Здань ’прывід’, зданнё ’ўява’, зда́нне ’меркаванне’ (Нас.), здання ’прывід’ (Сл. паўн.-зах.). Ц.-слав. зьдань ’пабудова’. Здань — назоўнік на ‑ь (< *і̆) ад дзеепрыметніка на ‑н‑ да дзеяслова zьd‑ati ’стварыць’, як дыял. дрань ’дранка’ ад *dьratі, рус. рвань ад rъvati. Зданнё, зданне, здання адлюстроўваюць фанетычныя варыянты ўтворанага з суф. ‑ьje прасл. zьd‑an‑ьje (польск. zdanie ’думка, сказ’, чэш. zdání, славац. zdanie ’ўява’, рус. зда́ние < ст.-слав. зьданиѥ ’будова, стварэнне’ і інш.). Семантыка ’стварэнне’ > ’уява’ > ’прывід’ цяжкасцей не выклікае. Прасл. zьd‑ адлюстроўваецца ў ц.-слав. зьдъ ’гліна’, чэш. zed ’каменная сцяна’, польск. zdun > бел. дыял. здун ’ганчар’, славен. zídati ’класці сцяну’, балг. зѝдамбудаваць’, рус. зодчий ’архітэктар’ (апошнія з чаргаваннем галоснага). Літ. žiedžiù, žiẽsti ’фармаваць, ляпіць’, лат. ziest ’абмазваць глінай’ разам са слав. даюць балта-слав. корань *gʼheidh‑, утвораны, паводле Покарнага (1, 245), перастаноўкай з *dheigʼh‑ (адкуль дзяжа, гл.) ’мясіць гліну, цеста’. Параўн. гоц. deigan ’мясіць’, ст.-інд. dēhmi ’абмазваць’, грэч. τείχος ’каменная сцяна’, лац. fingō ’мажу, фармую’, figura (> бел. фігура). Меркаванне Мартынава–Міхневіча (Маладосць, 1969, 5, 42) аб тым, што здань < sъdati sę ’здавацца’ (г. зн. ’прывідзіцца’) патрабуе ўдакладнення ў частцы архетыпу формы: не sъdati, а zьdati. Пра корань гл. Фасмер, 2, 89; Шанскі, 2, З, 81; Махэк₂, 714; Скок, 3, 653–654; БЕР, 1, 639; Траўтман, 367.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

План1 ’чарцёж — памяншальны выгляд мясцовасці, прадмета на плоскасці’ (ТСБМ, Яруш., Шат.), ’прысядзібны ўчастак калгасніка, надзел, сядзіба, зямля пры хаце’ (гом., ЛА, 3; Мат. Гом.; Ян.; свісл., Сл. рэг. лекс.; ветк., рэчыц., нясвіж., слаўг., Яшк.), ’незабудаваны ўчастак зямлі ў межах вёскі, які належыць аднаму гаспадару, пляц’ (Нар. сл.), пла́нік ’тс’ (жлоб., ЛА, 3), плян ’тс’ (Яруш.), план ’агарод’ (ветк., ЛА, 2), план ’зямля былога сталыпінскага хутара’ (Яшк.). З рус. ці польск. моў, у якіх — з франц. plan ’плоскасць’ ці з ням. Plan ’паверхня’, апошнія ўзыходзяць да с.-лац. plānum ’роўнае месца, раўніна, плоскасць’ (Фасмер, 3, 273; Махэк₂, 454; Банькоўскі, 2, 597, гл. Васэрцыер, 174). Сюды ж швянч. плано́к ’узор для ткання’ (Сл. ПЗБ).

