разысці́ся, разыдуся, разыдзешся, разыдзецца; пр. разышоўся, ‑шлася, ‑шлося; зак.

1. (1 і 2 ас. адз. не ўжыв.). Пакінуць месца свайго прабывання, збору і пад., пайшоўшы ў розныя бакі, розныя месцы (пра ўсіх, многіх). Госці разышліся позна ўночы, але Мікола не адразу лёг спаць. Краўчанка. Сход неўзабаве разышоўся. Ермаловіч. // Адысціся на нейкую адлегласць адзін ад другога. — Разыдземся так, каб адлегласць паміж намі праглядалася. Федасеенка.

2. Прайсці па розных дарогах, не сустрэўшыся, не заўважыўшы адзін другога. Проська сказала, што [Міхайлаў] пайшоў на поле, — відаць, другою дарогай, і мы разышліся. Ракітны. // Сустрэўшыся, размінуцца (прайсці, праехаць, праплыць і пад.), не зачапіўшы адзін другога, не перашкаджаючы адзін другому. Разысціся на вузкай кладцы немагчыма.

3. Спыніць якія‑н. сувязі, знаёмства з кім‑н., парваць адносіны з кім‑н. [Пніцкі:] Мы як дзяліліся, дык хоць каб хто слова з нас адзін на аднаго дрэннае сказаў. Мы па-брацку разышліся. Чорны. З Зубковічам Мікіта разышоўся яшчэ да вайны, яго адаслалі ў другі горад. Галавач. // Перастаць жыць сумесна, развесціся (пра мужа, жонку). — Эдзік мой другі муж. З першым разышлася з-за рэўнасці. Гаўрылкін. // Не сысціся ў поглядах, меркаваннях з кім‑н., выявіць нязгоду з кім‑н. у чым‑н. Дарэчы, з гэтага ж і пачаўся канфлікт у Парамона Пісанца з рэдактарам. Ён разышоўся ў поглядах з ім. Грамовіч. // Не супасці ў чым‑н., аказацца рознымі. Словы камсамольцаў не разышліся са справай. □ Марынка не так ужо непрыхільна паставілася да таго, што планы, пра якія .. [Паходня] гаварыў ёй пры сустрэчах і пісаў, разышліся з сапраўднасцю. Хадкевіч.

4. Раздзяліцца на некалькі частак, ліній, напрамкаў, што выходзяць з аднаго месца. Дарога разышлася на дзве. □ І сапраўды, цікавы камень. На адным баку малюнак — .. і сцяблінкі тут, і дробнае лісцейка разышлося веерам. Лынькоў.

5. Раз’ехацца, рассунуцца ў бакі, утварыўшы прамежак. Бярвенне пад цёткай разышлося ў бакі, яна апынулася ў вадзе па самыя пахі. Сяркоў. Губы .. [Талаша] разышліся ў лагодную ўсмешку, калі ён заўважыў за сталом т. Шалёхіна і парывіста падаўся да яго. Колас.

6. Аказацца распраданым, раскупленым. Першае выданне зборніка ў колькасці трох тысяч экземпляраў хутка разышлося. С. Александровіч.

7. Распаўсюдзіцца, расплыцца па паверхні чаго‑н., у чым‑н. Смачны пах разышоўся па хаце. □ Толькі кругі разышліся наўкол ды вынырнула белая лілея і паплыла, паплыла па шырокай рацэ да самага сіняга мора. Грахоўскі. // Пашырыцца, стаць вядомым дзе‑н., сярод каго‑н. Чуткі разышліся. □ Бальшавіцкая ідэя разышлася па ўсім свеце. Баранавых.

8. Паступова рассеяцца, знікнуць. Пухліна разышлася. □ — Хоць бы дождж не пазнала. Хмары якія ... — Хмары разыдуцца, — запэўніла Вольга. Мележ. Тут разышоўся дым, і дзед убачыў Міколку. Лынькоў.

9. Разм. Растраціцца, зрасходавацца, пайсці на што‑н. — Грошы туды-сюды разыдуцца, а іх вунь колькі ў мяне нахлебнікаў, — кіўнуў Мітрафан галавою ў запек. Пальчэўскі. Два цэнтнеры капусты разышлося І тры пуды салаты маладой! Корбан. Як ёсць — разыдзецца, як няма — абыдзецца. Прымаўка.

