стро́й, ‑ю, М страі́ і стро́і; мн. страі́, ‑ёў і стро́і, ‑яў; м.

1. М страі́; мн. страі́, ‑ёў. Рад, шарэнга салдат; воіны, пастроеныя радамі. Дайшоўшы да размяшчэння часці, Ягораў загадаў выстраіць батальён, маўкліва прайшоў паўз строй. Краўчанка. І апошні разочак на хвіліну ці паўтары я ўбачыў свайго бацьку ў страі — іх рота пайшла на вячэрнія заняткі... Мехаў. Дарога, па якой рухаліся эскадроны, вузкая, лясная, і строй адразу парушыўся. Навуменка. / Пра шарэнгу або выступленне радамі атрада фізкультурнікаў, піянераў і пад. Агляды піянерскага строю і песні, злёты выдатнікаў вучобы, форумы правафланговых атрадаў, урачыстыя лінейкі і зборы — у кожным раёне горада, у кожнай дружыне юныя адзначаюць свой піянерскі юбілей. «Звязда». Прабыў тут Дзёмка да той пары, калі піянеры строем і з песняй рушылі ў калгас. Сіняўскі. // Спец. Парадак размяшчэння ваеннаслужачых, падраздзяленняў, воінскіх часцей і баявых машын для сумесных дзеянняў. Самкнуты строй. // Спец. Састаў дзеючай арміі, воінскія часці, прызначаныя для непасрэднага вядзення баявых аперацый. Пасля доўгага лячэння ў шпіталі Адам Гусакоўскі зноў у страі. «Маладосць». / у паэт. ужыв. Восем ран зажыло, я вярнуўся да строю, Толькі раны адной не магу загаіць. Броўка.

2. М страі́; мн. страі́, ‑ёў. Аб’яднанне людзей з агульнымі ідэямі, задачамі, мэтамі. Іх строй [выпускнікоў] сягоння незлічоны. І вучняў вучні падраслі І шлюць настаўніку паклоны з усіх, з усіх канцоў зямлі. Гілевіч.

3. М страі́; мн. страі́, ‑ёў. Рад прадметаў, размешчаных у адну лінію. Прад вачыма стаялі ў журбе Строй бярозак, кусты на палянцы. Прыходзька. Толькі Васілінка ўсё роўна любіць сваю Машку, выстаўляе побач з ёю цэлы строй бутэлечак, шклянак і бляшаначак, у якіх летам пірагі з пяску пякла. Ус. // Правільнае інтанаванне харавымі партыямі ўсіх гукаў, якія ўваходзяць у акорд.

4. М стро́і; мн. стро́і, ‑яў. Суадносіны па вышыні ступеней гукавой сістэмы. // Пэўная сістэма гучання (музычнага інструмента), якая ўтвараецца суадносінамі тонаў па вышыні. Труба ў строі сі бемоль. // перан. Зладжанасць, гармонія. // перан. Пра душэўны стан чалавека, яго настрой. [Марынчук:] — І ў яе [Кацярыны Змітраўны], бачу, не той ужо строй: пра што ні піша, дык неяк бегла, паспешліва, тое не дагаворыць, тое на паўслове абарве. Ракітны.

5. М стро́і; мн. стро́і, ‑яў. У паэзіі — пабудова паэтычнага твора, яго эмацыянальная афарбоўка. Асаблівасці творчага почырку паэта выявіліся .. ў строі яго песень. «Полымя». // Сукупнасць адметных рыс паэтычнага твора або чыёй‑н. творчасці. Беларуская народная паэтычная стыхія, якая з такім майстэрствам асвойваецца паэтам [А. Куляшовым], арганічна сінтэзуецца ў яго творчасці з вобразным строем школы Маякоўскага. Клімковіч.

•••

Рассыпны строй — баявы строй пяхоты, у якім стралкі размяшчаюцца ланцугом на значнай адлегласці адзін ад другога.

Выбыць са строю гл. выбыць.

Вывесці са строю гл. вывесці.

Выйсці са строю гл. выйсці.

Стаць у строй гл. стаць.

Увайсці (уступіць) у строй гл. увайсці.

Увесці ў строй гл. увесці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сло́ва, ‑а, н.

1. Моўная адзінка, якая сваім гукавым саставам выражае паняцце аб прадмеце, працэсе, з’яве рэчаіснасці. Службовае слова. Іншамоўныя словы. □ Адно толькі слова: «сыночак» Шапочуць бацькоўскія губы. Колас. Чуваць былі асобныя словы, смех, паасобныя, вясёлыя выкрыкі. Лынькоў. Пасля пачалі складаць з літараў словы: «ма-ма», «та-та», «А-не-ля»... Брыль. «Мама», — якое гэта салодкае, ласкавае слова! Якімовіч.

