жо́рсткі, ‑ая, ‑ае.

1. Крайне суровы; бязлітасны, неміласэрны. Гэта была кабета ціхая, забітая, бо пан Баранкевіч.. у сям’і быў чалавек жорсткі. Колас. [Эльга] усміхнулася гарэзнай і чароўнай усмешкай, якой можна ваваяваць самага жорсткага дзікуна. Мікуліч. // Які выражае суровасць (пра вочы, выраз твару). Вочы ў Карніцкага сталі жорсткія, бязлітасныя. Паслядовіч. Вочы Бярозіна, здаецца, яшчэ больш, пацямнелі, а рысы твару сталі жорсткімі, акамянелымі. Шчарбатаў. // Цяжкі, суровы, пакутлівы (пра жыццё, час і пад.). Два гады мірнай працы на вызваленай зямлі былі для .. [камуністаў] шчаслівым этапам на жорсткім шляху барацьбы. Брыль. Працоўны народ нават у самыя жорсткія часы не расставаўся з марай аб шчаслівым радасным жыцці. Шкраба.

2. Які перавышае звычайную меру, ступень, вельмі моцны па сіле праяўлення. Жорсткі прыгнёт. □ На гэтым месцы, дзе капаюцца цяпер шахты, дзе ўзводзіцца горад Салігорск са сваёй хімічнай прамысловасцю, не адзін раз праходзілі жорсткія баі з фашысцкімі акупантамі. Кулакоўскі. Людскога гневу выбухі глухія Зноў закіпалі жорсткай барацьбой, Ўздымалася рабочая Расія На бой за шчасце, на астатні бой... Звонак. // Вельмі моцны, рэзкі, пранізлівы (пра вецер, мароз і пад.). Слімак паклыпаў далей, захінаючы твар ад жорсткага ветру і калючага снегу. Лынькоў. Здараецца, да ніткі дождж прамочыць ці высеча няшчадна жорсткі град. А. Вольскі.

3. перан. Суровы, рэзкі. Жорсткі характар. □ У вачах Марціна бліснулі жорсткія агеньчыкі. Мележ. [Валя] і потым ніяк не ўспомніць, адкуль яны з’явіліся, як вырваліся гэтыя жорсткія словы. Васілевіч. // Грубы, непрыемны на слых. Жорсткі голас. □ Блізка-блізка завёў сваю сухую жорсткую песню драч. Гартны.

4. перан. Строгі, які не дапускае адхіленняў. Жорсткія ўмовы. Жорсткі рэжым.

5. Цвёрды, шчыльны на вобмацак; проціл. мяккі. Тая ж шалёная сіла зноў шпурнула Рамана на груд — на жорсткі, цвёрды, камень. Пташнікаў. Ваенфельчар стала.. каленьмі на ўтаптаную, жорсткую зямлю, сама зняла павязку. Шамякін. // Грубы, каляны. Жорсткія валасы. Жорсткая асака. □ Стоцкі ўжо захутаў галаву ў жорсткую інтэрнацкую коўдру, маўчаў. Карпюк. // Сыпкі, калючы. Жорсткая мука. □ Снегу наваліла ў пояс, і быў ён жорсткі, сыпучы. Лынькоў.

6. Спец. Здольны супраціўляцца ўтварэнню дэфармацыі. Жорсткая канструкцыі,

•••

Жорсткая вада гл. вада.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

смалі́ць 1, смалю, смоліш, смоліць; незак., што.

Мазаць, насычаць смалой. Смаліць лодку. Смаліць канат. □ [Шура:] — Двух чалавек на станцыю. Смаліць шпалы. Майстар загадаў. Навуменка.

смалі́ць 2, смалю, смаліш, смаліць; незак., каго-што.

1. Выклікаць адчуванне апёку, смылення; апякаць. [Арцём і Міхалка] палілі запалку за запалкай, злаваліся, што запалкі псуюць і пальцы смаляць. Бядуля. Шурпатая ў калгасніцы далонь. Смаліў яе мароз, Паліў яе агонь. Жычка. // безас. Пра адчуванне смылення, пякоты. [Сцяпан:] — Смаліць нешта ў грудзях. Мележ. Твар, шыю, плечы, рукі смаліла агнём. Юрэвіч.

