зо́рка, -і, ДМ -рцы, мн. -і, -рак, ж.

1. Нябеснае цела, якое можна бачыць простым вокам у форме ззяючай кропкі на начным небе.

Палярная з.

З. першай велічыні (таксама перан.: пра выдатнага дзеяча мастацтва, навукі). Узыходзячая з. (таксама перан. пра чалавека: новая славутасць). Зорак з неба не хапае (перан.: пра звычайнага, нічым не прыметнага чалавека). Верыць у сваю зорку (перан.: у свой лёс).

2. перан. Пра дзеяча мастацтва, навукі, спартсмена.

3. Фігура, а таксама прадмет з трохвугольнымі выступамі па акружнасці.

Пяціканцовая з.

Марская з. (жывёліна).

|| прым. зо́рны, -ая, -ае (да 1 і 3 знач.).

Зорная карта.

Зорная ночдобра бачнымі зоркамі).

Зорная часіна для каго — момант найвышэйшага ўздыму, напружання і выпрабавання сіл, вялікі поспех, трыумф.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

адазва́цца, адзаву́ся, адзаве́шся, адзаве́цца; адзавёмся, адзавяце́ся, адзаву́цца; адзаві́ся; зак.

1. Адказаць на кліч, адгукнуцца; падаць голас, абазвацца; прагучаць у адказ на які-н. гук, удар; адбіцца.

Ледзь чутным трымценнем адазваліся ў вокнах шыбы.

Я крычаў, але ніхто не адазваўся.

2. аб кім-чым. Выказаць сваю думку, даць ацэнку каму-, чаму-н.

Добра а. аб новай кнізе.

3. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Выклікаць сабою якое-н. пачуццё, адчуванне і пад.; даць сябе адчуць, выявіцца.

Спрацаванасць адазвалася хваробай.

Звестка адазвалася моцным болем у сэрцы.

4. перан., на што і без дап. Аднесціся спачувальна да чаго-н.; адказаць якім-н. пачуццём на што-н.

А. на заклік.

А. на просьбу.

|| незак. адзыва́цца, -а́юся, -а́ешся, -а́ецца.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

паду́маць, -аю, -аеш, -ае; зак.

1. гл. думаць.

2. Правесці некаторы час, думаючы пра што-н.

Не спяшайся з вывадам, добра падумай.

3. 2 ас. адз. і мн. л.

паду́маеш, паду́майце. Ужыв. як пабочн. сл. або як рэпліка для выражэння насмешкі, недавер’я і пад. (разм.).

Падумаеш, такі знаток знайшоўся.

Падумайце, ён яшчэ і грубіяніць мне.

І не падумаю (і не падумаеш, і не падумаў і пад.; разм.) —

1) у спалучэнні з інф. абазначае адмаўленне, нязгоду, нежаданне.

Падбухторваў мяне на дрэннае, а я і не падумаў ісці на такое.

І не падумаю прасіць прабачэння;

2) без інф. выражае катэгарычны адказ. —

Адпусціш мяне ў горад? — І не падумаю.

Падумаць! і падумаць толькі! (разм.) — выражэнне здзіўлення.

Падумаць толькі: што мы выцерпелі!

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

разбе́гчыся, -бягу́ся, -бяжы́шся, -бяжы́цца; -бяжы́мся, -бежыце́ся, -бягу́цца; -бе́гся, -бе́глася; -бяжы́ся; зак.

1.(1 і 2 ас. не ўжыв.). Пра многіх: бягом накіравацца ў розныя бакі.

Дзеці з шумам разбегліся.

2. Прабегчы некаторую адлегласць, каб падрыхтавацца да скачка, пад’ёму і пад.

Разбегся і скочыў.

Перад скачком трэба добра р.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.), перан. Пра думкі: страціць здольнасць сканцэнтравацца на чым-н.

Вочы разбегліся ў каго (разм.) — не ведае, што выбраць, на чым спыніцца.

|| незак. разбяга́цца, -а́юся, -а́ешся, -а́ецца.

|| наз. разбе́г, -у, м. і разбе́жка, -і, ДМ -жцы, ж. (да 2 знач.).

