мераць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; заг. мерайце і мерце; незак., каго-што.
1. Вызначаць велічыню, колькасць чаго‑н. пры дапамозе якой‑н. меры. Мераць даўжыню метрам. Мераць тэмпературу. ▪ Мужыкі хадзілі з хмурымі тварамі і мералі шырокімі крокамі поле. Колас. Кожны год на імяніны панны Ядвігі мералі яе рост. На памятку прыбівалі медзяныя дошчачкі. Бядуля. // перан. Супастаўляючы, ацэньваць. Па другіх турыстах нас не мерце: Я ў маленстве сам недаядаў. Панчанка.
2. перан. Хадзіць, рухацца па якой‑н. прасторы ўзад і ўперад або ў адным напрамку. [Ігнась:] — Аднаму нудна, дык я і пайшоў мераць гарадскі брук. Мурашка.
3. Надзяваць што‑н. для прымеркі. Партызаны скідаюць свае шынялі, мераюць кажухі. Дайліда.
•••
Мераць на свой аршын — меркаваць пра каго‑, што‑н. аднабакова, са свайго асабістага пункту погляду.
Мераць на стары аршын — прытрымлівацца старых поглядаў на што‑н.
Мераць па сабе — тое, што і мераць на свой аршын.
Мераць усё (усіх) сваёй меркай — тое, што і мераць на свой аршын.
Мераць усіх адной меркай — падыходзіць да ўсіх аднолькава.
Мераць усіх (усё) на адзін аршын — падыходзіць да ўсіх і да ўсяго аднолькава.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)