Ле́зіва1 ’плеценая з сырамяці вяроўка, якой бортнікі карыстаюцца, калі лазяць па дрэве да калод з пчоламі’ або ’вяроўка, на якой паднімаюць калоду пчол на дрэва’ (Эрэміч., Очерки, 8; рэч., Мат. Гом.), ле́зва ’тс’ (Маш.; гродз., Сл. паўн.-зах.), лельч., ельск. лезьва (Мат. Гом.). Ст.-бел. лезиво, лезыво (1507 г.). Укр. лезиво, лізиво, рус. лезиво (лезево), польск. leziwo ’лезіва’, а ў XVI ст. — ’борць’. Паўн.-слав. lěz‑ivo. Да лазіць, лезці (гл.). Няма патрэбы гаварыць пра запазычанне з польск., як сцвярджае Булыка (Лекс. Запазыч., 94).

Ле́зіва2 ’лязо’ (Нас.), ле́зьвіе, лезвіг, лезка ’тс’ (лаг., Шатал.; браг., Мат. Гом.; паўд.-усх., КЭС), лязо ’вострая частка рэжучай ці сякучай прылады’ (ТСБМ, Шат., Касп., Гарэц.; мін., Шн. 2, КЭС, лаг., Бяльк.), ’тонкая стальная пласцінка для галення’ (Сцяшк.), лэзо, лезо, лёзо ’вастрыё сякеры’ (Тарн.). Укр. ле́зво, уманск., валынск. ле́зо, харкаўск. лі́зко ’лязо’, рус. лез, лёз ’струг для апрацоўкі клёпак’, калін. ’вастрыё касы’, казан., ніжнегар., уладз. леза, лёза, іркуцк. лезвище ’вастрыё касы’, паўн.- і паўд.-рус. лезьё ’лязо’. Паводле Варбат (Этимология–1964, 41–43), гэты даволі позні прасл. дыялектызм генетычна суадносіцца з дзеясловамі lěztilaziti > лезці (гл.), семантыка якіх змянялася наступным чынам: ’паўзці, прабірацца’ > ’расчысціць, выраўняць, каб прайсці’ і ’узлезці, каб вычысціць, выразаць’ > ’рубаць, выраўноўваць, рэзаць’ > ’тое, што рэжа’. Застаецца няясным канец формы лезвіг. Іншыя менш імаверныя версіі гл. Фасмер, 2, 476.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Апало́нік1 пало́нік ’разліўная лыжка’. Рус. половник, уполовник, укр. ополоник, половник, абл. уполовник ’тс’. Ст.-рус. половьникъ ’мера сыпкіх цел’, уполовьникъ, упольникъ ’коўш на доўгай ручцы’. Ст.-бел. ополоник 1538–1539, полоник 1556–1571 (Мар. дыс.), ополоникъ (Шакун, Гісторыя, 114). Балг. половница ’сасуд 1/2 л’; макед. арх. половник ’1/2 вядра, торбы і інш.’, серб.-харв. устар. поло̀вњак ’мера збожжа каля 25 кг’, славен. polovník, polovnìca ’старая мера сыпкіх цел’. Параўн. яшчэ ўкр. половник ’засек для паловы’; славац. polovník ’сумесь з аўса (жыта) і ячменю’. Абодва прыклады на упольникъ у Сразн. аб меранні мора ўпольнікам. Апалонік, палонік звязаны са старарускай назвай меры половьникъ, уполовьникъ; апошняя цалкам, магчыма, генетычна звязана з паўднёваславянскімі формамі. Далейшыя этымалагічныя хады няпэўныя; магчыма сувязь з пол ’1/2’. Улічваючы славен. рòl ’чарпак (для лодкі)’ і ст.-рус. упольник, нельга гаварыць аб непасрэднай сувязі з палова ’рэшткі пры апрацоўцы зерня’. Фасмер (4, 164) няпэўна (як сам адзначае) параўноўвае уполовник, упол, уполовьня з палаць ’веяць’ (гл.), палоць.

Апало́нік2, пало́нік (Нас., БРС). Укр. ополоник ’палонік’, рус. дыял. полоник ’тс’ (бранск.). Перанос па знешняму падабенству з назвы лыжкі; параўн. балг. попова лъжичка ’тс’.