10. Прывыкнуць да хады; перастаць адчуваць стому ад хады. Пакрысе .. [Кастусь] разышоўся, і гэты пакутны рух стаў яму праз нейкі час аднастайнасцю, крок за крокам, неабходнасцю, якая можа цягнуцца гады. Чорны.

11. Разм. Набыць большую скорасць у руху; разгарнуцца ў хадзе, руху. [Генадзь] усё хадзіў з кутка ў куток, быццам злаваў, што няма дзе разысціся: пяць-шэсць крокаў — і ўвесь пакой-закутак. Сабаленка. // Пачаўшы ісці, узмацніцца (пра атмасферныя ападкі). Дождж разышоўся на ўсю моц. Паўлаў.

12. перан. Разм. Дайсці да крайняй ступені ў якіх‑н. дзеяннях, у праяўленні чаго‑н. [Цімох] як разыдзецца іншы раз, то Юзік аж за бакі хапаецца ад смеху. Колас. А як разыдуцца аркестры, А як зацягнуць спевакі — Ажно здаецца зала цеснай, Хоць ты рассунь яе ў бакі! Гілевіч. // перан. Разм. Моцна ўзбудзіцца, разгневацца і пад. [Базыліха] добра ведала круты нораў мужа — калі разыдзецца, лепш памаўчы, не пярэч. Курто. — Мой ужо нашто пануры, а і то як разыдзецца, дык хоць вадой аблівай. Васілевіч. — Каты, напэўна, — кажа маці, — Бо гэтак бегаюць па хаце, Калі разыдуцца часамі! Колас. // Разгарэцца, разгуляцца (пра думкі, фантазію). Але думкі .. [Лабановіча] так разышліся, што ён мусіў загарнуць кнігу ды зноў стаў хадзіць па пакоіку і думаць. Колас.

•••

Дарогі разышліся гл. дарога.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шлях, ‑у, м.

1. Шырокая, прыстасаваная для руху транспарту дарога. За дзесяць кіламетраў праходзіў вялікі шлях, на якім мала калі заціхаў рух машын і людзей. Чорны. — Праедзеш палявою дарогаю, а там выедзеш на шлях. Скрыган. Ранкам чутны на марозе Гул матораў, скрып палоззяў, — Шлях ажно гудзе. Кірэенка. // Дарога наогул. Пясчаны шлях, насыпаны ўзбоч чыгункі, вядзе ў лес і ў мястэчка, прасёлкавая дарога — у мястэчка і ў поле. Навуменка. Пругка ступае на цвёрды, убіты шлях нага, спружыніцца роўны крок. Мурашка. // Прастора, па якой адбываецца рух, перамяшчэнне каго‑, чаго‑н. Паветраны шлях. Чыгуначны шлях. □ Бяжыць вада каналамі, — Вялікі волжскі шлях... Колас. Па гэтаму воднаму шляху лес з паўночнай лясістай часткі былой Мінскай губерні сплаўляўся ў Рыгу. В. Вольскі. // Адлегласць, якую трэба прайсці, праехаць, пэўная колькасць пройдзенага, праеханага. Прайсці немалы шлях.

2. Месца для праходу, праезду і пад. Высокая плаціна ўжо перагарадзіла шлях вадзе. Шамякін. Ім [юнаку і дзяўчыне] значылі шлях маякі, запаленыя Міканорам Іванавічам. Даніленка. Перагароджваючы.. [Марыльцы] шлях, па вуліцы прайшла адна, другая, трэцяя машына. Брыль. // перан. Доступ куды‑н., магчымасць глыбей пранікнуць куды‑н. Клімава-камісар шукае шлях да сэрца Аляксея ў сяброўскай гутарцы. «Маладосць».

3. перан. Вялікі перыяд, этап развіцця каго‑, чаго‑н. [Мірон:] — Я думаю, мы за гэтую гадзіну прайшлі шлях, які першабытны чалавек праходзіў гады, стагоддзі... Маўр.

4. толькі мн. (шляхі́, о́ў). Орган у выглядзе каналаў, якія забяспечваюць жыццядзейнасць арганізма. Дыхальныя шляхі. Выдзяляльныя шляхі.

5. Падарожжа, перамяшчэнне куды‑н. Ззаду застаўся доўгі і небяспечны шлях праз гнілыя стаячыя рэкі, праз небяспечныя багны, дзе на кожным кроку чакае пагібель. Самуйлёнак.