Разбег самалёта (даўжыня прабегу па зямлі да моманту ўзлёту). Разбежка перад скачком.

З разбегу

а) набраўшы скорасць, разбегшыся;

б) не змогшы спыніцца пасля бегу.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Карна́ць ’укарочваць’ (Нас.). Укр. корнати, рус. корнать, чэш. krniti ’кастрыраваць’, серб.-харв. кр́њити ’абломліваць, рэзаць, шкодзіць’, славен. krniti ’абразаць, калечыць’; прасл. kъrniti/karnati. Магчыма, да прасл. *kъrpnǫti з наступным пераўтварэннем на дыялектнай глебе ў *kъrnǫti > *kъrniti, паколькі *kъrnǫti успрымалася як разавае дзеянне (для *kъrpnǫti > *kъrnǫti параўн. topnǫti > tonǫti ’тануць, тапіцца’). Калі дапусціць *kъrniti < *kъrnǫti < *kъrpnǫti, тады можна даць наступныя індаеўрапейскія паралелі да славянскіх слоў: літ. kir̃pti ’рэзаць’ (альтэрнацыя ir/ur у балтыйскіх мовах добра вядомая). Лат. cìrpt ’тс’, ст.-інд. kṛpāṇi ’нажніцы, кінжал’ ст.-грэч. κρώπιον ’серп’, ірл. corran ’тс’, cirrim ’рэжу’ (Фрэнкель, 257–258). Існуючыя этымалогіі (∼ літ. kur̃sti ’глухнуць’, лат. kurns ’глухі’ або ст.-інд. kírṇáḥ ’паранены’ і інш. гл. Фасмер, 2, 350) не задавальняюць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ка́ім ’скупы’ (міёр., З нар. сл.), каімка, каіміна ’скупы і люты чалавек’ (міёр., З нар. сл.; Нар. словатв.). На думку Крыўко (З нар. сл.), ад уласнага біблейскага імя Каін. Гэта фармальна пацвярджаецца матэрыяламі слоўніка Насовіча. Рус. каін ’пракляты, які не раскаяўся, акаянны’. Народная этымалогія звязвае з каяцца. Трансфармацыі семантыкі і формы ў слове адбыліся ў выніку кантамінацыі зыходнай лексемы з гукава і сэнсава блізкай. Так, звяртае на сябе ўвагу ўжо разгледжанае намі каём, каёміна (гл.) ’шустры, бойкі’, рус. паўн., усх. окаём ’нягоднік, неслух, ашуканец’, ярасл. окоём ’хлус, нягоднік’, ’скнара, скупы’. Што датычыцца ўжывання ўласнага імя як апелятыва, то гэта з’ява добра вядомая, параўн. для той жа тэрыторыі адам ’скупы’. Апошняя паралель таксама сведчыць у карысць каім < Каін.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лоўкі ’спрытны, умелы, добры, якасны’ (ТСБМ, ТС, Сл. ПЗБ), ’зручны, ёмкі, выгодны’ (Яруш., Выг.), ’прыгожы’ (маз., лун., пін., Сл. Брэс., З нар. сл.), ловак ’спрытны (чалавек)’, ’зручны (пра рэч)’ (Шат.), лоўчы ’здатны, спрытны’ (ТС), лоўкадобра (аб здароўі)’ (Ян.), ’зручна, умела, удала’ (Сл. ПЗБ), ’спрытна, прыгожа’ (Бяльк., Касп., Шат.), лаўчэй ’лепш, зручней, прыдатней’ (Юрч., Шат., Мат. Янк.; нясв., Жд. 2). Прасл. lovъkъ (параўн. харв. lȍvak ’які адносіцца да lov ’лоў’). Параўн. літ. lavùs ’лоўкі, кемлівы, хітры’ (Фасмер, 2, 509). Прыметнік, утвораны ад дэвербатыўнага кораня lov‑ (Булахоўскі, Вибр. пр., 3, 377). Да ловы (гл.). Сюды ж лоўчы ’егер, ляснічы, старэйшы паляўнічы’, ’прывучаны, прызначаны для лоўлі’ (Гарэц., Грыг., Др.-Падб., Касп., Жд. 2, ТСБМ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Не́вук ’неаб’езджаны конь’ (лельч., Жыв. сл.; ТС), ’неадукаваны, недасведчаны чалавек’ (Некр. і Байк., БРС, ТСБМ, Бяльк.), ’гультай, хто не хоча вучыцца’ (Растарг.), не́ук ’гультай; непрывучаны да вупражы (пра каня і пад.)’ (Нас.), ’малады бык ад 2 да 3 год’ (Гарб.), укр. не́ук ’неадукаваны чалавек; неаб’езджаны конь’, рус. не́ук ’тс’, ст.-рус. неукъ ’тс’, польск. nieuk ’тс’, славен. neuk ’нявучаны; нявопытны’, серб.-харв. нѐук ’неадукаваны; непрывучаны (пра жывёлу)’, балг. неу̀к ’неадукаваны; нявучаны’, макед. неук ’нявучаны’. Да вучыць, параўн. на‑вука (Фасмер, 3, 69), той жа корань у смал. безук ’добры цясляр’ (без‑ук, ад прасл. *uk‑ ’вучыцца, навука’), якое Краўчук (БЛ, 5, 1974, 64) тлумачыць як ’той, хто (добра працуе, добры цясляр) без навукі’ (мае прыродны дар), самавук і пад.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прысто́йны ’які адпавядае прынятым правілам прыстойнасці’; ’добра выхаваны; сумленны, не здольны на дрэнныя ўчынкі’; ’дастаткова добры, нядрэнны’; ’такі, якім належыць быць; дастатковы па велічыні, памерах’ (Ласт., ТСБМ; смарг., в.-дзв., Сл. ПЗБ), ’прыгожы’ (Інстр. 3; ігн., Сл. ПЗБ), ’добры; няпрагны’ (Ян.). Укр. присто́йний ’прыстойны; прыгожы’, рус. калуж. присто́йный ’прыстойны; прыгожы, сімпатычны’, польск. przystojny ’прыгожы; цікавы’, старое ’прыстойны’, чэш. přistojny ’прыстойны’, славен. pristójen ’прыстойны; кампетэнтны’, харв. prìstojan ’тс’. Паводле Фасмера (3, 366), з *pristojьnъ ад *pri‑ і *stojati (гл. стая́ць), параўн. ст.-бел. пристояти ’падыходзіць, належаць’ (Ст.-бел. лексікон). Паводле Сноя₂ (580), першапачаткова азначала ’адпаведны, стаячы нароўні’. Бабік (Зб. памяці Слаўскага, 60) для прасл. *pristojati (параўн. серб.-харв. при́стојати, харв. чак. prīstȍjai і пад.) выводзіць значэнне ’пагаджацца; быць адпаведным’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