2. толькі адз. Мова. Мастацкае слова паэта. Працаваць над словам. Культура слова. □ Магутнае слова, ты, роднае слова! Са мной ты на яве і ў сне. Купала. Родным словам мы грознай парою Гуртавалі рады змагароў. Гілевіч.

3. (адз. у тым жа знач., што і мн.). Фраза; выказванне; гаворка, размова. [Ягораў] меў звычай пагутарыць з байцамі перад боем, уведаць іх настрой, каго падбадзёрыць словам, каму падаць добрую параду. Краўчанка. Помніць да гэтага часу Хлопчык бацькавы словы. Аўрамчык. Доўга сядзелі [Ян і Андрэй] каля хворага, якому сёння было горш. Зрэдку перакідваліся словамі. Чарнышэвіч. Карызна зірнуў на .. [Зеленюка] такім поглядам, які ясна, без слоў, гаварыў: «Чаго табе яшчэ трэба?..» Зарэцкі. // Тое самае, з колькасным указаннем (прамым або такім, што падразумяваецца) у значэнні мала, многа, нічога і пад. (гаварыць, сказаць і пад.). [Жлукта:] Я хацеў сказаць вам некалькі слоў... Крапіва. [Каця] так расчулілася, што не магла вымавіць ні слова. Ваданосаў. Стары растлумачыў усё ў трох словах. Асіпенка. // Гаворка як процілегласць справе; пустаслоўе, балбатня. [Пацяроб:] — Менш слоў, а больш дзела. Зарэцкі. [Полазаў:] — Мы павінны ўступіць у барацьбу не на словах, а справаю. Арабей. Работу словам не заменіш. З нар.

4. толькі адз. Рашэнне, думка чыя‑н. [Пытляваны:] Мы яшчэ не чулі слова маладой. Крапіва. Дзядзька Мацей.. стаў завадатарам, да яго слова прыслухоўваліся. «Маладосць». Сёння прыйшоў да Вас з новымі вершамі, Чуць хачу Вашае слова. Непачаловіч.

5. толькі адз. Абяцанне зрабіць, выканаць што‑н. [Маёр:] — Абяцаю табе, што ранкам.. [жонка] будзе дома. Мы яе сілком прывядзём... Вось табе маё слова... Кучар. Мятла цвёрда абяцаў, а ён не пустазвон, а чалавек слова. Машара.

6. толькі адз. Права, дазвол гаварыць публічна, выступаць з прамоваю. Шэмет папрасіў слова для экстранага паведамлення. Лобан. Слова зноў атрымаў сакратар райкома. Хадкевіч. Гэту песню не спець не магу я. Гэтай песняй прашу сабе слова. Кірэенка. — Слова паэту! — выгукваюць госці. А. Александровіч. // з азначэннем. Прамова, выступленне на якую‑н. тэму. Пасля ўступнага слова дырэктар семінарыі ўзяў у рукі кнігу загадаў.. і пачаў чытаць. С. Александровіч. Сваё слова прысвяціў.. [паэт] росквіту савецкай зямлі. «Маладосць». Спачатку, як заўсёды, слова меў Баравік. Затым кіраўнік .. дэлегацыі ад усіх сваіх таварышаў выказаў падзяку пярэчанцам. Грамовіч.

7. толькі мн. (сло́вы, слоў). Літаратурны тэкст вакальнага твора. Новая песня на словы вядомага паэта. // Наогул тэкст якой‑н. прамовы, выступлення і пад. Запомніць словы прывітання. Вывучыць словы літаратурнай кампазіцыі. □ Піянерскай клятвы словы Мы не забываем. Колас.

8. толькі адз. Уст. Літаратурны твор у форме аратарскай прамовы, пропаведзі ці паслання. Слова аб палку Ігаравым.

•••

Друкаванае слова — тое, што надрукавана.

Загаловачнае слова — слова як элемент слоўніка, якое вылучаецца асобным шрыфтам і тлумачыцца ў слоўнікавым артыкуле.

Крылатыя словы — трапныя, характэрныя словы, якія сталі хадавымі, шырокаўжывальнымі.

Адным словам — карацей кажучы.

Ад слова да слова — усё цалкам, ад пачатку да канца (расказваць, чытаць і пад.).

Апошняе слова (навукі і тэхнікі) — самае высокае (навуковае, тэхнічнае) дасягненне, адкрыццё.

Без лішніх слоў — не размаўляючы доўга, не трацячы часу на размовы; рашуча, коратка.

Браць (узяць) слова гл. браць.

Браць (узяць) слова з каго гл. браць.

Браць (узяць) слова назад гл. браць.

Верыць (паверыць) на слова гл. верыць.

Гаспадар свайго слова гл. гаспадар.

Глытаць словы гл. глытаць.

Дар слова гл. дар.