6. Напрамак, маршрут. Мы ішлі, не зналі страху, Каб не збіцца хоць са шляху. Бядуля. А калі раніцой Страляніну пачуў [Змітрок], То падаўся па ёй, Шлях трымаў на яе Ад сасны да сасны. Куляшоў. // перан. Напрамак дзейнасці, развіцця чаго‑н. Найбольш значныя.. творы [Зм. Бядулі] — аповесць «Салавей» і раман «Язэп Крушынскі», напісаныя пасля рэвалюцыі, сведчаць аб тым, што пісьменнік авалодаў марксісцка-ленінскай ідэалогіяй, пайшоў па шляху сацыялістычнага рэалізму. Каваленка. Блуканні маладога музыкі — гэта вехі на шляху яго духоўнага росту. Гіст. бел. сав. літ. // перан. Сродак, спосаб, магчымасць дасягнення, здзяйснення чаго‑н. Першыя творы на новай беларускай літаратурнай мове звычайна былі ананімныя і распаўсюджваліся рукапісным або вусным шляхам. Гіст. бел. літ. мовы. Прафесар пачаў шукаць шляхі прымірэння з дачкой. Шахавец.

7. перан. Напрамак, дзейнасць, учынкі каго‑н. Баявы шлях кожнага з.. людзей — і ў падполлі, і потым у атрадзе — быў.. звязан з работай Марусі Данілавай. Брыль. Тры стужкі — адзнакі аб раненнях, ордэны і медалі на гімнасцёрцы самі сабой сведчылі аб.. шляху [Паходні] ў гады вайны. Хадкевіч. Шлях Максіма Багдановіча ў літаратуры не быў простым і роўным. Шкраба. // Жыццё каго‑н.; дзейнасць, заслугі каго‑н. у час жыцця. Ён [радавы] не баяўся нават смерці, Ды куля адарвала шлях На полі бою ў сорак трэцім. Смагаровіч. Не мне пра шлях ягоны [У.І. Леніна] гаварыць, Нібы кіно, манціраваць па частках: Я не сучаснік ленінскай пары, Я трыццаць год хаджу ў яго нашчадках. Тармола. [Дырэктар тэхнікума:] — Папярэджваю: не адны ружы, але і шыпы будуць на вашым шляху. Васілевіч.

8. перан. Жыццёвы лёс каго‑, чаго‑н. Радасна было ўсведамляць, што ўсё між.. [Юркам і Лёдзяй] асталося па-ранейшаму, хоць так па-рознаму вызначылася іхнія шляхі. Карпаў. Душою і сэрцам вызнаў Я праўду сваёй Радзімы, І як груганы б ні віслі, З ёй шлях у мяне — адзіны! Гілевіч.

•••

Млечны Шлях — мноства зорак, падобнае ў ясныя ночы па светлую паласу, расцягнутую па небе.

Тармазны шлях — адлегласць, якую праязджае машына пасля пачатку тармажэння.

Шляхі зносін — сукупнасць якіх‑н. шляхоў (у 1 знач.) і пуцей, як сродкаў, спосабаў перамяшчэння. З усіх відаў шляхоў зносін рэспублікі, як і ў цэлым па краіне, найбольш важнае народнагаспадарчае значэнне мае чыгуначны транспарт. Лыч.

Апошні шлях — пра пахаванне каго‑н.

Жыццёвы шлях — жыццё.

Кружным (абходным) шляхам — у абход (рабіць, дамаўляцца аб чым‑н. і пад.).

На шляху да чаго — дзейнічаючы, развіваючыся ў якім‑н. напрамку.

Саступіць з (свайго) шляху гл. саступіць.

Стаць на шлях чаго, які гл. стаць.

Стаць (стаяць) на шляху чыім, у каго гл. стаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

даць, дам, дасі́, дасць; дадзі́м, дасце́, даду́ць; пр. даў, ‑ла́, ‑ло́; заг. дай; зак., каго-што, чаго і з інф.

1. Уручыць, перадаць з рук у рукі. Даць кнігу. □ Далі [братавыя] .. [дурню] бохан хлеба, гаршчок капусты і гаршчок кашы ды выправілі ў поле. Якімовіч. // Паднесці, падаць, прапанаваць. Даць есці. Даць закурыць. // Заплаціць якую‑н. суму за што‑н. За каня далі добрыя грошы.

