рэгістра́тар, ‑а, м.

1. Службовая асоба ва ўстанове, якая праводзіць рэгістрацыю каго‑, чаго‑н. «Кінь, дачушка, — кажа [маці], — галаву скруціш. Лепш ідзі да нас у бальніцу за рэгістратара». Грахоўскі. // Той, хто рэгіструе каго‑н., адзначае яўку каго‑н. Адзначыцца ў рэгістратара.

2. перан. Той, хто адзначае, канстатуе бягучыя з’явы, падзеі. Наш друк, радыё і тэлебачанне не павінны быць толькі рэгістратарамі новых станоўчых з’яў жыцця. «Звязда».

•••

Калежскі рэгістратар — першы, ніжэйшы цывільны чын у дарэвалюцыйнай Расіі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сват, ‑а, М сваце, м.

1. Асоба, якая сватае жаніху нявесту ці нявесце жаніха. Ехаць у сваты. □ — Добры сват раней, чым пасватаць дзяўчыну хлопцу, уведае, што за яна, які характар мае, у людзей распытае. Пальчэўскі.

2. Бацька мужа ў адносінах да жончыных ці бацька жонкі ў адносінах да мужавых бацькоў. [Ляснік:] — Ведаеш, Лявон, падабаецца мне твой Грышка, ці не будзем мы сватамі?.. Чарот.

•••

Ні брат ні сват гл. брат.

Ні свата ні брата гл. брат.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шкі́пер, ‑а, м.

1. Уст. Капітан камерцыйнага судна. Ён бы стаў шкіперам кабатажнага буксіра. Рыкарда з маладых год марыў вывучыцца на шкіпера. Беразняк.

2. Капітан несамаходнага рачнога карабля. Сцяпан, муж, шкіперам хадзіў на баржы. Ракітны.

3. Асоба, адказная за маёмасць, якая знаходзіцца на палубе марскога карабля. Дзядзька Зыгмусь прапанаваў перабрацца да яго. Я адразу згадзіўся і, ядаўшы каюту шкіперу, пайшоў пад канец дня з маім выпадковым знаёмым уніз па рацэ. В. Вольскі.

[Гал. schipper.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Абы́дзень ’штодня; за дзень, на працягу дня’ (Бяльк., Гарэц., Грыг.) да аб дзень, параўн. абынач ’што ночы, на працягу ночы’ (Бяльк.). Адсюль абыдзенны (Касп., Нас.). Магчыма, што значэнні гэтага слова ’штодня’ і ’на працягу дня’ адлюстроўваюць два амонімы: абыдзень ’на працягу дня’ (гл. абыдзеннік) < аб дзень і абыдзень ’штодня’ з аб‑ін‑дзень. Параўн. укр. обидень ’за адзін дзень’, ст.-рус. обыденый ’аднадзённы’. Ільінскі, РФВ, 66, 280; Праабражэнскі, 1, 633; Фасмер, 3, 111. Інакш Карскі 2-3, 78, згодна з якім у абыдзень бы дзеяслоўнага паходжання (3‑я асоба аорыста), як у абыгдзе.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Марша́лак ’дружка, які кіруе вясельнай цырымоніяй’, ’галоўная асоба ў таварыстве’; смарг., гродз. маршалка ’дружка’, валож. ’шафер у жаніха’, пін., кам., тур. маршалок ’тс’ (ТСБМ, Кольб., ТС, Яруш., КЭС, Нас., Сл. ПЗБ; слаўг., Яшк., Назвы; КЭС, лаг.; віл., З нар. сл.), ст.-бел. маршалокъ, маршалко, маршалекъ, моршалокъ ’прыдворны высокага рангу; павятовы кіраўнік дваранства’ (XV ст.), запазычаны са ст.-польск. marszałek, якое з с.-в.-ням. marschalc ’стайнік, канюшы’ (Чартко, Пыт. мовазн. і метад., 117; Жураўскі, Бел. мова, 61; Булыка, Лекс. запазыч., 25; Кюнэ, 76). Сюды ж маршалі́ца ’дружка нявесты’ (валож., Жыв. сл.), марша́лка ’старшая дружка’ (Касп.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прахво́ст ’нягоднік, падлюга’ (ТСБМ, Нас.), прохво́ст ’тс’ (ТС). Рус. прохво́ст ’тс’, стараж.-рус. профо́с(с) ’наглядчык за салдатамі, узятымі пад варту; прыстаў’ (з XVII ст.). З нова-в.-ням. Profossасоба на вайсковых караблях, якая сочыць за выкананнем статуту на караблі і карае яго парушальнікаў’, што другасна было набліжана да хвост (гл.). Па іншай версіі, магчыма, з с.-нідэр., нідэр. provoost < ст.-франц. prévost (франц. prévôt) ’суддзя, начальнік жандармерыі’, што з лац. praepositus < praeponere ’класці наперад’ (Фасмер, 3, 385). Беларускае слова, калі меркаваць па яго распаўсюджанню, запазычана з рускай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

сын, ‑а; мн. сыны, ‑оў; м.

