стра́сны, ‑ая, ‑ае.

1. Вельмі моцны, нястрымны ў сваім праяўленні (пра пачуцці). Дзейнасць пісьменнікаў прасякнута вялікім імкненнем адлюстраваць веліч і героіку свайго часу, страсным жаданнем сказаць сваё новае слова. Пшыркоў. // Пранікнуты моцным пачуццём, уздымам, натхненнем. Страсныя спрэчкі. □ Рэвалюцыйная эпоха патрабавала баявога, страснага, палітычнадзейснага слова. Івашын.

2. Які з вялікім уздымам адносіцца да чаго‑н., цалкам аддаецца якой‑н. справе. Страсны барацьбіт за шчасце народа. // Уласцівы такому чалавеку, які належыць яму. Была ціша, і толькі здалёк, з танцавальнай пляцоўкі, далятаў сумны і страсны голас спевака: круцілі пласцінку. Караткевіч.

3. Здольны на моцнае каханне, страсць. Страсны чалавек. // Вельмі палкі, гарачы. Яшчэ трапяталіся смехам вейкі, як .. [Рэня] ўздыхнула і раптам парыўчата абняла .. [Алёшку], страсным пацалункам апаліла анямеўшыя губы яго, выхапіла з рук самавар і хутка знікла за форткай. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

це́мра, ‑ы, ж.

1. Адсутнасць святла, густы змрок; цемната. Вечар поле цемраю ахутае, Цьмяны месяц прыплыве здалёк. Загарыцца на маўклівым хутары Ледзь прыкметнай зоркай аганёк. Панчанка. Людзей ужо не было відаць у начной цемры. Паслядовіч.

2. перан. Культурная адсталасць; невуцтва. Царызм, баючыся ўздыму нацыянальнай самасвядомасці народаў, пазбаўленых дзяржаўнасці і палітычнай самастойнасць, бачыў сваю задачу не ў развіцці навукі і культуры на ўскраінах імперыі, а ў насаджэнні адсталасці і цемры сярод нацыянальных меншасцей. Суднік. Вы [камуністы] развеялі ўсю цемру, Што сляпіла вочы нам. Журба.

3. перан. Увасабленне зла, пакут, цемрашальства. Над логавам нямецкага фашызму быў узняты чырвоны сцяг перамогі святла над цемрай. Брыль. Чаму заўсёды ходзяць разам, Заўсёды разам — боль і радасць? Таму, што ёсць святло і цемра, Таму, што ёсць жыццё і смерць? Мацяш.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наплы́сці, ‑плыву, ‑плывеш, ‑плыве; ‑плывём, ‑плывяце; пр. наплыў, ‑плыла, ‑плыло; зак.

1. Плывучы, наткнуцца на што‑н. Наплысці на корч. Наплысці на камень.

2. Прыплыўшы, набрацца ў нейкай колькасці. Наплыло шмат смецця.

3. Нацячы на паверхню чаго‑н. На вочы наплылі слёзы. На параненае месца наплыла кроў.

4. Набліжаючыся, насунуцца, закрыць сабой (пра хмары, воблакі, туман і пад.). Наплылі аднекуль хмары, закапаў дождж. Лупсякоў. На раку, На лугі Туманы наплылі. Кляшторны. // Пра гукі, пах. Здалёк наплыў гул гармат. У акно наплыў водар бэзу. // перан. Ахапіць, з’явіцца (пра думкі, пачуцці, успаміны, вобразы і пад.). Наплылі ўспаміны. □ На душу наплыло пачуццё шчасця. Пестрак. Андрэй хацеў сказаць мужыкам цэлую прамову, але так многа наплыло ўсякіх думак, што ён не ведаў, з чаго пачаць. Колас.

5. Разм. Трапіць куды‑н. Наплыла вада ў пограб.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

свет, -у, М све́це, м.

1. Зямля з усім тым, што на ёй існуе; сусвет (у 2 знач.), а таксама людзі, якія насяляюць зямлю, і ўсё, што акружае чалавека.

Падарожжа вакол свету.

Няпраўдай с. пройдзеш, ды назад не вернешся (прыказка).

2. Тое, што і сусвет (у 1 знач.).

Пакарыцелі свету.

3. які. Чалавечае грамадства, аб’яднанае пэўным грамадскім ладам, культурнымі і сацыяльна-гістарычнымі адзнакамі.

Антычны с.

Адышоў у нябыт стары с. (перан.: змяніўся лад жыцця).

4. чаго або які. Асобная галіна жыцця, з’яў, прадметаў.

Жывёльны с.

С. гукаў.

Духоўны с. народа.

5. чаго або які. Якая-н. сфера, галіна дзейнасці людзей.

С. навукі.