План2 ’праграма заданняў і прац’, ’парадак, паслядоўнасць, сістэма’ (ТСБМ), ’жыццёвы парадак, спосаб грамадскага жыцця’ (ТС). Праз польск. plan ’план, расклад, праграма’ (ужо ў А. Міцкевіча), а таксама старыя plant, piania, ці рус. план ’тс’ з ням. Plan ’задума, мэта’, якое ў XVIII ст. было запазычана ў франц. мову (plan ’задума, праект, план’ для plant ’саджанец, флянс’ > ’гадавальнік’ як ’нешта задуманае, выдуманае’, гл. Васэрцыер, 174). Сюды ж жыт. планаваць з пераносным значэннем ’абмяркоўваць (пра старога, які ідзе і размаўляе сам з сабою)’ (Мат. Гом.) < польск. planować ’меркаваць, будаваць планы’ (Кюнэ, Poln., 87).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ка́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Падаць каплямі. Зямля была мокрая, з дрэў капала вада. Маўр. / у безас. ужыв. Удзень капала са стрэх, у зацішку зусім па-веснавому прыгравала сонца. С. Александровіч.

2. Ліць, наліваць каплямі. Капаць лякарства. // Разліваць каплі чаго‑н. на што‑н. Капаць салам на настольнік.

3. перан.; на каго. Разм. Даносіць, нагаворваць. Капаць на суседзяў.

•••

За каўнер не капае — няма падстаў спяшацца; паспеецца.

Капаць на мазгі каму — настаўляць, навучаць.

капа́ць, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е; незак., што.

1. Пераварочваючы і разбіваючы верхні слой глебы (звычайна лапатай), размякчаць, рыхліць зямлю; ускопваць. Капаць агарод. □ Хлапчукі капалі зямлю і насілі перагной. Васілевіч. // Выбіраючы, выкідваючы зямлю, рабіць паглыбленне. Капаць яму. □ Дзесяткі і сотні тысяч жыхароў сталіцы, пачалі капаць акопы, супрацьтанкавыя равы, будаваць надаўбні, каб перагарадзіць ворагу дарогу да сталіцы. Паслядовіч.

2. Выконваць, даставаць што‑н. з зямлі. Капаць бульбу. □ Улетку [людзі] збіралі грыбы і ягады, капалі карэнне. Якімовіч. // Рыючы зямлю, здабываць каштоўныя пароды, карысныя выкапні, мінералы. Капаць гліну. □ [Эдвард Лявэр] з самых малых год сваіх капаў жалезную руду. Чорны.

•••

Капаць магілу (яму) каму — рыхтаваць пагібель, тварыць зло каму‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ла́дзіць, ладжу, ладзіш, ладзіць; заг. ладзь; незак.

1. што. Папраўляць, рабіць зноў прыгодным для карыстання; рамантаваць. Нізка прыгнуўшы спіну, .. Гарась ладзіў паламаны ўчора гармонік. Каваль. [У кузні] прыемна пахла гарэлым вугалем і заўсёды шмат было людзей, якія прыязджалі ладзіць калёсы, губіць сярпы, каваць коней. Хведаровіч. Стрэхі гнілыя, і, каб не ліўся .. дождж, малінаўцы кожную восень ладзілі іх і засыпалі кастрыцай. Чарнышэвіч. // Настройваць музычны інструмент. А музыкі ў гулкай зале Ладзяць скрыпкі і цымбалы. Бядуля.

2. што. Разм. Рабіць, ствараць; будаваць. Працоўны сам закон тут піша І сам свой ладзіць дабрабыт. Колас. У хлопца ўжо і гады такія, што трэба прыбівацца да пары і ладзіць сталае жыццё на ўвесь век. Сабаленка. // Арганізоўваць; спраўляць. Я люблю глядзець, як зранку, Абудзіўшы ўсе куткі, Ладзяць гульні хлапчукі. Кірэенка. Хлопец з дзяўчынаю ўжо заручыны згулялі і збіраліся вяселле ладзіць. Гурскі.

3. Жыць у згодзе, міры. Анціпаў быў сумленны камуніст, умеў ладзіць з людзьмі. Хадкевіч. З навукай хлопец штось не ладзіў. Колас.

4. Разм. Рабіць што‑н. зладжана, раўнамерна; трапляць у агульны тон. Ладзіць у такт песні.

