Ка́тар ’насмарк’ (БРС, ТСБМ, Нас., Касп., Шат.). Рус. ката́р ’тс’, укр. ката́р. Запазычанне з еўрапейскіх моў; магчымыя крыніцы: польск. або ням. мова ў XVII ст. Шатэрнік меркаваў толькі аб польскай крыніцы слова (гл. яго слоўнік). Польск. katar ’тс’, ням. Katarrh, па крыніцах, якія прыводзіць Шанскі, 2, К, 92, з’яўляюцца непасрэднымі запазычаннямі з лац. (< грэч.). Але паводле Клюге, 356, ням. Katarrh узята прама з грэч. katárrhūs. Невядома ў якіх адносінах да формы ка́тар знаходзяцца іншыя варыянты назвы гэтай хваробы. Так, у Насовіча знаходзім ка́тарг (каторгъ) ’насмарк’, а ў Каспяровіча ка́тарга. Можна меркаваць, што тут, магчыма, адлюстроўваецца лац. перадача грэч. назвы (тыпу katárrhūs).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кашу́ля ’сарочка, рубашка’ (ТСБМ, БРС, Касп., Шат., Сцяшк. МГ). У бел. мове непасрэднае запазычанне з польск. мовы (у помніках ст.-бел. мовы ўпершыню сустракаецца ў 1508 г.). Першакрыніцай запазычання з’яўляецца лац. (нар.-лац.) casula ’плашч з капюшонам’ (так у Фасмера, 2, 362). Падрабязны агляд гл. у Трубачова, Эт. сл., 2, 192. З польск. мовы ўзята таксама ўкр. кошу́ля. Немэтазгодна разглядаць разам са Слаўскім і інш. гісторыю гэтага слова толькі як агульнаславянскага запазычання з лац. casula. Славац. košeľa, напр., сведчыць, як указвае Махэк₂, 282, што непасрэднай крыніцай у даным выпадку было с.-в.-ням. kāsel(e). Бел. слова зафіксавана досыць позна як паланізм.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Асу́шак ’сухая скарынка’ (БРС), асу́шчык ’тс’ (Клім.), осух ’першы кусок хлеба, адрэзаны ад бохана’ (Шатал.), асу́х ’сухі кавалак хлеба’ (Лекс. Палесся). Укр. осу́шок ’тс’. Хаця беларускія гаворкі, як паказвае Вештарт, Лекс. Палесся, 121, ведаюць значэнне ’сухая скарынка’, іншаславянскія паралелі паказваюць, што гэта, магчыма, ’асобы рытуальны хлябец’. Так, у в.-луж. wosušk, польск. osuch, osuszek, дзе гэта спецыяльны гатунак хлеба на каляды’, блізкае значэнне і ў славац. osúcht, osúšok; магчыма, таму ёсць і спецыяльныя адценні значэння ў беларускай мове. Але можна дапусціць і паралельнае ўтварэнне беларускага і ўкраінскага слоў. Структура беларускага слова ўказана правільна ў Сцяц., Нар., 29: о‑ + сух + ‑ькъ > асушак. Гл. ашушак.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Баўку́н ’ярмо для запрагання аднаго вала’ (КЭС, лаг.), частка ярма’ (Сцяц.). Укр. бовку́н ’ярмо для аднаго вала; вол, якога запрэглі ў адзіночку; вялікі сноп чароту’, рус. дыял. болку́н ’вупраж валоў’. Шаравольскі (Рум., 55) выводзіў укр. слова (без бел. і рус. матэрыялу) з рум. boŭ ’бык, вол’ + суф. ‑ун; так і Рудніцкі, 157. Фасмер, 1, 188 (без бел. і ўкр. матэрыялу), выводзіў з об‑ і валоку. Гэту этымалогію можна прыняць. Дзеяслоўны вакалізм быў у ступені рэдукцыі (*vъlk‑ < *vьlk‑). Такая этымалогія робіць зразумелым, чаму, напр., ва ўкр. гаворках бовку́н азначае і сноп чароту’ (*’тое, што цягнуць, нясуць, ахапка’). Гл. Краўчук, ВЯ, 1968, № 4, 127.