прывы́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які стаў прывычках, увайшоў у прывычку. Полаз і Вітушка паабедалі з прывычнай сялянскай паважнасцю. Шамякін. Пётра падышоў да сцірты і сказаў прывычнае «добры дзень». Пташнікаў. Увесь наш прывычны парадак механічнай работы пачаў трашчаць на ўсіх застаўках. Скрыган. // Добра знаёмы, звычайны. Халасцяцкі пакой, пусты, .. па-роднаму прывычны, зараз здаваўся.. [Банжыну] чужым. Шыцік.

2. Які выпрацаваў прывычку да чаго‑н., прывык да чаго‑н. Але прывычны паляўнічы зрок Адгадваў сярод густой травы, Па росах збітых воўчыя сляды. Танк. Лучына дыміць і чадзіць. Непрывычнаму чалавеку было б кепска пры гэтым асвятленні, а прывычнаму — лепей і не трэба. Бядуля. Упартыя мазгі, як прывычны конь, заварочваюць на старую дарожку. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рог¹, -а, М ро́зе, мн.і (з ліч. 2, 3, 4) рагі́, рог і раго́ў, м.

1. Выраст з касцявога рэчыва на чэрапе ў некаторых жывёл.

Валовыя рогі.

Абламаць або пазбіваць рогі каму-н. (перан.: уціхамірыць, утаймаваць, прымусіць каго-н. пакарыцца; сагнаць пыху з каго-н.; разм.). Сагнуць (або скруціць) у бараноў р. (перан.: строгасцю, жорсткасцю прымусіць каго-н. пакарыцца, падпарадкавацца; разм.).

2. Музычны або сігнальны інструмент у выглядзе сагнутай трубы з расшыраным канцом.

Паляўнічы р.

3. Полы рог жывёліны, які выкарыстоўваецца для піцця і як ёмішча.

Піць віно з рога.

Р. багацця (пра невычэрпную крыніцу багацця, дабрабыту).

4. Востры загнуты канец чаго-н.

Р. пячных вілак.

|| памянш. ражо́к, -жка́, мн. ро́жкі, -жак, м. (да 1 знач.).

Рожкі ды ножкі засталіся ад каго-н. (нічога не засталося; разм.).

|| прым. рагавы́, -а́я, -о́е (да 1 знач.) і ро́гавы, -ая, -ае (да 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Та́йстра ’клунак, хатуль, мяшочак’ (Нас., Гарэц.), ’кайстра, торбачка’ (Бяльк.), ’кайстра, торба, сакваяж, дарожны мяшок’, ’кашэль’, ’паднос’, ’сподак’ (Ласт.), та́йстрачка ’торбачка’ (Некр. і Байк.), ст.-бел. тайстра, стайстра ’кайстра; торба’ (1556 г., Булыка, Запазыч., 316; Ст.-бел. лексікон). Укр. та́йстра, дыял. стра́йста ’торба, з якой кормяць коней’, рус. смал. та́йстра ’вялікі мяшок’, тра́йста ’кашэль’, старое польск. tajstra ’мяшок для прадуктаў (паляўнічы, салдацкі)’. Запазычанне з польск. (ст.-польск.) tajstra (Булыка, там жа), якое Брукнер (564) адносіў да чэш. tanistra ’(вайскавы) ранец’ з далейшымі нямецкімі і лацінскімі роднаснымі паралелямі; падрабязней гл. Фасмер, 4, 12; Басай-Сяткоўскі, Słownik, 388, а таксама ка́йстра. Больш верагодны шлях, паводле Враб’е (Зб. Расэці, 994–995), праз украінскую з рум. tráistă ’торба, мяшок, сумка’. Карпацкі балканізм, параўн. алб. tráistë ’тс’, якое, у сваю чаргу, з візант.-грэч. τάγιστρον ’мяшок для фуражу’ (ЕСУМ, 5, 504).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

прасі́цца, прашуся, просішся, просіцца; незак.

1. Прасіць аб дазволе зрабіць што‑н. (увайсці, адправіцца куды‑н. і пад.). У будку, да цяпла, прасіўся чалавек. Навуменка. Людзі пачалі прасіцца ісці на заданне, хоць назначаны адпачынак яшчэ не скончыўся. Шамякін. // Выказаць жаданне адправіць натуральную патрэбу (пра дзяцей, жывёл).

