не́хта, некага, некаму, некага, некім, аб некім, займ. неазначальны.
1. Нейкі чалавек, нейкая істота; невядома хто. Вось ледзь пачуўся асцярожны працяглы свіст. Чалавек сеў і насцеражыўся. Нехта зноў свіснуў, ужо трохі смялей. Крапіва. Было на.. [грэблі], казалі, і страшнае месца, адкуль часамі выбягаў нехта ў чырвоным, з пугаю ў руках. Колас. У Веры Засуліч дзверы былі не завалены — нехта яшчэ быў у яе. Зарэцкі. // Адзін, з прысутных (без удакладнення, хто іменна). І ўсе ўбачылі, як далёка-далёка, то разгараючыся, то нібы згасаючы, успыхвае агонь.. — Пэўна, нашы хлопцы нешта прыдумалі, сігналы падаюць, — выгукнуў нехта з вучняў. Скрыпка.
2. Якісьці мала каму вядомы чалавек (у спалучэнні з прозвішчам, імем). Дырэктарам гімназіі быў сын вілейскага папа, нехта Мірановіч — чалавек старарэжымнага складу і манархічных поглядаў. С. Александровіч.
3. Які‑н. чалавек, усё роўна хто; хто‑н. [Комлік:] — Пагражае [Кашын] яшчэ, нібы нехта баіцца яго... Карпаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
насу́нуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.
1. Рухаючыся, наблізіцца да каго‑, чаго‑н. — Хмараю насунулася войска... Патапталі нашы палі і паплавы. Гартны. На самалёт насунулася рэдкая імжа з дробных пясчынак. Шыцік. // перан. Надысці, наблізіцца (пра час, падзеі і пад.). Неяк адразу насунулася асенняя ноч. Грахоўскі. Было маленства, а пасля яго адразу насунулася сталасць. Чарнышэвіч.
2. Рухаючыся, закрыць, засланіць сабою. Некалі, тысячагоддзі назад, шумелі тут трапічныя лясы. Потым насунуўся ляднік, усё жывое замерла. Навуменка. Дзень быў няроўны: то пасвятлее, то зноў насунуцца нізкія кужэльныя хмары. Мележ. // Ссунуўшыся, закрыць сабой што‑н. На дзвюх табурэтках, захутанае ў цёплую коўдру, варушылася малое. З-пад хусткі, што насунулася яму на тварык, ружавеў носік. Гаўрылкін.
3. Разм. Нечакана апынуцца перад кім‑, чым‑н., наткнуцца, наскочыць на каго‑, што‑н. Адразу тры аўтамашыны насунуліся адна на адну. Новікаў. Стаяла такая цемра, што хоць на ваўка насунься. Кірэйчык.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пра́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; незак.
1. што. Апрацоўваць моцным жарам перад спажываннем (зерне, арэхі, насенне).
2. каго-што і без дап. Моцна пячы (пра сонца, полымя і пад.). Ці то ад выпітага халоднага квасу, ці то частачка Аскольдавай радасці перадалася нам, ісці ў «Малінавы цвет» было лёгка, хоць сонца пражыла па-ранейшаму. Пальчэўскі. // перан. Мучыць (пра смагу). Хаця дзень быў халаднаваты, а ноч вільготная, рэзкая, Грушэўскага пражыла смага — каб хоць крыху вады ў рот узяць, усё было б лягчэй. Мурашка.
пражы́ць, ‑жыву́, ‑жыве́ш, ‑жыве́; ‑жывём, ‑жывяце́; зак.
1. Прабыць жывым які‑н. час; праіснаваць. Як .. [Гінка] магла пражыць з малым дзіцём без куханаў? Корбан.
2. Прабыць які‑н. час, жывучы дзе‑н. або як‑н. Раечка пражыла ў машыніста Герасіма некалькі дзён, не выходзячы з хаты. Лобан.
3. што. Патраціць на існаванне (грошы, сродкі). Пражыць усе грошы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паспыта́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што і чаго.
1. Пакаштаваць, папрабаваць на смак. Маці заглянула ў кубкі: Ліза не адпіла і адной трэці. Паспытала яе чай — зусім не салодкі. Шамякін. — А гэта я табе клубнікі прынесла, а то ў бальніцы тут напэўна і не паспытаеш яе... Васілевіч. — Каб не займаўся дзед з Міколкам паляваннем, то не давялося б нам курацінкі паспытаць! Лынькоў.
2. перан. Разм. Перажыць, зведаць у жыцці, на практыцы. [Мікола:] — Не лічу сябе вінаватым перад табой нават і ў тым, што не быў у дэфензіве і не паспытаў таго, што давялося табе. Машара. — Як паспытаеш свой горкі кавалачак хлеба, тады зразумееш, чаго ён каштуе. Грамовіч. // перан. Адведаць, спазнаць. Прынесла Тэкля вужышча. Узяў Саўка вяроўку ў рукі і пытае: «А гэтай штукі паспытаць не хочаш?!» С. Александровіч.
•••
Паспытаць на сваёй скуры што — пераканацца ў чым‑н. на сваім вопыце.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сы́пкі, ‑ая, ‑ае.
1. Які складаецца з дробных цвёрдых часцінак, не счэпленых адна з адной; які мае ўласцівасць рассыпацца. Сыпкія рэчывы. □ Потым да камянёў .. [Інка і Юрка] прыходзілі .. пасля доўгай бязмэтнай хады па сыпкай рыпучай гальцы, вяртаючыся з падарожжаў на катэры. Карамазаў. // Які лёгка пераносіцца ветрам; рыхлы (пра пясок, снег і пад.). На дарозе — пясок, сынкі, непрытаптаны, але на ім расце трава. Пташнікаў. Паварочваючы галаву то ў адзін, то ў другі бок,.. [чарапаха] імкліва перабірае лапамі, грабецца, бы курыца, па сухім і сыпкім дарожным пыле. Сачанка. // Які асыпаецца (пра грунт, снег і пад.). Зямля .. сціналася, і асоўваліся сыпкія сцены акопа. Лобан. Тут мясціна была выдатная — на сыпкім пясчаным беразе пачыналася сухая звонкая дуброва. Кірэенка. Шумліва ідуць усе па сыпкім насыпе да маторкі. Шынклер.