5. Разм. Лавіць зручны момант, імкнуцца зрабіць што‑н. Так і ладзіць сустрэцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стро́итьI несов.

1. (сооружать — здания, мосты, каналы, памятники и т. д., производить — машины, станки, приборы) будава́ць;

2. (изготовлять мелкие предметы, мастерить) вырабля́ць, стро́іць, рабі́ць;

3. (организовывать, создавать) стро́іць, ствара́ць;

4. (основывать — планы, мечты, надежды, предположения) стро́іць, грунтава́ць;

5. (чертить, конструировать, создавать в уме) стро́іць;

стро́ить из себя́ (кого) стро́іць з сябе́ (каго);

стро́ить дурака́ (из кого-л.) стро́іць ду́рня (з каго-небудзь);

стро́ить гла́зки стро́іць во́чкі;

стро́ить ро́жу крыві́ць мо́рду;

стро́ить грима́сы стро́іць грыма́сы.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

утаймава́цца, ‑муюся, ‑муешся, ‑муецца; зак.

1. Уціхамірыцца, супакоіцца (пра чалавека). Пачалі будаваць дарогу праз балота. Старыя працівіліся, але моладзь не ўтаймавалася, пакуль не ўзяла верх... Чарот. Стыпендыю [студэнты] атрымалі, праз дзень-два паедуць на бульбу, так што ёсць усе падставы павесяліцца. Толькі пад раніцу ўтаймуецца інтэрнат. Навуменка. // Стаць паслухмяным, падпарадкавацца волі чалавека (пра жывёл). Вінавата апусціўшы хвост, Кудлік трохі ўтаймаваўся, але ненадоўга. Рылько.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Зменшыцца, суцішыцца або суняцца (пра боль і пад.). — Дарагі браце Сцяпане! Пойдзем да мяне, паляжыш, адпачнеш, боль утаймуецца... Дубоўка. [Алімпа] думала, што гэта яшчэ не роды, а проста забалеў жывот і калі яна будзе рухацца, дык боль утаймуецца. Сабаленка. // Заглушыцца, прыглушыцца (пра якое‑н. пачуццё, хваляванне і пад.). Калі агульная ўзрушанасць і захапленне, нарэшце, утаймаваліся, я пайшоў да Сені. Шамякін. — А чаго я цябе не бачыў да гэтага дня? — спытаў Пятро Ізобаў свайго даўняга сябра, калі радасць нечаканай сустрэчы крыху ўтаймавалася. Савіцкі. // Прыйсці ў нерухомы стан, стаць спакойным. На трэці дзень Утаймаваўся акіян. І хвалі, Прыкмеціўшы бязлюдны астравок, Як трэску, лодку іхнюю прыгналі І выплеснулі ціха на пясок. Куляшоў. Я Чорнае мора зялёным назваў бы, Калі ўтаймуецца бура і шторм. Грахоўскі. Пад раніцу завіруха трохі ўтаймавалася. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Страха́ ‘верхняя, звычайна саламяная частка будынка, якая накрывае яго’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Шат., Касп., Бяльк., Сержп., Сцяшк., Сл. ПЗБ, ЛА, 4), стрэ́ха ‘тс’ (Шымк. Собр., Байк. і Некр., ЛА, 4), стрэ́ха, стрэха́ ‘тс’ (Пятк. 1, ТС), стрі́ха, стрэ́ха ‘страха; лядзяш’ (Сл. Брэс.), ‘застрэшак’ (Сл. ПЗБ), стрыха́, стрэ́шка, стры́шка ‘край страхі, які навісае над сцяной’, ‘саламяны дах’, ‘казырок франтона’ (Шушк.), стрэ́шка памянш. да страха ‘навес над калодзежам, стогам і да т. п.’