1. Асоба мужчынскага полу ў адносінах да сваіх бацькоў. Было ў .. [Прыборнага] шэсць дачок і ніводнага сына. Шамякін. Тады сыноў рыбак паклікаў: — Дзеці, шукайце лёсу лепшага на свеце. А. Вольскі.

2. звычайна мн. (сыны́, ‑оў). Бліжэйшыя патомкі, маладое пакаленне. І сэрцы не запэцкаюцца ў брудзе — Нам сорамна не будзе за сыноў. Панчанка. І мастакі і скульптары шукаюць Сакрэты рысаў, фарбаў, Каб як найлепш увекавечыць Для будучых сыноў зямлі Магутны воблік Леніна, — Усім цяпер вядомы. Бядуля.

3. (звычайна ў зваротку). Уст. Асоба мужчынскага полу ў адносінах да свайго духоўніка або асобы духоўнага звання. — Ідзі, мой сын, і болей не грашы! — Сказаў архірэй на развітанне і блаславіў музыку ад душы, Не палажыўшы жаднага спагнання. З. Астапенка.

4. (з азначэннем). Уст. Асоба мужчынскага полу, якая належыць да пэўнага грамадскага саслоўя. Купецкі сын.

5. каго-чаго. Кніжн. Чалавек як ураджэнец, жыхар якой‑н. мясцовасці або прадстаўнік якой‑н. нацыянальнасці. Сын стэпаў. □ Партызаны, партызаны, Беларускія сыны! Купала. // Чалавек, кроўна, цесна звязаны з кім‑, чым‑н. Сыны рэвалюцыі. □ Разам з народам волю кавалі Партыі слаўнай сыны. Колас. // Чалавек, на якім адбіліся характэрныя рысы якой‑н. эпохі. Сын свайго часу. □ Сыны вякоў. Эпох і пакаленняў З лучынай смольнай, З дымным ліхтаром Спускаліся ў зямныя сутарэнні Крышыць руду жалезную Кайлом. Верамейчык.

•••

Блудны сын (жарт.) — пра члена сям’і або якога‑н. калектыву, што не падпарадкоўваецца яго волі, парушае яго парадкі (з евангельскай прытчы пра непакорнага сына, які пайшоў з бацькоўскага дому, а пасля бадзяння з раскаяннем вярнуўся да бацькі).

Гадзіцца ў сыны каму гл. гадзіцца ​1.

Сукін (чортаў) сын — ужываецца як лаянкавы выраз.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

асэ́сар, ‑а, м.

1. Гіст. У Старажытным Рыме, у сярэдневяковай Еўропе, у дарэвалюцыйнай Расіі і ў некаторых буржуазных дзяржавах — судовая службовая асоба, засядацель. [Няміра:] — Гэтулькі знайшлося асэсараў, як толькі паны прыйшлі, што кожнаму мы ўсёй вёскаю вінаватыя то таго, то гэтага, то за гэтае, то за тое асталіся. Чорны.

2. Разм. іран. Важны, уплывовы чалавек. [Павал:] — Ён [поп] думае, калі дачку аддаў за армейскага камандзіра, дык ужо вельмі вялікі асэсар. Чорны.

•••

Калежскі асэсар — грамадзянскі чын восьмага класа дарэвалюцыйнай Расіі.

[Лац. assessor.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

карэспандэ́нт, ‑а, М ‑нце, м.

1. Літаратурны супрацоўнік газеты, часопіса, радыё, тэлебачання і іншых органаў інфармацыі, які дасылае ім звесткі пра бягучыя падзеі. Карэспандэнт радыё. □ Памыйка адкрыўся Рыгору, што ён з’яўляецца карэспандэнтам некалькіх сталічных і правінцыяльных газет. Гартны.

2. Асоба ці ўстанова, якая перапісваецца з іншай асобай або ўстановай.

•••

Спецыяльны карэспандэнт — выязны карэспандэнт, які выконвае спецыяльныя даручэнні сваёй рэдакцыі.

Уласны карэспандэнт — карэспандэнт, які рэгулярна забяспечвае свой орган інфармацыяй, пастаянна працуючы і пражываючы ў іншым месцы.

Член-карэспандэнт гл. член.

[Ад лац. correspondere — паведамляць, інфармаваць.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пі́сар, ‑а, м.

1. Канцылярскі служачы, які займаецца перапіскай, складаннем і рэгістрацыяй канцылярскіх папер. Ротны пісар. □ Група байцоў на чале з пісарам Аляксандрам Жыгуновым узяла пад абстрэл тых, што плылі на лодках. Кухараў.

2. Уст. Асоба, якая займалася перапіскай чаго‑н. Каля аднаго століка, дзе сядзеў нейкі пісар ці можа і сакратар, .. збілася цэлая грамада моладзі. Колас. // Разм. жарт. Той, хто піша, хто ўмее пісаць. — Прачытай, што там накрэмзаў, пісар ты мой, — не выцерпеў дзед. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)