разысціся, разыдуся, разыдзешся, разыдзецца; пр. разышоўся, ‑шлася, ‑шлося; зак.
1. (1 і 2 ас. адз. не ўжыв.). Пакінуць месца свайго прабывання, збору і пад., пайшоўшы ў розныя бакі, розныя месцы (пра ўсіх, многіх). Госці разышліся позна ўночы, але Мікола не адразу лёг спаць. Краўчанка. Сход неўзабаве разышоўся. Ермаловіч. // Адысціся на нейкую адлегласць адзін ад другога. — Разыдземся так, каб адлегласць паміж намі праглядалася. Федасеенка.
2. Прайсці па розных дарогах, не сустрэўшыся, не заўважыўшы адзін другога. Проська сказала, што [Міхайлаў] пайшоў на поле, — відаць, другою дарогай, і мы разышліся. Ракітны. // Сустрэўшыся, размінуцца (прайсці, праехаць, праплыць і пад.), не зачапіўшы адзін другога, не перашкаджаючы адзін другому. Разысціся на вузкай кладцы немагчыма.
3. Спыніць якія‑н. сувязі, знаёмства з кім‑н., парваць адносіны з кім‑н. [Пніцкі:] Мы як дзяліліся, дык хоць каб хто слова з нас адзін на аднаго дрэннае сказаў. Мы па-брацку разышліся. Чорны. З Зубковічам Мікіта разышоўся яшчэ да вайны, яго адаслалі ў другі горад. Галавач. // Перастаць жыць сумесна, развесціся (пра мужа, жонку). — Эдзік мой другі муж. З першым разышлася з-за рэўнасці. Гаўрылкін. // Не сысціся ў поглядах, меркаваннях з кім‑н., выявіць нязгоду з кім‑н. у чым‑н. Дарэчы, з гэтага ж і пачаўся канфлікт у Парамона Пісанца з рэдактарам. Ён разышоўся ў поглядах з ім. Грамовіч. // Не супасці ў чым‑н., аказацца рознымі. Словы камсамольцаў не разышліся са справай. ▪ Марынка не так ужо непрыхільна паставілася да таго, што планы, пра якія .. [Паходня] гаварыў ёй пры сустрэчах і пісаў, разышліся з сапраўднасцю. Хадкевіч.
4. Раздзяліцца на некалькі частак, ліній, напрамкаў, што выходзяць з аднаго месца. Дарога разышлася на дзве. ▪ І сапраўды, цікавы камень. На адным баку малюнак — .. і сцяблінкі тут, і дробнае лісцейка разышлося веерам. Лынькоў.
5. Раз’ехацца, рассунуцца ў бакі, утварыўшы прамежак. Бярвенне пад цёткай разышлося ў бакі, яна апынулася ў вадзе па самыя пахі. Сяркоў. Губы .. [Талаша] разышліся ў лагодную ўсмешку, калі ён заўважыў за сталом т. Шалёхіна і парывіста падаўся да яго. Колас.
6. Аказацца распраданым, раскупленым. Першае выданне зборніка ў колькасці трох тысяч экземпляраў хутка разышлося. С. Александровіч.
7. Распаўсюдзіцца, расплыцца па паверхні чаго‑н., у чым‑н. Смачны пах разышоўся па хаце. ▪ Толькі кругі разышліся наўкол ды вынырнула белая лілея і паплыла, паплыла па шырокай рацэ да самага сіняга мора. Грахоўскі. // Пашырыцца, стаць вядомым дзе‑н., сярод каго‑н. Чуткі разышліся. ▪ Бальшавіцкая ідэя разышлася па ўсім свеце. Баранавых.
8. Паступова рассеяцца, знікнуць. Пухліна разышлася. ▪ — Хоць бы дождж не пазнала. Хмары якія ... — Хмары разыдуцца, — запэўніла Вольга. Мележ. Тут разышоўся дым, і дзед убачыў Міколку. Лынькоў.
9. Разм. Растраціцца, зрасходавацца, пайсці на што‑н. — Грошы туды-сюды разыдуцца, а іх вунь колькі ў мяне нахлебнікаў, — кіўнуў Мітрафан галавою ў запек. Пальчэўскі. Два цэнтнеры капусты разышлося І тры пуды салаты маладой! Корбан. Як ёсць — разыдзецца, як няма — абыдзецца. Прымаўка.
10. Прывыкнуць да хады; перастаць адчуваць стому ад хады. Пакрысе .. [Кастусь] разышоўся, і гэты пакутны рух стаў яму праз нейкі час аднастайнасцю, крок за крокам, неабходнасцю, якая можа цягнуцца гады. Чорны.
11. Разм. Набыць большую скорасць у руху; разгарнуцца ў хадзе, руху. [Генадзь] усё хадзіў з кутка ў куток, быццам злаваў, што няма дзе разысціся: пяць-шэсць крокаў — і ўвесь пакой-закутак. Сабаленка. // Пачаўшы ісці, узмацніцца (пра атмасферныя ападкі). Дождж разышоўся на ўсю моц. Паўлаў.
12. перан. Разм. Дайсці да крайняй ступені ў якіх‑н. дзеяннях, у праяўленні чаго‑н. [Цімох] як разыдзецца іншы раз, то Юзік аж за бакі хапаецца ад смеху. Колас. А як разыдуцца аркестры, А як зацягнуць спевакі — Ажно здаецца зала цеснай, Хоць ты рассунь яе ў бакі! Гілевіч. // перан. Разм. Моцна ўзбудзіцца, разгневацца і пад. [Базыліха] добра ведала круты нораў мужа — калі разыдзецца, лепш памаўчы, не пярэч. Курто. — Мой ужо нашто пануры, а і то як разыдзецца, дык хоць вадой аблівай. Васілевіч. — Каты, напэўна, — кажа маці, — Бо гэтак бегаюць па хаце, Калі разыдуцца часамі! Колас. // Разгарэцца, разгуляцца (пра думкі, фантазію). Але думкі .. [Лабановіча] так разышліся, што ён мусіў загарнуць кнігу ды зноў стаў хадзіць па пакоіку і думаць. Колас.
•••
Дарогі разышліся гл. дарога.