Да слова (к слову) (прыйсціся) — дарэчы (прыйшлося) (пра што‑н. сказанае, расказанае і пад.).

Да слова сказаць гл. сказаць.

Даць слова гл. даць.

Двух слоў не звяжа гл. звязаць.

Жаваць словы гл. жаваць.

Жывое слова — а) вусная мова ў адрозненне ад пісьмовай; б) мова, цікавае слова, што хвалюе слухача. [Ладынін:] — Сорак хвілін — і ніводнай акрэсленай думкі, ніводнага жывога слова. Шамякін.

Закінуць (замовіць) слова гл. закінуць.

Залатыя словы — пра надта добрыя, разумныя, дзельныя словы, парады і пад.

За словам (па слова) у кішэнь (кішэню) не лазіць гл. лазіць.

З астатніх слоў, астатнімі словамі (абзываць, лаяцца) — абзываць, лаяцца апошнімі, вульгарнымі словамі.

З чужых слоў — на падставе расказу, гаворкі другіх людзей, а не ўласных ведаў.

Кідацца словамі гл. кідацца.

Кідаць (пускаць) словы на вецер гл. кідаць.

Лавіць на слове (словах) гл. лавіць.

Лёгкі на слова гл. лёгкі.

Мець слова гл. мець.

Моцнае слова — лаянка, грубыя словы.

Набор слоў гл. набор.

На два словы — для кароткай размовы, паведамлення (клікаць, выклікаць і пад.).

На словах — а) вусна; б) толькі ў размове.

Не абмовіцца (ні адным) словам гл. абмовіцца.

Не магчы (не ўмець) звязаць двух слоў гл. магчы.

Ні слова — зусім нічога (не разумець з прачытанага, сказанага і пад. або не гаварыць пра што‑н.).

Па апошняму слову чаго — у адпаведнасці з самымі новымі дасягненнямі.

Памінаць (успамінаць) добрым словам гл. памінаць.

Сваімі словамі — не літаральна, не даслоўна, а перадаючы толькі змест (расказваць, адказваць і пад.).

Сказаць сваё слова гл. сказаць.

Слова за слова (за словам); слова па слове — а) паступова, мала-памалу (пра развіццё гутаркі, размовы). [Сашка:], — Слова за словам, разгаварыліся, селі за стол. Машара; б) спрачаючыся, пасварыцца і пад. Слова за слова, схапіліся загрудкі. Пальчэўскі.

Слова ў слова — даслоўна, дакладна, без скажэння (пераказаць, паўтарыць, перакласці і пад.).

Слоў не хапае (не стае) гл. хапаць.

Слоў няма гл. няма.

Трымацца свайго слова гл. трымацца.

Трымаць слова гл. трымаць.

У адно слова — разам, адначасова (сказаць, падумаць і пад.).

У двух (трох) словах; у кароткіх словах — коратка, сцісла (сказаць, расказаць і пад.).

Успомніш маё слова гл. успомніць.

Цвёрдае слова — пра слова (абяцанне), якому можна даверыцца, якое не разыходзіцца са справай).

Чэснае слова — выраз запэўнення ў праўдзівасці чаго‑н. [Таццяна:] Але гэта апошні раз, Фёдар Фёдаравіч, чэснае слова. Васілёнак.

Шукаць слоў (слова) гл. шукаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разабра́ць, разбяру, разбярэш, разбярэ; разбяром, разбераце; заг. разбяры; зак., каго-што.

1. Разняць што‑н. на састаўныя часткі. Разабраць радыёпрыёмнік. Разабраць гадзіннік. □ Сцёпка разабраў затвор, пачысціў, змазаў, зноў сабраў. Хомчанка. // Разбурыць што‑н., разняўшы на часткі. Разабраць рэйкі на чыгунцы. □ Хату немцы разабралі. Бярвенні ім на бункер спатрэбіліся. Б. Стральцоў. // Раскідаць друкарскі набор, расклаўшы знакі набору па касах. Разабраць набор.

2. Узяць усё па частках, па адным. Сёння ў шэсць гадзін усе коней разабралі, гэта адзін Паўлік заспаў. Гаўрылкін. Дзіва проста! Ці не хопіць? Колькі можна пазычаць! Разгадаў, нарэшце, хлопец Гэту тактыку дзяўчат. Усміхнуўся хітравата Да сяброўкі дарагой: — Як відаць, у вас дзяўчаты Разбяруць увесь пакой. Гілевіч. // Раскупіць. За тыдзень разабралі ўвесь тыраж кнігі. □ — Давай перакушу крыху ды пайду, а то газу разбяруць... Чарнышэвіч.