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ). Параўн. укр. стрі́ха, рус. дыял. стреха́, польск. strzecha, в.-луж. třěcha, н.-луж. tśěcha, stśěcha ‘выступ страхі, навес’, чэш. střecha ‘страха’, славац. strecha, славен. strẹ́ha, серб.-харв. стре̏ха ‘выступ страхі’, балг. стря́ха, макед. стреа, ст.-слав. стрѣха. Прасл. *strěxa утворана з суф. ‑xa ад дзеяслова *strojiti ‘укладваць, прыводзіць да парадку, будаваць’ (гл. строй); гл. Слаўскі, SP, 1, 71. Супраць па семантычных прычынах Бязлай (3, 326). Іншыя рэканструкцыі: *strěxa < *stersā ад і.-е. *ster‑ ‘распасціраць’ (Младэнаў, 614); *strěxa < *strojgsā да і.-е. *strei‑g‑ ‘пакрываць’ < і.-е. *ster‑ ‘распрасціраць’ пры ўмове роднасці з літ. *striẽgti/*stríegti ‘накрываць дах саломай’, striẽgė ‘саламяны дах’, straĩgas ‘жэрдка ў плоце’ (Фрэнкель, 92; Бязлай, там жа; Махэк₂, 585); Борысь (583) мяркуе, што славянскае слова ўзыходзіць да і.-е. *strojgsā > *strojksā з далейшым развіццём *ks > *x. Фасмер (3, 776) усе гэтыя варыянты лічыць сумніўнымі. Гл. яшчэ Глухак, 588 (рэканструюе і.-е. *stroi‑sā, дзе *stroi‑ тое ж, што ў *strojь, *strojiti, гл. строй1, 2).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Строй1 ‘рад, шарэнга’, ‘лад’, ‘пабудова, структура’ (ТСБМ), ‘строй, парадак’ (Байк. і Некр., Ян.), ‘выгляд, стройнасць, фігура’ (Варл.), ‘лад, парадак; наведзенасць’ (ТС), ‘узор, малюнак’ (Песні сямі вёсак), строй (на кросна) ‘прыстасаванне для ткання’ (Уладз., ТС), строе́ ‘ставы’ (лельч., Нар. лекс.). Укр. стрій ‘касцюм, адзенне’, рус. строй ‘строй; парадак’, польск. strój ‘строй; адзенне’, чэш. stroj ‘станок, машына’, славац. stroj ‘тс’, серб.-харв. стро̑й ‘фарба; шчолак; вайсковы строй’, славен. strȏj ‘машина, лакаматыў’, балг. строй ‘рад, сістэма, лад’, макед. строј ‘будова’, ‘рад’, ‘сватаўство’, ст.-слав. строи ‘кіраванне; лад, парадак; фармацыя’. Прасл. *strojь роднаснае лат. strãja ‘стойла, якое выслана саломай’, авест. urvarō‑straya ‘абразанне расліны’, лац. struō ‘дапасоўваць, састаўляць, будаваць, ладзіць’, constrūctiō ‘структура, кампазіцыя’, stria ‘баразна, складка’ (Фасмер, 3, 780; Глухак, 589). Далей этымалогія не вельмі ясная. Борысь (581) мяркуе, што слова роднаснае таксама слав. *strěxa ‘страха’ і распасціраць (гл. распасцерціся), да і.-е. кораня *(s)ter‑ ‘распасцерці’, адкуль таксама гоц. straujan ‘сыпаць, рассыпаць’, ням. Streu ‘салома на падсцілку’. Бязлай (3, 332), Сной₁ (615), апрача гэтай версіі, дапускаюць магчымасць паходжання ад і.-е. *kʼroi̯‑o, роднаснага з *kʼrei̯‑on у авес. srayan ‘прыгожы; прыгажосць’, ст.-інд. śrī‑ ‘прыгожасць’ і г. д. з першасным значэннем прасл. *strojь ‘парадак; прыгажосць’, параўн. стройны (гл.).

Строй2 ‘будоўля; драўніна для будоўлі’ (Ян., Мат. Гом.). Рус. паўн. строй ‘будаўнічы матэрыял’. Аддзеяслоўны дэрыват ад строіць (гл.) у адпаведным значэнні.

