сцягно́, а́; мн. сцёгны (з ліч. 2, 3, 4 сцягны́), ‑аў; н.

1. Частка нагі жывёлы або чалавека ад таза да калена. Ногі праваліліся ў снег, аж па сцёгны. Пташнікаў. Левая нага была раструшчана ў калене, асколак сядзеў глыбока ў сцягне. Васілевіч. — Харч добры на фабрыцы-кухні, — смеючыся, адказала Зіна і пляснула далонямі сябе па сцёгнах. Грамовіч.

2. Бядровая частка тушы; кумпяк. Добрую плату даў Шпак сваім «лясным сябрам» [кантрабандыстам]. А да ўсяго прывёз гарнец гарэлкі і вэнджанае сцягно на закуску. Ваданосаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фізіяно́мія, ‑і, ж.

1. Твар чалавека. Наташа ўбачыла, як з Шуставай фізіяноміі спаўзла ўсякая фанабэрыстасць. Шчарбатаў. [Чыбук:] — А як.. [жонка] з сябе? Ну, з фізіяноміі, з цела? [Дзяцел:] — Нічога. Спраўная. Мележ. // Выраз твару, грымаса. Потым Максім сустрэў Пуцыну год з пяць назад. У таго была кіслая фізіяномія, нібы ён праглынуў якога слімака. Дзятлаў. // Разм. Чалавек, асоба. У хату ўвайшлі тры заспаныя фізіяноміі.

2. перан. Індывідуальны знешні выгляд каго‑, чаго‑н., чые‑н. адметныя рысы. [Буднік:] — Сацыяльная міміка ў такіх людзей багатая, а фізіяноміі няма. Галавач.

[Фр. phisionomie.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цыбу́ля, ‑і, ж.

1. Агароднінная расліна сямейства лілейных з ядомымі цыбулінай і трубчастымі лістамі. Рэпчатая цыбуля. □ Была б добрая вясна, дык ужо ў такі час вырасла б цыбуля ў агародзе, шчаўе на лузе. Колас.

2. зб. Ядомыя трубчастыя лісты або галоўкі гэтай расліны. [Гануля] ішла з гарода і несла ў кошыку маладзенькую радыску, салату і яшчэ кволае пер’е цыбулі. Чарнышэвіч. [Чалавек:] — Магу даць пляцёнку цыбулі або вясельца сушаных грыбоў. Кулакоўскі.

3. Назва некаторых травяністых цыбульных раслін сямейства лілейных. Цыбуля мядзведжая. Цыбуля заячая.

[Ад ням. Zwiebel.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чыгу́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Рэйкавая дарога, прызначаная для руху паяздоў. Гасцінец.. быў адзіны шлях зносін паміж гарадкамі, чыгунка была далёка. Чорны. А там за возерам, як струнка, Пралегла роўненька чыгунка. Вось пераезд даўно знаёмы; Правей вакзальныя харомы. Колас.

2. Комплекснае транспартнае прадпрыемства, якое забяспечвае перавозку пасажыраў і грузаў па такой дарозе. Працаваць на чыгунцы. □ [Кавалеўскі:] — Ужо дамовіўся з Упраўленнем чыгункі, даюць чатыры пакоі ў новым доме. Карпаў.

3. Разм. Жалезная печка. На чыгунцы грэўся чайнік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шалупі́нне, ‑я, н., зб.

1. Шалупіны. Проста на стол была насыпана бульба ў шалупінні, ад якой ішла пара. Арабей. // Адходы пасля ачысткі пладоў, бульбы і пад. Кожную суботу на ішаку.. [гаспадар] прыязджаў па шалупінне да нашай кухні. Даніленка. Як і на вялікдзень, на Юр’я фарбуюць яйкі. У адным чыгунку Ганьчына маці парыць шалупінне ад цыбулі. Васілевіч.

2. перан.; чаго або якое. Што‑н. непатрэбнае, лішняе, што не мае ніякага значэння, з’яўляецца знешнім прыкрыццём чаго‑н. [Міцкевіч] адкідаў бруд і шалупінне папоўскіх нагавораў. Лойка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Надэ́чыць1 ’падбухторыць’, надэ́чыцца ’падбухторыцца’, надэ́чаны ’падбухтораны’ (Яўс.). Утворана ад дэ́чыць ’павучаць, падбухторваць’, дэ́чыцца ’навучацца, пераймаць’, дэ́чаны ’навучаны’, для якіх не выключана аднолькавае паходжанне з бачыць ’гаварыць’, надэ́чыць ’нагаварыць’, што выводзяцца з літ. dėti ’абгаворваць’ (Сл. ПЗБ, 182). Можна меркаваць і пра блізкасць да дзеяслова незакончанага трывання дукаваць ’павучаць, падбухторваць’ (гл.), форма закончанага трывання ад якога была б над укаваць або *навучыць, што вельмі блізка фармальна і семантычна да разглядаемага слова.

