прамільгну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

1. З’явіцца, паказацца і хутка знікнуць. Паравоз маланкай прамільгнуў праз станцыю. Лынькоў. Паміж сасонак адна за адной прамільгнулі цёмныя цені. Шчарбатаў. // Пра ўяўны рух прадметаў, міма якіх рухаецца чалавек.

2. Вельмі хутка прайсці (пра час). Тыдзень прамільгнуў нібы адзін дзень. Шыцік. Прамільгнуў матыльком светлакрылым дзень. Мурашка. // перан. Узнікнуць, з’явіцца на імгненне (пра думкі, пачуцці і інш.). І тут нейкім чынам у памяці Лабановіча прамільгнуў малюнак спаткання з Турсевічам на Палессі. Колас. — Шчасце чалавека ў няведанні, — несвядома прамільгнула ў Ігнася думка. Чорны. // перан. Чуць прыкметна, злёгку выявіцца. У сініх вачах жанчыны прамільгнула насцярожанасць. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ты́ркаць1 ‘тыкаць’ (ТСБМ, Байк. і Некр.), ‘утыкаць што-небудзь вострае’ (Нас.), ‘саджаць’ (Нас., Юрч. СНЛ), ‘закладаць, насаджваць (снапы ў азярод)’ (рагач., калінк., Сл. ПЗБ), ‘засоўваць (грэбень у валасы)’ (рагач., Сл. ПЗБ), ‘бадзяцца, валэндацца’ (Зайка Кос.), тыркаты ‘поркаць, утыкаць’ (Клундук), ты́ркнуць ‘усунуць, тыкнуць’ (Нас.), ‘паказацца, з’явіцца’ (Сцяшк.), тыркану́цца ‘высунуцца’ (Бяльк.), тырну́ць ‘высунуць, выставіць, паказаць’ (Юрч. СНЛ), сюды ж ты́ркаць нос ‘заглядваць’; утыркну́ць ‘уткнуць’, ‘спешна, на хаду падаць што-небудзь’ (Нік., Оч.) — у сувязі з апошнім параўн. харв. tȓk, серб. тр̑к: у тр̑ку ‘на бягу’, тр̏ка ‘беганіна’. Гукапераймальнае (рухапераймальнае) утварэнне ад тырк ‘штоўх, пыр’ (Нас.), ‘тырк’ (Байк. і Некр.), якое можна супаставіць з літ. tùrk‑terėti ‘штурхнуць’ (Буга, Rinkt., 1, 490). Карскі следам за Шахматавым на фоне ўсх.-слав. *trъk‑ разглядае як выпадак т. зв. трэцяга поўнагалосся (Карскі 1, 258) — экспрэсіўна пераўтворанае то́ркаць (Фасмер, 4, 132). Варбат (Исслед., 64) бачыць у рус. ты́рнуть ‘усунуць’ (пры торкнуць, гл.) ступень падаўжэння рэдукцыі ў дзеясловах на ‑*ati і некаторых дзеясловах на ‑*nǫti.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

сма́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; незак., што і без дап.

1. Гатаваць на агні (мяса, рыбу, грыбы і пад.). Раскладалі вялікі агонь, на ражнах смажылі сала. Чарнышэвіч. Не паспела паказацца ў пакоі Вольга Сцяпанаўна, як Тарас Іванавіч закамандаваў: — Смаж яечню! Колас.

2. безас. Пра сухасць у роце, выкліканую смагай, жаданнем піць. Ад селядца смажыць. □ Смажыць. Даўно апаражнілі бутэлькі з вадой, што былі ў дзяўчат. Пташнікаў. На другім ад Ланска прыпынку.. [Мікалай] сказаў Данілу, што ідзе напіцца халоднай вады — смажыла надта пасля сала, — і выйшаў. Пальчэўскі.