2. Прасіць, каб прынялі ці залічылі куды‑н. Прасіцца на фронт.

3. Разм. Прасіць прабачэння, спагады, дапамогі і пад. — Ратуй мяне, чалавеча! — просіцца ў.. [дзеда] паляўнічы. Якімовіч. — Ну што вам значыць, — прасілася Лёдзя, гулліва пабліскваючы вачыма і верачы ў поспех. Карпаў.

•••

Просіцца на язык — вельмі хочацца сказаць. Многа крыўдных, балючых для .. [Веры] слоў прасілася на язык, але .. [Мікалай] змоўчаў. Дамашэвіч.

У рукі просіцца — пра тое, што лёгка, без цяжкасцей дастаецца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

які́, -а́я, -о́е; займ.

1. пыт. і адносны. Абазначае пытанне пра якасць, уласцівасць, прымету чаго-н.

Якое сёння надвор’е? Не ведаю, якое сёння чысло.

2. у клічных сказах. Абазначае ацэнку якасці каго-, чаго-н., выражае захапленне, здзіўленне, абурэнне і пад.

Які сад!

Якая бяда!

Які нягоднік!

3. Пры рытарычным пытанні ці ў рэпліцы ў адказ абазначае адмаўленне: ніякі, зусім не.

Які з яго паляўнічы? Ай, які там заработак.

Мала атрымалі.

4. неазнач. Тое, што і які-небудзь (у 1 знач.; разм.).

Праз якую гадзіну пад’едзе і бацька.

Калі што якое (разм.) — калі здарыцца што-н. нечаканае, узнікнуць якія-н. цяжкасці, непрыемнасці.

Які б ні быў (разм.) — які хочаш, любы; такі, які ёсць, калі іншага няма, іменна такі.

Які-ніякі (разм.) — хоць які-н., няхай нязначны, не надта добры.

Якое-ніякое жыллё, а сваё.

Які яшчэ? (разм.) — ужыв. ў знач. «які» для ўзмацнення пытання.

Акучнік забраў Сяргей. — Які яшчэ Сяргей?

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Ба́біць1 ’бабіць, прымаць дзіця ў парадзіх’ (Нас., Бяльк., Касп., Шат., Гарэц., Бір. Дзярж., Др.-Падб., БРС), ’рэзаць пупавіну’ (Жд.). Прасл. babiti ’тс’ (вытворнае ад baba, гл. ба́ба1): рус. ба́бить, укр. ба́бити, польск. babić, чэш. babiti, серб.-харв. ба̏бити і г. д.

Ба́біць2 ’цацкацца, насіцца’ (Юрч.), ба́быть (палес., Лысенка, ССП) ’цешыць, няньчыць’. Семантычнае развіццё ба́біць1 (гл.).

