Сту́дня ‘калодзеж’ (ТСБМ, Ласт., Касп., Шат., Байк. і Некр., Бяльк., Гарэц., Сцяшк., Федар. 4, Сл. ПЗБ), сту́ння ‘тс’ (навагр., ДАБМ, камент., 807), сту́льня, сту́лня ‘тс’ (Сцяшк.; ваўк., ДАБМ, камент., 806). Заходне- і часткова ўсходнеславянскае: укр. дыял. сту́дня, польск. studnia ‘калодзеж’, ст.-польск. ‘крыніца’, в.-луж. studnja, н.-луж. studńa, чэш. studna, славац. studňa. Прасл. дыял. *studьńa, дэрыват ад прасл. *studъ, параўн. чэш. stud, рус. дыял. студ, ц.-слав. стоудъ ‘холад; сцюжа’, ст.-слав. стоудень ‘халодны’, гл. Борысь, 585; Махэк₂, 589–590. Шустар-Шэўц (1369) лічыць вытворным ад дзеяслова *studiti ‘студзіць’. У беларускай і ўкраінскай, хутчэй за ўсё, запазычанне з польскай, паводле суфіксацыі, лінгвагеаграфіі (абмежаваны паўночна-заходні арэал, гл. ДАБМ, к. 241) і з-за адсутнасці ў беларускага слова значэння ‘крыніца’, параўн. студзень3.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сусе́д ’чалавек, які жыве паблізу, побач або займае бліжэйшае месца’ (ТСБМ, Нас., Шымк. Собр., Ласт., Касп., Некр. і Байк., Бяльк., Шат., Сл. ПЗБ, ТС, Растарг.), сусе́дзь ’тс’ (Ян.), сасе́д, сасе́дзь ’тс’ (Сл. ПЗБ), ст.-бел. сусѣдъ ’тс’ (Карскі 1, 122), сусѣда ’тс’ (Альтбаўэр). Укр. сусі́д(а), рус. сосе́д, дыял. сусе́д, ст.-рус. сусѣдъ, польск. sąsiad, в.-луж. susod, н.-луж. sused, чэш. soused, славац. súsed, серб.-харв. су̏сјед, славен. sósẹd, балг. съсе́д, макед. сосед, ст.-слав. сѫсѣдъ. Прасл. *sǫsědъ ’сусед’, дэрыват з прыст. *sǫ‑ і назоўнікавым коранем *‑sěd‑ < *sěděti ’сядзець’; гл. Шустар-Шэўц, 1380, Фасмер, 3, 726; Трубачоў, Проспект, 80; ESSJ SG, 1, 240. Борысь (540) разглядае як аддзеяслоўны назоўнік ад *sъ‑sěsti () ’сесці разам, побач’, першапачаткова як назва дзеяння з наступным пераходам *sъ‑ > *sǫ‑.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сцаць ’выдзяляць мачу’ (Нас., Сержп. Прымхі), сцяць ’тс’ (ашм., Стан.), сца́цца ’мачыцца пад сябе’ (Нас.; ашм., Стан.). Укр. сця́ти, рус. сцать, польск. szczać, в.-луж. ščeć, н.-луж. scaś, šcaś, чэш. scáti, славен. scáti, серб.-харв. старое і дыял. ścati, ст.-слав. сьцати ’тс’. Прасл. *sьcati < *sьkati у выніку трэцяй палаталізацыі; сюды ж стараж.-рус. сьчь ’мача’, ц.-слав. сьчь, серб.-харв. са̏ч, славен. sə̀č ’тс’; гл. Фасмер, 3, 815–816. Першапачаткова ’выдзяляць вадкасць, пушчаць сокі’ (Борысь, Etymologie, 54). Да і.-е. кораня *sei̯k‑ ’выліваць; цячы’ (Борысь, 594). Гл. яшчэ Махэк₂, 538; Глухак, 541; Шустар-Шэўц, 1408; ЕСУМ, 5, 492; параўн. сі́каць. Сюды ж сца́кі ’мача’, сцо́ха перан. ’сварлівая жанчына’, сцулі́ ’мача’, сцуль, сцу́лля ’той, хто мочыцца пад сябе’ (Нас.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сірата́ ‘дзіця або падлетак, які застаўся без аднаго або без абодвух бацькоў’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Бяльк., Стан.), сірота́ ‘тс’ (ТС), сіраці́ць ‘рабіць сіратою’ (Нас., Касп., Стан.), сіраці́на ‘сірата’ (Байк. і Некр., Касп., Ласт., Нас.), ст.