3. Апякаць прамянямі, паліць (пра сонца). Сонца не пякло, а смажыла зямлю. Капыловіч. Калі ўспыхвае пунсовы ранак, сонца неміласэрна пачынае смажыць стэп. Лукша.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стро́іцца 1, строюся, строішся, строіцца; заг. стройся; незак.

1. Станавіцца ў строй (у 1 знач.). Дзяжурны па роце, лейтэнант Гогаберыдзе, загадаў строіцца. Мележ. Правялі кароткі мітынг і пачалі строіцца ў калоны. Чарнышэвіч.

2. Зал. да строіць ​1.

стро́іцца 2, строюся, строішся, строіцца; заг. стройся; незак.

Разм.

1. Збірацца, імкнуцца што‑н. рабіць. [Гушка:] — Цяпер .. [Сурвіла] тут, дзе я жыву, пашу сабе агароджваць строіцца. Чорны. Строіліся ўжо снедаць, і Агата сказала Рыгору, каб ён выйшаў і паклікаў Ліпачку. Сабаленка.

2. Прыбірацца, выстройвацца. За занавескай скрыпнуў ложак, мякка затупалі па падлозе ногі.., і па добрым часе, — чалавек, відаць, строіўся, каб не абы-як паказацца па людзях — адтуль выйшаў дзед Іван Астравік. Палтаран.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

застракаце́ць, ‑ціць; зак.

1. Вылучыцца сваім стракатым колерам, паказацца (пра што‑н. стракатае). І як пачало прыграваць сонца, застракацеў на гасцінцы нязвычны вялікі натоўп з самотным коннікам наперадзе. Шынклер. Поезд мінуў Краснае, з размаху ўварваўся ў лес, і пад адхонам застракацелі маладой зелянінай бярозавыя кусцікі. Пестрак.

2. Замільгаць перад вачамі, у вачах (пра што‑н. шматлікае, яркае). Такая іх [сняжынак] была безліч, што ўсё застракацела перад вачамі. Хадкевіч. / у безас. ужыв. У Косці аж застракацела ў вачах ад рознакаляровых бантаў у паненак і рознакаляровай вопраткі ў панічоў. Карпюк. // перан. Пачаць часта паяўляцца, сустракацца. Імя акцёра застракацела на афішах.

3. Стаць стракатым ад чаго‑н. Застракацелі кветкамі бульвары. □ Загаманілі сенажаці, застракацелі кашулямі белымі, хусткамі ровнакаляровымі. Кірэйчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

засквози́ть сов.

1. (стать сквозным) стаць (пача́ць) свіце́цца, засвіце́цца;

ли́стья опа́ли, и ро́ща засквози́ла лі́сце апа́ла, і гай стаў (пача́ў) свіце́цца;

2. (проглянуть) прагляну́ць, паказа́цца;

сквозь густы́е ве́тви засквози́ло голубо́е не́бо праз густо́е галлё прагляну́ла (паказа́лася) блакі́тнае не́ба;

3. (о сквозняке) безл. пача́ць прадзіма́ць, пача́ць цягну́ць, пача́ць прайма́ць; см. сквози́тьI.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

вы́явіцца, ‑яўлюся, ‑явішся, ‑явіцца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Наглядна праявіцца; паказацца (пра што‑н. скрытае). У хлопца выявіліся добрыя арганізатарскія здольнасці, старанне, настойлівасць і акуратнасць у рабоце. Кулакоўскі. // Разм. Паказаць сябе. Макар Лагун ужо не раз казаў Сцёпку, чаму ён не ў ячэйцы, .. і чаму не выявіўся нічым, як бязбожнік. Колас. // Выкрыцца, стаць відавочным. Выявіліся недахопы. Выявілася нястача грошай.

2. безас. (звычайна ў спалучэнні са злучнікам «што»). Аказацца на самай справе, у выніку чаго‑н. Ужо з першых крокаў выявілася, што такое заданне даць лягчэй, чым яго выканаць. Якімовіч. Калі праверылі людзей, то выявілася, што ўсе былі ў зборы. Мележ. Як выявілася, рыбакі паехалі ў сяло. Краўчанка.