Ба́біць3 ’вабіць (птушак)’ (Маш.). Паходжанне гэтага слова не зусім яснае. Агульнаслав. паляўнічы тэрмін быў vabiti ’вабіць голасам’ (гл. Махэк₂, 673). Таму можна думаць, што палес. ба́біць з’яўляецца: 1) або фанетычнай трансфармацыяй vabiti (асіміляцыя v — b > b — b); 2) або перараскладам прэфіксальнага дзеяслова ob‑abitі < ob‑vabiti. Не выключаецца, аднак, сувязь з ба́біць ’цешыць, няньчыцца, цацкацца’ (гл.). Цікава, што палес. ба́біць, ба́бік (гл.) мае дакладную паралель у зах.-слав. мовах: польск. wabić, wabik, славац. vábiti, vabik вабік для прываблівання птушак’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Каката́ць, какыта́ць ’сакатаць’ (Бяльк.). У якасці адпаведнікаў можна прывесці ўкр. кокотіти ’лепятаць, балбатаць’, верагодна, рус. ярасл., наўг. кокотать ’сакатаць’, польск. kokotać ’пра голас фазана ў час гульні (паляўнічы тэрмін)’, в.-луж. kokotać ’сакатаць’, н.-луж. kokotaś ’сакатаць і інш.’, славен. kokotáti ’тс’, серб.-харв. коко̀тати ’тс’, балг. дыял. кокоча ’выдаваць голасам ко‑ко’. Ёсць і формы з іншым суфіксам: польск. дыял. koktati, чэш. kokiati і наогул без суфікса: польск. і інш. kokać у розных блізкіх значэннях. Паралелі да бел. лексемы быццам бы дазваляюць рэканструяваць праслав. kokotati, аднак спосаб утварэння слова не вельмі ясны. Слаўскі (2, 332) мяркуе, што ад kokać (< *kokati, якое ад гукапераймальнага koko) з пашырэннем суфіксаў ‑ot‑: ‑ъt‑ або, магчыма, ад асновы kok‑ з тыповай для гукапераймальных дзеясловаў структурай ‑ъt‑ati, ‑ot‑ati. Параўн. і кокат (гл.). Да адзначанага польск. слова параўн. і літ. дыял. kakóti (пра пеўня).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пісталет, пістоле́т, пістоль, пістоля ’агнястрэльная зброя з кароткім ствалом’ (ТСБМ, Яруш., Бес., Касп.), ’дурны, сляпы’ (Нас.), ст.-бел. пистолетъ, пиштолетъ ’тс’ (з 1616 г.) запазычана са ст.-польск. pistolet, якое з франц. pistolet ’тс’. Аднак пістоль, пістоля узыходзіць да ст.-чэш. pišťala (са слэнгу гусітаў у XVI ст.) < písčala, píščela, píščel ’музычны інструмент’ і ’агнястрэльная зброя’; гэтае слова ў XV ст. запазычылі немцы (pitschal, pitschole, petstole) і слова (ужо *pitstol) перайшло ў франц. мову як pistolet — памяншальная форма ў сувязі з тым, што ў франц. мове pistole абазначае ’залатая манета’. У XVI ст. pišťala пранікла ў Польшчу (piszczel), у канцы XVII ст. — і ў Расію, а таксама ў іншыя краіны. Раманісты (Штрэкель, AfslPh, 26, 408; Меер–Любке, 542) выводзілі франц. pistolet з італ. pistola, а апошняе — з назвы горада Pistola ў Таскане. Гэтаксама і Варш. сл., 4, 210. Васэрцыер (173) у якасці крыніцы запазычання прыводзіць італ. pistoleseпаляўнічы нож з Пістоі’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

сабака, пёс / вартавы: аўчарка / паляўнічы: ганчак, ваўкадаў; цюлік, барбос (разм.) / дваровы: дварняк (разм.) / з кароткім ці ўрэзаным хвастом: курта (разм.); ваўкарэз (абл.); цюця, цюцька (дзіц.)

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

Страля́ць ‘пускаць стрэлы, кулі, снарады’, ‘забіваць, расстрэльваць’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Байк. і Некр., Сцяшк., Бяльк., Сл. ПЗБ), стрэля́ць ‘тс’ (ТС, Пятк. 2), страля́ць ‘біць, паліць (пра пярун)’ (Сержп. Прымхі, Сл. ПЗБ), ‘гучна лопацца, трэскацца’ (Сл. ПЗБ), сюды ж стрэ́ліць ‘выстраліць’ (ТСБМ, Бяльк., Гарэц., Байк. і Некр., Стан., ТС), ‘забіць; ударыць’ (Сл. ПЗБ). Параўн. укр. стріля́ти, рус. стреля́ть, стараж.-рус. стрѣляти, польск. strzelać, в.-луж. třelić, н.-луж. stśelaś, чэш. střeliti, славац. strielať, серб.-харв. стријѐљити, славен. stréljati, балг. стре́лям, макед. стрела. Прасл. *strěliti вытворнае ад *strěla (гл. страла1), з першасным значэннем ‘пускаць стрэлы’; гл. Фасмер, 3, 774; Бязлай, 3, 327. Сюды ж стрэл ‘выстрал’ (ТСБМ, Нас., Касп., Ласт.), ‘стральба, страляніна’ (Сл. ПЗБ, ТС), страле́ц ‘стралок; паляўнічы’ (ТСБМ, Пятк. 2, Нар. Гом., Сержп., Сцяшк., Барад., Сл. Брэс.), страллё ‘стрэльба’ (Сцяшк. Сл.), стральба́ (стрѣльба) ‘паляванне’ (віц., Яшк. Мясц.), ст.-бел. стреленье ‘выстрал; адзінка вымярэння адлегласці стрэлу, роўная 60–80 м’ (Ст.-бел. лексікон). Гл. таксама стрэльба.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)