-бел. сирота ‘тс’. Укр., рус. сирота́, польск. sierota, в.-луж., н.-луж. syrota, чэш. sirota, серб.-харв. сиро́та, славен. sirọ̑ta, балг. си́рота, макед. сирота ‘тс’. Прасл. *sirota ‘сірата’ дэрыват ад прым. *sirъ з суф. ‑ota, першапачаткова nomen abstractum. Гл. Шустар-Шэўц, 1401–1402; БЕР, 6, 700. Кантытуанты прасл. *sirъ (гл. сіры) роднасныя літ. šeirỹs ‘удавец’, šeirẽ ‘удава’, авест. saē ‘сіратлівы, асірацелы’; гл. Траўтман, 301; Эндзелін, Слав.-балт. эт., 196; Праабражэнскі, 2, 289; Фасмер, 3, 627; Махэк₂, 544. Борысь (546) выводзіць *sirъ ад і.-е. *kei‑ з суф. ‑ro.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

То́лезны ’такі вялікі, такі шматлікі’ (Ласт., Некр. і Байк.). Экспрэсіўнае ўтварэнне з суф. ‑(е)зн‑, параўн. велічэ́зны, вялі́зны (гл. вялікі), што ўзыходзіць да прасл. *toli, *tolě ’так, столькі’, параўн. укр. дыял. толь ’тс’, тіль ’трохі, не надта многа’, рус. дыял. то́ли, толь ’столькі, настолькі’, стараж.-рус. толи ’потым, і, а’, польск. tyle ’так многа’, дыял. toli ’вось, толькі, а як жа’, чэш. дыял. toli ’столькі, так многа’, н.-луж. toli ’таму што’, a toli ’ўсё ж, аднак, тым не менш’, славен. toli ’так, столькі’, старое серб.-харв. toli, tolje ’настолькі, так’, ст.-слав. толи, толь ’столькі, настолькі’. Спалучэнне дэманстратыўнага займенніка *to з часціцай *li, суадноснае з літ. tõlei ’да таго часу’ і роднаснымі tõl, tolì ’далёка’ (ESSJ SG, 2, 675; Фасмер, 4, 70; Шустар-Шэўц, 1514).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пясць ’кісць рукі’ (ТСБМ, Нас., Стан., Ласт.), сюды ж пясць, пя́стка ’жменя’ (даўг., Сл. ПЗБ; віц., Шн.), укр. пʼясть ’кісць рукі; кулак’, рус. пясть ’кісць рукі’, польск. pięść ’кулак’, чэш. pešt ’тс’, славац. päsť ’тс’, в.-луж. pjasć ’тс’, н.-луж. pěsć ’тс’, палаб. pǫst ’тс’, славен. pẹ̑št ’кулак; прыгаршчы’, серб.-харв. пе̂ст, пе̏ст ’кулак’, балг. пе́стник ’кулак’. Прасл. *pęstь ’кулак; сціснутыя пяць пальцаў рукі’, далей звязваюць з і.-е. *penk​e ’пяць’ (Сной₂, 508; Фасмер, 3, 424). Роднаснае ст.-в.-ням. fūst ’кулак’, ням. Faust ’тс’, ст.-англ. fyst ’тс’, гл. Траўтман, 218; Шустар-Шэўц, 2, 1072. Сумнеўная сувязь з пядзя (гл.), літ. kùmstė ’кулак’, якую дапускае Брукнер (412); гл. пярэчанні ў Фасмера (там жа), Скока (2, 645). Агляд версій гл. ESJSt, 11, 642.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рагата́ць ’гучна смяяцца’ (ТСБМ, Гарэц., Сцяшк.; калінк., шчуч., астрав., Сл. ПЗБ), ’гагатаць’ (пра гусей) (рас., Сл. ПЗБ), ’іржаць’ (пра каня) (Нар. лекс.; ДАБМ, камент.), рагаце́ць ’смяяцца’ (Сцяшк. Сл.; Сл. ПЗБ), рогота́ты ’голасна смяяцца’ (Булг.), рогота́ць ’тс’ (ТС); рус. дыял. регота́ть ’гучна смяяцца’, укр. регота́ти, реготіті ’гучна смяяцца’, польск. rzegotać, rzechotać ’квакаць’, чэш. řehotati ’іржаць, хіхікаць’, славац. rehotať sa ’іржаць’, в.-луж. rjehotać ’іржаць, моцна смяяцца’, н.