Строй3 ‘убор’ (Гарэц., Ласт., Байк. і Некр., Сцяц. Сл.). Гл. строі1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

меркава́ць, мяркую, мяркуеш, мяркуе; незак.

1. Гаварыць, разважаць, абмяркоўваючы што‑н.; думаць. Доўга сядзелі Глушкевіч з Нічыпарам пры лямпе, доўга меркавалі, дзе і што будаваць. Дуброўскі. [Карніцкі:] — Вось зараз мы меркавалі: жаць жыта па палосках ці абагуль[ва]ць усе пасевы і пачынаць уборку калектыўна. Паслядовіч.

2. Рабіць якія‑н. вывады, дапушчэнні, здагадкі. Паводле слоў самога доктара можна было меркаваць, што вельмі многія яго таварышы працуюць у вялікіх гарадах. Васілевіч. Вярнуўшыся з задання, Андрэй дзень-два амаль не выходзіў з свае зямлянкі. Што ён там рабіў — таксама ніхто дакладна не ведаў. Кожны меркаваў па-свойму. Шамякін. // Лічыць неабходным, найбольш магчымым, патрэбным. — Самі ўжо мяркуйце, што рабіць: пакараць ці дараваць волю... Васілевіч. [Мікола:] Я мяркую, што Настасся Рыгораўна павінна ў наш калгас пераехаць. Крапіва.

3. Мець намер, план. У самыя бліжэйшыя дні Сяргей меркаваў узяцца за складанне глебавай карты калгаса. Шахавец. Пасля сяўбы Андрэй меркаваў завесці чорную кабылу ў валасное мястэчка Старочын і прадаць там. Чарнышэвіч.

4. Ацэньваць якім‑н. чынам, рабіць заключэнне. [Апейка:] — Мы будзем меркаваць пра вас па тым, што і як вы будзеце рабіць... Мележ. [Камандзір:] — Яно-то праўду гавораць, што па знешняму выгляду нельга меркаваць аб сіле чалавека. Шамякін.

5. Разм. Прымяраць, прыкідваць. Бацька сядзеў каля стала. Меркаваў скурат да пераплеценага лапця. Баранавых.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

неспако́йны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не жадае спакою; няўрымслівы, мяцежны. І рашыў будаваць Неспакойны салдат Гідрастанцыю На трыццаць пяць кілават. Куляшоў. Скончылася кіно, і з клуба на калідор хлынула і расплылася па вестыбюлі неспакойнае мора студэнцкай моладзі. Адамчык. Лясы тулілі неспакойных людзей, на якіх падала панская няласка і паліцэйская помста. Колас. // Які ўласцівы такому чалавеку. Неспакойны характар. □ Акіліна гатова была паверыць, што ў жыцці яе павінны адбыцца нейкія перамены, пасля якіх вальней і радасней будзе яе неспакойнаму сэрцу. Вітка.

2. Які адчувае і выказвае трывогу, хваляванне. [Антось] вярнуўся ў амбулаторыю хвілін праз дваццаць, вельмі неспакойны. Мележ. // Які выражае неспакой, трывогу. Неспакойныя думкі. □ Шчокі пунсавелі ад марозу, а доўгія веі прыкрывалі неспакойны бляск чорных вачэй. Алешка.

3. Поўны трывогі, неспакою. Трымаць.. [стрэльбу] дома ў гэты неспакойны час было не з рукі. Колас. Сны неспакойныя, нядолі поўныя, Спаць не даюць мне начамі. Купала. // Такі, на якім няма спакою. Атрад Кавалевіча быў на самым неспакойным участку. Мележ. Было неспакойнае начное дзяжурства, а потым гэтакі ж цяжкі быў дзень. Васілевіч.

4. Які знаходзіцца ў хваляванні, бурны (пра з’явы прыроды). Шумелі дрэвы ў гарадскім садзе. Неспакойны вецер кідаўся над горадам. Самуйлёнак. Гальфстрым! Я нават ў чую яго подых Гарачы, неспакойны, ад якога Аж застагналі рэі парахода З трывогай. Танк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)