3. Прыводзячы ў парадак, рассартаваць, аддзяліць адно ад другога. Разабраць рэчы. Разабраць бялізну. // Узяць правільна (лейцы і пад.). Лётчыкі селі ў лодку. Макараў на нос, а Дым разабраў вёслы. Алешка. // Разаслаць, рыхтуючы для спання. Разабраць ложак. □ [Алена] хуценька разабрала яго пасцель, зацягнула над ложкам занавеску. Кулакоўскі. // Расчасаць, прыгладзіць (валасы).

4. Спарадкаваць, раздзяліўшы мяса і вантробы, парэзаўшы на часткі (пра мясную тушу). І кабан і воўк — каштоўны здабытак. З ваўка можна злупіць скуру, а кабана разабраць і даставіць дадому. Колас.

5. Адрозніць, распазнаць што‑н. (слыхам, зрокам і пад.). Разабраць почырк. □ Ліда схілілася над .. [раненым], каб чуць, каб разабраць усе словы. Шамякін. Пачуліся ціхія крокі, і ў цемры.. [Прылепка] разабраў ледзь прыкметную постаць чалавека. Дуброўскі.

6. з дадан. сказам і без дап. Уясніць для сябе, усвядоміць. На адной палянцы цвілі кветкі, вельмі падобныя да нашага сну. Насілу разабраў, што гэта гіяцынты — такія буйныя і так многа было іх. Лужанін. Стралялі ў двары, за будынкамі, і цяжка было разабраць, дзе рассыпаліся нашы, а дзе былі немцы. Няхай. Здзекаваўся .. [Васіль], жартаваў ці праўду казаў, яна [Аня] не ўмела разабраць ды і не хацела. Васілевіч. // Зразумець сэнс чаго‑н. Разабраць стараславянскі надпіс. □ Спачатку я амаль нічога не мог разабраць у гэтай кнізе, а потым навучыўся чытаць лепш. Кулакоўскі.

7. і без дап. Разгледзець, абмеркаваць (пытанне, справу і пад.). Як толькі пачаўся прыём [у члены партыі], разабралі заяву камбрыга. Мележ. Кожнаму хацелася паслухаць, сваім вокам пабачыць: як яно там, як разбяруць ды вырашаць. Лынькоў. // Прааналізаваць, даць крытычную ацэнку. Разабраць творчасць паэта. Разабраць сачыненні вучняў. // У граматыцы — даць аналіз для выяснення саставу, пабудовы. Разабраць сказ па часцінах мовы.

8. Разм. Ахапіць, апанаваць (пра моцнае пачуццё, жаданне і пад.). Хлопчыка разабрала цікаўнасць. Гамолка. Злосць разабрала Мар’яну, калі дачулася пра сынавы клопаты. Пальчэўскі. // безас. Разм. Пра вышэйшую ступень праяўлення якога‑н. пачуцця, стану. — Чаго вас там разабрала? — хрыплым голасам, спрасоння, прабурчаў .. [бацька]. Арабей. // Разм. Выклікаць ап’яненне. Гарэлка яго [Янушка] крышку разабрала, расчуліла на сонцы. Дайліда.

•••

Не разбяры-бяры — пра што‑н. вельмі заблытанае, незразумелае.

Разабраць па костачках — старанна, дэталёва абмеркаваць, абгаварыць каго‑, што‑н.

(Усю) ноч разбяруць — не будзе калі спаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ступе́нь, ‑і, ж.

1. Гарызантальны выступ лесвіцы, на які ступаюць пры пад’ёме або спуску. Стаіць наш дзядзька ў задуменні, Не смее ўзняцца на ступені: Баіцца ён мужычым ботам, Прапахлым дзёгцем, здорам, потам, Тут наслядзіць або напляміць. Колас. // Выступ, уступ на паверхні чаго‑н. Ступень шківа. Ступені пласкагор’я.

2. перан. Этап у развіцці, здзяйсненні чаго‑н. Ступень развіцця прадукцыйных сіл. □ Камунізм — гэта вышэйшая ступень грамадскага развіцця. «Звязда». Ішоў [Васіль Іванавіч] са ступенькі на ступеньку, ад малога да большага, ад непрыкметнага чалавека да выдатнага дзеяча. І кожная ступенька супадала з тымі вялікімі ступенямі, якія праходзіла і ўся краіна. Лынькоў.

3. (з прыназоўнікамі «у», «да» і азначэннем). Мера праяўлення якой‑н. якасці, дзеяння і пад. У значнай ступені. Да некаторай ступені. □ Усё, што гаварыў Ладынін, было ў нейкай ступені папрокам яму, і .. [Максім] разумеў гэта. Шамякін. [Фрося:] — Не баюся тваіх сабак. Я ўжо цкаваная... Гэта «не баюся» давяло лесніка да самай вышэйшай ступені нечалавечага гневу. Бядуля.