6. Кола асоб, якія належаць да прывілеяваных класаў.

Вышэйшы с.

Арыстакратычны с.

7. Зямное жыццё ў процілегласць незямному.

Выйсці ў свет — быць апублікаваным.

Гэ́ты свет — зямны свет, жыццё як супрацьпастаўленне замагільнаму свету.

Зжыць са свету — загубіць, знішчыць.

З усяго светуздалёк.

Ісці на той свет — паміраць.

На чым свет стаіць — вельмі моцна лаяць, крычаць.

Ні за што на свеце — ні ў якім выпадку, ніколі.

Пусціць на свет — нарадзіць.

Свет аб’ехаць — пабыць у розных месцах.

Свет не бачыў — незвычайна.

Такі свет настаў — настала не тое жыццё.

Той свет — замагільны свет як супрацьпастаўленне зямному свету, жыццю.

У белы свет як у капейку (разм.) — без мэты, не ведаючы куды (ісці, ехаць і пад.).

Чуць свет — раніцай, на золку.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

куля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.

Пераварочвацца цераз галаву; перакульвацца. То адзін, то другі з хлапцоў бліскаючы пяткамі, куляўся цераз галаву. Самуйлёнак. // Разм. Падаць, пераварочваючыся. Воўка аніяк не мог утрымацца на лыжах і раз-поразу куляўся ў снег. Кавалёў. Навокал шугала ўгору зеленаватае полымя выбухаў, адзін за адным куляліся ў чорную прорву вагоны. Паслядовіч. // Бегчы, перавальваючыся то на пярэднія, то на заднія ногі (пра жывёл). Вымчаўся [бацька] на дарогу, аглянуўся — куляецца здалёк за ім якаясьці звярына: ні то воўк, ні то мядзведзь. Якімовіч. // Моцна хістацца, трапляючы то пярэднімі, то заднімі коламі ў яміны, калдобіны (пра сродкі перамяшчэння). Недзе на першай палове шляху шаша прападае, і аўтобус ужо бяжыць, куляецца па прасёлкавых дарогах. Ракітны. // Рабіць мёртвую пятлю; пераварочвацца верхняй часткай уніз і наадварот (пра самалёт). [Машыніст] заўважыў, што лётчык кідаецца з боку ў бок, куляецца, значыць, у яго бомбаў няма. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

загляну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

1. Глянуць куды‑н., унутр чаго‑н.; кінуць позірк на тое, што трэба разгледзець, убачыць. Заглянуць у вочы. Заглянуць за шафу. Заглянуць пад ложак. □ Цыбаты бялявы хлопчык .. заглянуў у адчыненае акенца машыны. Гамолка. // перан. Пранікнуць куды‑н., асвятліць прамянямі (пра сонца, месяц і пад.). Святло месяца заглянула ў акно, і ў хаце стала неяк весялей і святлей. Кавалёў. // перан. Бегла пачытаць асобныя месцы (у кнізе, газеце і пад.). Заглянуць у кнігу.

2. Разм. Зайсці, заехаць куды‑н. мімаходам, на кароткі час. Ёсць над Сожам гарадок. Просім, ягамосці: Ехаць будзеце здалёк, Загляніце ў госці. Калачынскі. Невысокі рухавы стары, да якога мы заглянулі ў хату, сустрэў нас ветліва. С. Александровіч.

•••

Заглянуць наперад (у заўтрашні дзень) — задумацца над будучыняй, уявіць яе сабе.

Заглянуць у душу (нутро і пад.) каму, чыё — адгадаць чые‑н. думкі, пачуцці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скалаці́ць, ‑лачу, ‑лоціш, ‑лоціць; зак.

Разм.

1. што. Скаламуціць. Ой, ляцелі гусі ды з-пад Белай Русі, Скалацілі в[а]ду ціхага Дунаю. Багдановіч. — Ой, гусі в[а]ду скалацілі ў рэчцы... — Дзявочы голас чуецца здалёк. Барадулін. Ляцеў птах, на ваду — бах. Вады не скалаціў і сам не паляцеў. (Снег). З нар.

2. каго-што. Моцна пабіць, збіць. [Ляснік мядзведзя] Скалаціў, змалаціў, Вытаўк, аддубасіў, Пад зарокам адпусціў, Каб да пчол не лазіў. Калачынскі. // Пабіць, знішчыць. То скалоціць град дазвання, То пажар, то недарод... Так і мучацца звычайна, Б’юцца рыбай з года ў год. Броўка.