-луж. rjagotaś ’квакаць, трашчаць, іржаць’, славен. réga ’кваканне’, regetáti, rogítati ’квакаць’, серб. ре̏га, харв. rȅga ’гырканне сабакі’. Прасл. *reg(ot/ъt)‑ati. Далей звязана з бел. ры́гаць (гл.), чэш. říhati ’адрываць’. Гукаперайманне (Шустар-Шэўц, 2, 1219, 1225; Бязлай, 3, 145), ёсць спробы выявіць роднасць з рагаза́ ’сварка’, лат. rēdzêt ’злавацца’ (Фасмер, 3, 457). Гл. таксама рахтаць ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ра́ды ’задаволены, абрадаваны’ (ТСБМ; віл., Стан.; Сл. ПЗБ, ТС), рад ’тс’: я й сам сабе рад (Сержп. Прык.), сюды ж памянш. радзю́сенькі ’вельмі рады’ (Нас.), укр. ра́дий, рад, рус. рад, польск. rad, кашуб. råd, чэш. rád, славац. rád, в.-, н.-луж. rad, палаб. rådo ж. р., славен. ràd, серб.-харв. ра̏д, балг. дыял. рад, макед. дыял. рад, ст.-слав. радъ ’радасны, вясёлы’. Прасл. *radъ, параўн. ст.-англ. rōt ’вясёлы, бадзёры’, ст.-ісл. rétast ’абрадавацца’; звязваюць таксама з прасл. *raditi/*roditi ’дбаць, старацца’ (Шустар-Шэўц, 2, 1200), гл. рад2, радзець2 (ESJSt, 12, 745 з аглядам літ-ры; Глухак, 515; Бязлай, 3, 143; БЕР, 6, 142–143).

Рады́ ’гадавыя кругі на рагах каровы’ (смарг., лудз., Сл. ПЗБ). Да рад1 (гл.)

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ра́пушка ’невялікая прэснаводная рыба сямейства ласасёвых’ (ТСБМ), ра́пушка, ря́пушка ’сялява, Coregonus albula L.’ (Жук.). Параўн. рус. ря́пушка ’тс’. Паводле Усачовай (Зб. Бернштейну, 1971, 467 і карта), назва характэрна пераважна для паўночна-заходняй Расіі і суадносіцца з вепс. ŕäpus, фін. rääpus, эст. räabus, rääbis ’тс’, ад якіх узніклі рус. ря́пуша, ря́пуха, адкуль з суфіксам ‑к(а) утворана назва, гл. Фасмер, 3, 538, які адмаўляе сувязь з лат. rempans ’кароткі і тоўсты’ і ням. Raupe ’вусень’, а таксама з рабы, гл. Праабражэнскі, 2, 242; Усачова, Слав. ихт. терм., 88. Не звязана з польск. rapa ’назва рачной рыбы’ (< ням. Rapfen, гл. Брукнер, 454) і н.-луж. rapa ’карп’ (< с.-н.-ням. rape ’тс’, гл. Шустар-Шэўц, 2, 1207). Гл. таксама Мызнікаў, Рус. гов. Обон., 187–189.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Расто́ка ’рытвіна, размытая веснавой вадой’ (Ласт.), ’паводка’ (Сцяшк. Сл.), ’месца, у якім шырыня ракі значна павялічваецца’ (Ластоўскі, Выбр. тв., 422), ’адліга’ (Сл. ПЗБ). Параўн. польск. roztoka ’вузкая даліна; ручай’, старое таксама ’адліга, разводдзе’, чэш., славац. ráztoka ’зліццё малых ручайкоў у большую плынь’, в.-луж. rostoka (roztoka) ’роў, па якім вада збіраецца ў плынь ці азярцо’, макед. растока ’разгалінаванне ракі’, расток ’разліў’. Прасл. *orztoka, што з *orz‑ (гл. рас-) і *tekti (гл. цячы, ток), гл. Шустар-Шэўц, 2, 1243. Махэк₂ (510) бачыць у чэшскай і славачкай назвах адлюстраванне погляду знізу, што прысутнічае ў славен. ráztoka ’кол з развілкай у плоце’, славац. ráztok ’развілістая галіна’, паводле Фурлан (Бязлай, 3, 160), у выніку змены nomen actionis > nomen acti з *(orz)točiti ’раздзяліць, развесці’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)