зато́р 1, ‑у, м.

1. Скучанасць людзей, транспарту або іншых прадметаў, якія перамяшчаюцца ў адным напрамку, а таксама затрымка руху ў месцах такой скучанасці; пробка (у 2 знач.). Пранесліся савецкія бамбардзіроўшчыкі, неўзабаве ў галаве калоны пачуліся выбухі. Утварыўся затор. Гурскі. Каб рэгуліроўшчык ведаў, што там затор, «пробка», ён бы ўсе машыны пусціў у аб’езд, па другой вуліцы. Жычка. // Скопішча крыг на рацэ вясной, бярвення ў час лесасплаву і пад. Воддаль чуліся гулкія выбухі — гэта ўзрывалі заторы [лёду] ля моста і ніжэй па рацэ. Хадкевіч. Увесь лес, які ішоў з вярхоўяў ракі, трэба было прапусціць так, каб ні адно бервяно не засталося на беразе і каб не ўтваралася затораў. Чарнышэвіч.

2. перан. Разм. Затрымка ў рабоце. — Не вырас яшчэ свой лес, а таму і з будаўніцтвам заторы. Лупсякоў.

зато́р 2, ‑у і ‑а, м.

Спец.

1. ‑у. Сумесь, прызначаная для браджэння пры вырабе гарэлкі, піва і інш.

2. ‑а. Колькасць брагі, якая пераганяецца за адзін раз для атрымання гарэлкі, а таксама гарэлка, атрыманая ў выніку такой перагонкі. Радзівон выгнаў.. аж два заторы. Прыдалася гарэлка добрая. Сачанка. — Выгналі адзін затор, я хапануў першака — і мора па калена. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бутэ́лька, ‑і, ДМ ‑льцы; Р мн. ‑лек; ж.

1. Шкляная пасудзіна для вадкасцей, звычайна цыліндрычнай формы з вузкім горлам. Пустая бутэлька. Бутэлька піва. □ Кума на просьбу паддаецца, За чарку тройчы ўжо бярэцца І толькі-толькі прыгубляе І чарку зноў не дапівае І руку цягне да бутэлькі. Колас. Паілі козліка малаком з бутэлькі, цераз соску. Брыль. // У значэнні: бутэлька віна, гарэлкі. Выпіць бутэльку. Прынесці бутэльку.

2. Руская мера вадкасцей, роўная 0,6 л, якой карысталіся да ўвядзення метрычнай сістэмы.

•••

Заглядаць у бутэльку гл. заглядаць.

Лезці ў бутэльку гл. лезці.

Паставіць бутэльку гл. паставіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сто́пка 1, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.

Невялікая шклянка для віна. І наліў паўнютку стопку: — Стукні, друг, і... не дышы. Бялевіч. // Колькасць віна, гарэлкі і пад., якая ўмяшчаецца ў такую шклянку. Цяпер Герасім Іванавіч куляе стопку без лішніх слоў і, рукавом уцершы вусны, пачынае навейшы рэпертуар, дзе на першым месцы таксама вайсковыя маршы. Карамазаў. Сядзім удваіх за столікам. У нас нават па стопцы чырвонага віна. Васілевіч.

сто́пка 2, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.

Тое, што і варыўня. Старая перабірала бульбу ў стопцы. Броўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ля́мпа1, ля́нпа, ле́мпа, ле́нпа ’прыбор для штучнага асвятлення электрычным токам, газай, нафтай’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Яруш., Бяльк., Шат., Касп., Сл. ПЗБ, Сцяц., Словатв.; драг., КЭС). Ст.-бел. лямпа (лампа) (XV ст.) ’тс’ запазычана са ст.-польск. lampa, якое з с.-в.-ням. lampe < франц. lampe < лац. нар. lampada < лац. lampas ’паходня, свечка, ліхтар, свяцільнік’ (Булыка, Лекс. запазыч., 103; Кюнэ, 72; Чартко, Бел. лінгв. зб., 151; Слаўскі, 4, 40–41).

Ля́мпа2, ля́мпачка ’шклянка (гарэлкі)’ (Нас.). Запазычана з польск. lampa (XVIII ст.), lampka (XIX ст.), ’шклянка для віна’ — першапачаткова форма шклянкі нагадвала лямпу (Слаўскі, 4, 41).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

По́лік1 ’божая кароўка’ (гродз., Шат., З жыцця). Паводле Шаталавай (там жа, 171), звязана з палі́к (гл.), укр. пола́к ’вышыты наплечнік жаночай сарочкі’ (з-за стракатасці), параўн. по́лка ’кавалак тканіны’; хутчэй, фанетычна змененае Паўлюк (гл.), параўн. пётра‑паўла ’божая кароўка’, або да поле (гл.): калі пагода, ляці ў поля (там жа, 169).

