шта́нга, ‑і, ДМ ‑нзе, ж.

1. Спец. Металічны стрыжань, які выкарыстоўваецца як састаўная частка многіх інструментаў, механізмаў, канструкцыі і пад. Буравая штанга. □ Галіна Адамаўна ўзялася рукой за штангу бормашыны, да болю сціснула яе. Шамякін. Эластычна ўзлятае ў .. неба баскетбольны мяч, рытмічна паскрыпваюць штангі турнікоў. Мікуліч.

2. Перакладзіна або брус футбольных, хакейных варот. Мяч адляцеў ад штангі варот.

3. Спартыўны снарад для заняткаў цяжкай атлетыкай, які складаецца з металічнага стрыжня, на канцах якога прымацоўваюцца здымныя дыскі. Там у .. [рэдактара] былі гіры і штанга, і ён прыступіў да гімнастычных практыкаванняў, а потым заняўся туалетам. Колас.

[Ням. Stange.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Сяро́дак (серёдокъ) ’сярэдняя частка, сярэдзіна’, ’сродак’ (Нас.), ’сярэдзіна, нутро’ (ТСБМ, Бяльк., Байк. і Некр.), ’сэрцавіна морквы’ (Сцяшк.; барыс., Сл. ПЗБ), сярёдак ’вантробы’ (Растарг.), сырыдо́к, сырдо́кстрыжань, асяродак (у расліне, алоўку)’ (драг., З нар. сл.), сяро́давік ’тс’ (бярэз., Жд. 2), ’сярэдні маладзенькі лісток’ (барыс., Сл. ПЗБ), сяро́дка ’сярэдзіна’ (Нар. Гом., Сл. ПЗБ), ’зародак’ (мядз., Сл. ПЗБ), ’сярэдзіна гарбуза’ (Сцяшк.), сяро́дкі ’ўнутраныя органы’ (трак., шальч., Сл. ПЗБ), ’адходы пры часанні льну’ (Мат. Маг.). Да сярод (гл.). Сюды ж, відаць, сырда́к ’кош’ (Сл. Брэс.), г. зн. ’кош сярэдніх памераў’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Па́лец ’адзін з пяці канцавых частак кісці рукі або ступні ў чалавека; канечны член на лапах жывёл і птушак; валік або стрыжань у машынах’. Агульнаслав.: рус. па́лец, укр. па́лець, ст.-рус., ц.-слав. пальць, польск. palec, славен. pȃlec ’вялікі палец’ і г. д. Прасл. раlъ > palьcь. Роднаснымі лічацца лац. pollex, ‑icis ’вялікі палец (на руцэ, назе)’ (падваенне l у выніку экспрэсіўнага характару), далей нов.-перс. pālidan ’шукаць, ісці па слядах’, балг. пáлам ’шукаю’, ст.-в.-ням. fuolen ’адчуваць’ (Фасмер, 3, 191; Махэк, 429; у Фасмера, гл. агляд літ-ры).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сцежая́ (сцежэя́) ’задняе шула ў варотах’ (ТС). Параўн. польск. старое ścieżeja ’завесы’, чэш. stěžej, ст.-чэш. stěžeje ’завесы, стрыжань’, славен. stežȃj ’крук, шпень’, серб.-харв. stežaj ’куст’, stežàjica ’частка завесаў, у якую ўстаўляецца крук’. Прасл. *stežajь (< *ějь) ’калок, шпень’ < *stežь (гл. сцежа), што выводзіцца з і.-е. *steg‑ ’кол, слуп, калода’, параўн. літ. stegerỹs ’сухая галіна’, ст.-в.-ням. stehno ’сукаватая палка, дубіна’ (Сной у Бязлай, 3, 317; Шустар-Шэўц, 1276). Этымалогія тлумачыць старую канструкцыю варот, што мацаваліся на сукаватай галіне, вось якой паварочвалася ў выдзеўбаных у выглядзе ступы калодках. Гл. сцежар.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

цвік, ‑а, м.

1. Металічны або драўляны стрыжань з вастрыём на канцы, прызначаны для змацавання чаго‑н. Рупная рука прыбівала цвікамі адарваную дошку. Бядуля. Вось Глеб махнуў рукою, нібы даў сігнал, і Данік пачаў заганяць цвік. Дуброўскі. // Калочак для вешання чаго‑н. Андрэй вярнуўся, павесіў на цвік шапку і сеў. Чарнышэвіч.

2. перан.; чаго. Разм. Галоўнае, значнае ў чым‑н. Слон — Галоўная персона, Слон — Заўсёды цвік сезона. Барадулін. Без выступлення Алены Мінаўны мы не маглі вярнуцца ў рэдакцыю. Яно было запланавана як асноўны цвік у перадачы, прысвечанай ходу жніва. Грахоўскі.

•••

Цвіком сядзець; сядзець як цвік гл. сядзець.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шпу́ля, ‑і, ж.

1. Тое, што і шпулька (у 1, 2 і 3 знач.). Волька напрадзе за вечар шпулю, а мама дзве ручайкі. Пальчэўскі. Гурчыць паціху самапрадка, Кудзеля — як на каравуле, І спіць памочніца дзіцятка Пад манатонны шорхат шпулі. Гаўрусёў.

2. Пасадка з драўніны ці кардону, якая надзяваецца на верацяно для намотвання на яе пражы. Бабуля сядзіць на тапчане. Худыя, парэпаныя пальцы наўздагад вядуць тонкую кужэльную нітку, пускаючы яе на шпаркую шпулю калаўротка. Брыль.

3. Спец. Стрыжань для намотвання дроту, кабелю і пад., а таксама намотаны сам дрот, кабель і пад. Партызаны захапілі шпулю кабелю і па балоце зайшлі ім [гітлераўцам] наперад. Федасеенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

што́пар, ‑а, м.

