Блі́зкі. Рус. бли́зкий, укр. бли́зьки́й, польск. bliski, чэш. blízký, ст.-слав. близъкъ, балг. бли́зък, серб.-харв. бли̏зак і г. д. Праслав. blizъkъ ’тс’. Слав. аснова bliz‑ лічыцца роднаснай лат. blaîzît ’давіць, сціскаць, жаць’, лац. flīgere ’біць’ і г. д. Як семантычныя паралелі параўн. грэч. ἄγχι ’блізка’ (ἄγχω ’завязваю’), франц. près, італ. presso ’блізка, ля’ (лац. pressus сціснуты’). Бернекер, 61; Слаўскі, 1, 34; Праабражэнскі, 1, 29–30; Фасмер, 1, 174. Неверагодна Махэк₂, 57 (да грэч. πλησίος, πλᾱτίος ’блізкі’).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Бу́сельнік ’расліна Erodium’ (Кіс.). Рус. а́истник, укр. бузьочник, бусьочник, буськи, журавліниє носики (Макавецкі, Sł. botan., 141–142), чэш. čapí nos, čápínůsek (Махэк, Jména rostl., 135), серб.-харв. ча̏пља, чапљика, чапљина, англ. storkʼs bill, ням. Reiherschnabel, франц. bec de grue, bec de cigogne (Сіманавіч, 186). Ад бу́сел: плады расліны вельмі падобныя да галавы з дзюбай бусла, параўн. апісанне расліны: «Іншы раз бусельнік росце по полю, з такімі дзюбамі зелле» (Арх. ГУ). Гл. Нейштадт, Определитель, 363–364; Сіманавіч, там жа.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
А́слі ’ці, хіба’ (Нас., Гарэц.), рус. смал., пск. асли ’тс’, макед. асли ’сапраўды’, балг. аслъ ’тс’, серб.-харв. асли ’тс’: Паўднёваславянскія словы лічаць запазычанымі з турэцкай, дзе з арабскай (БЕР, 1, 18; Скок, 1, 66), што не выклікае сумненняў адносна прыметнікавага ўжывання. Беларускае і рускае словы з а‑сь‑ли, дзе а — часціца, тая ж, што ў але, або; сь — указальны займеннік; ли — пытальная часціца. Параўн. асечка (< ась), рус. ась, чэш. asi, польск. atoli (параўн. ат з атъ).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Асно́ва. Першапачаткова ’ніткі, што ідуць уздоўж тканіны’. Рус., укр., балг., макед. основа, серб.-харв. основ, польск. osnowa, чэш., славац., славен. osnova, ст.-рус. основа. Праслав. *o(b)snova (Трубачоў, Ремесл. терм., 113) утворана як бяссуфіксны назоўнік ад прэфіксальнага дзеяслова *o(b)sno‑vati (аснаваць), які ад снаваць (гл.). Гл. таксама Праабражэнскі, 1, 663; Фасмер, 3, 162; БМ 61, 1, 3; Булахоўскі, Тр. ИРЯ, 1, 173. Недакладна адносіць утварэнне слова да XIX–XX стст. (Гіст. лекс., 248).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Аўца́ ’авечка’ (Яруш., Сержп., Бяльк., Сцяшк.), гаўца (Сцяшк.), укр. вівця, рус. овца, польск. owca, славац. ovca, чэш. ovce, в.-луж. wowca, н.-луж. wejca, славен. óvca, серб.-харв. о́вца, макед. овца, балг. овца́. Прасл. ovьca з ovьkā ўтворана пры дапамозе памяншальнага канчатка ‑ikā ад пашыранай асновы на ‑i‑, параўн. ст.-інд. avikā́ і ávis, літ. avìs, лат. avs, грэч. ὄις, лац. ovis, ірл. ói, ст.-в.-ням. ou ’тс’, гл. Фасмер, 3, 116; Трубачоў, Происх., 69–70. Параўн. авечка.