*Апало́нік3, ополо́нык ’перапечка з цеста’ (Вешт., 393). Параўн. палёшки ’малыя вараныя ці печаныя перапечкі’ (Вешт., 398). Магчыма, з назвы лыжкі, пры дапамозе якой наліваюць цеста (няпэўна). Параўн. паляніца, апалька (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Журы́цца ’сумаваць’, журы́ць ’дакараць’, журлівы. Рус. жури́ть, дыял. жури́ться ’тс’, укр. жури́ти ’выклікаць сум’, рэдк. ’дакараць’, жури́тися ’сумаваць’, журли́вий, ст.-польск. żurzyć się ’гневацца, злавацца’, польск. дыял. żurzyć się ’спрачацца’, чэш. žúřit ’гневацца, сварыцца’, славац. žuriť ’сварыцца, дакараць’, н.-луж. žuriś ’рабіцца злым’, žuriś se ’кіснуць, злавацца, гневацца’, славен. žúriti1 ’застаўляць’, žúriti se ’паспяшаць, старацца’, žúriti2 ’ачышчаць ад скуры’, серб.-харв. жу́рити ’падганяць’. Ст.-рус. журити ’дакараць’ (з 1673 г.). Фасмер (2, 68), Мартынаў–Міхневіч (Маладосць, 1970, 3, 145) прымаюць думку Развадоўскага (Wybór, 2, 172) пра сувязь журыцца з серб.-харв. гу́рати ’пхаць’, славен. gúrati ’напружваць, мучыць’. Развадоўскі лічыць роднасным гоц. gáurjan ’рабіць смутным’ і ўзводзіць да і.-е. *geur‑. Магчыма лічыць, што гэта той жа корань, што ў слове жураць ’тлець’ (гл.). Сувязь ’гаварыць’ — ’гарэць’ вядомая і для іншых выпадкаў, а Краўчук (Зб. Крапіве, 195–196) адзначыў яе для пары балг. жевря се ’хныкаць, выпрошваць’, укр. жевріти ’тлець’, якая суадносіцца па кораню з журыццажураць. Журыць азначала першапачаткова моўную дзейнасць, а сувязь ’гарэць — паліць — пячы’ з ’дакараць’ — ’сумаваць’ адлюстроўваецца і ў іншых выпадках. Супрун, Бюлетин за съпоставително изследване на български език с други езици, 1976, 5, 76–78; Непакупны, Балтійскі родичі слов’ян, 1979, 100–101. Гл. яшчэ Фасмер, 2, 68; Праабражэнскі, 1, 238–239; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 229; Пятлёва, Этимология, 1967, 178; Младэнаў, ГСУ ИФФ, 13–14 (1917/18), 61–62.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Знушча́цца ’здзекавацца’ (Жд. 2; Мат. Гом.; ЭШ), змушча́цца ’тс’ (Жд. 2). Рус. зах. бранск. знущаться ’тс’, паўд. змущаться ’тс’, вяцк., смал. змуща́ть ’схіляць, спакушаць, падбухторваць, нацкаваць’, укр. знуща́тися ’здзекавацца’. Булахоўскі (Питання, 65; Вибр., 2, 71) выводзіў укр. знуща́тися з *згнущатися. Трубачоў (Проспект, 83–84) рэканструюе прасл. дыял. sъn‑uščati () і, параўноўваючы з польск. poduszczać ’падбухторваць’, выводзіць бяспрэфіксны дзеяслоў uščati < ustjati ад usta (гл. вусны) і дае для дзеяслова балт. паралелі: літ. дыял. áuščioti ’балбатаць, гаварыць’, лат. aūšât ’балбатаць’. Параўн. і Трубачоў, Слав. языкозн., V, 179. Мартынаў (Бел. укр. ізал., 48; Лекс. Палесся, 13–14) далучае да гэтых паралелей мін.-маладз. ушчуваць ’лаяць’, ушчувацца ’крыўдзіцца’, а таксама ст.-рус. наустити (параўн. і рус. наущать), рэканструюе ўсх.-балт. *san‑austjati і лічыць, што яно пранікла ў бел., укр. Трэба, аднак, улічыць, што наустити не ст.-рус., а ст.-слав. факт, прадстаўлены ў Зогр. і Мар. евангеллях, таму тут больш верогодна не пранікненне, а генетычная роднаснасць (як мяркуе Трубачоў). У бел., відаць, адбываецца ўзаемадзеянне знушчацца і змушчацца (параўн. рус. смущаться да смутить, гл. муціць), якое першасна мела значэнне ’выклікаць непакой’. Ці не трэба ўлічыць пры тлумачэнні польск. уст. znękać ’засмучаць, знясільваць’, в.-луж. znućić ’прымусіць’? Параўн. таксама бел. зні́шчыць, укр. знищити ’спыніць існаванне’ і ст.-рус. изнищити ’зрабіць жабраком’. Семантычны бок цікавай гіпотэзы Трубачова патрабуе ўдакладненняў, сярод якіх магчыма і ўздзеянне ўказаных слоў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тры́зна ‘заключная частка пахавальнага абраду’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), ‘памінкі па нябожчыку’ (ТСБМ, ТС), ст.