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Маршча́к ’маршчына’ (ТСБМ, Ян., Жд. 1, Сл. ПЗБ; КЭС, лаг.; навагр., КЭС), маршча́вы, маршчля́вы, маршча́ты ’маршчыністы’, ’які мае зморшчаную паверхню’, ’сабраны ў зборкі’ (Сл. ПЗБ; КЭС, лаг.). Укр. моршо́к ’маршчынка’, рус. перм. морше́нь ’складка, няроўнасць, маршчынка на паверхні’, арханг. мо́рхи, морхи́ ’зборкі, складкі на сукенцы’, ’няроўнасці на адзенні’. Да моршчыць (гл.). Сюды ж маршчак ’лапаць са скуры’ (Янк., 1; бялын., Янк. Мат.; Тураў, КЭС; мазыр., З нар. сл.; глус., Мат. Маг.), які названы так таму, што зверху ў ім скура сабрана ў маршчыны. Укр. сумск. моршень ’абутак, зроблены з аднаго кавалка скуры’ можа быць кантамінацыяй з морщити і рус. поршень ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Апара́т, апара́ты ’царкоўныя рэчы, у тым ліку адзенне свяшчэнніка’ (Нас.); аднак ужо ў аповесцях XVI–XVII стст. апаратъ военныи (Шакун, Гісторыя, 106). У старабеларускай мове як царкоўны, так і ваенны апарат з XVI–XVII стст. з лац. apparatus (Курс суч., 172; Гіст. лекс., 111), магчыма (але не абавязкова), праз польскую. Наўрад ці трэба лічыць, што на пачатку XX ст. слова апарат было другі раз запазычана ў беларускую мову з рускай (Крукоўскі, Уплыў, 83; Гіст. мовы, 2, 147; Гіст. лекс., 245), хутчэй за ўсё тут можна гаварыць толькі аб пашырэнні значэння ўжо ўжыванага слова; апарат ’ваенны парад’ (Нас.) кантамінацыя парад і апарат.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сты́чань ‘сакавік’ (Нас.), ‘студзень’ (Сцяшк.; воран., Шатал.; астрав., вільн., Сл. ПЗБ). З польск. styczeń ‘студзень’, некалі і ‘люты’. Ст.-бел. стычень ‘студзень’ (XVI ст., Ст.-бел. лексікон) з ст.-польск. styczeń (Булыка, Лекс. запазыч., 157). Польскае слова з першаснага *sěčьnь < прасл. *sěča ‘высяканне дрэў’ ад прасл. *sěkti ‘сячы’ з суф. *‑ьnь, якое потым было скантамінавана з *tyka ‘жэрдзь, палка’. Назва першапачаткова абазначала час года, калі сякуць дрэвы, таму што ў гэты час яны маюць вельмі мала соку; гл. Борысь, 585. Параўн. сечань. Народна-этымалагічна ўсведамляецца як вытворнае ад стыка́цца ‘сустракацца’ (гл.), так і ў Насовіча (Нас., 620).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сібе́ль ‘сялява’ (асіп., Сл. ПЗБ), ‘назва рыбы’ (Ян.), сібель ‘верхаводка, Alburnus alburnus L.’ (Жук., Жыв. св.), укр. се́бе́ль, си́би́ль ‘тс’, рус. се́бе́ль, си́би́ль ‘тс’. Выводзіцца з *вьсебѣль, што да весь ‘цалкам’ (гл.) і белы; апошняе пацвярджаецца як навуковай назвай з лац. alburnus < albus ‘белы’, так і шматлікімі народнымі назвамі: укр. біли́ця, рус. бело́вка, польск. biela, чэш. bělice, славац. belička, славен. belíca і інш., а таксама нова-в.-ням. Weißfisch, грэч. όλόλευκοσ τάριχος (літаральна ‘цалкам белая рыба’), гл. Фасмер, 3, 587; Каламіец, Рыбы, 25; ЕСУМ, 5, 201. Выказанае меркаванне пра балтыйскае паходжанне назвы (Лекс. балтызмы, 11, 12) непрымальнае па фармальных прычынах (Анікін, Опыт, 274).