2. Аддаць у карыстанне; забяспечыць чым‑н. Даць кватэру. Даць прытулак. // Паведаміць, перадаць. Даць адрас. // Уступіць, прапусціць уперад. Даць месца. Даць праход. Даць дарогу.

3. Надзяліць чым‑н. Даць права. Даць шчасце. Даць тэрмін. □ — Дам табе, галубок ты мой, работу, — сказаў дзед. Якімовіч. // Разм. Узнагародзіць чым‑н.; прысвоіць. Даць ордэн. Даць званне. // Разм. Вызначыць узрост. Андрэй даў .. [маладзіцы] год дваццаць пяць, але мела яна, напэўна, больш. Адамчык. // Разм. Надаць якую‑н. форму, выраз; паказаць, увасобіць. Часамі Самабыля нават займаюць думкі: у якой паступовасці трэба размяркоўваць самы матэрыял сваркі? Што трэба сказаць наўперад, а што потым? .. Які выраз трэба даць твару? Колас. // Разм. Нанесці ўдар; набіць, адлупцаваць. Даць у зубы. □ — Дзе ж авечкі... Ой, блазнота.. Ну й дадуць табе, браток! Колас. // Разм. Асудзіць, прыгаварыць да зняволення. Праз некалькі дзён Ляксея судзілі. Яму далі год і адправілі некуды ў лагер. Ермаловіч.

4. Арганізаваць, наладзіць (баль, абед і г. д.). А ёсць у нас аматары банкетаў. Прычыну ім падай — банкет яны дадуць. Корбан. // Выступіць перад публікай (са спектаклем, пастаноўкай і пад.). Даць канцэрт. Даць спектакль.

5. Прынесці як рэзультат чаго‑н. Даць добры ўраджай. Даць прыбытак. □ Старыя яблыні і грушы не маюць догляду і даюць мала пладоў. Бядуля. // Выпрацаваць што‑н. Палілося святло з усіх вулічных лямп — электрастанцыя дала ток. Чорны.

6. Выявіцца як вынік дзеяння, стану і пад. (пра з’яўленне чаго‑н. у чым‑н.). Даць перакос. Сцены далі асадку. Стрэльба дала асечку.

7. Стварыць умовы для чаго‑н.; дазволіць зрабіць што‑н., адбыцца чаму‑н. Даць паслухаць радыё. Даць зайсці ў хату. Не даць спаць. □ Пасля работы .. [Пніцкі] даў крыху адпачыць каню. Чорны. Юркевіч не даў .. [Юзіку] дадумаць да канца сваіх думак. Мурашка.

8. З многімі назоўнікамі ўтварае спалучэнні са значэннем таго ці іншага дзеяння ў залежнасці ад сэнсу назоўніка. Даць абяцанне (паабяцаць). Даць згоду (згадзіцца). Даць параду (параіць). Даць указанне (указаць). Даць штраф (аштрафаваць). // У спалучэнні з некаторымі назоўнікамі абазначае: зрабіць, здзейсніць. Даць залп. □ З папярэдняга танка далі яшчэ адзін гарматы стрэл. Чорны.

9. заг. дай. Разм. Абазначае прапанову зрабіць, выканаць што‑н. Дай я першы пайду. Дай я напішу.

10. заг. дай, у знач. пабудж. часціны. Разм. Выражае ўласную рашучасць што‑н. зрабіць. Дай, думаю, зайду да суседа.

•••

Без дай прычыны — беспадстаўна.

Бог дасць; як бог дасць гл. бог.

Бог розуму не даў гл. бог.

Бог шчасця не даў гл. бог.

Дай (не дай) бог (божа) — пры пажаданні (непажаданні) чаго‑н.

Дай бог (божа) ногі — пра жаданне хутчэй уцячы адкуль‑н.

Дай бог чутае бачыць — пры пажаданні здзяйснення таго, што паабяцана.

Дай божа кожнаму — пра што‑н. добрае, ад чаго ніхто не адмовіцца.

Даць аб сабе знаць — прыслаць вестку; абазвацца.

Даць бой — рашуча выступіць у абарону сваіх правоў, прынцыпаў, поглядаў і пад.

Даць бярозавай кашы каму — пакараць, набіць розгамі.

Даць вестку — тое, што і падаць вестку (гл. падаць).

Даць волю каму-чаму — перастаць стрымліваць чые‑н. дзеянні, пачуцці. Даць волю пачуццям. Даць волю фантазіі. Даць волю языку.