-бел. тризна ‘тс’: за поганства ꙋмерлымъ поминки (Стрыйкоўскі, пач. XVII ст., ПГС, ГСБМ), УІ Трызна (Карскі 2–3, 29), Трызна Гальшка з Храбтовічаў (Гардзееў, Магдэбургская Гародня, Гродна; Wrocław, 2008, 193, 215, 221). Укр. три́зна ‘тс’, три́знище ‘поле бітвы’, рус. три́за, стараж.-рус. тризна ‘спаборніцтва; подзвіг; узнагарода; памінальнае банкетаванне’ (з XII ст.), трызна (Ізборнік Святаслава, 1073 г.), ст.-слав. тризна ‘ўзнагарода за перамогу’ (Супрасл. летап.), польск. tryzna ‘памінкі з ігрышчамі як часткай пахавальнага абраду’; чэш. і славац. tryzna ‘грамадзянская паніхіда’, гіст. ‘трызна’ — з польск. мовы (Махэк₂, 656); славен. trízna ‘бой, спаборніцтва ў гонар памерлага чалавека’ (са ст.-слав., Сной у Бязлай, 4, 226). Прасл. *tryzna (Фасмер, 4, 102) супастаўляюць з генетычна роднасным *traviti > першапачаткова ‘памінкі, памінальнае частаванне’ (Міклашыч, 362; Брукнер, 579 і інш.). Трубачоў (ВСЯ, 4, 1959, 130 і наст.) тлумачыць слав. *trizna як вытворнае ад *trizь ‘трацяк, трохгадовая жывёла, прызначаная для ахвяры’, параўн. ст.-бел. тризъ, фризъ ‘трохгадовая жывёла’ (ГСБМ). Мартынаў (Лекс. Палесся, 16) дапускае для беларуска-ўкраінскай лексемы гоцкае паходжанне, параўн. гоцк. trigo‑n ‘смутак’, або суадносіць з тры́зніць ‘вярзці, гаварыць у беспрытомнасці, галюцыніраваць’, польск. tryznić ‘марнаваць час’, што характарызуе паводзіны сваякоў у час чуйнасці над нябожчыкам (Зб. Крапіве, 213). Высновы пра няяснае паходжанне слова з аглядам магчымых версій гл. Рачава, Зб. Варбат, 318–328; ESJSt, 16, 984–985.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трылу́дзіць ‘трызніць’, ‘хлусіць’ (Касп.), трылю́дзіць ‘балбатаць, пустазвоніць’ (Юрч.), трілю́дзіцца ‘пустазвоніць’, ‘здавацца, невыразна ўяўляцца’ (Юрч. Вытв.), турлю́дзіцьгаварыць лухту’ (Мат. Маг.); сюды ж трілю́да ‘бязлуздзіца, лухта’ (Юрч., Юрч. СНЛ), ‘бяссэнсіца відавочная’ (Юрч. Сін.), трілю́дзішча ‘тс’, ‘пустамеля’ (Юрч. Вытв.), трілю́дзіна ‘бязглуздзіца, лухта’ (Юрч. СНЛ), ‘пустамеля’ (Юрч.), трілю́джыньнік, трілюдзіньнік, трілюднік ‘балбатун, пустаслоў’, трілю́джыньня, трілюдзіння, трілю́дзіца ‘пустазвонства; бязглуздзіца’ (там жа). Пры параўнанні загалоўнага слова з лу́дзіць (гл.) у значэнні ‘кпіць, жартаваць, смяяцца’ (Нас.), ‘трызніць’ (Касп.), ‘маніць’ (мядз., Нар. словатв.), лудзі́ць ‘марнатравіць час’ (Шат.), ‘сварыцца’ (Сл. ПЗБ), несумненна, выяўляецца генетычная і тыпалагічная тоеснасць з другой часткай слова, што дае падставы суаднесці яе з укр. луди́ти ‘заманьваць’, рус. дыял. лу́ди́ть ‘красці плады і гародніну ў садах’, польск. łudzić ‘падмазваць’, чэш. louditi ‘выманьваць, выпрошваць’, славен. lúditi ‘маніць, дурачыць’; ‘праводзіць час’ і інш., што выводзяцца з прасл. *ludъ (ЭССЯ, 16, 167, 169). Палаталізаваныя варыянты слоў, прадстаўленыя на Магілёўшчыне і ў рус. дыял. трелю́дить ‘сваволіць, гарэзнічаць’, трелю́диться ‘жартаваць’, ‘здзекавацца’ і інш., могуць быць патлумачаны другасным збліжэннем з коранем люд‑, параўн. рус. дыял. трелю́дник — ‘аб пераборлівым, капрызным человеку’ (СРНГ). Спроба Мяркулавай (Этимология–1983, 60) вывесці іх з *trь‑juditi (j > l) падаецца менш прымальнай. Параўнанне з укр. трою́дити ‘раз’ятрываць, раздражняць’ выклікае фармальныя цяжкасці пры ідэнтыфікацыі пачатковага тро‑ з узмацняльнай прыстаўкай тре‑ < ц.-слав. трь‑ для перадачы траічнасці і вышэйшай ступені якасці (ЕСУМ, 5, 653), якая выступае ў пачатку рускіх слоў і якой у беларускай мове адпавядае тры‑ (трі‑).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