1. Тонкі завостраны з аднаго канца шрубападобны металічны стрыжань з ручкай, які служыць для адкаркоўвання бутэлек. У траве пад акном .. [дзед] знайшоў складаны ножык на два лязы са штопарам і шылам. Курто.

2. У авіяцыі — адна з фігур вышэйшага пілатажу, сутнасць якой у зніжэнні самалёта па крутой спіралі. // Імклівае падзенне самалёта з вярчэннем яго вакол сваёй восі ў выніку няспраўнасці сістэмы кіравання. Вораг адсек хваставую апору.. Самалёт Аляксея ўвайшоў у штопар. «Звязда». // у знач. прысл. што́парам. Па спіралі (уніз), шрубападобна. Не паспеў .. [цецеравятнік] адляцець і дзесяці метраў, як пачуўся другі стрэл, пасля якога ястраб здрыгануўся, потым перакруціўся і штопарам пайшоў уніз. Ляўданскі.

[Ням. Stopper.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Сы́чык ’скрутак лык’ (Бяльк., Сцяшк. Сл.; шкл., ЛА, 4), ’рухомая частка ў церніцы’ (Выг.), ’загваздка; жалезнае колца, што злучае “правіла” з задняй часткай воза’ (Арх. Вяр.), ’калок, які трымае пругло ў сілку на дзікіх качак’, ’трубачка, якую ўстаўлялі ў дзірку ў бочачцы пры наліванні гарэлкі ў кілішкі’ (ТС), сы́чыкі ’начоўкі з рылам для зліву вадкасці’ (капыл., Сл. ПЗБ), ’смажаная бульба’ (Сл. Брэс.). Разнастайны характар дэталяў з такой назвай звязаны з пераносам па функцыі, першаснае значэнне, відавочна, ’клін, стрыжань’, параўн. сыч2, гл. Звязана чаргаваннем галосных з сукаць; апафанічныя ступені *sъk‑/*suk‑/*syk‑ ’скручваць, валяць, качаць’, аб якіх гл. Вірбат, Этимология–1980, 33–34.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Спі́ца ‘адзін з драўляных або металічных стрыжняў, які злучае калодку кола з вобадам’ (ТСБМ, Бяльк., Маш., Маслен., Дэмб. 2, Пятк. 2, Сл. ПЗБ, ТС), ‘стрыжань’ (ТСБМ), ‘шыла для пляцення лапцей’ (ТСБМ, Бяльк., ЛА, 4, Сл. ПЗБ), ‘стрэмка’, ‘драўляны цвік, якім змацоўваюць бярвенні’, ‘калок, які забіваюць у хвою пад борць; спічак, на якім трымаецца ў вуллі вашчына і пад.’ (ТС). Укр. спи́ця, шпи́ця, рус. спи́ца, ст.-рус. стъпица ‘ткацкі чаўнок; кол’, стьпи́ца, польск. szpica, śpica, в.-луж. stpica, stwica, чэш. špice, н.-луж. špica, ст.-чэш. stpica, славац. spica, серб.-харв. спи̏ца, славен. špíca ‘спічак, стрыжань’. Прасл. дыял. *stъpica ‘тонкі кавалак дрэва’, ‘спіца ў коле’ роднаснае лат. stups, stupe ‘памяло’, stupas ‘пух; дробныя галінкі’, ст.-інд. stupes ‘чуб’, грэч. στοπός ‘палка, ручка, сцябло’; праславянскі дыялектызм набліжаюць да літ. stìpinas ‘спіца’, мн. л. stipinaĩ ‘падпоркі ў саней’, stiprùs ‘моцны, здаровы’, лат. stiprs ‘тс’, с.-в.-ням. stīf ‘жорсткі; прамы’. Гл. Траўтман, 287; Махэк₂, 621; Мюленбах-Эндзелін, 3, 1108; Фасмер, 3, 735; Шустар-Шэўц, 1362. Параўнанне ці вывядзенне з ням. Spitze ‘вастрыё’ (Міклашыч, 317; Карскі, Белорусы, 157) або з ням. spitz ‘востраканцовы’ (Праабражэнскі, 2, 365) Фасмер (тамсама) лічыць беспадстаўным; гл. таксама Скок, 3, 310; Бязлай, 4, 98–99. Сяткоўскі (Басай-Сяткоўскі, Słownik, 330) дапускае змяшэнне *stъpica ‘спіца ў калясе’, ‘калок’ з запазычаннем з нямецкай. Сюды ж спі́цка ‘касцяное шыла для падплятання лапцей’ (Касп., ЛА, 4), спіца́к ‘тс’ (ЛА, 4), ‘малаток для драблення камянёў’ (Скарбы).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

уздзе́ць, ‑дзену, ‑дзенеш, ‑дзене; зак., што.

1. Надзець, нацягнуць на сябе або на каго‑н. (адзенне, абутак і пад.). Уздзець паліто. Уздзець боты на ногі. □ Уздзеў [Платон] кепку, схапіў са сцяны дубальтоўку і выскачыў. Пестрак. Вокны Параска посцілкамі пазавешвала, лепшы андарак уздзела. Лобан.

2. Павесіць, начапіць на што‑н.; прымацаваць да чаго‑н. Уздзець рукзак на плечы. Уздзець пятлю на крук. □ Лаўрэн Карпавіч, не спяшаючыся, уздзеў на нос акуляры і пачаў чытаць. Гроднеў.

3. Насадзіць што‑н. на вастрыё, на які‑н. стрыжань; праколваючы, надзець на што‑н. вострае. Уздзець кола на вось. □ Збан уздзеў на відэлец скрылёк кілбасы і на момант задумаўся, нібы вырашаючы, есці ці не. Шашкоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)