4. (у спалучэнні з лічэбнікам). Разрад, падраздзяленне ў структуры чаго‑н. Дыплом першай ступені. □ Шаўчук, узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны другой ступені, адпушчаны дахаты. Брыль. // Стадыя (пра апёк, абмарожванне). Апёк першай ступені. // Узровень, на якім знаходзіцца хто‑, што‑н., якога дасягнуў хто‑н. Балада «Смерць Маланні» ўзняла паэта на новую ступень глыбокага пранікнення ў псіхалогію савецкага чалавека. «ЛіМ». // Мяжа, граніца чаго‑н. Вісарыён .. прадоўжваў работу ва ўмовах поўнай канспірацыі. Гэта была вышэйшая ступень суровай школы падпольшчыка-бальшавіка. Самуйлёнак.

5. Вучонае званне. Прысудзіць ступень доктара навук. □ [Рыгор:] — І дысертацыю напішу... Толькі такую, каб ніхто не мог мяне ўпікнуць, што я толькі ступень атрымаць імкнуся. Арабей.

6. У музыцы — кожны гук музычнага гукарада, тэмы, ладу.

7. У матэматыцы — здабытак роўных сумножнікаў. Ікс у пятай ступені.

8. Частка састаўной ракеты, якая забяспечвае яе палёт на пэўным участку траекторыі і аддзяляецца пасля выгарання паліва, што знаходзіцца ў ёй. Нямала панайшло дзяцей, Глядзяць у захапленні: Ракета на вачах расце, Гатовы дзве ступені. Калачынскі.

9. мн. ступе́ні, ‑ей; ж. і ступяні́, ‑ёў; м. Абл. Ступні. Ступені яе [Гертруды] ног былі ўжо спрэс у крыві. Чорны. Вялікія, плоскія сляды сымонавых ступянёў чарнелі на .. [снезе]. Кулакоўскі. // След. [Лукаш:] — Во, глядзіце, сляды, — і ён паказаў гаспадыні ступяні ад сваіх жа ног. Лобан.

•••

Вышэйшая ступень параўнання — форма якасных прыметнікаў і прыслоўяў, якая называе якасць, уласцівую гэтаму прадмету ў большай меры, чым іншаму.

Звычайная ступень параўнання — форма якасных прыметнікаў і прыслоўяў, якая з’яўляецца зыходнай пры супастаўленні з вышэйшай і найвышэйшай.

Найвышэйшая ступень параўнання — форма якасных прыметнікаў і прыслоўяў, якая абазначае вышэйшую ступень якой‑н. якасці.

Ступені параўнання — формы якасных прыметнікаў і прыслоўяў, якія выражаюць якасць прадмета безадносна да яго меры (звычайная ступень) або параўнальна большую ці самую высокую меру якасці (вышэйшая і найвышэйшая ступень).

Ступень сваяцтва — від сваяцкіх адносін паміж членамі аднаго роду.

Да такой ступені — настолькі, так.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

па́мяць 1, ‑і, ж.

1. Здольнасць запамінаць, захоўваць і аднаўляць у свядомасці ранейшыя ўражанні. Зрокавая памяць. □ — Памяць [Валя] мела такую, што мы толькі дзіву даваліся: усё.. раскажа, дзе і што бачыла. Якімовіч. Стары сядзеў моўчкі, злаваў на сваю слабую памяць, якая ўсё блытае. Самуйлёнак.

2. Запас уражанняў, мінулы вопыт, якія захоўваюцца ў свядомасці і могуць быць адноўлены. Яркімі ўспышкамі паўстаюць у маёй памяці абразкі самага ранняга дзяцінства. Бядуля. Святлана перабірала ў памяці ўсе вясковыя работы, якія яна ведала. Шахавец.

3. Успамін пра каго‑, што‑н. На трэці дзень пляменнік паехаў дахаты, пакінуўшы ў нас добрую памяць аб сваім наведванні. Пальчэўскі. // Пра тое, што напамінае аб кім‑, чым‑н. [Рынальда:] — Бачыце гэты рубец?.. Гэта памяць ад фашыстаў. Краўчанка. // Успамін аб памёршым. Жывымі справамі Паэта памяць З любоўю ўшаноўвае народ. Аўрамчык.

4. Здольнасць мысліць, разважаць, усведамляць свае ўчынкі, пачуцці; прытомнасць. Бацька не то спаў, не то быў без памяці, але ляжаў неспакойна. Чарнышэвіч. Да памяці Максімка вярнуўся толькі на другі дзень, на руках у заплаканай маці. Сіняўскі.

•••

Маторная памяць — від памяці, які праяўляецца ў здольнасці выпрацоўваць сувязі паміж раздражненнем і рухам.