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Жа́мка ’пернік’ (Мат. Гом., Нар. словатв., 127). Рус. кур. жа́мка ’тс’, кастр. (1853 г.) жа́мочка ’ласая ежа з маку і мёду’, пск., калін., сімб., куйбыш. жамо́к ’пернік’, ’сціснуты кавалак ежы (напр., хлеба)’, горк., калін., куйбыш., валаг., алан. же́мо́к ’пернік з мядовага цеста’. Параўн. яшчэ славен. žemèk ’рэчыва з сыру, якое выціскаецца’, серб.-харв. жѐмичка ’белы хлябец’ звязана, відаць, з жемља ’тс’ < ням. Semmel. Утворана суфіксам ‑ък‑ ад дзеяслоўнай асновы жьм‑, жем‑ ’ціснуць’. Гл. жмаць, жаць 2.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Жа́ры ’цёмна-чырвоны; жоўта-карычневы; рыжы’ (глуск., Янк. II; Сл. паўн.-зах.). Аб масці каня ’краснаваты, руды конь’ (з паясненняў у Сл. паўн.-зах.). Укр. бук. жарий ’рыжы, вогненна-чырвоны’, славен. žȃr ’вогненна-чырвоны’. Параўн. рус. уладз., вяц. жар ’чырвоны колер’, кур. жаровый ’чырвоны, аранжавы’, серб.-харв. жа̑р ’чырвань, румянец’. Відаць, прасл. адгалінаванне імені žarъ у значэнні прыметніка ў выніку канверсіі паводле колеру тленнага вуголля, абазначанага тым жа іменем у функцыі назоўніка. Гл. жар, жар-птушка.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Жубрава́ць ’доўга старанна працаваць’, ’выпрошваць’ (Юрч.). Польск. żubrować ’ачышчаць збожжа ад восцей, прапускаючы яго праз спецыяльны апарат żubrównik’. Першае бел. значэнне магчыма тлумачыць як развіццё запазычанага польск., другое адлюстроўвае гукавую змену жабраваць (гл. жабра́к). Але і першае магло ўзнікнуць непасрэдна на бел. глебе ў выніку семантычнага развіцця паводле мадэлі ’выпрошваць’ > ’пакутаваць’ > ’цяжка працаваць’ (параўн. слав. trǫdъ ’хвароба’ > ’праца’). У сувязі з другім значэннем параўн. яшчэ серб.-харв. жу̏борити ’рабіць лёгкі шум’, балг. дыял. жуборя ’шумець’, макед. жубори ’тс’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Залёты ’імкненне выклікаць прыхільнасць з боку асобы іншага полу’. Укр. зальо́ти ’тс’. З польск. zaloty ’тс’. Паводле Брукнера (644), o незаканамерна з ě: lětь ’воля, магчымасць’. Гл. адлёт, лець. На запазычаны характар указвае ўкр. форма, а таксама фармальная і семантычная агульнасць польск., бел., укр. слоў. Параўн. з адрозненнямі чэш., славац. zálety ’залёты’, рус. залет ’зух, удалец’, залётка ’каханая’, славен. zalèt ’забег, спроба’, серб.-харв. за́лет ’разбег, размах’. Гл. заляцацца. Пра рус. залётка Адзінцоў, Этимология, 1974, 120–124.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Замо́жны ’багаты’. Рус. паўд., смал., бранск. замо́жный, заможно́й, укр. замо́жний ’тс’, польск. zamożny ’тс’, серб.-луж. zamožny ’заможны, здольны’, чэш., славац. zamožny, славен. zamǫ́žen, балг. заможен ’багаты’. Параўн. ст.-польск. zamożysty ’заможны’, zamóc ’узмацніць, дапамагчы’ (XVII ст.). Слова ўтворана, відаць, з суфіксам ‑ьn‑ і адпаведным чаргаваннем g — ž ад бязафікснага назоўніка zamoga < za + mog‑ti ’ўзмацніць’ (гл. магчы). Булахаў, Гіст. прыметнікаў, 3, 1973, 140: заможны — прыставачнае ўтварэнне ад той жа асновы, што і ст.-бел. можный ’багаты’ (гл. можны).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)