сло́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да слова, які складаецца са слоў. Слоўны матэрыял. Слоўнае багацце народа. □ Між песень, зафіксаваных на Беларусі М. Федароўскім, можна сустрэць нямала твораў украінскага паходжання, што шырока бытавалі на беларускіх землях у самабытным слаўным афармленні. Саламевіч.

2. Які ажыццяўляецца пры дапамозе слоў; вусны. Кожны раз у самай гарачцы слоўнага турніру між рэжысёрам і драматургам, калі, здаецца, во-во вайна дойдзе да самага свайго найвышэйшага пункту і ад слоўнага яна прыме кулачны выгляд, — пан Вашамірскі стрымліваў іх імпэт. Бядуля.

3. Уст. Які мае адносіны да славеснасці. Важна адзначыць, што Кандрату Крапіве падуладны розныя слоўныя жанры. Бялевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

со́ты 1, ‑аў; адз. няма.

Ячэйкі з воску, якія робяць пчолы і восы для захоўвання мёду і адкладвання яец. Рупная пчала Умее ў соты мёд сабраць і з горкіх кветак. Багдановіч. [Чалавек] наглядаў.., як напаўняюцца янтарным мёдам тысячы васковых каморак-сотаў. Паслядовіч.

со́ты 2, ‑ая, ‑ае.

1. Ліч. парадк. да сто. Соты дзень. Соты вылет. // Шматлікі, незлічона. «І што яно будзе?» — у соты, у тысячны раз пытае сябе Пракоп і не знаходзіць адказу. Колас.

2. Які атрымліваецца пры дзяленні на сто. Сотая частка кіламетра. // Малы, нязначны. Не зроблена і сотай долі... А сіл ужо бракуе... крыўдна, горка! Гарбук.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спакусі́цца, ‑кушуся, ‑кусішся, ‑кусіцца; зак.

1. на што, чым і без дап. Быць прывабленым чым‑н. спакуслівым. — Фёдар Арцёмавіч, нам трэба мяняць замок у склепе, а то нехта спакусіўся на мае агуркі і капусту, — сказаў Грушка пры сустрэчы. Пестрак. [Віцюк:] — Ды от жа, каб яму спрахнуць, спакусіўся ўчора бочкавым півам. Васілёнак.

2. з інф. і без дап. Схіліцца на якое‑н. дзеянне, справу, не ўстаяць перад якім‑н. жаданнем, спакусай. Цяпер на дварэ стаяў кастрычнік, але было цёпла, і заўзятыя старыя мясцовыя рыбакі маглі спакусіцца і выйсці на рыбалку. Шашкоў. А ў гэтай справе [красці] так: спакусіўся раз, не ўтрымаешся другі. Пальчэўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сюд-ту́д, прысл.

Разм.

1. Раз-пораз, вельмі часта. Шэрая вязаная хустка з пушком абдымала яе плечы. Жанчына сюд-туд папраўляла хустку, нацягваючы яе ўверх. Пестрак. Гарасім сюд-туд кідаў вокам на маю работу. Якімовіч.

2. Узад і ўперад, з аднаго боку ў другі. Мы з рэдактарам шпацыравалі сюд-туд па калідоры. Сабаленка. На досвітку цягач з важкім трохвугольнікам двойчы прайшоў сюд-туд і прабіў дарогу з аэрадрома ў Міхалі. Алешка. // З аднаго месца ў другое. Я хацеў зноў прылегчы і пачаў папраўляць ватоўку. «Дзе ж рэчавы мяшок?» — махнуў я рукою сюд-туд. Няма. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узнаві́цца, ‑новіцца; зак.

1. Стварыцца нанава, ізноў. Узнавіўся капітал.

2. Вярнуцца да ранейшага стану, выгляду; аднавіцца. Падобная развяжа не знімае супярэчлівасцей, а толькі сунімае іх, таму канфліктная сітуацыя павінна будзе ўзнавіцца. У. Калеснік. Паэзія Лучыны .. рашуча адмаўляла натуралістычна-бурлескную традыцыю ў беларускай літаратуры, якая ўзнавілася ў творчасці Ф. Тапчэўскага. Лазарук.