По́лік2 ’аб’ём у бутэльку’ (Нас.), ’мера спіртнога: паўлітровая бутэлька’ (смал.); параўн. рус. полишка ’палова чаго-небудзь; мера гарэлкі’. Ад *пол‑ ’палова’ (гл. паў-) з памянш. суф. ‑ік па тыпу ўтварэнняў ад лічэбнікаў сямік, асмік, параўн. аналагічныя славен. polič ’кубак’, харв. pòlić ’палова меркі’ і пад.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сы́чык ’скрутак лык’ (Бяльк., Сцяшк. Сл.; шкл., ЛА, 4), ’рухомая частка ў церніцы’ (Выг.), ’загваздка; жалезнае колца, што злучае “правіла” з задняй часткай воза’ (Арх. Вяр.), ’калок, які трымае пругло ў сілку на дзікіх качак’, ’трубачка, якую ўстаўлялі ў дзірку ў бочачцы пры наліванні гарэлкі ў кілішкі’ (ТС), сы́чыкі ’начоўкі з рылам для зліву вадкасці’ (капыл., Сл. ПЗБ), ’смажаная бульба’ (Сл. Брэс.). Разнастайны характар дэталяў з такой назвай звязаны з пераносам па функцыі, першаснае значэнне, відавочна, ’клін, стрыжань’, параўн. сыч2, гл. Звязана чаргаваннем галосных з сукаць; апафанічныя ступені *sъk‑/*suk‑/*syk‑ ’скручваць, валяць, качаць’, аб якіх гл. Вірбат, Этимология–1980, 33–34.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ві́ннік1 ’чалавек, які ўзяў на сябе якія-небудзь абавязацельствы’ (Гарэц.). Вытворнае з суф. ‑нік (< ьnъ + ikъ) ад назоўніка віна́1 ’доўг, абавязак’; параўн. рус. пск. вина ’тс’. Такім жа чынам утварылася блізкае да вышэйадзначанага ўкр. ви́нник ’даўжнік’, ст.-рус. винникъ ’віноўнік, вінаваты’ (XII ст.), польск. winnik ’вінаваты’, чэш. vinník, славац. vinník ’тс’.

Віннік2 ’вінакур, майстар па вырабу гарэлкі’ (Нас., КТС, КЭС, лаг.). Укр. винник, рус. винник ’тс’, паўн.-дзвін. ’рамізнік, які возіць віно (гарэлку)’, урал. ’чалавек, які патаемна гандлюе віном (гарэлкай)’, ст.-рус. винникъ ’віначэрп’ (з XI ст.); ’вінакур’ (з XVI ст.), польск. winnik ’вінакур’. Утворана пры дапамозе суф. ‑нік ад віно́ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трапёны ’няўрымслівы’ (Сцяшк. Сл.; карэліц., шчуч., З нар. сл.), трапе́нё ’ліха, хвароба’ (Арх. Бяльк.), трапе́ньне ’трапятанне’: няхай яго трапеньне возьме (Касп.), сюды ж трапе́нець ’вар’яцець, дурэць (ад гарэлкі)’ (Шат.), трапя́нка (trapiánka) ’баба, якая вышла з раўнавагі ад злосці ці ад надзвычайных жартаў’ (Варл.), трапе́няц ’неспакойны, хуткі ў дзеяннях чалавек’ (баран., Сл. Брэс.). З польск. utrapiony ’неспакойны, надакучлівы’, utrapienie ’прыкрасць, непрыемнасць’, trapienie ’непакой, хваляванне’, utrapieniec ’нязносны, нясцерпны хлопец’, у якіх ‑ra‑ замест ‑ro‑ пад уплывам старачэшскай мовы. У XV ст. ў старапольскай мове было таксама і tropić ’турбаваць, праследаваць, не даваць пакою’, utropić ’тс’, utropiony ’адурэлы, ап’янелы’ (Варш. сл.; Брукнер, 596; Борысь, 640). Гл. трапіць2. Параўн. тарапі́цца2, тарапя́нка, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

сп’яне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Разм. Стаць п’яным, ап’янець. Пасля пакурылі [Астаповя і Блецька], яшчэ выпілі па шклянцы, сп’янелі і яшчэ мацней пачалі гаварыць. Чорны. [Змітрок] выпіў адну чарку, потым другую, вельмі хутка забыўся на свой сорам і сум, разам з усімі смяяўся, жартаваў з Кузьмы, бо той неўзабаве зусім сп’янеў і заснуў проста за сталом. Сачанка. // Прыйсці ў стан, падобны да стану ап’янелага чалавека (ад пахаў, стомленасці і пад.). Мы проста сп’янелі ад гэтых кніг, ад усяго багацця, ад усяго хараства, пра якое, зразумела, раней не маглі і ў сне сасніць... Дубоўка. Гляджу я, — шаман ад песні больш, чым ад гарэлкі, сп’янеў; усе павесялела. Багдановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хрэн, ‑у, м.

1. Шматгадовая травяністая расліна сямейства крыжакветных з тоўстым мясістым коранем, які выкарыстоўваецца як прыправа. За акном у гародзе пад хатай парве хрэн — густа і шырака, як лопух на балоце, — над ім лёталі белыя матылі. Пташнікаў.

2. Горкі корань гэтай расліны, а таксама прыправа з гэтага кораня. Дубовы ліст, і хрэн, і кроп кладуць з гуркамі ў кадкі. Вялюгін. Штук шэсць шкляных банак з крэпкім хрэнам выглядалі з розных месцаў стала, тры «буслы» гарэлкі высока падымалі галовы над стусамі закусак. Колас.

•••

Стары хрэн (лаянк.) — пра старога чалавека. — Ну, ідзі, стары хрэн, ды хутчэй, жыва каб мне назад! — кіўнуў паліцэйскі. Кухараў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)