны, значны’ (Фасмер, 4, 74–75; Брукнер, 589; Махэк₂, 646–647; Бязлай, 4, 194; ЕСУМ, 5, 579; Борысь, 658). Паводле ESSJ SG (2, 682), парадак словаўтварэння адваротны: *tolikъ ад *toliko.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

урэ́заць, урэжу, урэжаш, урэжа; зак.

1. што. Адрэзаўшы частку чаго‑н., укараціць, паменшыць. Урэзаць крысо.

2. перан.; што. Зменшыць, скараціць аб’ём, колькасць, склад чаго‑н.; убавіць. Урэзаць зарплату. Урэзаць норму. Урэзаць штаты. Урэзаць расходы. // Абмежаваць. Урэзаць правы. Урэзаць паўнамоцтвы.

3. што ў што. Уставіць у выдзеўбанае, выразанае паглыбленне. Урэзаць замок у дзверы.

4. што і чаго (пераважна з адмоўем «не»). Разм. З цяжкасцю адрэзаць што‑н. вельмі цвёрдае. Мяса такое мерзлае, што не ўрэзаць.

5. што і чаго. Разм. Адрэзаць чаго‑н. [Міход:] — Урэжце [цётка Хіма] акрайчык свежага хлеба ды пашукайце ў каморы марожанага сальца. Я гэтак яго люблю. Сабаленка. [Дачка] ўнесла з каморы збан мёду, вялікі сыр, урэзала вяндліны. С. Александровіч. // Нарэзаць невялікую колькасць чаго‑н. [Сабастыян:] А я кагадзе дома каровам сечкі ўрэзаў, салому папалам з канюшынаю мяшаў. Чорны.

6. перан.; што і без дап. Разм. Нечакана і гучна заіграць, заспяваць; грымнуць. Урэзалі музыкі мяцеліцу, і ўсе закруціліся па хаце. Гарэцкі. Ідзе рота ў сталовую — песня гучыць. Як урэжуць «Тачанку» — усе вулачкі і закавулачкі дрыжаць. Ракітны. — Ото ўжо ўрэзаў, дык урэзаў! — смяялася бабка. — Каб яшчэ бубен, дык і танцаваць можна б было! Каліна. — Пайграем? — спытаў Санька і, доўга не думаючы, з усяе сілы ўрэзаў па белых касцяных дошчачках пяцярнёй. Сяркоў.

7. каму, па чым і без дап. Разм. Моцна ўдарыць. [Мятла:] — Калі Сяргей збіў паліцэйскага з ног, дык другі ўрэзаў яму па галаве, і ён упаў. Машара. [Камейша:] — Дзівіцца чалавек, чым так урэзаў, нягоднік, што адразу зваліў з ног... Пальчэўскі. [Вася:] — Я не стрываў, схапіў.. [Вярстоўскага] загрудкі і ўжо размахнуўся, каб урэзаць яму ў твар, ды ён лоўка перахапіў маю руку. Гаўрылкін. // Пабіць, збіць; пакараць. Ну ж і ўрэзалі тады.. [сялянам] казакі, і цяпер чухаюцца. Грахоўскі.

8. Разм. Імкліва паімчацца, пабегчы. Здымае шапку [старшыня сельсавета] з галавы і да яго: «Кось-кось!» — Нібыта ў шапцы той аўса ўволю. Але дурных няма, Буланы конь у поле Ўрэзаў так, што толькі ўзняўся пыл. Корбан. // Пайсці, паліць (пра дождж). Янка ўжо амаль дайшоў да чоўна, калі дождж урэзаў як след. Лупсякоў.

9. што. Разм. Рэзка і катэгарычна сказаць, заявіць што‑н. Пачуўшы песню ў другі раз, Міканор, хоць і ведаў, што Алёша можа пакрыўдзіцца, не прамаўчаў, бязлітасна ўрэзаў праўду-матку пра песню. Мележ.

•••

Урэзаць дуба — тое, што і даць дуба (гл. даць).

Урэзаць штуку — тое, што і адпаліць штуку (гл. адпаліць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ме́раць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; заг. мерайце і мерце; незак., каго-што.

1. Вызначаць велічыню, колькасць чаго‑н. пры дапамозе якой‑н. меры. Мераць даўжыню метрам. Мераць тэмпературу. □ Мужыкі хадзілі з хмурымі тварамі і мералі шырокімі крокамі поле. Колас. Кожны год на імяніны панны Ядвігі мералі яе рост. На памятку прыбівалі медзяныя дошчачкі. Бядуля. // перан. Супастаўляючы, ацэньваць. Па другіх турыстах нас не мерце: Я ў маленстве сам недаядаў. Панчанка.

2. перан. Хадзіць, рухацца па якой‑н. прасторы ўзад і ўперад або ў адным напрамку. [Ігнась:] — Аднаму нудна, дык я і пайшоў мераць гарадскі брук. Мурашка.

3. Надзяваць што‑н. для прымеркі. Партызаны скідаюць свае шынялі, мераюць кажухі. Дайліда.

•••

Мераць на свой аршын — меркаваць пра каго‑, што‑н. аднабакова, са свайго асабістага пункту погляду.

Мераць на стары аршын — прытрымлівацца старых поглядаў на што‑н.