упячы́, упяку, упячэш, упячэ; упячом, упечаце, упякуць; пр. упёк, упякла, ‑ло; заг. упячы; зак.

1. што. Спячы; добра прапячы. Упячы хлеб.

2. каго. Разм. Адправіць куды‑н. супраць волі. У польскай арміі.. [Максіма] ў страявую часць не ўзялі, а ўпяклі ў санітарны батальён. Машара. // Пасадзіць у турму, зняволіць. — Ды не! — запярэчыў .. [Лабановіч] сам сабе. — Некаму гэта патрэбна. Вось жа і мяне ўпяклі ў астрог, нават не паклапаціўшыся падперці прысуд доказамі. Колас. [Антось:] — Эх ты, чалавек — на галаве шапка! На каго ж ты пойдзеш са скаргай? На роднага брата! Табе будзе добра, як яго ў каталажку ўпякуць? С. Александровіч.

3. каго. Разм. Папракнуць каго‑н., з’едліва сказаць што‑н. каму‑н. — Мала ж ты каму верыш! — упёк.. [Башлыкова] хтосьці з залы, голасна, злосна. Мележ. Кожнае Званцова слова здавалася .. [Макару] зручным, каб упячы і яго, і Ёсіпа. Дуброўскі.

4. што. Разм. Марна патраціць, выдаткаваць. Паказальную кашару будавалі! — грошы ўпяклі, а карысці ніякай. Асіпенка.

5. па чым. Разм. Выцяць каго‑н. З усяго размаху ўпёк па спіне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)