разры́ў, ‑рыву, м.
1. Дзеянне і стан паводле дзеясл. разрывацца 1 — разарвацца (у 1, 2 знач.).
2. Прастора, якая ўтварылася паміж разарванымі часткамі чаго‑н. Нарэшце палотнішча разарвалася, і, быццам у гэты разрыў, дождж ужо лінуў як з вядра. Карпаў. Туман увачавідкі радзеў, у праясненых разрывах яго ўжо зусім выразна мільгалі лапікі маку, камяні. Быкаў. // Прамежак у часе, перапынак. [Алена:] — Я баюся, каб не было разрыву паміж сціртаваннем і жнівом. Мележ. // перан. Адсутнасць адпаведнасці, узгодненасці паміж чым‑н. Разрыў паміж тэорыяй і практыкай. Разрыў паміж вымаўленнем і напісаннем.
3. Поўнае спыненне якіх‑н. адносін паміж кім‑н. Нарэшце, Андрэй Цітавіч не мог не лічыцца з тым, як успрымуць людзі яго разрыў з Кацярынай. Марціновіч.
•••
Разрыў сэрца — разрыў сценкі левага жалудачка сэрца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
расхо́д, ‑у, М ‑дзе, м.
1. Дзеянне паводле дзеясл. разыходзіцца — разысціся (у 9 знач.).
2. Трата, расходаванне чаго‑н. Расход электраэнергіі. Расход вады. Расход гаручых матэрыялаў.
3. звычайна мн. (расхо́ды, ‑аў). Сума зрасходаваных грошай; выдаткі. І бацька тут, як на паперу, Стаў вылічаць расходы, страту І кончыў тым: лепш к сабе ў хату — Не трэба й кланяцца Яхіму — Наняць дарэктара на зіму. Колас. Пры ўсёй яе рэўнасці жонка рэдка кантралявала яго [Яраша] расходы. Шамякін.
4. Графа, раздзел у бухгалтарскіх кнігах для запісу выдаткаў.
•••
Кішэнныя расходы — дробныя, асабістым расходы.
У расход (вывесці, пусціць, спісаць) — знішчыць, расстраляць.
У расходзе — у карыстанні, не на месцы (быць, знаходзіцца). Людзі на заданнях, у расходзе, і Бондар, які апошнія дні, пасля таго, як разбілі баржу на Прыпяці, прыхворваў, змяніў сам паставога. Навуменка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сіне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.
1. Рабіцца сінім. Не колюць лёду шчупакі, А мы над рэчкай, хлапчукі, Нібыта лёд, сінелі. Бялевіч. Антось аж сінеў ад злосці. Гроднеў. // Світаць, віднець. Косця прачнуўся зацемна: у акне толькі пачынаў сінець блізкі дзень. Адамчык. Сінее мяккі прыцемак. Навуменка. / у безас. ужыв. За акном тым часам сінела — радзеў няўстойлівы світальны паўзмрок. Вышынскі. // Цямнець, вечарэць. Вялікае, ужо няцёплае сонца хавалася за недалёкім лесам. У лагчынах пачынала сінець, і вастрэй адчувалася восень. Карпаў.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Выдзяляцца сінім колерам, віднецца (пра што‑н. сіняе). Навокал рассцілалася поле, яшчэ даволі стракатае: за жаўтлявым спелым жытам зелянела бульба, з другога боку — сінеў лубін. Шамякін. Між спелага жыта Сінее валошка. Колас. Далёка на небасхіле сінеў лес, да якога вілася ледзь бачная дарога. Лупсякоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
со́ўгацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
Разм.
1. Хадзіць туды-сюды; сланяцца. Увесь дзень я соўгаўся між дваром і пуняй: насіў ваду, рэзаў сечку, калоў дровы. Асіпенка. Янук жа ў гэты час соўгаўся па калідорах, не ведаючы, якія дзверы адчыняць, бо ніхто яго не праводзіў. Лупсякоў. П’яныя швэндаліся па вуліцы, соўгаліся ад хаты да хаты, абдымаліся. Кавалёў.
