моцны алкагольны напітак; сумесь рэктыфікаванага этылавага спірту (40—56 аб’ёмных %) са змякчанай вадой. Для прыгатавання гарэлкі водна-спіртавую сумесь прапускаюць праз актываваны вугаль, потым фільтруюць. Розныя віды гарэлкі маюць цукар, пітную соду, ацэтат натрыю і інш. Перагонкай зброджаных пладоў і ягад атрымліваюць гарэлку вінаградную, вішнёвую і да т.п.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІКЁРА-ГАРЭ́ЛАЧНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна харчасмакавай прамысловасці, якая выпускае розныя віды гарэлкі і лікёра-гарэлачных вырабаў. Найбольш буйнымі вытворцамі лікёра-гарэлачных вырабаў у свеце з’яўляюцца Расія, Украіна, Польшча, ФРГ, Югаславія, Францыя і інш.
На Беларусі Л.-г.п. адна са старэйшых. У 1820-я г. ў 5 бел. губернях Расіі выраблялася 17,1% гарэлкі ад агульнай вытв-сці. У 1913 на спіртагарэлачную галіну прыпадала 44,3% валавой прадукцыі і 52,5% рабочых харчасмакавай прам-сці. У 1998 вытв-сцю лікёра-гарэлачных вырабаў займалася 68 прадпрыемстваў. Іх вытв. магутнасці складалі 20 млн. дал за год, загрузка абсталявання складала ўсяго 63—65%. На долю прадпрыемстваў недзярж. формы ўласнасці, якія выпускалі алкагольную прадукцыю прыпадала 25% аб’ёму вытв-сці гарэлкі і 14% лікёра-гарэлачных вырабаў. У 1997 вытв-сцьгарэлкі і лікёра-гарэлачных вырабаў склала 12,7 млн. дал, з якіх 2,1 млн. дал было накіравана на экспарт у асноўным у Расію. Імпарт гарэлкі і лікёра-гарэлачных вырабаў у 1997 склаў 411 тыс. дал, з іх з краін далёкага замежжа — 297 тыс. дал і краін СНД — 114 тыс. дал (Расія, Азербайджан).
Самым буйным прадпрыемствам Л.-г.п. з’яўляецца Мінскі вінна-гарэлачны завод «Крышталь», дзе штогод вырабляецца больш за 4 млн. дал лікёра-гарэлачных вырабаў 40 найменняў і 1,8 млн. дал этылавага рэктыфікаванага спірту, у т. л. і самых высакаякасных спіртоў «Люкс» і «Супер-Люкс». Сярод найб. вядомых гарэлкі з-да «Крышталь»: «Белая Русь», «Крышталь-100», «Усяслаў Чарадзей»; лікёры «Папараць-кветка», настойкі горкія «Белавежская асобая», «Лошыцкая», «Калядная», «Застольная» і інш. Сярод буйных прадпрыемстваў галіны: Клімавіцкі лікёра-гарэлачны з-д (14 найменняў гарэлкі, 9 найменняў горкіх настоек, бальзам «Клімавіцкі»), лікёра-гарэлачныя з-ды ў Віцебску, Брэсце, Гомелі і Гродне. Выпуск лікёра-гарэлачных вырабаў наладжаны таксама на шматлікіх вінзаводах (Слонім, Пружаны, Ілава і інш.). Сярод бел. бальзамаў найб. вядомы «Беларускі», «Брэсцкі», «Чорны рыцар». Прадпрыемствы Л.-г.п. неаднаразова ўдзельнічалі ў шматлікіх міжнар. выстаўках, дзе атрымлівалі дыпломы, медалі і прызы «За лепшую якасць прадукцыі».
П.І.Рогач.
Да арт.Лікёра-гарэлачная прамысловасць. Цэх разліву гарэлкі і гарэлачных вырабаў на Мінскім вінна-гарэлачным заводзе «Крышталь».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗЫ́РСКІ ЗАВО́Д КАРМАВЫ́Х ДРАЖДЖЭ́Й.
