крыху́, прысл.

1. У невялікай колькасці; трошкі, нямнога. Выпіць крыху вады. Адрэзаць крыху хлеба.

2. Чуць-чуць; у нязначнай ступені. Пужліва-варожы змрок крыху расступіўся, парадзеў. Колас. Міколка прасіў дзеда даць яму паднесці пісталет, каб крыху ён, дзед, адпачыў. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сіву́ха, ‑і, ДМ ‑вусе, ж.

Дрэнна ачышчаная жытняя гарэлка. [Язэп і Тамаш:] — Колькі мы можам выпіць гэтае самаробнае сівухі. Чорны. // Разм. Пра гарэлку наогул. І алкаголік даўгалыгі Сячэ сябе, сячэ за двух, Нібыта хоча з цела выгнаць Гарэлкі дух, сівухі дух! Сербантовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ча́рка, -і, ДМ -рцы, мн. -і, -рак, ж.

1. Невялікая шкляначка, часта на ножцы, прызначаная для піцця спіртных напіткаў.

2. Спіртное; выпіўка (разм.).

Ён ніколі не адказваўся ад чаркі.

|| памянш. ча́рачка, -і, ДМ -чцы, мн. -і, -чак, ж.

|| прым. ча́рачны, -ая, -ае (да 1 знач.).

Глядзець у чарку (разм., іран.) — любіць выпіць.

Заглядаць у чарку (разм., іран.) — выпіваць.

Пад чаркай (разм.) — п’янаваты.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Прыпіва́ць ’перад тым, як выпіць чарку, жадаць здароўя суседу, які будзе піць наступным’ (астрав., Сл. ПЗБ). Укр. припива́ти ’пры частаванні чаркай крыху адпіваць з яе’, польск. przypijać ’чокацца з кім-небудзь’, чэш. připitek ’тост’. Незак. тр. да прыпі́ць < піць (гл.); магчыма, семантычнае запазычанне з польскай мовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

клю́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Разм.

1. Аднакр. да кляваць.

2. Выпіць гарэлкі, віна; напіцца да ап’янення. Швагер клюнуў, відаць, ніштавата. Здараецца гэта з ім рэдка. Брыль.

•••

Клюнуць носам — упасці наперад, ударыўшыся носам.

Курыцы недзе клюнуць — пра цеснату, адсутнасць свабоднага месца дзе‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́цадзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., што.

1. Цэдзячы, павольна выпусціць, выліць. Выцадзіць піва з бочкі.

2. Разм. Павольна выпіць. Гаспадар выцадзіў конаўку і наліў яшчэ. Асіпенка.

3. перан. Разм. Сказаць што‑н. павольна, неахвотна. Спаткаўшы Шашу, [Насця] праз зубы выцадзіла: — Ненавіджу цябе ўсёй сваёй душой. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

глыну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., што і без дап.

1. Аднакр. да глытаць.

2. Разм. Перакусіць, крыху з’есці або выпіць. Глынуў трохі малака. □ Глынуў [Ян] баршчу наспех! І рушыў на начлег, Бо пакарміць каня Спяшаўся. Корбан.

•••

Глынуць гора (слёз) — перажыць, перанесці многа цяжкасцей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

асушы́ць, асушу, асушыш, асушыць; зак., што.

1. Зрабіць сухім, адвёўшы лішак вады. Асушыць балота.

2. Выпіць тое, што змяшчаецца, знаходзіцца ў чым‑н. Іван Антонавіч.. схапіў конаўку з вадой і асушыў яе да дна. Асіпенка.

•••

Асушыць вочы — перастаць плакаць.

Асушыць слёзы каму — суцешыць каго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

асушы́ць, асушу́, асу́шыш, асу́шыць; асу́шаны; зак., што.

1. Зрабіць сухім.

А. балота.

2. Выпіць тое, што змяшчаецца, знаходзіцца ў чым-н. (разм.).

А. бакал.

Асушыць вочы — перастаць плакаць (высок.).

Асушыць слёзы каму-н. — суцешыць (высок.).

|| незак. асу́шваць, -аю, -аеш, -ае і асуша́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

|| наз. асушэ́нне, -я, н. і асу́шка, -і, ДМ -шцы, ж. (да 1 знач.; спец.); прым. асуша́льны, -ая, -ае (паводле 1 знач.; спец.).

Асушальныя работы.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

апаражні́ць, ‑ражню, ‑рожніш, ‑рожніць; зак., што.

Зрабіць пустым, парожнім. [Юзя:] — Апаражні конаўку ды схадзі, калі хочаш, за грэблю па суніцы. Бажко. // Вызваліць, зрабіць свабодным. Пніцкі.. апаражніў месца за сталом. Чорны. // З’есці, выпіць усё да дна. Каб не пакрыўдзіць кухараў... [Віця] узяўся за лыжку і непрыкметна для самога сябе апаражніў усю міску. Корзун.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)