2. Абпальваючы агнём, знішчаць шэрсць, рэшткі пуху і пад. Смаліць парсюка. Смаліць курыцу.

3. Прыпякаць, пячы (пра сонца). Кожны дзень — сонца, і так смаліць, што на дарогах не гразь ужо, а пыл, калі вецер пачынаецца. Савіцкі. Смаліла сонца, трэскаліся губы ад смагі, павекі апухалі ад бяссонніцы. Грахоўскі. / у безас. ужыв. На дварэ смаліць, горача.

4. Разм. Курыць. Таццяна Андрэеўна падумала: «Яму няможна курыць, а ён усё самасад смаліць...» Шамякін. Зіму і лета дзед не злазіць з печы. Хіба толькі злезе накрышыць сякерай на лаве тытуню, які ён смаліць за комінам без [пера]дыху. Васілевіч.

5. Разм. Паліць, спальваць што‑н. — Неба чырвонае, дзень і ноч смаляць, душагубы, — сказаў Мікола. Шчарбатаў.

смалі́ць 3, смалю, смаліш, смаліць; незак.

Разм. Біць, удараць. Фурман чуць не зляцеў з воза, а потым прыпаў галавою ў перадок і смаліў пугаўём каню па клубах. Крапіва.

смалі́ць 4, смалю, смаліш, смаліць; незак.

Разм. Страляць. Добра відаць, як з яліны адна за другой бзыкаюць у неба тры іскрынкі: патрулі смаляць уверх, баяцца высунуць з ямы галовы. Карпюк. Ляцяць наперад [гітлераўцы] на ўвесь дух і час ад часу смаляць з вінтовак і з аўтаматаў. Паслядовіч.

смалі́ць 5, смалю, смаліш, смаліць; незак.

Разм. Рабіць што‑н. хутка, спрытна, умела. [Зыгмусь:] — Азірнуўся я — смаліць за мною верхам на кані кудлаты мужык без шапкі, толькі касмыкі на галаве трасуцца. Колас. Нават стары Пахілка пайшоў з касою: смаліць — любата зірнуць. Савіцкі. [Мікола:] Аўгіння, там Пятрок з дзяўчатамі вальса смаліць, а ты тут сядзіш! Губарэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

со́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да сну, звязаны са сном (у 1 знач.). Сонны стан. □ Роўны храп.. калыхаў сонную цішыню хаты. Лынькоў. // Які бывае ў сне. У зямлянцы чулася роўнае соннае дыханне.. сябровак [Каці]. Алешка. Вахву.. пачало скоўваць соннае адранцвенне.. Твар старастаў расплываўся бясформеннай плямай. Самуйлёнак. // Адведзены для сну (пра час). І вось у адну сонную ноч хлопцы Архіпа Іванюка ціха падышлі да логава і абяззброілі ўсіх да аднаго бандытаў. Кавалёў.

2. Які спіць. А «сіцыліст» усё спіць — ураднік проста не ведае, як арыштаваць соннага чалавека. Колас. Чуваць роўнае дыханне сонных людзей. Лынькоў. / у знач. наз. со́нны, ‑ага, м. [Марыся] кінулася ў спальню і пачала тармасіць сонных. Чарнышэвіч. // перан. Агорнуты сном. Сонны дом. // перан. Пасіўны, бяздзейны. Жыў на свеце Лявон, Молад, дужы быў ён, Толькі з воляй і доляй не бачыўся: Сонны сэрцам, душой, Драмаў ў хаце крывой, А выходзіў — слязамі след значыўся. Купала. // перан. Бязлюдны, заціхлы. Сонны горад. □ Хуценька памыўшыся, Вера выйшла на яшчэ сонную вуліцу. Асіпенка. // перан. Спакойны, нерухомы. Туманок, туманок! Хто цябе навалок На прадоннае, соннае возера Нарач? Лужанін. Гэтай раніцай доктар падслухаў усе птушыныя спевы, падглядзеў, як прачынаецца сонны лес. Васілевіч.