3. перан.; каго-што. Стварыць, сабраць, арганізаваць. Мы тут брыгадку з маладняка скалоцім, — прыкладам пераканаем... Шынклер. [Ваўчок:] — Хіба не я скалаціў калектыў, вядомы на ўсю рэспубліку? Хадкевіч. Андрэй пабыў ужо ў Пярэжыры, недалёкай вёсцы, сустрэўся там са сваім аднадумцам Андрэем Крывашчокім, які таксама скалаціў невялікую групу, звязаную з мінскімі падпольшчыкамі. Кухараў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пра́ма, прысл.

1. Па прамой лініі; у прамым кірунку, напрамку. Пайсці прама. □ — А тут .. [партызаны] спыніліся? — Не, яны паехалі прама. Паўлаў. Прама была седлавіна, і я вырашыў прайсці краж праз гэтую седлавіну. Шамякін.

2. Роўна, не нагнуўшыся. Сядзець прама. Трымацца прама. □ [Дар’я] бачыць .. [Пятра] яшчэ здалёк. Стройны, падцягнуты, ён крочыць лёгка і прама. Ракітны.

3. Зараз жа, непасрэдна, адразу. Прама з парога .. [бабка] падышла да печы і ціхенька пабудзіла ўнучку: — Вулька, Вулька, устань, вячэраць будзем... Лынькоў. // Неўскосна. Вывучэнне праблем, прама ці ўскосна звязаных з Каліноўскім, працягваецца і цяпер многімі даследчыкамі. Г. Кісялёў.

4. Адкрыта, шчыра. [Семяняка:] — Я скажу вам прама: за бальшавікоў буду гаварыць. Лобан. Алесь яшчэ не паспеў як след асэнсаваць свае першыя ўражанні аб новай рабоце, новых людзях і таму прама не адказаў. Шыцік.

5. у знач. узмацняльнай часціцы. У спалучэнні з прыназоўнікамі надае ім большую дакладнасць і канкрэтнасць; проста. А потым я сустрэў яе ў магазіне. Сустрэўся прама ў дзвярах. Гаўрылкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зіхаце́ць, ‑хачу, ‑хаціш, ‑хаціць і зіхце́ць, ‑хчу, ‑хціш, ‑хціць; незак.

1. Блішчаць, ззяць яркім, пералівістым святлом. Дні плылі спякотныя.., сонца зіхацела нясцерпна іскрыстым кругам. Мележ. Падобная на маланку, паласа пералівалася, зіхацела, азараючы панылы горны пейзаж. Шыцік. // Ярка, асляпляльна ўспыхваць. На двор жа страшна было вылезці: само неба, здаецца, лілося на зямлю і раз-поразу зіхацелі агністыя маланкі. Мурашка. І ў зорныя ночы, і ў ясныя дні Зіхцяць электрычнае зваркі агні. Гілевіч.

2. Ярка блішчаць, пералівацца, адбіваючы святло, праменне. На мокрай траве, на лістах алешніку буйнымі кроплямі зіхаціць раса. В. Вольскі. Асляпляльна зіхацеў снег. Шчарбатаў. // чым і без дап. Быць асветленым, упрыгожаным чым‑н. яркім. Елка ўся ў агнях зіхаціць, у цацках, істужкамі розных колераў прыбраная. Пянкрат. Шыбамі аконнымі здалёк зіхацеў маленькі гарадок. А. Вольскі. // Вылучацца яркім або светлым колерам. З аднаго боку клуба зіхацела жоўтай фарбай невялікая прыбудова. Ваданосаў. // Вылучацца навізной, чыстатой. У .. пакоі ўсё зіхацела ад чыстаты. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дуб, ‑а і ‑у; мн. дубы, ‑оў; м.

1. ‑а. Буйнае лісцевае дрэва сямейства букавых з моцнай драўнінай і пладамі жалудамі. Стогадовы дуб. □ Сілачом стаіць Дуб разложысты, І здалёк відаць пышны верх яго. Колас.

2. ‑у; толькі адз. Драўніна гэтага дрэва. Нарэзаць дубу. Бочка з дубу.

3. ‑а; перан. Разм. Пра высокага, моцнага чалавека. У Жарстана было сем сыноў, і чацвёра з іх такія ж дубы, як і бацька. Колас. // Пагард. Пра тупога, неразумнага чалавека. — Хоць і дуб ты, скажу табе, але заходзь, кульні з намі чарку: у мяне ж сёння вяселле — гуля-а-ем! Вышынскі.

4. ‑а. Адзін з відаў вялікіх лодак (на Дняпры, Доне). Пад поўнач Пятро Тугай закончыў рамонт дубоў, заліў смалою залапленыя месцы і вылез на паром. Краўчанка.

•••

Коркавы дуб — вечназялёнае дрэва сямейства букавых, кару якога выкарыстоўваюць для вырабу коркаў і інш.

Даць дуба гл. даць.

Плесці з дуба вецце гл. плесці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)