Без памяці — а) забываючы аб усім, да страты прытомнасці; вельмі моцна. Сёмка Бугай паціху папоўз мяжою, выбраўся за гумнішчы і пабег без памяці, часта азіраючыся назад, на вёску. Лынькоў. Напіліся ксяндзы і заснулі без памяці. Якімовіч; б) у знач. вык. У захапленні ад каго‑, чаго‑н.

Варушыць памяць гл. варушыць.

Вечная памяць каму — пажаданне, каб заўсёды помнілі нябожчыка.

Выкінуць з памяці гл. выкінуць.

Выкрасліць з памяці гл. выкрасліць.

Вылецець (выскачыць) з памяці гл. вылецець.

Дайсці да памяці гл. дайсці.

Дацца ў памяць гл. дацца.

Кароткая (курыная, дзіравая) памяць — дрэнная, слабая памяць.

Мець у памяці гл. мець.

Набегчы на памяць гл. набегчы.

На памяці чыёй; пры памяці чыёй; за чыю памяць — у перыяд жыцця каго‑н., калі ён сам быў сведкам чаго‑н. На памяці многіх жыхароў Бунтароўкі ў гэта чортава акно правалілася не адна жывёліна. Дуброўскі. [Дзед:] — За маю памяць мядзведзя тут бачылі гадоў мо’ з дваццаць таму назад. Якімовіч.

На памяць — для таго, каб помніць, не забываць каго‑, што‑н. (дарыць, даваць і пад.).

На памяць (па памяці) — не гледзячы ў тэкст (гаварыць, чытаць і пад.).

Не ў памяць — пра тое, што не помніцца. Зіма такая мне не ў памяць. Астрэйка.

Па старой памяці — пад уплывам даўніх звычак, успамінаў аб мінулым. Праўду кажучы, гэта і не лес быў, а проста так зваўся па старой памяці. Колас.

Прыйсці на памяць гл. прыйсці.

Сысці з памяці гл. сысці.

па́мяць 2, ‑і, ж.

Здольнасць электроннай машыны захоўваць і выдаваць запісаную інфармацыю, а таксама ўстройства электроннай машыны для запісу, захоўвання і выдачы інфармацыі. Машынная памяць.

памя́ць, ‑мну́, ‑мне́ш, ‑мне́; ‑мнём, ‑мняце́; зак., каго-што.

1. Зрабіць мятым; змяць. Памяць касцюм. // Пашкодзіць ударамі, штуршкамі і пад., пагнуць. // Прыбіць, прытаптаць (пра расліны). Памята, пабіта краса і аздоба Твае збажыны. Колас.

2. Разм. Пакалечыць. Так пачаў і закончыў Мішка сваю лётн[ую] кар’еру.. — вока падбіў, лапы трохі пашкодзіў, сям-там памяў рабрыны. Лынькоў.

3. і без дап. Мяць (у 1, 2 знач.) некаторы час.

4. Тое, што і пацерці (у 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хало́дны, ‑ая, ‑ае.

1. З нізкай або адносна нізкай тэмпературай. Халодная вада. Халодны вецер. □ Дзякуй цёплым дажджом і халоднай расе за жыты, што ўзраслі ў небывалай красе. А. Вольскі. Каб, апаліўшыся, боль заглушыць, — Трэба толькі да раны халоднай зямлі прылажыць. Багдановіч. // З моцнымі, частымі халадамі. Халодная зіма. / у вобразным ужыв. Заплакалі шыбы на вокнах Халоднай асенняй слязой. Астрэйка. // З суровым кліматам. А вочы возьмуцца гарэць Агнямі дрэў, Травы і кветак... Цяплом іх можна абагрэць Халодныя краіны свету. Глебка. // Які не дае цяпла, слаба грэе. А сонца шчодра асвятляе і лес, і дарогу.. Яно халоднае, марознае сонца. Лынькоў. // Які выклікае адчуванне холаду; звязаны з адчуваннем холаду. Салдат у роспачы зноў заўважыў над сабою безнадзейныя зоры і халоднае неба. Чорны. // Пра святло, бляск і пад. Застылі дарогі ў тумане, Халодныя зоры гараць. Бачыла. — Зірні, у святле маладзіка — Халодны бляск, то бляск штыка. Куляшоў.

2. Які страціў цеплыню, астыў. Халодны суп. □ Снедалі. Бульба ў лупінах, падагрэтая ў рынцы ўчарашняя капуста, хлеб, як зямля, і халодныя аладкі, таксама ўчарашнія. Брыль. // Які падаецца і ўжываецца ў ахалоджаным, не гарачым стане. Падавальшчыца хутка прынесла халодную закуску — селядзец з цыбуляй і варонай бульбай. Пестрак. Мы чапіліся з белых-белых фарфоравых кубкаў халоднага бурштынавага квасу. Пальчэўскі.