3. Які не зусім прачнуўся або хоча спаць. — Ну, чаго? — ускочыў яшчэ сонны Мікола. Новікаў. [Гайдук] млява пацягнуўся да тэлефона.. і доўга, з д’ябальскай цярплівасцю, выклікаў сонную тэлефаністку. Зарэцкі. / Пра жывёл, птушак. На верхавіне дуба спалохана затрапятала сонная птушка. Шамякін. // Уласцівы чалавеку, які хоча спаць або яшчэ не зусім прачнуўся. Сонны выгляд. □ [Дзяжурны] глядзіць соннымі вачыма, лена пытае. Данілевіч. Захрыпеў сонным голасам Скуратовіч: — Хто там? Чорны. // Вялы, слабы, пазбаўлены жвавасці. Дзе толькі дзяваліся яго запаволеныя, нібы нейкія сонныя рухі! Паслядовіч.

4. Снатворны (пра лекі). Сонныя кроплі. // Які выклікае сон, хіліць на сон. Сонны пошум лесу. □ Дзверы ў пакой, дзе былі хворыя, адкрывалі за сабою мяккі сонны змрок. Чорны. Бачыць [Ян], як хмары ўсё больш і больш закрываюць сонца і дзень робіцца шэры, дзень без руху, сонны і нудны. Пестрак.

•••

Сонная артэрыя гл. артэрыя.

Сонная хвароба гл. хвароба.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тып, ‑а і ‑у, м.

1. ‑у. Узор, мадэль, форма з істотнымі якаснымі прыкметамі, якім адпавядае пэўная група прадметаў, з’яў. Тыпы пасажырскіх самалётаў. □ Будынак, перад якім спыніліся калгаснікі з Пракопам, быў камбінаваным будынкам новага тыпу, зробленым па праекту Лапко. Колас.

2. ‑у. Спец. Вышэйшая катэгорыя ў сістэматызацыі раслін і жывёл, якая аб’ядноўвае роднасныя класы. Тып членістаногіх жывёл. Тып кветкавых раслін.

3. ‑у. Характэрны фізічны склад, знешні выгляд чалавека, звязаны з яго этнічнай прыналежнасцю. У жанчыны твар мангольскага тыпу. □ Але нічога французскага ў .. [Жанне] не было. Звычайны славянскі тып твару. Новікаў.

4. ‑у. Катэгорыя людзей, аб’яднаных супольнасцю якіх‑н. характэрных унутраных рыс, якасцей, а таксама яркі прадстаўнік гэтай катэгорыі. На глебе калектывізацыі з’явіўся новы тып селяніна — свядомага калгасніка, гаспадара-калектывіста. □ У корані змянілася само сацыяльнае аблічча, сфарміраваўся якасна новы тып рабочага чалавека. Машэраў.

5. ‑а. Мастацкі вобраз, у якім абагульнены характэрныя рысы якой‑н. групы людзей, саслоўя, класа, эпохі. Народны тып, характар выяўлены тут .. выразна, з добрай мастацкай мерай. Ліс. З таго часу .. [Якім] мне даражэй за ўсіх стаў: як тып, як характар, як чалавек... Нікановіч. У мове кожнага гогалеўскага тыпа паслядоўна раскрываецца мастацкі вобраз з усімі яго выгінамі і мадуляцыямі. «Полымя».

6. ‑а. Асобны чалавек, індывідуум, які вылучаецца сярод іншых характэрнымі рысамі. У гэты момант Панасюк цікавіў Барукова проста ўжо як тып. Васілевіч.

7. ‑а. Разм. Чалавек, звычайна з адмоўнымі рысамі, уласцівасцямі, да якога ставяцца пагардліва. — Асцярожней, хлопцы, той тып небяспечны, — на хаду папярэдзіў адзін дружыннік. Хадкевіч. [Рыбалтовіч] вучыўся ў беларускай гімназіі і здаваўся нам тады вельмі адукаваным і разумным чалавекам, нават бальшавіком. А потым справа з гэтым тыпам праяснілася. Брыль.

