пазрыва́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

1. Сарваць, аддзяліць ад галіны, сцябла ўсё, многае. Пазрываць кветкі.

2. З сілай рвануўшы, садраць усё, многае. Салдаты пазрывалі з сябе пагоны і кінулі пад ногі. Няхай. Вецер аканіцы Пазрываў з акон, Каля нашай хаты Ён пашкодзіў клён. Ляпёшкін. / у безас. ужыв. Усю ноч дзьмуў страшны вецер, усе тратуары засыпаны цэглай і атынкоўкай. Пазрывала вялікія лісты бляхі, паабурвала сцены. Лужанін. // Сапсаваць усё, многае. Пазрываць разьбу.

пазрыва́ць 2, ‑ае; зак., што.

Зрыць што‑н. у многіх месцах, зрыць усё, многае. Сапёры пазрывалі ўсё поле.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наме́ціцца 1, ‑ціцца; зак.

Злёгку абазначыцца, стаць бачным. Вузкія бровы [Гудовіча] былі нахмураны, а каля тонкіх вуснаў ледзь намеціліся першыя суровыя складкі. Пятніцкі. У трох месцах [каскі] намеціліся расколіны. Паўлаў. // перан. Абазначыцца ў агульных рысах, наметках. Намеціўся план дзеяння. □ Матыў аб магутнай сіле чалавечай працы намеціўся ўпершыню ў творчасці Багушэвіча, але яшчэ не знайшоў там шматграннага мастацкага ўвасаблення. Ярош.

наме́ціцца 2, ‑мечуся, ‑мецішся, ‑меціцца; зак.

Разм. Займець намер, намерыцца. [Вавёрка] спусцілася ўніз па ствалу бярозы — на, маўляў, бяры, — а як толькі я намеціўся яе схапіць — пырснула і знікла ў галлі. Ляўданскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

не́льга, безас. у знач. вык.

1. Немагчыма; няма магчымасці. Да майго слыху даляталі толькі адны галасы, слоў жа разабраць было нельга. Нікановіч. Пісаць больш нельга, бо ў нас трывога, І я кладу за плечы клунак свой. Астрэйка. Шкадавала маці Ігнася, ой, як шкадавала, — выказаць нельга. Мурашка.

2. Забаронена, не дазваляецца. Курыць тут нельга: побач бензін. // Няможна, не трэба. Нельга ж так мучыць каня, трэба адпачыць жывёле. Сёмка даў каню захвачаны [з дому] авёс і .. прылёг каля воза. Гартны. — Глеба гатова, марудзіць нельга, трэба сеяць, каб не спазніцца. Зарэцкі.

•••

Нельга не адзначыць гл. адзначыць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пракрыча́ць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.

1. Абазвацца крыкам. Пракрычала дзіця. □ У лесе спрасонку пракрычала нейкая птушка і сціхла. Мележ. Непадалёку ў чыімсьці хляве пракрычаў сонны певень. Сяркоў.

2. што і без дап. Закрычаць, гучна сказаць што‑н. Пракрычаць «ура». □ — Здарова, братва! — спыніўшыся каля парога,.. пракрычаў Кандрат. Лобан. Пятая ноч пасля расстрэлу рабочых у Вільні. А Алаіза не можа спаць.. Точыць неабходнасць выплеснуць свой боль, пракрычаць пракляцце забойцам. Арабей.

3. што і без дап. Крычаць некаторы час. Пракрычаць усю ноч.

•••

Пракрычаць вушы каму — тое, што і пратрубіць вушы (гл. пратрубіць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перакулі́цца, ‑кулюся, ‑кулішся, ‑куліцца; зак.

Разм. Перавярнуцца дном, нізам уверх; паваліцца набок, абярнуцца. На павароце каля моста машына з’ехала пад адхон і перакулілася. Жычка. Бітончык, неасцярожна крануты нагою, перакуліўся, і малако пацякло па пыльным тратуары. Пальчэўскі. // Упаўшы, перавярнуцца на спіну, перакаціцца. Варона перакулілася дагары, выставіла ногі з сагнутымі кіпцюрамі і падрыхтавалася да абароны. Якімовіч. // Перавярнуцца цераз галаву. Цела мешкавата перагнулася, перакінулася цераз галаву і пляснула нагамі ў ваду. Лобан. // Перакінуцца цераз каго‑, што‑н. Перакуліцца цераз плот. □ [Міхась] не мог супакоіцца, пакуль знясілены, паранены ў абедзве нагі, той [Сёмка Ларывонаў] пад раніцу не перакуліўся цераз бруствер траншэі. Сіўцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перастая́ць, ‑стаю, ‑стаіш, ‑стаіць; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Сапсавацца, змяніцца якасна ад доўгага стаяння. Жыта перастаяла і асыпалася. Смятана перастаяла.