сячы́, сяку, сячэш, сячэ; сячом, сечаце, сякуць; пр. сек, ‑ла; незак.

1. каго-што. Удараючы з размаху чым‑н. вострым, раздзяляць на часткі; рассякаць. Ідучы ў інтэрнат паўз дрывотню, хлапец бачыў, як старэнькі дзядуля, начны вартаўнік, сячэ дровы. Кулакоўскі. Людзі секлі трыснёг на кавалкі, расшчэплівалі на пласцінкі і склейвалі іх. Атрымліваліся лісты. Мяжэвіч. // Шматкратна ўдараючы чым‑н. вострым, здрабняць. Баба секла ў цэбрыку сырую бульбу. Сякач так і мільгаў уніз-уверх у яе руках. Паўлаў. А дворніца гэтак стараецца І наледзь няшчадна сячэ. А. Вольскі. // Ударамі збіваць, пашкоджваць. Стаяць халмагоркі, Крычаць певуны, Памост капытамі Сякуць скакуны. Калачынскі. // Рассякаць хуткімі рухамі, ударамі (паветра, ваду). Сякуць крыламі ластаўкі Распалены блакіт. Панчанка. Два шырокія промні секлі цемру, палохалі яе, жахалі. Пташнікаў. // Высякаць, здабываць (вугаль, гліну і пад.). Сячы вугаль.

2. каго-што. Падсякаць, валіць на зямлю, аддзяляць ад асновы; ссякаць. Сячы лес. □ Тут жа, на лабяку паўз дарогі, жанчыны секлі лысыя качаны капусты. Дуброўскі. Некалькі чалавек ачышчалі месца пад забудову — секлі кусты і раўнавалі грунт. Чорны. / у перан. ужыв. — За такія памылкі галовы сякуць, — сказаў шэф. Новікаў. // Паражаць халоднай зброяй. Відаць, як узнімаюцца і апускаюцца постаці людзей, што махаюць вінтоўкамі з вострымі штыкамі, як рвуцца коні табун на табун, і людзі сякуць адзін аднаго шаблямі... Кавалёў.

3. што. Спец. Абчэсваць (камень). Сячы камень. // Вырабляць (з каменя) абчэсваннем; высякаць.

4. каго-што. Біць, караць (розгамі, бізуном і пад.). Маці таксама хвастала чым папала. Але секла яна з асцярогай. Асіпенка. Прадзеда майго пан Хвастуноўскі часта сек за грубіянства. Гарэцкі.

