пані́клы, ‑ая, ‑ае.
1. Схілены, прыгнуты. Высокія травы, звялыя і паніклыя ўдзень ад гарачыні, цяпер узнімаліся ў вільготным дыханні.. зямлі. Самуйлёнак. Спякота... І пад сонцам залатым Паніклыя, задумлівыя лозы Яшчэ ніжэй прыпалі да вады. Чарняўскі.
2. перан. Прыгнечаны, засмучаны; разбіты духоўна. Адчуў бяду. Стаяў паніклы: Даруе мілая ці не? Бялевіч. Вочы дзяўчыны радасна смяяліся, хоць выгляд у яе быў паніклы і разгублены. Ракітны.
3. Абл. Падслепаваты. Пасля таго як Шэмета не ўзялі на вайну, Халуста інакш не зваў яго, як паніклы або сляпы чорт. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)