8. ‑у. Від, разнавіднасць чаго‑н. Рад асаблівасцей у скланенні назоўнікаў жаночага роду з асновай на зычны вылучае іх у асобны тып са сваёй спецыфічнай парадыгмай, якая ў значнай ступені характарызуецца сумяшчэннем старажытных і новых, набытых пад уздзеяннем граматычнай аналогіі, канчаткаў. Гіст. бел. літ. мовы. У адказ на жыццёвыя запатрабаванні пачынаюць з’яўляцца розныя тыпы слоўнікаў. Суднік. Многія меладычныя тыпы каляндарных украінскіх песень, у сваю чаргу, сустракаюцца ў песнях, якія бытуюць па ўсёй Беларусі. «Беларусь». // Узор, з’ява.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

упа́сці, упаду, упадзеш, упадзе; упадзём, упадзяце; пр. упаў, упала; заг. упадзі; зак.

1. Зак. да падаць (у 1, 2, 4, 5, 7–10 знач.).

2. Уваліцца, запасці ўнутр. [Гардзей:] — Вунь як яна [сястра] пастарэла. Нос завастрыўся. Вочы ўпалі, як бы выцвілі. Сабаленка. Цяпер.. [Андрэй] амаль не падобны на сябе: твар густа зарос, скроні ўпалі і быццам бы пасівелі. Кулакоўскі.

3. у што. Дайсці да якога‑н. стану, становішча (звычайна цяжкага). Упасці ў роспач. Упасці ў спячку. Упасці ў беднасць. □ Кет Джэры паспрабавала расплюшчыць павекі і ўспомніць. Але ні першае, ні другое зрабіць не ўдалося. Яна зноў упала ў забыццё. Гарбук. Упаў Даніла ў злосць, у ярасць, Уладу страціў над сабой. Колас. // Прыйсці ў сваіх поглядах, паводзінах да чаго‑н. непажаданага. Упасці ў ідэалізм. Упасці ў фармалізм. Упасці ў распусту. Упасці ў крайнасць.

•••

Волас з галавы не ўпаў (не ўпадзе) гл. волас.

Не ўпасці тварам у гразь — тое, што і не ўдарыць тварам у гразь (гл. ударыць).

Сэрца ўпала гл. сэрца.

Упала заслона гл. заслона.

Упасці духам — тое, што і заняпасці духам (гл. заняпасці).

Упасці на калені — тое, што і стаць на калені (гл. стаць).

Упасці (укінуцца) у вока (вочы) каму — а) звярнуць на сябе ўвагу. «Чым я так упаў яму [дакладчыку] ў вока? — падумаў я. — Вучыўся, як і ўсе.» Сабаленка; б) спадабацца. [Несвіжанка] адразу ўпала.. [Кірылу] ў вока, але ён усімі сіламі стараўся ніколі не спатыкацца з ёю. Чорны.

Упасці ў ногі — а) пакланіцца каму‑н., упасці ніц перад кім‑н.; б) пачаць маліць, прасіць каго‑н. [Язэп] разумеў, што Клава ў ногі яму не ўпадзе... Яна гордая і прасіць яго не стане. Асіпенка.

Яблыку няма дзе ўпасці — а) вельмі многа каго‑н. Бываюць такія сходы, што тут яблыку няма дзе ўпасці: і на падаконніках людзі сядзяць, і на парозе, хто ўжо зусім змарыўся, ёсць у канцылярыі ляжанка, дык і на ляжанку садзіцца. Кулакоўскі; б) вельмі цесна. — Зноў Заранік адчыніў дзверы, — злосна заўважыў нехта з глыбіні вагона. — Тут і так няма дзе яблыку ўпасці. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адкі́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.

1. Кінуўшы, перамясціць убок, назад, наперад. [Карн] папляваў у далоні, глыбока капнуў рыдлёўкай старое вогнішча, адкінуў зямлю ўбок. Шамякін. // Рэзка, з сілай адштурхнуць, адвесці ад сябе каго‑, што‑н. [Лёдзя] адкінула Яўгенавы рукі, усхапілася і адышла ад акна. Карпаў. / у безас. ужыв. З усёй сілы Алег націснуў на кнопку, і яго адразу адкінула назад. Гамолка. // перан. Вярнуць да пройдзенай стадыі ў развіцці чаго‑н. А вайна ўсё адкінула назад, сям’ю па свеце раскідала. Кавалёў.