5. каго-што і без дап. Ліць моцна, струменямі. А дождж сячэ, і ўсё цячэ, у грум бяжыць вада. А. Вольскі. // З сілай біць, хвастаць (пра дождж, град і пад.). Жыта сек за хатай град І ў сосны, біўся ён са звонам. Куляшоў. Пасля дажджу, які некалькі дзён запар сек пажоўклую траву і збіваў чырвонае лісце з дрэў, усюды блішчалі лужыны. Хомчанка. // Хвастаць, удараць чым‑н. Ногі грузлі ў .. торфе, і нябачнае ў змроку вецце секла ў твар. Навуменка. // Рэзаць (пра траву і пад.). Маладая асака сячэ босыя ногі. Бажко.

6. Разм. Весці бесперапынны моцны абстрэл. Па гасцініцы зноў ударыла артылерыя, кулямёты секлі шквальным агнём. Грахоўскі.

7. каго-што. Разм. Кусаць (пра насякомых). Аваднёў цяпер многа, і сляпні сякуць жывёлу. Рылько.

8. перан. Гаварыць, выказвацца пра каго‑, што‑н. вельмі рэзка, рашуча. Аўдзей Іванавіч у крэсле закрактаў: — Цыц! Зноў языку ты [Сымон] волю даў? Вунь, пасівелі твае скроні, А розуму ніяк не нажывеш, Усё з пляча сячэш... Валасевіч.

9. што. Разм. Грызці, прагрызаць дзіркі дзе‑н. (пра мышэй). Мышы сякуць салому.

10. што і без дап. Разм. Рабіць што‑н. хутка, у тэмпе. Гадзіны паўтары Савоська не пераставаў сячы на цымбалах. Чарот.

•••

Сячы ў вочы — адкрыта гаварыць праўду.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

завяза́ць 1, ‑вяжу, ‑вяжаш, ‑вяжа; зак., каго-што.

1. Зрабіць вузел; змацаваць, злучыць канцы чаго‑н. вузлом, бантам, пятлёй і пад. Завязаць гальштук. □ Павады завязалі на шыях [коней]. Брыль. Забойцу, хоць не ўцякаў ён і не быў страшны, пастронкам завязалі за спіну рукі. Галавач. Адной рукой і вузла не завяжаш. Прыказка. // Абматаць, абгарнуць чым‑н., змацаваўшы канцы; абвязаць. Завязаць вочы. Завязаць мех. □ Панасаву нагу прамылі, агледзелі рану, завязалі, як маглі і чым маглі. Колас. // Апрануць, павязаць што‑н., змацаваўшы канцы вузлом. Завязаць шалік. □ — Хустку завяжы, зашпіліся, — наўздагон крыкнула .. маці. Васілевіч. // Увязаць у што‑н., сцягнуўшы канцы вузлом; упакаваць. Завязаць грошы ў хустачку.

2. Устанавіць (якія‑н. узаемаадносіны, сувязі), распачаць (якія‑н. узаемныя дзеянні, размову). Завязаць знаёмства. Завязаць гаворку. □ Узвод Пазняка першы прарваўся праз абарончыя лініі ворага і завязаў бой на вуліцы. Шахавец.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Даць пачатак, утварыць (плод). Ён знае абавязак свой, Нясе пылок ад хвой да хвой, З расліны на расліну, З травіны на травіну, Каб завязалі заедзь Антонаўка і вішня. Лужанін.

•••

Свет завязаць каму — зрабіцца перашкодай, абузай, пазбавіць свабоды дзеянняў.

Язык не завяжаш — не забароніш гаварыць.

Як завязаць — а) поўна, вельмі многа; колькі ўлезла. Дзесяць мяхоў, як завязаць, насыпалі мы з ямы трошкі падапрэлага, але яшчэ добрага жыта. Сабаленка; б) колькі можна; уволю. Яму было нясоладка, набраўся страху лапавухі як завязаць. Ляўданскі.

завяза́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да завязнуць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мале́нькі, ‑ая, ‑ае.