Мераць па сабе — тое, што і мераць на свой аршын.

Мераць усё (усіх) сваёй меркай — тое, што і мераць на свой аршын.

Мераць усіх адной меркай — падыходзіць да ўсіх аднолькава.

Мераць усіх (усё) на адзін аршын — падыходзіць да ўсіх і да ўсяго аднолькава.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пака́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Капаць некаторы час (пра дождж). Пакапаў дождж і сціх.

2. што і чаго. Разм. Наліць некалькі капель якой‑н. вадкасці; накапаць трохі. — А божа ж мой! — спалохалася маці. — Вуха баліць, а ты маўчыш... — Ці ж крычаць? — На камфару, пакапай у вуха — памагае. Бядуля.

пакапа́ць, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е; зак., што.

1. і без дап. Капаць некаторы час. Пакапаць бульбу да вечара. □ У лесе пакружыў крыху [Якуш], выбраў мясціну, згроб зверху лісце і пачаў капаць яму. Пакапае, пакапае, дый азірнецца, прыслухаецца. Скрыган.

2. Перакапаць канавамі, барознамі і пад. усё, многае. Пакапаць дарогу.

3. Выкапаць, накапаць вялікую колькасць якіх‑н. паглыбленняў. [Хутарок] меў досыць убогі і пустэльны выгляд, бо нават не было ніводнага дрэўца каля хаткі, хоць ямкі для іх і пакапаў дзядзька Марцін. Колас. Вылі ў лесе і акопы, але іх пакапалі пазней, у жніўні: кавалерыйская часць займала тут абарону. Навуменка.

4. Капаючы, выбраць (пра бульбу, буракі і пад.). Бульбу ў калгасе пакапалі, лён і каноплі падабралі і во-во пачнуць вазіць на завод. Лупсякоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паме́р, ‑у, м.

1. Велічыня чаго‑н. у адным або некалькіх вымярэннях. У сасновым бары, каля самай сядзібы запаведніка, выдзелены для.. [гадавальніка] участак зямлі, памерам у адзін гектар. В. Вольскі. Без канца і меры.. [дрэўцы] рассявала тут усюды старая таполя, памераў незвычайных. Чорны.

2. Ступень развіцця, велічыня, маштаб якой‑н. з’явы, здарэння і г. д. Аляксей падумаў, якія вялізныя памеры наступлення і — колькі тут войск, людзей, што .. нецярпліва, парыўна яшчэ чакаюць сваёй пары!.. Мележ. Бадай што няма большай небяспекі, чым тая, памераў якой яшчэ не ведаеш. Карпюк.

3. Мерка, нумар якога‑н. прадмета. З раніцы да позняга вечара топчуць.. [двор] падэшвы чаравікаў самых розных фасонаў і памераў — ад 18‑га да 38‑га нумару. Жычка.

4. Спец. Камбінацыя тых ці іншых элементаў (націскных і ненаціскных або доўгіх ці кароткіх складоў), якая паўтараецца ў вершы і з’яўляецца асновай вершаванага рытму. Перабрана мноства класічных памераў ад ямба да анапеста. У. Калеснік. Кожная з дарэвалюцыйных паэм Купалы пісалася адным намерам. Бярозкін. // Тая ці іншая колькасць і размяшчэнне рытмічных адзінак у музыкальным такце, якія ўтвараюць рытмічны лад музычнага твора.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пасы́паць, ‑сы́плю, ‑сы́плеш, ‑сы́пле; зак.

1. што і чаго. Насыпаць, раскідаць дзе‑н. нейкую колькасць чаго‑н. Насыпаць зерня птушкам. Пасыпаць гароху на стол. □ Лявон Муравейка асцярожна выцягнуў кацялок з агню, памачыў у кіпені сухар, пасыпаў на яго солі і, адкусіўшы, аж крактануў ад прыемнасці. Шчарбатаў.

2. што чым. Пакрыць, усеяць чым‑н. сыпкім, дробным якую‑н. паверхню. Пасыпаць дарожку жоўтым пясочкам. □ Заслала [Зося] стол, высыпала на самую яго сярэдзіну бульбу і пасыпала сушаным кропам. Дуброўскі. Малады выняў мяса, пачысціў яго, пасыпаў соллю і са смакам пачаў есці. Маўр.

3. Разм. Пачаць падаць, ісці; пайсці (пра снег, дождж і пад.). Пасыпаў дробненькі, гусценькі сняжок. Колас. Глуха шумяць дрэвы. Раптам пасыпаў дробны, цёплы дождж. Мыслівец.

4. што або чым. Разм. Пачаць хутка гаварыць што‑н. Падмігнулі ім дзяўчаты І пасыпалі ў адказ: — Годзе бавіцца, салдаты, — Пачынаць зажынкі час! Калачынскі.

5. Разм. Хутка пайсці, пабегчы (пра многіх). Пачуўшы званок, вучні з усіх куткоў насыпалі ў клас. Кулакоўскі. І не паспеў .. [дзед Мікалай] пераступіць парог хаты, як следам адзін за адным насыпалі мужчыны з усяго канца вёскі. Якімовіч.

пасыпа́ць, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.

Незак. да пасы́паць (у 1, 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)