2. Атакаваўшы, прымусіць адступіць. Натхнёныя першай удачай, танкісты Анішчанкі кінуліся ў атаку і пасля кароткага жорсткага бою адкінулі ворага. Гурскі.

3. Не прыняць чаго‑н., адмовіцца ад чаго‑н. Ці ж кепска ў свой мізэрны бюджэт уключыць рублёў пятнаццаць за скуру ліса.. Хто ж адкіне гэта? Шынклер. [Стафанковіч унуку:] — Я табе прынясу, .. падарую, рабі, што сабе хочаш, такія рэчы, што ніхто не адкіне. Чорны. // перан. Вызваліцца, адмовіцца ад якіх‑н. прывычак, думак, пачуццяў і пад. Хлопцы адкінулі ў адносінах да Маі ранейшае панібрацтва і стараліся быць галантнымі. Карпюк. Перш за ўсё, як зусім Непатрэбную рэч, Жаль, што сэрца сціскаў мне, Адкінуў я прэч. Куляшоў.

4. Адвесці ўбок ці апусціць уніз што‑н., замацаванае адным краем. Хвошч адамкнуў куфэрак, адкінуў вечка і задаволена пацёр твар абедзвюма рукамі. Лупсякоў. // Рэзкім рухам адвярнуць, адагнуць край чаго‑н., што звісае, пакрывае. Адкінуць з грудзей коўдру. □ Вольга адкінула з ілба непакорную пасму валасоў і з дакорам паківала галавой. Даніленка. // Адвесці назад, убок; закінуць (галаву, руку, нагу). Пан узяў рог пакручасты, Пазалочаны, блішчасты, Важна выставіў нагу, Галаву крыху адкінуў Ды расправіў грудзі, спіну І ў ражок той тру-гу-гу. Колас.

5. Зменшыць на пэўную колькасць пры адыманні; адняць. Адкінуць сем ад пятнаццаці. // Не прыняць пад увагу пры лічэнні, ацэнцы каго‑, чаго‑н. Улічыць галоўнае, адкінуць выпадковае.

6. Вярнуць чужое (знойдзенае, украдзенае і пад.); падкінуць.

7. безас. Вярнуцца (пра хваробу). Ён быў прастудзіўся, не вылежаў, пайшоў рамантаваць свой грузавік, і яго адкінула зноў. «Работніца і сялянка».

8. Адбіць, стварыць (цень, водсвет і пад.). Электрычнае святло адкінула роўны водсвет на людскія твары. У стэпе, залітым месячным святлом, курган адкінуў густы цень.

•••

Адкінуць хвост (ногі, капыты) — захварэць, памерці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дзі́кі, ‑ая, ‑ае.

1. Які знаходзіцца на першабытнай стадыі развіцця (пра людзей). Дзікія плямёны. // Не прыручаны, які жыве на волі ў адрозненне ад свойскага (пра жывёл і птушак). Дзікая каза. Дзікія гусі. □ Дзікі япрук рые зямлю ў глухіх закутках. Чорны. Час ад часу пачуеш вурчанне дзікіх галубоў, відаць, таксама стомленых спякотай. Брыль. // Не культываваны, які расце на волі ў адрозненне ад садовага, агароднага (пра расліны). Дзікая канюшына. Дзікая груша. □ Варвара прысела на лаўку ў альтанцы, апавітай дзікім вінаградам. Васілевіч. // Не крануты рукой чалавека; недаступны; нязведаны (пра абшары, прасторы). Дзікія нетры. Дзікія джунглі. Дзікія горы. □ Кіпіць, булькоча вада, старанна варочаючы скрылікі бульбы, а неўзабаве засквірчыць, запахне па-хатняму сала з цыбуляй — адзнака таго, што гэты бераг з усёй сваёй .. дзікай прыгажосцю абжыты гаспадаром, зямлі. Брыль. Бездань сініх вышынь, Дзікай Арктыкі лёд Добра нам вядомы. Колас.

2. Незаселены, неабжыты; глухі, запушчаны. [Зося] мінула гэтае ціхае цяпер, пустое.. дзікае месца. Чорны. — Каб гэты дзікі кут не быў добрым прытулкам для звяроў, — сказаў Віктар, — тады і нам не прыйшлося б тут сядзець. Маўр.

