рага́ч, ‑а, м.

1. Самец аленя, лася і некаторых іншых рагатых жывёл. І раптам: роў ласёў... Ён скаланае зямлю і неба. Два велізарныя рагачы на маіх вачах б’юцца насмерць. Карамазаў.

2. Ніжняя частка хвойнага дрэва з вывернутым коранем; корч. [Талаш:] — Не памілуе вас пан, прыпомніць кожны.. рагач, што выкапалі вы для сахі, каб калупацца ў полі. Колас. У ельніку ля лазы на сухастоіне каркала варона, моцна і дзярката: падлятала ўгару і зноў садзілася на доўгі выгнуты рагач. Пташнікаў.

3. Драўляная саха; драўляная частка сахі. Прыйшоў багач — кідай рагач, бяры сявеньку ды сёй памаленьку. Прыказка.

4. Абл. Вілкі, якімі ставяць у печ або вымаюць з печы гаршкі, чыгуны. — Будзе ўжо булькаць! От расхадзіўся.. — ласкава прыгаворвае да чыгуна [бабка] і, падхапіўшы яго рагачом, выцягвае з печы на прыпечак. Каліна.

5. Разм. Раганосец. Вінаватая фрау, шмат маладзейшая за свайго рагача, на каленях прасіла не ганьбіць яе — не заяўляць у паліцыю і не пісаць нічога сыну на фронт. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скры́ня, ‑і, ж.

1. Вялікая чатырохвугольная (звычайна драўляная) пасудзіна для складвання ці ссыпання чаго‑н. Зерне высыпалі ў скрыню. □ [Лубяніха:] — А ўжо мукі гэтай пшанічнай — і ў мяхах, і ў кублах, і ў скрынях поўна насыпана... Ракітны.

2. Прадаўгаватая пасудзіна (звычайна з акенцам) для перавозкі сельскагаспадарчых матэрыялаў, прадуктаў і пад. Параконкі вязуць к бровару доўгія скрыні з бульбаю. Грахоўскі. Пачалася марудная праца — вылузванне рыбы з вочак сеткі ў скрыні: для адпраўкі, калі падыдзе рыбгасаўскі катэр. Брыль. // чаго. Колькасць грузу, якая можа змясціцца ў такой пасудзіне. Да абеду накапалі пяць скрынь [бульбы]. Навуменка.

3. Драўляная пасудзіна з вечкам і замком для захоўвання рэчаў, каштоўнасцей; куфар. Мар’я пакапалася на дне скрыні між сувояў палатна, дастала нешта загорнутае ў белы паркаль і падала старому. Сабаленка. У сенях стаяла скрыня Матроны. У гэтай скрыні былі сх[а]ваны яе лепшыя рэчы: адзенне, палотны, абрусы, рублёў дваццаць срэбра і дзве залатыя пяцёркі. Колас. Алеся засмяялася і пайшла да скрыні, што стаяла паміж ложкам і грубкай, падняла века. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сва́йка, ‑і, ДМ свайцы; Р мн. сваек; ж.

1. Руская народная гульня, якая заключаецца ў тым, што вялікі тоўсты цвік кідаецца ў ляжачае на зямлі кольца, а таксама цвік для гэтай гульні. Гуляць у свайку.

2. У такелажнай справе — завостраны стрыжань, які служыць для рассоўвання пасмаў троса і іншых работ. Драўляная свайка. Жалезная свайка.