2. Пасоўвацца паволі, з цяжкасцю. Сёлета ўсю вясну бабка пісала Валі, што яна вельмі аслабела, ледзьве соўгаецца па хаце. Сачанка. Восенню, калі холадна, .. [гадзюкі] санлівыя, ледзь соўгаюцца. Ваданосаў.
3. Перамяшчацца, рухацца. Манжосаў Дзік, які звычайна бегаў на ланцугу, што соўгаўся колцам па дроце, напятым праз увесь двор, гэты раз быў спушчаны з прывязі. Сабаленка. На тым баку вуліцы ўзад-уперад соўгаўся доўгі вежавы кран. Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сядло́, ‑а́; мн. сёдлы (з ліч. 2, 3, 4 сядлы́), ‑аў; н.
1. Сядзенне для конніка, якое мацуецца на спіне каня, асла і пад. Сядло на кані пабялела ад снегу: коннік гадзіны тры не сядзеў на ім. Мележ. Набыць адразу так шмат сёдлаў і адпаведных коней было даволі нялёгка. Брыль. Ваяка меў цудоўнага каня. На тым кані ён вецер абганяў. Сядло ўсё пазалочана на ім, вуздэчка ўся ў зіхценні залатым. Дубоўка. // Скураное сядзенне матацыкла, веласіпеда. Рэзка тузануўшы нагою рычаг, Казімір завёў матацыкл, сеў на сядло. Краўчанка.
2. Назва розных дэталей для апоры, насадкі чаго‑н. Сядло клапана.
3. Прадаўгаватая ўпадзіна між дзвюма вышынямі ў горным хрыбце. Сядло Эльбруса.
•••
Выбіць з сядла гл. выбіць.
Як свінні сядло (падыходзіць) — зусім не пасуе (не падыходзіць).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
та́лент, ‑а і ‑у, М ‑нце, м.
1. ‑у. Надзвычайныя прыродныя здольнасці. Музыкальны талент. □ Канечне, звычайнаму чалавеку столькі ведаць немагчыма, тут патрэбен талент, а талент даецца чамусьці не кожнаму. Васілёнак. Сутнасць яго [Багдановіча] заключаецца ў тым, што талент дасягае вяршыні мастацтва іптэнсіўнай працай і сардэчнай самаадданасцю раз абранаму ідэалу паэзіі. Майхровіч. // Здольнасць, уменне. — Так, так, — сказаў Сухавараў, — на гэта трэба мець асаблівы талент. — У пана Лабановіча і ёсць гэты асаблівы талент, — прамовіла Ядвіся. Колас. // Разм. Занятак. У канцы імперыялістычнай вайны Вэня Шпулькевіч знайшоў сабе талент: ён ад’ехаў з Мінска кіламетраў за сто і там астаўся на службу. Чорны.
2. ‑а. Чалавек з надзвычайнымі здольнасцямі. Маладыя таленты. □ [Валодзя:] — Стась — талент, ён выдатны мастак. Усе партрэты, усе лозунгі, усе плакаты, карціны і дыяграмы — усё гэта зроблена ім.. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
улада́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Мець у сваёй уласнасці, распараджацца кім‑, чым‑н. Уладаць крыніцамі сыравіны. □ [Чалавек:] — Не відаць ні табе, ні такім, як ты, беднякам дабра да таго часу, пакуль цар і багацеі ўсім будуць уладаць і ў сваіх руках уладу трымаць. Якімовіч.
2. Мець якія‑н. якасці, уласцівасці. [Старэйшая дзяўчына] ўладала тым хараством вобліку, калі не замінае нічога лішняга, нічога не дадасі і нічога не паправіш. Лужанін.
3. Дзейнічаць, рухаць часткамі свайго цела. [Салдат:] «І нага сапсавана, і правай рукой я, на ліха, бадай не ўладаю...» Дубоўка.