3. Нястрымны, неўтаймаваны, шалёны. Твар .. [Стафанковіча] завастрыўся, вочы глядзелі з дзікай зайздрасцю. Чорны. Дрыжачымі пальцамі зноў замацоўваў Мікола лыжы, у душы яго кіпеў нейкі дзікі гнеў. Навуменка.

4. Які пераходзіць межы нармальнага; неверагодны. Дзікі крык. □ Залямантавала бабка, але тут жа і сціхла, быццам гэты доктар сваімі рукамі зваліў з яе старых знясіленых плеч цэлую гару дзікага болю. Васілевіч. Пра, дзікія .. гулянкі [пана Скірмунта] з нечалавечымі ўчынкамі склаліся жудасныя легенды. Чарнышэвіч. // Жорсткі, зверскі, люты. Дзікае забойства. Дзікая расправа. □ .. [Нор] не хоча вяртацца.. у тую краіну дзікіх законаў.. Бацьку яго лінчавалі, маці памерла, шукаючы работы. Шамякін.

5. Дзіўны, незвычайны, недарэчны. Дзікая думка. □ І ніхто не разважыў, што гэта вясна Напляла дзікіх планаў, каторых не здзейсніць. Глебка.

6. перан. Які дзічыцца, пазбягае людзей; недаверлівы, нелюдзімы. Дзікі хлапчук. □ Мне ўжо і бабы казалі: «Дзікі якісь твой госць. Усё адзін, адзін». Вышынскі.

7. Не звязаны з пэўнай арганізацыяй; нелегальны. — Слухай, Пятро Макаравіч, хто ў нас пазірае за будаўніцтвам прыватных дач? .. Я маю на ўвазе дачы дзікія, што растуць у другіх месцах як грыбы. Шамякін. Пляж зваўся «дзікім», і людзей на ім ніколі не бракавала. Васілёнак.

•••

Дзікае мяса гл. мяса.

Дзікім голасам гл. голас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рабо́та, ‑ы, ДМ ‑боце, ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. рабіць (у 1, 3 знач.); ажыццяўленне якой‑н. дзейнасці. Пасля работы .. [Пніцкі] даў крыху адпачыць каню. Чорны. Гудуць цапы ўгары праворна, Ідзе работа дружна, спорна. Колас. Гультай за работу — мазоль за руку. Прымаўка. Не работа сушыць, а турбота. Прымаўка. // Дзейнасць, праца чаго‑н. Работа сэрца. □ Я абцёр пальчаткаю твар і, падняўшы шлем, прыслухаўся да работы матораў. Шамякін.

2. Круг заняткаў, абавязкаў; справа. Работы ў Мішкі — непачаты край: За ўсімі прасачы, усюды пабывай. Маеўскі. Учора яны з Гвація зрабілі вялікую работу: абкурылі серай усе бочкі. Самуйлёнак. // Пэўны род дзейнасці, працы. Разумовая работа. Фізічная работа. Культурна-выхаваўчая работа. □ Ужо з першых часоў, пасля ўступлення ў камсамол, .. [Бумажкоў] пачаў выяўляць сябе на камсамольскай рабоце. Чорны.

3. толькі мн. (рабо́ты, ‑бот); з азначэннем. Тая або іншая дзейнасць па стварэнню, вырабу, апрацоўцы чаго‑н. Палявыя работы. Будаўнічыя работы. Унутраныя работы па аддзелцы дома.

4. Праца, служба ў якой‑н. установе, на якім‑н. прадпрыемстве. Паступіць на работу. Накіраваць на работу. Хадзіць на работу. □ Сумяшчаць работу на вытворчасці з вучобай у школе цяжка. «Беларусь».

5. Тое, што падлягае апрацоўцы, служыць матэрыялам для апрацоўкі. Раздаць работу. □ «Брат Міша» выцяг[в]аў намёткі з кончанай учора курткі і спяваў, апусціўшы галаву над работай. Брыль.