3. Разм. Выпісацца адкуль‑н. Выявіцца з дамавой кнігі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́плысці, ‑плыву, ‑плывеш, ‑плыве; зак.

1. Плывучы, з’явіцца адкуль‑н., апынуцца дзе‑н. Човен выплыў з-за кустоў. Качкі выплылі на сярэдзіну ракі. // перан. Плаўна выйсці, паказацца. Выплыў месяц з-за хмар. □ Шырокая, прысадзістая, румяная Акуля паказалася ў пакоі, выплыўшы з кухні. Колас. Праз хвіліну з туману выплылі чыстыя домікі з гатычнымі дахамі. Шамякін.

2. Уплаў дабрацца да берага, выратавацца. Можа ехаў хто на чоўне, перакінуўся раптоўна, сам і выплыў, можа, неяк, а на дно пайшоў куфэрак? Дубоўка. Сашка выплыў і, нават не азірнуўшыся, як апантаны, пабег у вёску. Гамолка.

3. Усплысці на паверхню. Рыба выплыла з глыбіні. // перан. Узнікнуць, з’явіцца; выявіцца. Выплыла новае пытанне. □ Ярка выплыў у памяці вільготны асенні дзень. Дуброўскі.

4. Разм. Пусціць колас; пакрыцца каласамі, выкаласаваць. Выплыў ячмень буйным коласам.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паяві́цца, паяўлюся, паявішся, паявіцца; зак.

1. З’явіцца, паказацца. Акурат у гэты час бразнулі дзверы, і на парозе паявілася Феня. Сабаленка. // Аказацца ў наяўнасці. Пад вечар прайшла чутка, што ў ваколіцах вёскі паявіліся конныя польскія легіянеры. Колас. Хутка на стале паявіліся талеркі, шклянкі, патэльня з падсмажанай каўбасой, кафейнік са зваранай кавай. Хадкевіч. // Быць апублікаваным, выйсці ў свет. Раман паявіўся ў нашай літаратуры ў пачатку 20‑х гадоў як эпас рэвалюцыі. Дзюбайла.

2. Узнікнуць, зарадзіцца. У вачах у Веры Антонаўны паявіўся нездаровы бляск. Карпаў. / Пра апетыт, адчуванні, пачуцці, думкі і пад. Паявілася надзея. □ Было ні было, Доўбік глынуў гарэлкі — адкуль паявіўся апетыт. Гроднеў.

•••

Паявіцца на свет — тое, што і з’явіцца на свет (гл. з’явіцца). Макрэна перабралася да мужа. А неўзабаве паявіўся на свет і я. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́лецець, ‑лечу, ‑леціш, ‑леціць; зак.

1. Узняўшыся адкуль‑н., паляцець. Птушка вылецела з гнязда. □ З самага крайняга вулля нечакана вылецеў рой. Кулакоўскі. // З’явіцца, паказацца адкуль‑н. у час палёту. Самалёты вылецелі з-за хмары. // Пачаць палёт, адправіцца, адляцець. Самалёт ужо вылецеў з Кіева.

2. З сілай вырвацца, выйсці на паверхню, прастор. Куля вылецела з ствала. Корак вылецеў з бутэлькі. // Імгненна выпасці адкуль‑н., з чаго‑н. Вылецелі шыбы ад выбуху.

3. перан. Імкліва выехаць, выбегчы адкуль‑н. Раптам з-за павароту дарогі вылецелі насустрач.. машыне тры грузавікі. Шамякін. Грыша схапіў кашулю і подскакам вылецеў з пакоя. Пестрак.

4. перан. Разм. Выбыць адкуль‑н. не па свайму жаданню. Вылецець з інстытута. Вылецець са службы.

•••

Вылецець (выскачыць) з галавы (з памяці) — забыцца.

Вылецець кулём (куляю) — тое, што і выскачыць кулём (куляю) (гл. выскачыць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)