4. перан. Трымаць у сваёй уладзе; ахопліваць (пра пачуцці, думкі і пад.). Многа яшчэ дзён туляўся .. [Адам] паблізу свайго дома, але ні разу не зайшоў пабачыцца з бацькам: страх быць злоўленым уладаў ім бесперапынна. Чорны. Адзінае пачуццё ўладала Загорскім: неўразуменне. Караткевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
умо́ўнасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць умоўнага (у 1–5 знач.). Умоўнасць прысуду. Умоўнасць сюжэта. // Сукупнасць асаблівасцей, уласцівых чаму‑н. умоўнаму, заснаванаму на ўмоўным паказе рэчаіснасці. Тэатр стварыў цікавы спектакль, у якім спалучаюцца яркія рэалістычныя вобразы і дэкаратыўная ўмоўнасць. «ЛіМ». Праз фантастыку, праз умоўнасць Купала дае тыпова рамантычную .. інтэрпрэтацыю буржуазнага свету. Бярозкін.
2. Агульнапрынятая, хоць і непатрэбная сістэма звычак, норм паводзін. Адразу адпалі ўсе фармальнасці і ўмоўнасці. Мы маглі гаварыць пра ўсё на свеце. Шамякін. У прасторнай зале .. стаіць той шматгалосы тлум, які сведчыць, што весялосць у разгары, што госці даўно перайшлі мяжу ўмоўнасці і не вельмі зважаюць адно на другога. Навуменка. Старасветчына была і сплыла не толькі ва ўкладзе жыцця. Сучасны чалавек тым і розніцца ад продкаў, што стаіць вышэй над умоўнасцямі. Карпаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
умяша́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
1. Пранікнуць куды‑н., змяшацца з чым‑н. Сашка ўмяшаўся ў натоўп.. Доўга сядзеў на скверы і, як зачумлены, пайшоў да бацькі. Чорны.
2. Увайсці, унікнуць у чые‑н. справы, адносіны, прыняць актыўны ўдзел у іх. Лабановічу прыкра было слухаць такія скаргі [пані падлоўчай], бо яны як бы ставілі яго ў ролю суддзі і прымушалі так ці іначай умяшацца ў чужое жыццё. Колас. У час умяшалася ў звадку і мачыха Чарнушкаў: сілком адвяла Ганну ўбок. Мележ. [Машы] было цікава і дзіўна слухаць. Захацелася самой умяшацца і сказаць нешта значнае, разумнае. Шамякін. // Прыняць удзел у чым‑н. з тым, каб спыніць што‑н. [Семянюк:] — Я прыйшоў прасіць партыйны камітэт умяшацца і прыпыніць знішчэнне барка. Мяжэвіч. Вось ухапіліся [свёкар і бацька] ўжо за бароды... Маці ўмяшалася, Іх разнімае. Корбан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ускалыхну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.
1. Прывесці ў рух, прымусіць калыхацца. Набег цёплы ветрык і ўскалыхнуў возера. Кандрусевіч. Раптам паветра ўскалыхнуў выбух. Сіняўскі. // перан. Ажывіць, абудзіць. Якія ж патрэбны навальніцы і громы, каб ускалыхнуць гэтую цішыню і абудзіць чалавечыя думкі, пачуцці, імкненні! Колас. [Салдат] паддаў ходу і праз паўгадзіны ўвайшоў у гарадок. Тут ён спаткаў ажыўленне: рэвалюцыя ўжо ўскалыхнула гэтае глухое месца. Чорны.
2. перан. Усхваляваць, устрывожыць. Але ў тым і справа, што Веньямін хоча сустрэць асаблівую дзяўчыну — прыгожую, разумную, якая б ускалыхнула ўсю яго душу. Навуменка. Разумнае, светлае, вечнае сеяць Лектар вядомы прыехаў да нас; Сяло ўскалыхнула такая падзея: Загадзя ў клубе сабраўся калгас. Непачаловіч. Тры дні назад увесь свет ускалыхнула цудоўная навіна: Савецкі касмічны карабель вярнуўся на Зямлю! «Звязда».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)