Пабудаваны ў 1983 у г. Мазыр Гомельскай вобл. Выпускаў кармавыя дрожджы. У 1995 перапрафіляваны на выпуск спірту этылавага рэктыфікаванага і гарэлкі. Асн. прадукцыя (1999): спірт этылавы рэктыфікаваны, гарэлка, напіткі пладовыя моцныя і вінныя вінаградныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗУ́ЛАЎСКАЯ ВІНАКУ́РНА-ДРАЖДЖАВА́Я ФА́БРЫКА Дзейнічала ў 1868—1914 у маёнтку Зулава Дрысенскага пав. (цяпер вёска ў Верхнядзвінскім р-не Віцебскай вобл.). У 1886 працавалі 53 чал. У 1908—13 мела паравую машыну (15 к.с.). У 1908 выраблена 40 тыс. вёдзер гарэлкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЭ́ЛКА ГА́ЗАВАЯ,
прыстасаванне для спальвання газавага паліва ў быт. і прамысл. прыладах і ўстаноўках. Мае змешвальнае прыстасаванне (дзе газ змешваецца з паветрам), галоўку (забяспечвае выхад газапаветр. патоку ў топку) і агнявую частку (дзе адбываецца працэс гарэння).
Гарэлкі газавыя бываюць: факельныя (частковае і незавершанае змешванне газу з паветрам) і бесфакельныя (поўнае папярэдняе змешванне); невыдзімальныя (паветра паступае ў топку ў выніку разрэджвання), інжэкцыйныя (паветра засмоктваецца газавым струменем) і выдзімальныя, або змешвальныя (паветра падаецца ў топку вентылятарам); нізкага (да 5 кПа), сярэдняга (5—300 кПа) і высокага (больш за 300 кПа) ціску. Выдзімальныя часта робяць камбінаваныя (газамазутныя і пылагазавыя), што дазваляе пераходзіць з аднаго віду паліва на іншы. Вадкасныя гарэлкіназ.фарсункамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІСІНО́МІЯ,
горад у Японіі, прамысл. прыгарад г.Осака. Каля 500 тыс.ж. (1998). Порт на Пд в-ва Хонсю. Вузел скарасных шашэйных дарог. Прам-сць: металургічная, металаапр., авіяц., тэкст., харчасмакавая (вытв-сць лепшых гатункаў рысавай гарэлкі — сакэ), аптычнае і дакладнае машынабудаванне. Ун-т.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЗАВЫЯ ПРЫЛА́ДЫ,
прылады, якія працуюць на цеплавой энергіі, што вылучаецца пры спальванні гаручага газу. Выкарыстоўваюцца ў жылых і грамадскіх будынках для прыгатавання страў, награвання вады, ацяплення памяшканняў і інш.
Складаюцца звычайна з гарэлкі газавай з падвадным цеплаправодам, цеплаабменніка, сродкаў аўтаматызацыі і прыстасавання для выдалення прадуктаў згарання. Падзяляюцца на бытавыя (газавыя кухонныя пліты, праточныя і ёмістасныя воданагравальнікі), ацяпляльныя (ёмістасныя воданагравальнікі, газавыя каміны, ацяпляльныя апараты з вадзяным контурам і ацяпляльна-варачныя, ацяпляльнікі канвекцыйнага і выпраменьвальнага абагрэву; гл.Газавае ацяпленне), газавыя прылады прадпрыемстваў грамадскага харчавання (рэстаранныя пліты, страваварачныя катлы, духавыя шафы, прыстасаванні для смажання, кіпяцільнікі), прылады для спец. мэт (гарэлкі лабараторныя і інфрачырвонага выпрамянення). Характарызуюцца цеплавой нагрузкай, прадукцыйнасцю (колькасцю цеплаты, якая выкарыстоўваецца), ккдз (звычайна 56—83%). Вырабам газавых прылад на Беларусі займаецца брэсцкі з-д «Газаапарат».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЭ́ЛКА ЗВА́РАЧНАЯ,
1) прыстасаванне, якое пры дугавой зварцы забяспечвае замацаванне электрода, падвод да яго эл. току і падачу ахоўнага газу ў зону зваркі.
2) Прыстасаванне для газавай зваркі і кіслароднай рэзкі, у якім паліва змешваецца з паветрам або кіслародам для атрымання ўстойлівага канцэнтраванага полымя. Адрозніваюць гарэлку зварачную для ручной і паўаўтам., а таксама для аўтам. зваркі.
Гарлка зварачная для электразваркі мае токаправодны муштук са зменным наканечнікам. Праз сапло падаецца газавы струмень, які ахоўвае зварачную ванну і электрод ад уздзеяння паветра. У гарэлцы зварачнай для газавай зваркі гаручыя газы змешваюцца і паступаюць у муштук. Гэтыя гарэлкі бываюць адна-, двух- і шматполымныя, нізкага (з інжэктарам для падсмоктвання гаручага газу) і высокага (у іх газ падаецца з газагенератараў або балонаў) ціску. Гарэлкі зварачныя для рэзання металаў маюць дадатковыя каналы падачы кіслароду.