стро́й, ‑ю, М страі́ і стро́і; мн. страі́, ‑ёў і стро́і, ‑яў; м.
1. М страі́; мн. страі́, ‑ёў. Рад, шарэнга салдат; воіны, пастроеныя радамі. Дайшоўшы да размяшчэння часці, Ягораў загадаў выстраіць батальён, маўкліва прайшоў паўз строй. Краўчанка. І апошні разочак на хвіліну ці паўтары я ўбачыў свайго бацьку ў страі — іх рота пайшла на вячэрнія заняткі... Мехаў. Дарога, па якой рухаліся эскадроны, вузкая, лясная, і строй адразу парушыўся. Навуменка. / Пра шарэнгу або выступленне радамі атрада фізкультурнікаў, піянераў і пад. Агляды піянерскага строю і песні, злёты выдатнікаў вучобы, форумы правафланговых атрадаў, урачыстыя лінейкі і зборы — у кожным раёне горада, у кожнай дружыне юныя адзначаюць свой піянерскі юбілей. «Звязда». Прабыў тут Дзёмка да той пары, калі піянеры строем і з песняй рушылі ў калгас. Сіняўскі. // Спец. Парадак размяшчэння ваеннаслужачых, падраздзяленняў, воінскіх часцей і баявых машын для сумесных дзеянняў. Самкнуты строй. // Спец. Састаў дзеючай арміі, воінскія часці, прызначаныя для непасрэднага вядзення баявых аперацый. Пасля доўгага лячэння ў шпіталі Адам Гусакоўскі зноў у страі. «Маладосць». / у паэт. ужыв. Восем ран зажыло, я вярнуўся да строю, Толькі раны адной не магу загаіць. Броўка.
2. М страі́; мн. страі́, ‑ёў. Аб’яднанне людзей з агульнымі ідэямі, задачамі, мэтамі. Іх строй [выпускнікоў] сягоння незлічоны. І вучняў вучні падраслі І шлюць настаўніку паклоны з усіх, з усіх канцоў зямлі. Гілевіч.
3. М страі́; мн. страі́, ‑ёў. Рад прадметаў, размешчаных у адну лінію. Прад вачыма стаялі ў журбе Строй бярозак, кусты на палянцы. Прыходзька. Толькі Васілінка ўсё роўна любіць сваю Машку, выстаўляе побач з ёю цэлы строй бутэлечак, шклянак і бляшаначак, у якіх летам пірагі з пяску пякла. Ус. // Правільнае інтанаванне харавымі партыямі ўсіх гукаў, якія ўваходзяць у акорд.
4. М стро́і; мн. стро́і, ‑яў. Суадносіны па вышыні ступеней гукавой сістэмы. // Пэўная сістэма гучання (музычнага інструмента), якая ўтвараецца суадносінамі тонаў па вышыні. Труба ў строі сі бемоль. // перан. Зладжанасць, гармонія. // перан. Пра душэўны стан чалавека, яго настрой. [Марынчук:] — І ў яе [Кацярыны Змітраўны], бачу, не той ужо строй: пра што ні піша, дык неяк бегла, паспешліва, тое не дагаворыць, тое на паўслове абарве. Ракітны.
5. М стро́і; мн. стро́і, ‑яў. У паэзіі — пабудова паэтычнага твора, яго эмацыянальная афарбоўка. Асаблівасці творчага почырку паэта выявіліся .. ў строі яго песень. «Полымя». // Сукупнасць адметных рыс паэтычнага твора або чыёй‑н. творчасці. Беларуская народная паэтычная стыхія, якая з такім майстэрствам асвойваецца паэтам [А. Куляшовым], арганічна сінтэзуецца ў яго творчасці з вобразным строем школы Маякоўскага. Клімковіч.
•••
Рассыпны строй — баявы строй пяхоты, у якім стралкі размяшчаюцца ланцугом на значнай адлегласці адзін ад другога.
Выбыць са строю гл. выбыць.
Вывесці са строю гл. вывесці.
Выйсці са строю гл. выйсці.
Стаць у строй гл. стаць.
Увайсці (уступіць) у строй гл. увайсці.
Увесці ў строй гл. увесці.