6. Прадукт працы; выраб, твор. Работы юных мастакоў. □ Першай работай І. Ждановіч у тэатры з’явілася ўвасабленне вобраза Данілкі з драмы Янкі Купалы «Раскіданае гняздо». Сабалеўскі. Прыкметнае месца на выстаўцы адведзена работам майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. «Звязда». // з азначэннем. Якасць або спосаб выканання чаго‑н. [Бой] быў гвалтоўным, кароткім. Работа, як заўсёды — чыстай. Праз гадзіну ад разбітага гарнізона пайшоў у цемру абоз. Брыль. На варотах вісеў здаравенны, кавальскай работы, замок. Крапіва.

7. У фізіцы — фізічная велічыня, якая колькасна характарызуе змены пры ператварэнні адной формы энергіі ў другую.

•••

Прымусовыя работы — мера крымінальнага пакарання, заснаваная на вылічэнні часткі зарплаты з пакаранага на працягу пэўнага часу, без пазбаўлення яго волі.

Гэта (ужо) не работа — пра што‑н. неразумнае, дрэннае, чаго не павінна быць.

Пусціць у работу гл. пусціць.

Работа гарыць у руках — работа спорыцца, ідзе хутка ў руках умелага работніка.

Спор ды лад у рабоце гл. спор.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разбі́ць, разаб’ю, разаб’еш, разаб’е; разаб’ём, разаб’яце; заг. разбі; зак., каго-што.

1. Ударам (ударамі) раскалоць, парушыць цэласць чаго‑н. Разбіць шклянку. Разбіць яйцо. □ Аднае раніцы.. Янка разбіў гліняны кубак, якім пілі ваду з вядра. Пальчэўскі. Раз’юшаны кашалот раптам рэзка павярнуў назад і кінуўся на шлюпку. Моцным ударам хваста ён ушчэнт разбіў яе. Матрунёнак. / у безас. ужыв. Па дарозе я забег у Даўгінава паглядзець на Мітрафанаву ліпу, якую разбіла маланкай. Бажко. // перан. Разбурыць, загубіць. Разбіць жыццё. Разбіць дружбу. Разбіць сям’ю. □ Новая акалічнасць разбіла Максімавы думкі і сумненні, выкліканыя Саўкам. Колас.

2. Пашкодзіць ударам якую‑н. частку цела, параніць. Разбіць калена. □ Я губляў апошнія сілы, некалькі разоў падаў, разбіў да крыві твар. Шамякін.

3. Паздзяліць на часткі, на групы; размеркаваць. Атрад разбілі на тры часткі. Лынькоў. Нядаўна Чмарава разбілі: адных — на пасёлкі, другіх — на хутары. Каваль. // Разм. Размяняць. Разбіць дзесяць рублёў.

4. Нанесці паражэнне; перамагчы. [Нявідны:] — Таварышы! Наша партыя, загартованая ў агні Кастрычніцкага паўстання, разбіла і скінула ўладу капіталу ў Расіі. Колас. У сорак другім годзе Савецкія войскі пад Сталінградам разбілі і пагналі фашыстаў. Чарнышэвіч.

5. перан. Даказаць беспадстаўнасць, неабгрунтаванасць, памылковасць каго‑, чаго‑н. Марыля патрабуе такога лектара, які б ушчэнт разбіў «святога» Луку, што ўжо трэці год жыве на лёгкім хлебе ў Белай Крыніцы. Навуменка.

6. Папсаваць яздой, раз’ездзіць. Разбіць дарогу. // Растаптаць, знасіць (абутак). Дзеду боты праслужылі сорак год, Бо стары ў руках абутак свой насіў, А ўнучак як надзеў, дык і разбіў. Корбан. // Расстроіць (музычны інструмент). Разбіць раяль.

7. Растрэсці, разварушыць, раскінуць (сена, гной і пад.). [Надзя:] Копы я кончыла растрасаць і пракосы ўсе за Лявонам разбіла. Козел. А на пожні сена, як шафран пахучае, раніцай разбілі. Ядвігін Ш.

8. Распланаваўшы, пасадзіць што‑н., закласці. Разбіць парк. □ У абедзенны перапынак рабяты разбілі футбольнае поле і валейбольную пляцоўку. Сергіевіч. Вясной перад .. домам разбілі газоны, заасфальтавалі тратуар. Лось.

9. Паставіць, раскінуць (палатку, лагер). А сёння новыя палаткі Разбілі ў полі юнакі. Прыходзька.

