Слепанда́ (сьлепанда́) экспр. ‘сляпы, слепаваты чалавек’ (ашм., Стан.), слепе́нда ‘падслепаватая жанчына’, слепенджа́ ‘тс’ (ТС), слепандзя́ ‘пра таго, хто кепска бачыць’ (Скарбы), слепяндзя́ ‘тс’ (Сцяшк. Сл.; в.-дзв., Шатал.), слепэньдя́ ‘тс’ (бяроз., Сл. ПЗБ), сляпандзя́ ‘тс’ (віл., там жа), сьліпіньдзя́ ‘хто не сочыць за сваёй работай’ (Варл.), сляпі́ндра, сьліпідра́ ‘слепаваты чалавек’ (Янк. 3., Яўс.). Карскі (2–3, 30) лічыць новаўтварэннямі пры дапамозе складаных суфіксаў, параўн. скупянда́ (гл.). Аднак некаторыя з гэтых фармантаў (‑енда, ‑ендзя, ‑янда, ‑янджа, ‑інда, ‑індра, гл. Сцяцко, Афікс. наз., 43, 98, 108) вядомыя і ў іншых славянскіх мовах (адносна балг. ‑ендра, ‑индра гл. Младэнаў, СЕ, 4, 2, 70).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тэало́гія ‘багаслоўе’ (ТСБМ), тэолёгія ‘тс’ (Пятр.), ст.-бел. теология, феология ‘тс’ (1595 г., ГСБМ). Запазычаны са ст.-польск. teologia ‘тс’, якое з лац. theologia, а апошняе са ст.-грэч. θεολογίᾱ ‘навука пра багоў’ ад θεός ‘бог’ і ‑λογία < λόγος ‘слова’ (Булыка, Лекс. запазыч., 162; ЕСУМ, 5, 546–7). Параўн. таксама ст.-бел. теологъ, што са ст.-польск. teolog ‘тс’; другасныя варыянты, фанетычна набліжаныя да грэчаскіх формаў феологъ, феолокгъ. Таго ж паходжання народнае тэлялёг ‘багаслоў’; студэнт-багаслоў; чалавек, што чытае ў царкве святыя кнігі’ (Нас.), магчыма, іранічна і фармальна набліжанае да гукапераймальных слоў таляхаць, талялёхаць і інш., гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

дары́ць 1, дару, дорыш, дорыць; незак.

1. што. Даваць у якасці падарунка, аддаваць бязвыплатна. Дарыць кветкі. □ Падарункі, вядома, могуць быць розныя. Гэта ўжо ў залежнасці ад матэрыяльных магчымасцей таго, хто дорыць. Лынькоў. Дзяўчаты з усмешкай Дарылі [салдатам] букеты. Танк.

2. каго. Даваць каму‑н. падарунак, падарункі; абдорваць. Дарыць маладых. // чым. Даваць каму‑н. міласціну. [Марыля:] Чым больш на жабраку торбаў, тым лепш такога дораць. Купала.

дары́ць 2, ‑рыю, ‑рыеш, ‑рые; зак., што.

Скончыць рыць; вырыць да канца ці да якога‑н. месца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аўдыто́рыя, ‑і, ж.

1. Памяшканне, прызначанае для чытання лекцый, дакладаў. Сцёпка ўвайшоў у аўдыторыю, дзе прымалі экзамены па матэматыцы. Колас. Гэта была вялізная, чалавек на сто, аўдыторыя з чорнай дошкай ля дзвярэй. Кудравец.

2. зб. Слухачы лекцыі, даклада, прамовы і пад. Дзіцячая аўдыторыя. □ Калі зала запоўнілася слухачамі, .. [Пілацееў] прыйшоў і адразу стаў каля трыбуны, пакланіўшыся аўдыторыі. Галавач. З прычыны таго, што .. аўдыторыя [дзеда Талаша] складаецца з аднаго толькі слухача, а часу ў яго няма, бо падыходзіць начальнік заставы, дзед абмяжоўваецца кароткім адказам. Колас.

[Лац. auditorium.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ахвя́ра, ‑ы, ж.

1. Прадмет або жывая істота, прынесеныя ў дар бажаству паводле абрадаў некаторых рэлігій.

2. Добраахвотная ўступка, адмаўленне, адрачэнне на карысць каго‑, чаго‑н. Навука патрабуе ахвяр. Ахвяра пешкі. □ Галіна перайшла да сваёй цёткі, уступіўшы свой пакой Андрэю. Андрэй спачатку не згаджаўся прыняць такую ахвяру. Рамановіч.