3. Які дрэнна ахоўвае ад холаду, не трымае цяпла. На .. [настаўніку] было халоднае паліто і летняя шапка. Колас. Сцвярджаў я маці: — Шапка малавата, Я прахаджу і ў летняй, не бяда! Халодная вушанка, мала ваты... Барадулін.

4. Які не ацяпляецца, не абаграваецца. Халодны хлеў. □ Яранга была падзелена на дзве палавіны. У першай, халоднай палавіне жылі сабакі і ляжалі розныя рэчы. Бяганская.

5. у знач. наз. хало́дная, ‑ай, ж. Уст. Памяшканне для арыштаваных. [Земскі:] — Я пакажу табе ўладу! Забраць у халодную! Якімовіч.

6. Разм. Які пакутуе ад холаду. Ладымер Стальмаховіч зазнаў за свой век галоднай і халоднай бяды. Чорны. // Які праходзіць, адбываецца ў холадзе. Пакойчык зімою часта быў няпалены, халодны. Арабей.

7. Які ажыццяўляецца пры нізкіх тэмпературах, без награвання. Халодная апрацоўка металу. Халоднае вэнджанне. □ У час халоднай абкаткі выпрабавальнікі правяралі, як працуе масляная сістэма. «Маладосць».

8. у знач. наз. хало́днае, ‑ага, н. Тое, што і халадзец.

9. перан. Звязаны з пачуццём унутранага, душэўнага холаду, страху, хвалявання. Падумаў Міколка і аж уліп у зямлю, халодным потам абліўся. Лынькоў.

10. перан. У якім няма запалу, пачуцця. Пачулася халодная, як жалеза, каманда. Гурскі. Халодны спакой ахапіў усю істоту Тарыела. Замерла сэрца, ён амаль не дыхаў, але галава была яснай і рукі не дрыжэлі. Самуйлёнак. // Пазбаўлены жывасці. Менавіта так атрымалася з асобнымі вершамі раздзела «Над кручамі каўказскімі», якія з’яўляюцца, па сутнасці, халоднымі ілюстрацыямі да ўвогуле правільных, слушных думак і адчуванняў паэта. Рагойша.

11. перан. Стрыманы ў праяўленні пачуццяў; раўнадушны, бясстрасны. [Марына Паўлаўна:] — Які ён [Пятроў] халодны... Няўжо ўсё жыццё я буду жыць з гэтай глыбай лёду... Васілевіч. Будзь са мною і добрай, і строгаю, ды ніколі халоднай, малю! Тармола. // Без эмоцый, перажыванняў; які падказвае розум. І баюся спудзіць Сваёй разважнасцю і мудрасцю халоднай Вось гэта свята неслухмяных ліній [дзіцячых малюнкаў], Яшчэ не зведзеных ні ў якія параграфы Вучоных кніжак. Сіпакоў. Твар.. [Густава] запаланіла рыса ўпэўненасці, спакою і разам з тым цікаўнасці і халоднай разважлівасці. Чорны. // Пазбаўлены душэўнага цяпла; строгі, нядобразычлівы. Халодны позірк. Халодны прыём. □ Развітанне было сухім, халодным. Шахавец.

•••

Халодная вайна гл. вайна.

Халодная зброя гл. зброя.

Халодныя закускі гл. закуска (у 2 знач.).

Абліцца халодным потам гл. абліцца.

Як халоднай вадой абліць гл. абліць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

схапі́ць, схаплю, схопіш, схопіць; зак., каго-што.

1. Узяць, злавіць хуткім, рэзкім рухам рук, зубоў і пад. Воўк схапіў авечку. □ Кандрат Бус, зачуўшы наезд польскай конніцы, схапіў кажух і шапку, адзеўся на хаду і кінуўся на задворкі. Колас. Боязна было зварухнуцца, думалася — гаспадар здагадаецца, што я там схаваўся, схопіць за каўнер і пачне лупцаваць. Бажко. [Вася] схапіў са сцяны бацькаву паляўнічую стрэльбу і без шапкі кінуўся на двор. Пальчэўскі. // Захапіць, злавіць як здабычу. — Унадзіўся падлюка-каршун лятаць, — паскардзіўся .. [дзед] бабцы Вікці. — Сёння зноў маладога пеўніка схапіў. Даніленка. / Пра дзеянне ветру, вады. А потым схопіць [вецер] снег шурпаты і сцебане ў шыбы ім. Свірка.

2. Сілай затрымаць каго‑н., не даючы пайсці, уцячы. Хлапчыну схапілі, выкруцілі назад рукі і адабралі гуркі. Карпаў. Да дзеда і Міколкі падскочылі салдаты, схапілі іх, звязалі рукі. .. Павялі ў склеп. Лынькоў. // Разм. Арыштаваць. — Сяргея схапілі, — дрыжачы ад узбуджэння, паведаміў [Лобік] як навіну. Навуменка. [Кірыл Іванавіч] яшчэ здолеў нейкім чынам перадаць аднаму з падпальшчыкаў, што яго збіраюцца схапіць, і такім чынам выратаваў чалавека ад смерці. Казлоў.