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тыке́ля ‘толькі’ (Ласт., Гарэц., Сцяшк.), ‘столькі’ (воран., Сл. рэг. лекс.), таке́лятак, гэтак’: каб ты такеля жыў, як гэто праўды (Васільковая сп.), тыкеле ‘толькі, аднак’ (Ф. Багушэвіч), сюды ж, відаць, тыке́ль ‘цяпер’ (Сцяшк.). Няясна. Ластоўскі (Ласт., 706) падае разам з ткале ‘толькі, адно’ (Сержп.), гл. Гутшміт (ZfSl, 19, 2, 270) адносіць да балтызмаў разам з тыкі ‘толькі’, параўноўваючы з літ. tik ‘тс’; аналагічна Санько, Kryu̯ja, 1966, 1, 93. Літоўскае слова разглядаецца як скарочаная форма літ. tíek ‘столькі’, што адпавядае пытальнаму kíek ‘колькі’ (Смачынскі, 675). Канец слова можа ўзыходзіць да часціцы *‑lě/*‑le (параўн. ЭССЯ, 14, 171–173).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

уве́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. аб кім-чым, пра каго-што і з дадан. сказам. Атрымаць, сабраць звесткі пра каго‑, што‑н.; даведацца. Дарэчы, аб смерці мне прыйшлося ўведаць на наступны вечар. Даніленка. — Мама, як вы можаце так гаварыць, не ўведаўшы чалавека? — А ты глядзі мне, а то ўведаеш, ды позна будзе... Паўлаў. Што ўведалі новае пра Паддубнага? — спытаў .. [Злобіч], заглянуўшы ў палатку начальніка штаба. М. Ткачоў. [Тодзік:] — Мой бацька .. узрадаваўся, калі ўведаў, што мы згаварыліся пажаніцца. Чорны. // Выведаць што‑н. Ушыўся [Пракапчук] у гурт людзей, каб што-небудзь пачуць пра поезд. Але нічога пэўнага не ўведаў. Сабаленка. Якой ні паказвала вясёлай сябе Сарока, пайшла назад яна, чуў Апейка, недавольная: так нічога толкам і не ўведала! Мележ. // Дазнацца. [Іванчанка:] Люба!.. Клянуся табе, мы знойдзем спосаб уведаць, дзе гэтыя дзеці. Кучар. [Уладзімір Андрэевіч:] — Пазней колькі ні спрабаваў дазнацца, як склаўся ягоны [Цярэнція] лёс, але нічога не ўведаў. Кухараў.

2. і з дадан. сказам. Набыць веды адносна чаго‑н.; пазнаць што‑н. Афіцыйная навука, ды яшчэ — семінарская,.. не магла .. даць [Адаму Ягоравічу] і дзесятай долі таго, што ён уведаў, што ўзяў ад кнігі. М. Стральцоў. За кароткі час хлапчук уведаў амаль усе гатункі яблынь, груш. Пальчэўскі. Усё, што ні стрэнецца дзеду, Уведаць яму так цікава. Колас. // Атрымаць належнае ўяўленне аб кім‑, чым‑н.; выявіць сутнасць чаго‑н. Будзе час таму-сяму навучыцца [Галі] ў старога брыгадзіра, падумаць, уведаць людзей, убачыць брыгадную гаспадарку. Ермаловіч. [Антанюк:] — Каб ты сама стала маці, То ведала б цану жыцця. Яна ведала, маці твая. І я ведаю. А ты не паспела ўведаць. Шамякін.

3. Праверыць, зведаць на ўласным вопыце; зазнаць, перажыць. А Вера ўжо адчула, уведала смак нялюбай работы. Дуброўскі. Пасля, пад націскам ворага .. [хлопец з Дона] адступаў, уведаў бяздонную горыч разгрому і палону. Брыль. // і з дадан. сказам. У форме буд. часу ўжываецца пры выказванні пагрозы. [Аня:] — Ты яшчэ ўведаеш, якая я! Карпюк.

4. каго. Убачыць каго‑н., пазнаёміцца з кім‑н. Не ўведаў Іван свайго сына, што ўжо нарадзіўся без яго... Місько.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)