Басалы́га ’басяк’ (Арх. Бяльк., слонім.). Параўн. рус. дыял. басалы́га ’ветраны, легкадумны чалавек, балаболка і г. д.’ Можна меркаваць пра сувязь з басала́й (гл.); тады «экспрэсіўны» суфікс ‑ыга? Але параўн. і польск. basałyk ’пуга; басяк’; basałyga ’тс’. Форму basałyga (экспрэсіўную!) Брукнер (17) лічыць вытворнай ад basałyk. Выходзіць, не выключаецца магчымасць і сувязі з ст.-бел. басалык ’пуга’, рус. басалы́к, укр. басалик (з XVII ст.), польск. basałyk, запазычанымі з цюрк. моў. Фасмер, ZfslPh, 16, 68; Фасмер (1, 130) тлумачыць іх з тур., тат. bašakly. Але ёсць і тур. форма basalik, basilik! Невядома, якую ролю пры запазычанні іграла тут польск. мова (Булыка, Запазыч., 38: праз польск. basałyk).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вэ́рхал (БРС) ’гоман, малая звадка’ (КЭС); ’беспарадак’ (Бір. Дзярж.); ’лямант, гвалт’ (Жд.). Таго ж паходжання, што і ва́рхал ’тс’ (гл.), г. зн. запазычанне з польск. warchoł. Форма вэ́рхал (падобнай формы ў польскай мове няма) другасная, узнікла ў бел. мове, відаць, з формы тыпу вархо́л (апошняя, напр., засведчана ў гаворках Слаўгарадчыны; гл. Яшкін, Бел.-польск. ізал., 157) пры перанясенні націску на першы склад. Параўн. багно́, але бэ́гна, барса́ць, але бэ́рсаць і да т. п. Яшкін (там жа) лічыць вэ́рхал, ва́рхал не запазычаннем, а агульным утварэннем для беларуска-польскай зоны. Гэта няправільна, бо ў польск. мове слова з’яўляецца спрадвечным і адлюстроўвае (разам са шматлікімі вытворнымі; гл. Брукнер, 601–602) прасл. адносіны.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Газні́к газні̑ца ’газоўка’ (БРС), газні́ца (Шат., Бяльк., Касп., Др.-Падб., Яруш., Гарэц., Інстр. I), газу́лька (Шат.). Утварэнне ад газа (гл.), але дэталі гісторыі гэтых слоў пакуль што не зусім ясныя. Можна меркаваць, што гісторыя іх узнікнення і пашырэння на ўсх.-слав. тэрыторыі досыць складаная. Аб гэтым сведчыць тое, што падобныя словы ёсць ва ўкр. мове. Так у Грынчанкі з розных месц Украіны адзначаецца: газни́к, газни́ця, га́сни́к, га́сни́ця ’газоўка’. Вельмі цікавым з’яўляецца і тое, што падобных слоў няма ў польск. гаворках (гл. у Карловіча), але ў рус. ёсць га́сник, га́сни́ца ’газоўка’ (гл. СРНГ, 6, 151–152), га́зник ’тс’ (там жа, 94), як і гас > газ ’газа’ (там жа, 93–94, 150).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Нядо́шлы ’кволы, слабы, хваравіты’ (стаўб., З нар. сл., Крыў., Дзіс.), недо́шлы ’тс’ (Сл. ПЗБ, ТС), нядо́шлы, нідэшлы ’тс’ (дзярж., Нар. сл.), няду́шлы ’тс’ (Мат. Гом.), нядэшлы ’благі, мізэрны’ (Сцяшк. Сл.). Зыходнае значэнне, відаць, у беласт. нэдо́шлы ’які хацеў стаць кім-небудзь, але не стаў’ (Сл. ПЗБ), што, паводле аўтараў слоўніка, з польск. niedoszły ’былы кандыдат на якое-небудзь месца’; аднак для большасці формаў нельга выключыць самастойнае развіццё ад не дайсці адно са значэнняў дайсці ’памерці, зачахнуць’, г. зн. ’той, хто блізкі да смерці, але яшчэ не дайшоў да яе’, параўн. недо́йда ’дахадзяга’ (Сл. ПЗБ), магчымы ўплыў прыметніка до́хлы (гл. дохнуць) ці дзеяпрыметніка ад няду́жыць ’хварэць’ (гл. нядуга).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

імклі́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Вельмі хуткі, быстры, шпаркі. Імклівы бег. Імклівая плынь. □ Ракета запаволіла свой імклівы, нястрымны рух. Мы набліжаемся да прыстані. В. Вольскі. Хацелася ўзяць ручку.. на сябе, даць поўны газ і адчуць імклівую хуткасць палёту. Алешка. // Які мае вялікую хуткасць, вызначаецца вялікай хуткасцю. Да стромкага берага Выпі, маленькай, але імклівай рачулкі, прыляпіўся стары, пахілы млын. Асіпенка. Міцю здаецца — вось-вось вылецяць з лесу імклівыя коннікі, у руках іх.. бліснуць шаблі. Навуменка. Вада бегла імклівымі ручаінамі з узгорка. Чорны. // перан. Які характарызуецца хуткасцю развіцця, узнікнення або напружанасцю праяўлення. Імклівае жыццё. □ Напорны час, Імклівы час, Гарыць агнём жывое сэрца... Кляшторны.