2. Які выспявае і хутка асыпаецца, трацячы зерне. Помню: лета, авёс жалі сынкі. Серп зламаўся твой звонкі... Тарас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тума́ніцца, ‑ніцца; незак.
1. Пакрывацца, ахутвацца туманам. На прыдарожнай траве, у вясёлых пялёстках рамонкаў, на пляскатых лісцях трыпутніку, на белых галоўках дзьмухаўцу абапал дарогі густа туманіліся кроплі расы. Мележ. Яшчэ ў лугах туманяцца Нізіны за ракой, Іду ў поле раніцай Сцяжынкай палявой. Русак. // Віднецца няясна, невыразна, як у тумане. Камяніцы і горы туманяцца, Як у дзіўным, у казачным сне. Глебка. Проста па прысадах на захад ледзь туманіліся абрысы дробнага гарадка. Чорны.
2. Завалакацца, зацягвацца, трацячы здольнасць добра бачыць (пра вочы, погляд). І туманяцца вочы слязою. Успамінаў дымкі паплылі. Прануза. [Вочы маці] то туманіліся смуткам, то свяціліся яркай надзеяй, усміхаліся. «Звязда». // Станавіцца не зусім ясным, выразным, мутнець (пра думкі, свядомасць). [Лявон:] У вачах цёмна робіцца .. думкі туманяцца. Купала. У галаве гудзе, і думкі пачынаюць туманіцца.. Лупсякоў. / у безас. ужыв. Салодка туманіцца ў галаве, і самі па сабе заплюшчваюцца вочы. Жук.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хво́йны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае лісце ў выглядзе іголак. Дзесяткі парод дрэў, лісцяных і хвойных, разложыстых і вастраверхіх, то шарэнгамі, то купкамі спускаліся па схілах узгоркаў да рэчкі. Хадкевіч.
2. у знач. наз. хво́йныя, ‑ых. Падклас голанасенных дрэў і кустоў, пераважна вечназялёных, у які ўваходзяць сасна, елка, кіпарыс і інш.
3. Які складаецца з раслін, што маюць іголкападобнае ці лускападобнае лісце. А за Глінішчам — пачынаецца лес, не кусты, не алешнік які, а высокі і густы хвойны лес. Марціновіч. // Які належыць хвоі, уласцівы ёй. Хвойная кара. □ Прызвычаеным рухам.. [жанчына] зняла хустку з галавы, .. асцярожна выняла з потнага дзіцячага кулачка каменьчык, прыліпшую да далонькі хвойную ігліцу. Лынькоў. Хай аддае вада балотам І лезе ў вочы хвойны дым, Мы пасля бою ў ахвоту І ў смак харчы свае ядзім. Астрэйка. // Атрыманы з драўніны або ігліцы хвоі. Хвойная мука. // Прыгатаваны з экстрактам хвоі. Хвойнае мыла.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ча́йка 1, ‑і, ДМ чайцы; Р мн. чаек; ж.
Вадаплаўная пералётная птушка сямейства чайкавых з густым, шчыльным пер’ем. Над гэтым цёмна-блакітным морам усё — і яснае сонца, і белыя чайкі, і зялёныя кедры — усё такое прыгожае, што ўсяго, здаецца, узяў бы патрошку дахаты — на светлы ўспамін. Брыль. Белакрылыя чайкі лятаюць над Нараччу, то прыпадаючы да сіняй паверхні вады, то зноў узнімаючыся ўвысь. В. Вольскі.
•••
Як чайка (сойка) за мора — куды‑н. далёка (зайсці, пайсці, збірацца).
ча́йка 2, ‑і, ДМ чайцы; Р мн. чаек; ж.
1. Пласкадонная лодка. Пласкадонка, якая і ў гэтых мясцінах называецца чайкай, ад рання стаяла ў ціхай завадзь Быстранкі, прымкнутая ланцугом да вярбы. Брыль. Завуць любоўна лодку чайкай Сёл панямонскіх рыбакі. Лойка.
2. Старажытны парусны човен з вёсламі і прымацаванымі ўздоўж надводнага борта пучкамі чароту, які служыў для павелічэння плывучасці і абароны ад стрэлаў праціўніка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
показа́ться
1. паказа́цца;
показа́ться врачу́ паказа́цца ўрачу́;
вдали́ показа́лся по́езд удалечыні́ паказа́ўся цягні́к;
2. безл. (почудиться) зда́цца;
ему́ показа́лось, бу́дто позвони́ли яму́ здало́ся, бы́ццам пазвані́лі;
показа́лось, что кто́-то позва́л меня́ здало́ся, што не́хта паклі́каў мяне́.
Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)
згрупава́ць, ‑пую, ‑пуеш, ‑пуе; зак., каго-што.
Аб’яднаць у групу (групы); размясціць групамі. Згрупаваць ударныя сілы войск. □ За гады вучобы ў школе Лена згрупавала вакол сябе верных сябровак. Няхай. // Раскласіфікаваць на аснове якіх‑н. аднародных прымет. Згрупаваць дэталі па іх форме. □ Калі згрупаваць фактары, якія залежаць і не залежаць ад прыродных умоў, і зрабіць разлік, то значнасць фактару прыродных умоў для прадукцыйнасці працы будзе больш відавочнай. «Весці».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)