Даць волю рукам — біць каго‑н., біцца.

Даць выхад чаму — даць магчымасць праявіцца.

Даць газ(у) — паскорыць рух, павялічыць наступленне гаручага.

Даць галаву на адрэз (на адсячэнне) — паручыцца сваім жыццём.

Даць (уступіць) дарогу каму — забяспечыць свабоду дзеяння.

Даць (задаць) дзёру (драла, драпака, лататы) — пусціцца наўцёкі; уцячы.

Даць дразда — а) разысціся, разбушавацца, даць жару (у працы, танцы, гульні і пад.). «Чакайце! Я пачаў не з той нагі! Вось зараз разыдуся і дам дразда!» — упіраецца Фама. Корбан; б) тое, што і даць дзёру.

Даць дуба — памерці.

Даць (падвесці, паказаць) дулю — нічога не даць.

Даць (задаць) дыхту каму — насварыцца, расправіцца.

Даць (задаць) жару — а) моцна насварыцца, прабраць, расправіцца з кім‑н. — Ну, што ж? Натрапіў на такога; А каб наскочыў на другога, Сказаць, хоць бы і на Пшавару: Задаў бы ён там пану жару! — Гавака важна адазваўся. Колас; б) хутка выканаць, зрабіць што‑н. Пачалі працаваць і далі жару.

Даць жаху каму — моцна напалохаць каго‑н.

Даць жыццё каму — нарадзіць, пусціць на свет.

Даць задні ход — адмовіцца ад сваіх думак, намераў, імкненняў.

Даць зевака — упусціць спрыяльны выпадак, момант; празяваць.

Даць знаць — паведаміць.

Даць зразумець — намякнуўшы на што‑н., даць магчымасць здагадацца аб чым‑н.

Даць круг — прайсці ці праехаць лішнюю адлегласць абходнай дарогай.

Даць лад — прывесці ў парадак, наладзіць што‑н.

Даць (задаць) лазню каму — даць наганяй, строгую вымову.

Даць лазы каму — пакараць, набіць лазовым дубцом.

Даць лупцоўку (бубна) каму — адлупцаваць.

Даць маху — дапусціць памылку.

Даць пачатак чаму — з’явіцца крыніцай, адпраўным пунктам чаго‑н.

Даць па шапцы (шыі, карку, загрыўку) — выгнаць, зняць з работы.

Даць (задаць) перцу каму — насварыцца, даць наганяй.

Даць (задаць) пытлю каму — усыпаць, адлупцаваць; даць наганяй.

Даць раду(ы) каму-чаму — а) парадзіць, параіць. [Вясна:] Табе раду я дам, Як бяду ашукаць. Купала; б) адолець, управіцца з кім‑, чым‑н. Кабанам цяжка было даць рады, яны раўлі, як звяры, і не хацелі ці не маглі падняцца. Чорны.

Даць слова — а) дазволіць каму‑н. выступіць на сходзе. — Дай мне слова! — скубе за рукаў старшыню Гарбач. Мурашка; б) цвёрда паабяцаць каму‑н. што‑н. [Валодзя] кажа: — Я даў чэснае слова і... стрымаю. Рунец.

Даць сябе адчуць — выявіцца на кім‑, чым‑н., падзейнічаць на каго‑, што‑н.

Даць у косці — насварыцца, пабіць, пакараць каго‑н.

Даць (сунуць) у руку (лапу) — даць хабар, падкупіць каго‑н.

Даць фору — пераўзысці, апярэдзіць каго‑н. у чым‑н.

Даць ход — пусціць у дзела.

Даць (задаць) храпака — моцна заснуўшы, пачаць храпець.

Даць цягу — уцячы.

Даць (задаць) чосу каму — прабраць каго‑н. за што‑н.

Дорага б даў (заплаціў) — пра моцнае жаданне дамагчыся чаго‑н.

Не дай гасподзь — няхай не будзе гэтага.

(Не) даць дыхнуць каму — прымусіць працаваць бесперапынна.

Не даць спуску каму — не зрабіць уступак, строга запатрабаваць.

Не даць у крыўду каго — заступіцца, абараніць.

Не даць ходу каму — перашкодзіць каму‑н. выявіць свае здольнасці.

Як піць даць — а) напэўна, абавязкова; б) неўзабаве, вельмі хутка. Да прыцемку.. [Галя] праедзе Сялібу, а там, як піць даць, і Закуцце. Ермаловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)