2. Які вызначаецца хуткасцю рухаў і дзеянняў; рухавы, энергічны, жвавы (пра чалавека). Мірон быў больш разважлівы, спакойны хлопец, а Віктар — жвавы, імклівы. Маўр. Арэшкін хоць і быў вышэйшы ростам, але крочыў паважна, не спяшаючыся, і імкліваму, хуткаму ў рухах Лемяшэвічу прыйшлося запаволіць сваю хаду. Шамякін.

3. Які выражае парыў, імкненне да чаго‑н.; палкі, гарачы, парывісты. Нехта ўжо гаварыў кароткую, але імклівую і палкую прамову. Скрыган.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

супраціўля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.

1. Супрацьдзейнічаць насіллю, насільным дзеянням; адбіваць напад. Пан быў такі спалоханы, што нават не супраціўляўся, калі «Салавей» прывязваў яго да дрэва. Бядуля. [Салагуб:] — Я пачаў супраціўляцца, штурхаць .. [паліцыянтаў] рукамі ад сябе і крычаць. Машара. Немцаў выбілі яшчэ толькі з першай лініі, а на другой яны ўпарта супраціўляліся і вялі агонь амаль бесперапынна. Кулакоўскі. // Супрацьдзейнічаць уплыву, уздзеянню каго‑, чаго‑н.; не падпарадкоўвацца каму‑, чаму‑н., не згаджацца на што‑н. Толя, які даўно прывык да бацькоўскіх загадаў старога, больш не супраціўляўся. Брыль. Васіль Дзяцел імкнецца адасобіцца ад эпохі, супраціўляецца жыццю ўпарта, рашуча, да знямогі, але ўсё дарэмна. «Полымя». // Не паддавацца якому‑н. стану, пачуццю, змагацца з якім‑н. станам, пачуццём. Супраціўляцца хваробе. □ Бацькавы вочы пры цьмяным святле лямпы здаліся мне вузенькімі-вузенькімі. Іх мружыў сон, але яны супраціўляліся яму. Сабаленка. Радаваўся [Андрыян Цітавіч], як юнак, свайму пачуццю, але, скрыгочучы зубамі, хаваючы ўсё ў сабе, супраціўляўся яму... Марціновіч.

2. Не паддавацца знешняму фізічнаму ўздзеянню.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

турбо́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Які турбуецца аб кім‑, чым‑н., клапоціцца пра каго‑, што‑н. Турботы чалавек. / у паэт. ужыв. Турботны родны дом Шчаслівых не пабудзіць. Голуб. // Які адлюстроўвае неспакой, хваляванне. Цімох углядаецца, пазірае пільней .. З яго твару сходзіць турботная заклапочанасць, проблескі дзікай радасці праменяцца ў яго цёмных бліскучых вачах: з высокай вежы палаца .. паплыў борзда ўгору белаваты дым. Колас. Белы колер халата і шапачкі .. вельмі ж неяк ідзе да .. вялікіх, чорных, .. турботных вачэй [Ганны Пятроўны]. Брыль.

2. Напоўнены рознымі турботамі, неспакойны. Сёння ў Машы вельмі турботны дзень: трэба спакаваць хатнія рэчы, бо заўтра досвіткам выязджаюць! Гроднеў. Прыемна і самому заадно з .. [Януком] яшчэ разок перакінуцца ў думках туды, дзе прайшло яго [Васіля] хоць і цяжкае, турботнае, але навек незабыўнае маленства. Кулакоўскі. Так уваходзіць юнак Аляксандр Віташкевіч у жыццё. Цяжкае, але прываблівае. Турботнае, але сваё, кроўнае, роднае — рабочае жыццё. Кавалёў. // Які выражае, выяўляе турботу. — А жыццё? Жыццё доўгае наша? — пераходзіць [Эльга] на трапяткі і турботны шэпт. — Бачу, назаўсёды ідзеш, нядобры твар у цябе. Мікуліч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

блазню́к, ‑а, м.

Разм. Тое, што і блазан (у 1, 2 знач.). Люба ведала, што Ігнась не маленькі ўжо, не блазнюк. Мурашка. Тады .. [Генька] быў яшчэ блазнюк, дзіця. Паслядовіч. Аляксею таксама было смешна, але ён стрымліваў сябе, каб не быць падобным на гэтых несур’ёзных блазнюкоў. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бязгу́чны, ‑ая, ‑ае.

Які не суправаджаецца гукам, бясшумны. Пад раніцу з захаду паднялася цёмная хмара. Цяжкая, шырокая, яна павольна ўздымалася ў неба, гасячы зоры. Аб ёй дагадаліся па водблісках далёкіх бязгучных маланак. Галавач. На маладой асінцы лісце дрыжала, але дрыжанне гэтае зусім было бязгучнае. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

выпа́рына, ‑ы, ж.

1. Тое, што і выпарэнне (у 2 знач.). Гэты дым асаджвалі ранкавыя туманы, але як толькі ўздымалася сонца над лесам, едкія выпарыны цягнуліся зноў. Пестрак.

2. Пот, які выступае па целе. Худзенькі.. тварык [Віці] пакрыўся выпарынай, над губой блішчэлі дробныя кропелькі поту. Стаховіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)