3. перан. Разм. Атрымаць, здабыць. Курорт яму [Мацею] падай, кватэру без чаргі, І прэмію схапіць не траціць ён надзею... Корбан. [Мікіта Мінавіч:] — А за ашуканства старога чалавека ты [Вара] ў мяне яшчэ спагнанне схопіш. Кулакоўскі. Але не заўсёды Лукашу шанцавала схапіць што. Бывалі дні, што, акрамя шчаўя, нічога больш не пападалася пад рукі. Лобан. Усе дзяўчаты вешаліся па яго [Сымона]. От і схапіла Аўдоцця шчасце. Чарнышэвіч. // Атрымаць дрэнную адзнаку на ўроку, экзамене. Схапіць двойку. // Нахапаць, узяць адкуль‑н., пераняць. [Астапчык:] — Пачопка кажа, што Павалковіч вялікі майстар кампіляцыі. Спіша, схопіць адтуль-адсюль, скампілюе і выдае за сваё. Машара.

4. Разм. Набыць, атрымаць, падчапіць (якую‑н. хваробу). [Ліда:] — Загадай .. [мужу] змоўкнуць, а то наглытаецца ветру і схопіць запаленне лёгкіх. Шамякін. — Яшчэ чаго не хапала! — фыркнула маці: — Схопіш якую-небудзь заразу і памрэш дачасна... Гарбук.

5. Разм. Раптоўна і моцна праявіцца ў каго‑н. (пра прыступ хваробы, болю). Памятаю, у той дзень бацьку нездаровілася — схапіў жывот. Дамашэвіч. На хвіліну якую Юрка ўспамінае, як яго схапілі былі дрыжыкі, калі ён, едучы з Разіна на Смыку, убачыў дым над сваёй хатай... Пташнікаў. / у безас. ужыв. Жывот схапіла. // Ахапіць раптоўна, адолець (пра пачуцці, стан і пад.). Дзядзьку схапіла злосць.

6. перан. Разм. Хутка ўспрыняць, зразумець, засвоіць. Схапіць думку субяседніка. □ Калгасныя курсанты, відаць, яшчэ сядзелі ў клубе над канспектамі, хапалі там тое, што не паспелі схапіць за дні вучобы. Шашкоў. Ты хочаш розумам схапіць, пра што зара з гарой гаворыць. Дубоўка. // Улавіць зрокам, слыхам. Часам Пятро схопіць вокам, непрыкметна ледзь павярнуўшы галаву, і кожны раз пазнае яе, Таццяну — у белым, вясельным убраны... Пестрак. Схопіць вачамі пачатак якога сказа, і ў думках самі сабой, як у той кінакарціне, адзін за адным мігцяць вабныя малюнкі. Шынклер.

7. перан. Разм. Прыкмеціўшы, раскрыць, адлюстраваць (звычайна ў творах мастацтва). На малюнку хлапчук даволі правільна схапіў прапорцыі. Асіпенка. Слова паэта імкнецца схапіць перажыванне ў момант яго працякання. Клышка.

8. Умела звязаць, абвязаць чым‑н. Схапіць валасы стужкай.

9. Спец. Змацаваць, злучыць. Схапіць бярвёны скрэпамі.

10. Спец. і разм. Застываючы, зацвердзяваючы, змацаваць, злучыць (пра якія‑н. рэчывы і пад.). Тарфяны попел схапіў, умацаваў пясок, атрымаўся рыхлы асфальт. Новікаў. // безас. Зацвярдзець, застыць (пра якое‑н. рэчыва). Бетон хутка схапіла. // Разм. Замарозіць. Лёд схапіў раку. / у безас. ужыв. Лужыны схапіла лёгкім марозікам.

11. (звычайна з адмоўем «не»). Разм. Паспець зрабіць што‑н. [Ульяна:] — А я, думаю, перабяру, а то калі будзем сеяць, дык потым усё не схопіш. Гаўрылкін. Была нядзеля. Праўда — як на заказ, і ўся вёска вываліла за Марозаву лазу схапіць і скласці ў стагі сваё сухенькае, як порах, сена. Ракітны. // Хутка арганізаваць, зрабіць што‑н. Схапіць таксі і паехаць.

•••

Схапіць бізуна — атрымаць лупцоўку.

Схапіць за руку — злавіць на гарачым учынку, на месцы злачынства.

Схапіць у абдымкі — абняць.

Трасцу схапіць — не атрымаць нічога.

Як вока схопіць гл. вока.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)