Надэ́чыць2 Змяшчаць’ (Каханоўскі, Повязь часоў. Мн., 1985, 87), з тэксту не відаць, дзе распаўсюджана слова. Каханоўскі спрабуе звязаць з уласнай назвай Маладэнна, якая этымалагізуецца як ’малазмяшчальнае месца’, паколькі населены пункт быў заснаваны паміж поймай ракі і Ашмянскім узвышшам. Няясна, магчыма звязана з літ. dėti ’класці, змяшчаць’, nudėti ’залажыць, засунуць’, што адпавядае слав. *detiy адно са значэнняў якога ’дзець, класці, змяшчаць’ (гл. Абаеў, ВЯ, 1988, 3, 36); тады назва горада рэканструюецца як *malo‑detь‑no (суч. Маладзечна).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сварыбаба ‘расліна дзераза, Lycopodium’ (Бес.). Польск. swarzybaba ‘тс’, таксама morzybaba, babimor; у чэшскіх гаворках rimbaha, ст.-чэш. rimbaba, але абазначаюць яны адзін з відаў рамонка (Махэк, Jména, 247 і наст.). Відавочна, звязана з баба, але канкрэтныя матывы намінацыі няясныя. Махэк (там жа) мяркуе, што расліна магла мець нейкае лекавае ўздзеянне на “бабу”, г. зн. была лекам пры жаночых хваробах. Аднак беларускае і польскае словы, відаць, ад сварыцца і баба, параўн. сварыбаба ‘непамяркоўны чалавек’ (Сцяш. Сл.) і сведчанне Пяткевіча: Joj ŭsio adno z kim swarycsa <…> jeje za toje nazvali “Swarỳ-Bàba” (Пятк. 2, 261), а таксама ўкр. сварка, сварнік для называння розных раслін, у тым ліку Licopodium clavatum L., вядомага як дзераза (ад *derti, гл.). Украінскія назвы тлумачаць павер’ем, нібыта прысутнасць расліны ў хаце выклікае сварку (ЕСУМ, 5, 186), што, магчыма, грунтуецца на народна-этымалагічным успрыманні назвы дзераза ці тлумачыцца збліжэннем з сва́рба́ ‘сварка’ (гл. папярэдняе слова).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту-ту-ту1 — падзыўныя для гусей (ДАБМ, камент., 896), ‘падзыўныя для курэй’ (Мат. Маг.). Параўн. укр. ту‑ту, тю‑тю — падзыўныя для курэй, куранят, рус. ту‑ту‑ту, тю‑тю‑тю ‘тс’, польск. tiu‑tiu‑tiu ‘тс’, чэш. мар. tu‑tu ‘тс’, tuťа ‘курыца’, славац. ťu‑ťu‑ťu — падзыўныя для курэй. Адносяцца да т. зв. першасных інтэр’екцый, якія служаць для выражэння жадання, волі (Смаль-Стоцкі, Приміт., 115), паходжанне якіх цяжка высветліць; звычайна трактуюцца як анаматапеічныя ўтварэнні (Фасмер, 4, 134; Махэк₂, 662; ЕСУМ, 5, 674).

Ту-ту-ту2 — выражанае пачуццё палёгкі: Ой, ту‑ту‑ту! Добра, што ўсё так кончылася (чашн., Рэг. сл. Віц.), выражае настойлівасць, просьбу (?): Братавая золвы на ноч просіць, ту‑ту‑ту (Куп. і пятр. песні, 326), ту‑ту — выражае захапленне (?): Ту‑ту! Што ў мяне была за свякровачка (круп., там жа). Відаць, узмоцненыя (падвоеныя ці патроеныя) экспрэсіўныя словы — інтэр’екцыі, гл. ту1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

гасці́нец 1, ‑нца, м.

Рэч, ласунак і пад., якія госць або блізкі падносяць каму‑н. як падарунак. Сцёпка паважна расчыніў чамадан і выняў адтуль вялікую суконную хустку — гасцінец для маткі. Колас. Поруч у дзвюх кадушках ляжалі пахучыя антонаўкі, чырванабокія, аж сіняватыя цыганкі, бары — гасцінцы дзецям на ёлку. Васілевіч.

гасці́нец 2, ‑нца, м.

Вялікая бойкая дарога, звычайна абсаджаная дрэвамі; шлях, тракт. Сама дарога — стары гасцінец — была абсаджана тоўстымі ліпамі ўперамежку з клёнамі і таполямі. Чарнышэвіч. Беларускія бярозы Абапал гасцінца Калыхалі думкі шумам Хлапчуку-ўкраінцу. Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

глуш, ‑ы, ж.

1. Густа зарослы ўчастак лесу. Перасяляюцца штодня з глушы Лясной К нам ліпы ў мінскія алеі. Астрэйка. Пайшоў мядзведзь па лесе, Далёка ў глуш залез.. Журба.

2. Аддаленае ад паселішчаў пустыннае месца. А раней тут была глуш. Шэсцьдзесят кіламетраў трэба было ехаць на балаголы, каб трапіць на адну з бліжэйшых чыгунак. Ермаловіч. // Аддалены ад культурных цэнтраў населены пункт; захалусце. Дзяцінства і юнацтва Змітрака Бядулі прайшлі ў вясковай глушы. Каваленка.

3. Позняя, глухая пара; цішыня. Глуш начы разлеглася шматвёрстая, Не чуваць гамонкі анідзе. Панчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)