2. што. Перачакаць што‑н. стоячы. Перастаяць дождж пад страхой.

3. што. Захавацца ў якім‑н. становішчы нейкі час; праіснаваць даўжэй за што‑н. Вякі перастаіць сцяна, Усё стрывае цэгла. Бураўкін. Скрыпучае дрэва перастаіць здаровае. Прыказка. // Пастаяць больш чым трэба. Стаўшы каля машыны ў адзін рад — пагранічнік пасярэдзіне, Віктар з шафёрам па баках, дачакаліся шасці гадзін і на ўсялякі выпадак хвілін дзесяць перастаялі. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паце́рціся, патруся, патрэшся, патрэцца; патромся, патрацеся; пр. пацёрся, ‑церлася; заг. патрыся; зак.

1. Падушыцца, памяцца. Ягады пацерліся.

2. Знасіцца, выцерціся ў выніку доўгага ўжывання. [Макс] патрусіў калашыной сваіх старэнькіх штаноў, якія так пацерліся і знасіліся, што амаль прасвечваліся. Шамякін.

3. Разм. Пажыць, пабыць некаторы час дзе‑н., сярод каго‑н. Нягледзячы на свае маладыя гады, хлапец пацёрся ўжо каля людзей, шмат бачыў і добрага і благога. Гурскі. Гадоў пяць назад, дэмабілізаваўшыся з арміі, .. [Пётр] тыдняў з тры пацёрся ў вёсцы і раптам знік. Караткевіч.

4. Церціся некаторы час. Коні пацерліся пысамі аб .. [Кастусёвы] плечы. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пачва́ра, ‑ы, ж.

1. Казачная, страшная істота, звычайна вялікіх памераў. З высокага трысця каля затокі выходзіць нейкая цёмная валасатая пачвара і спыняецца на адкрытым месцы. В. Вольскі.

2. Пра надта непрыгожага чалавека. Шаройка даўно марыў, каб жаніць .. [Максіма] [з дачкой], і не раз пілаваў Паліну за нерашучасць: «Не маленькая, дзякуй богу. І не век сядзець табе ў дзеўках.. Была б ты пачварай, а то такая прыгажуня». Шамякін. // перан. Пра жорсткага, з нізкімі маральнымі якасцямі чалавека, вырадка. [Шэмет:] — Ты акружыў сябе падхалімамі, як сцяною, і сядзеў, што ў дупле, нічога не бачачы, акрамя гэтых пачвар. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сме́ласць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць смелага. Смеласць выступленне. □ А потым глядзіш, гэты факт, памножаны на смеласць думкі і дасціпнасць домыслу, становіцца ўжо тым грунтам, на якім вырастаюць нарысы, эсэ, манаграфіі. «Маладосць».

2. Смелыя паводзіны; храбрасць, адвага. Смеласць і бясстрашша, якімі валодаў Уладзімір Ільіч, перадаваліся і прысутным. Гурскі. Цяпер адна смеласць [падпольшчыкам] не памагала, патрэбна была яшчэ і хітрасць. Новікаў. У знішчальніка павінна быць дзёрзкая смеласць. Алешка. // Рашучасць. Нініна ўсмешка, мусіць, паддала хлопцу смеласці, ён таксама ўсміхнуўся і сеў каля Ніны. Арабей. А смеласці [у Антона] не хапала падысці, слова сказаць [Паліне]. Кавалёў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

со́нечна,

1. Прысл. да сонечны (у 2–5 знач.).

2. безас. у знач. вык. Пра яснае, бясхмарнае надвор’е. У той дзень было ясна, сонечна. Чорны. На дварэ сонечна, недалёка ад вакзала сад, на дрэвах густа бялеюць яблыкі. Хомчанка.

3. безас. у знач. вык. Пра асветленасць сонцам чаго‑н. З раніцы да вечара ў.. [доме] было сонечна, і мусіць таму так бушавалі тут вазоны. Васілевіч.

4. перан.; безас. у знач. вык. Радасна, весела. Бывае на душы так сонечна, Як на касе каля вады. Тады не сумна мне ніколечкі, Хоць ад мяне далёка ты. Грачанікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)