1. Нязначны па велічыні, памерах; невялічкі. Шыбамі аконнымі здалёк зіхацеў маленькі гарадок. А. Вольскі. На маленькім дворыку пахла вільгаццю. Асіпенка. // Невялічкі ростам. Суровасць ніяк не пасуе да гэтай маленькай і рухавай, як жывое срэбра, жанчыны. Лынькоў. // Кароткі, немнагаслоўны. У маленькай запісцы, якую разведчык падаў камандзіру, коратка гаварылася аб тым, што гэтай ноччу хлопцы, нарэшце, дабіліся выніку: ахова знята, мост спалены. Брыль. [Гарлахвацкі:] Напішыце маленькую заяўку, а я палажу рэвалюцыю, каб вам прыбавілі зарплаты. Крапіва.

2. Малалетні. Уцеха ёсць адна ў Марыны — Яе маленькі пестунок. Колас. [Багуцкі:] — Мы не маленькія з вамі, у жмуркі мы гуляць, відаць, не збіраемся. Лынькоў. // у знач. наз. мале́нькі, ‑ага, м.; мале́нькая, ‑ай, ж. Дзіця. Ніна Аляксееўна прыйшла [на вяселле] са сваім маленькім. Шамякін.

3. Невялікі па сіле праяўлення, нязначны. Маленькі марозік. □ Кожнай доменнай печы Маленькая ўспышка Для цябе асвятляе Паўзмрочны забой. Аўрамчык. / у знач. наз. ма́ленькае, ‑ага, н. [Дырэктар:] — Мне хацелася б цяпер хоць бы самага маленькага: прайсці па заводзе, і каб кожны рабочы з радасцю сустрэў цябе. Скрыган. // Які не мае істотнага значэння. Справа толькі тут была ў маленькай розніцы: раней грамадскае слова Мікалая выражалася сапраўды ў слове — у адным, у двух. .. А тут — прамову трэба было гаварыць. Якімовіч. // Які мае малую ступень чаго‑н. істотнага, важнага. Так хацелася Коху.. напасці хоць на маленькі след таемнага і няўлоўнага дзядзі Косці. Лынькоў.

4. Які займае невысокае службовае або грамадскае становішча. [Зося:] — Я маленькі чалавек, Антон Кузьміч. Прыёмшчыца арцелі. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

маўча́ць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак.

1. Нічога не гаварыць, не падаваць голасу. Васіль маўчаў, не абзываўся ніводным словам. Лынькоў. Косцік і Шурка ласа елі .. і маўчалі, быццам гутарка іх не датычыла. Брыль. // перан. Не парушаць цішыні, спакою якімі‑н. гукамі. Гарадок прытоена маўчаў. Ні пражэктара, ні стрэлу. Лынькоў. У адным з вагонаў рыпнуў гармонік. Зараз жа да вагона падбег нейкі старшы і загадаў маўчаць. Чорны. Спіць і лес ва ўсім адзенні І маўчаць лугі, дубровы. Колас. // перан. Не дзейнічаць, не працаваць. Матор маўчаў, піла цыркуляркі не круцілася. Гамолка. Бягуць к тэлефону — дарма. Маўчыць тэлефон. Колас.

2. Захоўваць што‑н. у таямніцы, не расказваць аб чым‑н. Кравец рабіў так, як і сказаў яму Несцяровіч, — маўчаў. Чорны. Аб гэтай справе лепш маўчаць, каб не станавіцца ў нязручную і смешную позу. Лынькоў.

3. перан. Не даваць знаць пра сябе; не праяўляцца. [Вера:] Трэба знайсці вінаватага. [Чарнавус:] А ён, падлюга, хітры, — маўчыць і не адгукаецца. Крапіва. // Не пісаць пісем, не адказваць на пісьмы. [Нахлябіч] яшчэ раз пісаў, а .. [сын] усё маўчаў. Чорны.

4. Не выказваць адкрыта сваіх думак, намераў. Нельга маўчаць аб недахопах. □ Пятроў схамянуўся: яму раптам здалося, што далей ён можа як-небудзь зрабіць намёк на тое, аб чым лепш маўчаць. Брыль. // перан. Зносіць што‑н., не скардзячыся, не пратэстуючы. Я маўчу, маўчу, трываю, Але скора загукаю: «Стрэльбы, хлопчыкі, бяры!» Колас.

•••

Пра гэта гісторыя маўчыць гл. гісторыя.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)