абша́р, ‑у, м.
Неабсяжная прастора, разлегласць. А мароз трашчыць сіберны, Пухам крые, пухам сцеле Увесь абшар зямлі нязмерны, Нібы мяккую пасцелю. Гурло. Ад белай пены.. мора здавалася бяскрайнім зімовым абшарам, на якім лютуе завіруха, варочаючы і рассыпаючы высокія снежныя сувеі. Дуброўскі. // Участак вялікіх памераў. Абшары балот. □ І што за Ліпава такое? А гэта — поле маладое Сярод лясоў, як скінуць вокам; На тым абшары, на шырокім, Раскошна нівы красавалі. Колас. [Алёша] глядзеў на поле ў залатых хвалях паспелага жыта ці пшаніцы і адчуваў сябе гаспадаром усяго гэтага абшару. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
напярэ́дадні, прысл. і прыназ.
1. прысл. Непасрэдна перад якім‑н. днём, перад якой‑н. падзеяй. Гарачыня пачала спадаць. Напярэдадні прайшоў дождж, прыбіў пыл, паветра было чыстым і свежым. Шахавец.
2. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «напярэдадні» выражае часавыя адносіны: ужываецца пры ўказанні на перыяд, з’яву, падзею, у неакрэслены прамежак часу перад якімі што‑н. адбываецца. Аднойчы, ужо зусім напярэдадні вызвалення, Толя заехаў у сямейны лагер брыгады і прывязаў.. [каня] каля зямлянкі Нагорных. Брыль. Напярэдадні майскага свята механічны цэх зноў узяў самыя высокія абавязацельствы. Шыцік.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пані́клы, ‑ая, ‑ае.
1. Схілены, прыгнуты. Высокія травы, звялыя і паніклыя ўдзень ад гарачыні, цяпер узнімаліся ў вільготным дыханні.. зямлі. Самуйлёнак. Спякота... І пад сонцам залатым Паніклыя, задумлівыя лозы Яшчэ ніжэй прыпалі да вады. Чарняўскі.
2. перан. Прыгнечаны, засмучаны; разбіты духоўна. Адчуў бяду. Стаяў паніклы: Даруе мілая ці не? Бялевіч. Вочы дзяўчыны радасна смяяліся, хоць выгляд у яе быў паніклы і разгублены. Ракітны.
3. Абл. Падслепаваты. Пасля таго як Шэмета не ўзялі на вайну, Халуста інакш не зваў яго, як паніклы або сляпы чорт. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шырата́, ‑ы, ДМ ‑раце; мн. шыроты, ‑рот; ж.
У геаграфіі — адна з каардынат, якая вызначае месцазнаходжанне пункта па зямной паверхні; адлегласць ад экватара па мерыдыяну, якая выражаецца ў градусах. 1 студзеня 1820 года шлюпы.. дасягнулі 69°21′ паўднёвай шыраты. «Беларусь». // толькі мн. (шыро́ты, ‑рот). Месца, мясцовасць, якія знаходзяцца на той ці іншай адлегласці ад экватара. Высокія шыроты. □ Радыст з Беларусі, змакрэлы ад поту, лавіў галасы незнаёмых шырот. Вялюгін. Некаторыя відныя кіраўнікі і нават вучоныя пярэчылі ўкараненню новага незвычайнага ў нашых шыротах тыпу будынкаў. Дуброўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
згра́бны, ‑ая, ‑ае.
1. Прапарцыянальна і прыгожа складзены; спрытны. Аня была дзяўчына невысокая, гібкая, са зграбнай постаццю, ружова-смуглявым тварам і не надта цёмнымі валасамі, якія завіваліся кудзеркамі. Карпюк. Волька .. цяпер стаіць перад сотнямі вачэй красуняй дзяўчынай, высокай, зграбнай, бы маладая вішня. Нікановіч. // Прыгожы па форме; далікатны. Белая кофта з адкінутым каўнерчыкам прыемна паказвае яе [Веры Ігнатаўны] зграбную шыю. Пестрак. // Зроблены з мастацкім густам. Зграбная ваза. Зграбная статуэтка. / Пра дрэвы, калоны і пад. Усюды тонкія зграбныя калоны, высокія скляпенні, лёгкія аркі. В. Вольскі.
2. Грацыёзны ў позах і рухах. Зграбная паходка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыгажу́н, ‑а, м.
