самаабаро́на, ‑ы, ж.

1. Абарона ўласнымі сіламі; абарона самога сябе ад небяспекі. Вялічка быў моцны чалавек і валодаў тэхнікай самаабароны. Машара.

2. Абарона краіны сіламі і сродкамі самога насельніцтва разам з абаронай сіламі дзяржавы. У першыя дні вайны ў Прылуках дзейнічалі атрады самаабароны на чале з сакратаром райкома партыі Сафроненкам. Жычка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

працадзе́нь, ‑дня, м.

Адзінка ўліку працы ў калгасах, якая вызначала долю калгасніка ў даходах. Насыпаем сваё збожжа, Ганарымся працаднямі... Хутка вернецца машына І ў наступны пойдзе рэйс. Броўка. У банку на калгасным рахунку з’явіліся першыя зберажэнні, павялічыўся працадзень, і ў калгаснікаў памацнела ўпэўненасць: працуй як след, твая праца не прападзе! Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трансфарма́цыя 1, ‑і, ж.

1. Спец. Пераўтварэнне электрычнага току пры дапамозе трансфарматара.

2. Кніжн. Пераўтварэнне, ператварэнне, відазмяненне. Трансфармацыя мастацкіх вобразаў. □ Беларуская проза рабіла свае першыя крокі,.. выкарыстоўваючы .. паэтычную трансфармацыю фальклору. «Полымя».

[Лац. transformatio.]

трансфарма́цыя 2, ‑і, ж.

Тэатральны або цыркавы номер, заснаваны на хуткім пераўвасабленні артыста, змене касцюма, грыма, парыка і пад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыго́жасць, ‑і, ж.

Тое, што і прыгажосць (у 1–3 знач.). [Аксіння:] — І паглядзець на яе — вока радуецца: стройная дзяўчына, і прыгожасці ў меру, і здароўем не пакрыўджана. Лынькоў. Сонца яшчэ не было, але адчувалася, што вось-вось пырснуць яго першыя промні і ўсё навокал заззяе тысячамі колераў, захапляючы сваёй казачнай прыгожасцю. Шчарбатаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хро́снік, ‑а, м.

Уст. Хросны сын у адносінах да хросных бацькоў. Праўда, хросная Вольга Епіфанаўна, тая, якой Максім паказваў свае першыя вершы па-беларуску, хоць і не разумела, не спачувала ў галоўным, але, добрая душа, не адмовіла хросніку ў просьбе выпісаць для яго спачатку «Нашу долю», а потым «Нашу ніву». М. Стральцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ініцыя́лы, ‑аў; адз. ініцыял, ‑а, м.

1. Першыя літары імя і імя па бацьку або імя і прозвішча, радзей імя, імя па бацьку і прозвішча. Падпісаць запіску ініцыяламі. □ Каця падаравала Гарбачэню хустачку са сваімі ініцыяламі і на развітанне моцна пацалавала. Гурскі.

2. Спец. Вялікія літары ў пачатку кнігі, раздзела або абзаца, аздобленыя ўзорам; застаўка.

[Ад лац. initialis — пачатковы.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

за́вязь, ‑і, ж.

1. Ніжняя полая частка песціка ў кветцы, якая пасля апылення ператвараецца ў плод. Галіна яблыні, уся ў светла-зялёных камячках завязі, ціха пагойдвалася над самай фіранкай каля стала. Хадкевіч. На ляшчыне.. зелянеюць першыя завязі арэхаў. Лынькоў. // Маленькія недаспелыя плады. Усе сухія баравіны Пакрыты завяззю брусніц. Глебка.

2. Узнікненне, утварэнне плода. Пачатак завязі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

по́рцыя, ‑і, ж.

Пэўная колькасць чаго‑н. [Дзед Талаш] засыпаў у стрэльбу добрую порцыю пораху, туга забіў яго клакам. Колас. Пасля таго, як выпіты першыя шклянкі, у чайнік кладзецца новая порцыя цукру і новыя лісткі мяты, наліваецца свежы вар. В. Вольскі. // Ежа або напітак, разлічаныя на аднаго едака ў сталовай ці рэстаране. Порцыя кашы. Порцыя катлет.

[Лац. portio.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цэ́ласць, ‑і, ж.

1. Непашкоджанасць, некранутасць каго‑, чаго‑н. Гунава прыслаў запіску, што Сімон можа выехаць у Сагвасаліо хоць заўтра, паблажліва гарантуючы абсалютную цэласць ягонай асобы. Самуйлёнак.

2. Адзінства, звязанасць усіх частак чаго‑н.; цэльнасць, цэласнасць. Не было цяпер і той цэласці і яснасці, з якой жыў.. [Лабановіч] тут у першыя дні свайго прыезду. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Лазаві́к1 ’мёд, які збіраюць з борцей вясной (астаткі леташняга)’ (Маш.) — ад лазовы мёд < лаза (відавочна, таму, што вясной пчолы збіраюць пылок з коцікаў на лазе і вярбе). Утворана паводле мадэлі верасавы (БелСЭ, 7, 168). Не выключана і магчымасць кантамінацыі лазіць і сакавік (красавік).

Лазаві́к2 ’жыхар балотнага краю’ (экспр.) (Шат.), ’лясун’ (Мат. Гом.). Ад лававы (жыхар) ’які жыве ў лазе’. Да лаза́ (гл.).

Лазавік3 ’вялікі цёмны лешч, які нерастуе ў сярэдзіне красавіка, калі з’яўляюцца першыя лісткі на лазе’ — басейн Нёмана (Жукаў, Рыбы, 1958, 115). Да лаза́ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)