10. У друкарскай справе — аддзяліць прамежкамі, павялічыць разбег паміж чым‑н. Разбіць радкі ў наборы.

11. Разм. Распляскаць, размяць, зрабіць большым у аб’ёме. Разбіць шкуры. Разбіць чыгунную балванку. □ [Конь] ужо зубы з’еў траха не напалавіну, ды і жывот разбіў, як сяннік. Якімовіч.

12. Пазбавіць руху, зрабіць бяссільным (пра параліч і пад.).

•••

Разбіць лёд — зрабіць першы крок, пакласці пачатак чаму‑н.

Разбіць сэрца каму — зрабіць няшчасным каго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пада́цца 1, ‑дамся, ‑дасіся, ‑дасца; ‑дадзімся, ‑дасцеся, ‑дадуцца; пр. падаўся, ‑лася, ‑лося; зак.

1. Зрабіць рух тулавам у які‑н. бок; адхіліцца. На парозе ў сенцы стары спатыкнуўся, тулава яго падалося назад. Чорны. Паставіла [цётка] жалязняк лязом у зямлю, паціснула на яго нагою, падалася ўсім целам назад, нагнулася і вывернула цяжкі.. дзірван. Сачанка.

2. Адсунуцца, пасунуцца пад уздзеяннем напору; паддацца ўздзеянню чаго‑н. Люба паспрабавала адчыніць шафу. Дзверцы легла падаліся і адчыніліся. Мурашка. [Сомік] падняў кол і, залажыўшы між кавалкаў [бярвенняў], злёгку павярнуў. Кавалак паслу[хмя]на падаўся раптам, перакруціўшыся цераз горб, рынуўся ўніз па шліхце. Крапіва. // перан. Зрабіцца мякчэйшым, палагаднець. І, захліпаючыся ад слёз, выліваў сваю жальбу-роспач Пятрусь над Ганнай. Іначай быць не магло. Камень-сэрца — і тое падасца! Нікановіч.

3. перан. Прыкметна пагоршаць, пастарэць. Яшчэ не зусім, старая жанчына, за апошні год .. [жонка Казанцава] так падалася, што цяпер пазнаць яе было цяжка. Васілевіч.

4. Разм. Накіравацца куды‑н., у якім‑н. напрамку. Падацца ў горад. Падацца ў вырай. □ Сабастыян падкруціў вусы і падаўся дадому. Чорны. Каб не рабіць круга, [Ліда] падалася напрасцяк цераз выган той вёскі, у якой жыла. Кулакоўскі. // Падысці, наблізіцца да каго‑, чаго‑н. Падацца да стала. Падацца да дзвярэй. □ [Алесь] пачырванеў ад злосці і, сціснуўшы кулакі, падаўся да навічка. Ваданосаў. // Стаць вышэйшым, падрасці. Недарослы і хударлявы ў студэнцкія гады, Сарочын не вельмі падаўся ў рост і на вайсковай службе. Алешка. І, здаецца, бялей сталі гнуткія бярозы і яшчэ вышэй падаліся стромкія хвойкі і елкі. Лынькоў.

5. Разм. Паступіць, уладкавацца куды‑н., абраць спецыяльнасць. Падацца на працу ў калгас. Падацца ў настаўнікі. □ [Сашка] вырашыў падацца на вучобу ў будаўнічы інстытут. Гроднеў. Вера і Чупрык яшчэ даўно, калі вучыліся ў дзесяцігодцы, вырашылі падацца ў механізатары. Гурскі.

6. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стаць пададзеным. Падалася каманда: «Гатова!» Глебка.

•••

Падацца ў белы свет — тое, што і пайсці ў белы свет (гл. пайсці).

пада́цца 2, ‑дамся, ‑дасіся, ‑дасца; ‑дадзімся, ‑дасцеся, ‑дадуцца; пр. падаўся, ‑лася, ‑лося; зак.

Разм. Тое, што і здацца ​2. Зося спынілася і недаверліва глянула на чалавека. Голас падаўся ёй знаёмы, але ў твар яна яго не магла пазнаць адразу. Крапіва. Падалося Ларысе, што гэты Адам вельмі ж нечым знаёмы ёй. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)