3. Пра таго, хто пацярпеў або загінуў ад якога‑н. няшчасця, стыхійнага бедства, сацыяльнага зла, нядобрых людзей. Ахвяры вайны. Ахвяра аўтамабільнай катастрофы.

•••

Пасці ахвярай чаго гл. пасці.

Прынесці ў ахвяру што гл. прынесці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

агрэ́бці, аграбу, аграбеш, аграбе; аграбём, аграбяце; пр. агроб, агрэбла і аграбла; зак., што.

1. Тое, што і абгрэбці.

2. Разм. Згрэбці ўсё з якой‑н. плошчы. [Дзядзька:] — Агрэблі мы так свае соткі, зірнулі, і страх нас узяў — было поле зялёнае, а стала чорнае, толькі вяршочкі зялёныя з зямлі вытыкаюцца. Палтаран.

3. перан. Атрымаць, здабыць, захапіць што‑н. у вялікай колькасці. [Ціток:] — Каб нам з вамі папалам дзесятую долю таго, што агроб наш Іван, то мы б з вамі, пане мой, азалаціліся б. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дзябёлы, ‑ая, ‑ае.

1. Дужага целаскладу; поўны. Ростам Петрык не вызначаўся, але затое быў ён хлопчык дзябёлы, круглы з твару. Якімовіч. [Міхась] глядзеў на шырокія плечы, на дзябёлую, налітую сілай постаць майстра. Сіўцоў. Параска Клімаўна і да таго ніколі дзябёлаю не была, то тут, то там у яе калола. Кандрусевіч.

2. Тоўсты, грубы, трывалы. Вароты ў хляве былі дзябёлыя і крэпкія, замкнёныя моцным унутраным замком. Колас. Адны [лыжкі] былі дзябёлыя, важкія, арэхавыя ці грушавыя, другія — лёгкія, асінавыя, пафарбаваных. Якімовіч. // Тоўсты, шчыльны (пра тканіну). Дзябёлае сукно.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жлу́кта 1, ‑ы, ДМ ‑кце, Т ‑ай, ж.; ‑а, М ‑у, Т ‑ам, н.

Абл. Пасудзіна для запарвання бялізны, выдзеўбаная ў форме кадушкі з драўлянай калоды. У клеці паставілі дзежкі, карыты, жлукту, ступу ды другія гаспадарчыя прылады. Галавач. [Уладзік] перакульвае жлукта і па ім узбіраецца на прыбудаваны да хаты хляўчук. Кандрусевіч.

жлу́кта 2, ‑ы, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑е Т ‑ай, ж.

Разм. Пра таго, хто многа п’е, апіваецца. — Скарачае гэтай чорнай сівухай свой паганы век, жлукта няшчасная. Паслядовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыпі́ска, ‑і, ДМ прыпісцы, ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. прыпісаць (у 1, 2 знач.) і прыпісацца.

2. Р мн. ‑сак. Тое, што прыпісана да чаго‑н., дададзена да чаго‑н., раней напісанага. У канцы апошняга ліста была Людзіна прыпіска: «Я прачытала. Я столькі перажыла, столькі зразумела...» Дуброўскі. Тады я здолею адправіць .. [пісьмо] назад, зрабіўшы адпаведную прыпіску наконт таго, чаму так здарылася, што яно распячатанае. Васілёнак. // Фальшывыя звесткі, прыпісаныя да афіцыйнага дакумента з карыслівай мэтай. Але рабочаму чалавеку нашы прыпіскі не патрэбныя. Шыцік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ратава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак., каго-што.

Пазбаўляць ад якой‑н. небяспекі, пагрозы, гібелі; берагчы. Ратаваць жыццё. □ [Жанчына] працягнула дзіця. — Людзі добрыя! Дарагія мае!.. Ратуйце дзіця!.. Вазьміце сына майго. Яны гоняцца за намі... Шамякін. [Зіна:] — Я прашу падняць шклянкі за таго, з кім мы білі акупантаў... Хто нас ратаваў харчамі ў блакаду. Грамовіч. // Хаваць, засцерагаць ад чаго‑н. непрыемнага, непажаданага. Ратаваць сена ад дажджу. □ Ад гарачыні не ратуе нават лес — ён стаіць узбоч дарогі, бы нежывы, цёмны, змораны, вялы. Сачанка.

•••

Няхай бог ратуе гл. бог.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)