3. Пачацца зноў пасля пэўнага перапынку. На самым світанні кананада за лесам узнавілася і гадзіны дзве грымела яшчэ больш моцна, чым учора. Шамякін. Стук у дзверы ўзнавіўся, на гэты раз мацней і больш настойліва. Гамолка.

4. перан. Зноў узнікнуць у памяці; прыпомніцца. Усё мінулае ўзнавілася ў памяці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шматава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак., каго-што.

Разм.

1. Рваць на шматы, кавалкі; шкуматаць. Вецер хапаў за полы, засыпаў сухім калючым снегам вочы, кідаўся ўбок і шматаваў палотнішчы афіш. Васілевіч. Гэтак было і са мною: колькі разоў я пачынаў пісаць, і кожны раз напісанае шматаваў на кавалачкі і кідаў у кошык. Сабаленка. То там, то тут наваколле ўздрыгвала ад моцных абвальных выбухаў бомб, якія шматавалі паркую веснавую зямлю. Мележ.

2. перан. Бязлітасна прыгнятаць каго‑н., здзекавацца над кім‑н. [Война:] — Гарнастай — подлы і хцівы звер, але з яго робяць бялюткую мантыю, і яе гаспадар чамусьці атрымлівае правы шматаваць свой народ і процьму другіх. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Здра́да ’пераход на бок ворага’. Рус. смал., варонеж., паўд., зах. зра́да, укр. зра́да ’здрада’, польск. zdrada, чэш., славац. zrada. Ст.-бел. здрада, зрада (з 1509 г.). У Насовіча здра́да ’здрада’, але зра́да ’агульная згода’, ’змова’, ’здрада’. Форма з устаўным ‑д‑ толькі ў бел. і польск., верагодна, бел. здрада < польск. zdrada ужо ў ст.-бел. (Булыка, Запазыч., 120). Форма ўключае корань rad‑ ’савет’ (гл. рада), прэфікс з‑ (< *jьz‑), відаць, гэта аддзеяслоўны (jьzraditi) назоўнік. Параўн. ням. з блізкай унутранай формай Ver‑rat ’здрада’ = ’раз + рада’. Значэнні ’згода’, ’змова’ звязаны з унутранай формай. У групе zr‑d устаўное (Карскі, 1, 353) у выніку уяўнай архаізацыі. Здрадца з суф. ‑ца (Гіст. лекс., 99), як і здрада, з польск. у ст.-бел. Меркаванне пра рад < *ręd (Крыўчык, Труды яз., 35) не адпавядае зах.-слав. фактам, дзе rad не можа быць з ręd. Брукнер, 650; Голуб-Копечны, 439; Махэк₂, 505; Фасмер, 2, 105.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Разары́ць, разара́ць ’пазбавіць дастатку, багацця’, ’давесці да беднасці’ (ТСБМ), разары́цца ’пагоршыцца’ (Ян.), укр. розори́ти ’зруйнаваць; спустошыць’, рус. разори́ть, серб.-харв. разо̀рити, ст.-слав. разорити. Да прасл. *orz‑oriti, гл. раз-, другая частка прадстаўлена ў балг. о́ря ’рушыць’, дыял. серб. о̀рити ’тс’, ст.