1. Прыгожы мужчына. Невядома адкуль прыблукаў у нашу вёску Сашка Трой. Чорны, як смоль, прыгажун і весяльчак. Пянкрат. [Сатараў] выдатнік вучобы і паэт, жыццярадасны і дасціпны прыгажун, высокі і тонкі, як чарацінка. Лось.
2. Аб кім‑, чым‑н. прыгожым. Па падаконніку апынуўся чырвоны, як полымя, прыгажун-певень. Шамякін. Стаенны прыгажун захроп, шырока растапырыўшы ноздры, павёў вушамі і пачаў грабці нагою зямлю. Кулакоўскі. Стаіць такі прыгажун [паравоз] ля дэпо, калёсы высокія, чырвоныя, не раўнуючы, як ногі ў бусла балотнага. Лынькоў.
•••
Пісаны прыгажун — вельмі прыгожы, такі, як на малюнку.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
па́рус, ‑а; мн. парусы, ‑оў; м.
1. Умацаваны на мачце кавалак моцнай тканіны, якая надзімаецца ветрам і прыводзіць у рух судна. [Тапурыя:] — Узняўся страшэнны вецер, ён паламаў нашы высокія мачты і парваў шырачэзныя парусы на шмаццё. Самуйлёнак. Быццам крыло беласнежнай птушкі, пад блакітнай гладдзю ракі віднеўся парус. Даніленка.
2. Кавалак тканіны, што нацягнута на крылы ветранога млына.
3. Спец. Верхні, самы буйны пялёстак у кветках бабовых раслін.
4. У архітэктуры — трохвугольнае сферычнае спляценне, якое нагадвае па форме надзьмуты парус.
•••
Касы парус (спец.) — трохвугольны і чатырохвугольны парус.
На ўсіх парусах — вельмі хутка (ісці, ехаць і пад.).
[Ад грэч. pharos.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скупля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак., каго-што.
1. Незак. да скупіць.
2. Купляць з мэтай перапродажу ці нарыхтоўкі; займацца скупкай. У колішнія часы скупляў Сіпак зямлю за нішто ў салдатак. Лынькоў. Расказалі жывёлаводкі, як раней нейкі купец скупляў у іх ваколіцах худую жывёлу і маладняк, адкормліваў бульбай і брагай і прадаваў на бойню. Місько. [Феадал] скупляў пяньку, лён, ільнасемя, збожжа ў сялян па ганнай цане і затым збываў іх на тым жа мясцовым рынку вясной, калі цэны па прадукты сельскай гаспадаркі былі больш высокія, або, што часцей сустракалася, адпраўляў па экспарт. «Весці».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сці́шаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад сцішыць.
2. у знач. прым. Які прыйшоў у стан спакою; прыціхлы; супакоены, ціхі. Гукі плылі ў сцішаным жнівеньскім вечары, як няпэўны ўспамін аб страчанай радасці. Радкевіч. Жанчына шастала паперкамі, і ў сцішаным аўтобусе гэтае шастанне грымела, як выбух. Скрыган. [Кіра] дыхала роўна, амаль нячутна, і на яе было прыемна глядзець — спакойную, сцішаную, без трывог. Карпаў.
3. у знач. прым. Прыглушаны, ціхі. Раптам да .. вуха [Лабановіча] даляцела сцішаная гамонка з глыбіні кустоў. Колас. Жалезны лямант і скрыгат узлятаюць аж пад высокія зводы даху і адтуль ападаюць ужо сцішаным рэхам. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шпіль, ‑я, м.
1. Высокая вузкая надбудова ў выглядзе піраміды або конуса, якая завяршае ўвесь комплекс збудавання. Вечарэла. Сонца паволі кацілася за высокія шпілі касцёла. Асіпенка. Вось і прывакзальная плошча, будынак вакзала з бліскучым шпілем, на якім зіхаціць залацістая зорка. Шыловіч. // перан. Спічастая вяршыня чаго‑н. На аблозе — шпілі соснаў, Моцна спіць дзядуля-бор. Лявонны. Міхась зірнуў на дрэва з нізка апушчанымі густа-зялёнымі лапамі, на яго верхавіну, якая вострым шпілем высілася над суседнімі елкамі і ледзь пагойдвалася. Сіўцоў.
2. Спец. Лябёдка з вертыкальным барабанам ці вертыкальны калаўрот на суднах, на які намотваецца канат.
[Ад ням. Spill.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)