3. У рачным флоце — завостранае з аднаго канца бервяно, якое служыць рычагом пры зняцці судна з мелі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Саво́к ’прылада для збірання смецця’ (Мат. Маг.), ’шуфлік’, ’міска драўляная’, ’мерка на 2 фунты’ (Мат. Гом.), ’прылада ў выглядзе грабелек для збірання чарніц’, ’каробачка з бяросты для ягад’ (Шатал.). Рус. сово́к ’прылада для збірання смецця; грабелькі для збірання ягад’ і г. д. Да *соваць, гл. сунуць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Спол ‘чарпак для вылівання вады з лодкі’, спо́лік ‘тс’ (ТС; жытк., Нар. словатв.; Мат.), укр. шпол ‘шуфель, драўляны чарпак для вылівання вады з лодкі’, шпо́ла ‘шуфлік’, польск. spółek, spółka ‘шуфлік, драўляная лапатка для вылівання вады з лодкі’, spułek ‘тс’, каш. spȯłk, špȯl ‘тс’, серб.-харв. дыял. ìspol, ìspō, ìspolac ‘тс’, балг. дыял. и́зпол, ‘тс’, макед. и́спо́л ‘тс’. Прасл. *jьspolъ, варыянт *jьspolaдраўляная лапатка, шуфлік’ ад дзеяслова *polti ‘прыводзіць у рух, махаць чым-небудзь, падкідваць нешта’, з якога ў выніку спецыялізацыі развіліся значэнні ‘ачышчаць збожжа, правейваць’ (гл. палаць) і ‘выплюхваць, выліваць ваду з чаўна, лодкі’, што дае падставы для рэканструкцыі дзеяслова *jьz‑polti ‘тс’ (Міклашыч, 259; Скок, 2, 594–595; Борысь, Etymologie, 552–557).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трытату́шка, тарадэ́йка (гл.) ‘пустабрэх, які многа гаворыць’ (Мат. Маг. 2). Ад гукапераймання тра-та-та (гл.); пачатак слова можа быць звязаны з польск. trytдраўляная педаль у машынах’ (у тым ліку ў калаўротку), стук якой падобны да тарахцення, балбатні, што з ням. Tritt < Trittbrett (an Maschinen), гл. Вінцэнц.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пла́ціна, ‑ы, ж.

Высакародны метал шаравата-белага колеру, які вызначаецца высокай коўкасцю і цягучасцю і выкарыстоўваецца для вырабу каштоўных рэчаў, лабараторнага посуду і пад.

[Ісп. platina.]

плаці́на, ‑ы, ж.

Гідратэхнічнае збудаванне на рэках і іншых вадаёмах для падняцця ўзроўню вады з мэтай стварэння штучных вадасховішчаў, для атрымання энергіі і пад. Драўляная старая плаціна перагарадзіла рэчку. Асіпенка. З вёскі цераз узгорак .. вілася пешаходная сцежка, праходзіла ля млына цераз дарогу, пры самым мосце над рэчкай і плацінай, і бегла далей. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Каўбы́р ’гладыш для малака’ (Касп.). Лаўчутэ (Сл., 112) мяркуе, што гэта запазычанне з балт. моў і дае ў якасці яго крыніцы літ. дыял. kaubarė̄, kauborė̄драўляная пасудзіна, міска’. Паводле Лаўчутэ, на запазычанне указваюць абмежаваны арэал бел. слова і яго фанетычныя асаблівасці (яна лічыць, што спалучэнне ‑ар‑ было б немагчыма ў выпадку спаконвечнай роднаснасці).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прэнт ’металічны прут; арматурнае жалеза’ (ТСБМ, Янк. 1, Бір. Дзярж., Жд., Сл. ПЗБ), прэнт ’качарга’ (Сіг.), ’шворан’ (Мат. Гом.), ’жалезны шпень, які падтрымлівае каптур над камінкам’ (івац., Нар. сл.), ’драўляная частка плуга’ (Выг.), ’мера паверхні (зямлі)’ (Бес.). З польск. pręt ’прут’. Гл. таксама прут, якое, відаць, паўплывала на развіццё семантыкі запазычанага прэнт.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Су́днік ’шафа для посуду’ (ТСБМ, Касп., Бяльк., Ян., Мат. Гом.), ’скрыня для захоўвання прадуктаў’ (Нас., Малчанава, Мат. культ., Шн., Мат. Маг.), ’кубел’ (Сл. ПЗБ), ’драўляная пасуда для сала’ (Сцяшк.), ’бочка з накрыўкай для засольвання сала’ (навагр., З нар. сл.), ’паліца’ (Сл. ПЗБ, Шатал.), ’прыстасаванне для сушкі лыжак’ (Сл. ПЗБ). Да судны < суды, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)