-слав. орити ’казіць, разбураць’, суадносіцца з іншай ступенню рэдукцыі з літ. ìrti, лат. ǐřt ’аддзяліць, адлучыць’, роднаснага з хец. h̬arra‑ ’ламаць, разбураць, драбіць’ (Фасмер, 3, 435; Глухак, 520; ESJSt, 10, 593). Сюды ж разура́ць, разу́рываць ’разбураць’, ’штурхаць на бушаванне, буянства’, разура́цца ’бушаваць, буяніць’, разура́нне ’бушаванне, буянства’, разура́ный, разура́тый, разу́рываный ’разбураны’ (Юрч. СНЛ), разарэ́нне ’разбурэнне’, ’рабаванне’ (ТСБМ), ’разбурэнне’, ’бяда, клопаты’, ’нашэсце ворага’ (Нас.), разо́р ’непрыемнае становішча’ (Нас.), ’разлад’ (Ян.), ’разарэнне’ (Гарэц.), разо́ра ’разарэнне’, ’трывога, непакой’, ’сварка, разрыў’ (Нас., Гарэц.), ’няпэўнасць думак’ (Бяльк.), з падобнымі значэннямі укр. розо́р, рус. разоре́ние ’разбурэнне, рабаване’, рус. дыял. разо́ровать ’бушаваць, буяніць, біць, ламаць’, серб.-харв. разу̀рити ’разбурыць’ і пад.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ралля́ ’узаранае поле, узараная глеба, ворыва’, ’аранне, земляробства’ (ТСБМ, Мат. Гом., Яшк., Сл. ПЗБ), ’зямля, узараная другі раз’ (Смул.), ролья́ ’узаранае поле’ (ТС), райля́ ’ворыва’ (астрав., Сл. ПЗБ), ро́ля ’тс’ (Нас.), ст.-бел. ролья ’ніва, поле’ (Ст.-бел. лексікон). Параўн. укр. рілля́ ’узаранае поле’, рус. дыял. ро́ля, ро́лья ’ворная зямля, поле’, польск. rola ’свежаўзараная зямля, поле’, в.-луж. rola, н.-луж. rola ’тс’, ’палаб. rühljaa, rülʼă, чэш. role ’поле’, славац. roľa ’узаранае поле, ніва’, славен. (o)ralje ’аранне, узаранае поле’, харв. дыял. ràla, серб. раља ’тс’. Мяркуецца праславянская семантыка ’зямля прызначаная пад ворыва і засеў’ і адпаведна ўтварэнне ад *o‑ra‑ti пры дапамозе суф. ‑lьja > *orlьja (Слаўскі, SP, 1, 106; Сэндзік, Prasł., 74–75), хаця больш імаверна значэнне выніку дзеяння, г. зн. ’зямля, якую ужо ўзаралі’. Гл. Брукнер, 462; Фасмер, 3, 498; Бязлай, 3, 148; Шустар-Шэўц, 2, 1233; Куркіна, Этимология–1998–1999, 82.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ры́за ’адзенне святара’, ’металічная акладка на абразах’ (ТСБМ), ’раса’ (Янк. 1) ’дрэнная вопратка’ (валож., ЛА, 5), ры́зніца ’памяшканне, дзе захоўваюцца рызы і царкоўныя рызы’ (ТСБМ), ’зношанае адзенне’ (рэч., лельч., ельск., добр.), ры́зіна ’старая, падраная вопратка’ (Янк. 1), ри́за ’адзенне святара’, ’раса’ (Нас.), ри́зка, ри́зочка ’адзенне, у якім хрысцяць дзіця’ (Нас.), ризки ’тс’ (Дэмб. 1, 646), ст.-бел. риза, рыза ’адзенне’ (XV ст.), ’адзенне святара’ (XVI ст.), рызница ’рызніца’, рус. ры́за ’адзенне святара’, ри́зка ’пялёнка, у якую закручваюць дзіця пасля хрышчэння’, ст.-рус. риза ’адзенне’, укр. ри́за, чэш. říza ’рыза’, серб.-харв. ри̏за ’адзенне’, балг. ри́за, ст.-слав. риза. Няма надзейнай этымалогіі. Па адной з версій меркавалася роднасць з *rezati, *raz (> бел. рэ́заць, раз). Некаторыя схіляюцца да версій аб запазычанні, параўн. візант. ῥίαις ’перадплечча’ (Фасмер, 3, 482–483 з літ-рай БЕР, 6, 254).

Рыза́ ’пілаванне’ (камянеў, кобр., ЛА, 1; Сл. Брэс., Клім., 65). Утворана ад рэ́заць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)