пісьмо́, ‑а; мн. пісьмы, пісьмаў і пісем; н.

1. Папера з напісаным тэкстам, якая пасылаецца каму‑н., каб паведаміць аб чым‑н.; ліст. — Сынок, ад каго гэта табе пісьмо? — спытала маці, уваходзячы ў пакой і паказваючы Мішу ружовы вузенькі канверт. Арабей. // Сам гэты тэкст. У .. [Сцяпана] раптам з’явілася жаданне напісаць аб падзеях гэтага дня Людміле, і ён пачаў у галаве складаць гэтае пісьмо. Шамякін. // Від паштовага адпраўлення. Цэннае пісьмо. Заказное пісьмо.

2. толькі адз. Уменне пісаць, а таксама само пісанне. — Ды ты, брат, малайчына! — пасля некалькіх пытанняў сказаў настаўнік. — Ну, а з пісьмом як твая справа? Колас.

3. толькі адз. Сістэма графічных знакаў, якія ўжываюцца для пісання. Арабскае пісьмо. Славянскае пісьмо. // Почырк, знешні выгляд напісанага. [Карызна] падумаў адразу, што ад дачкі, але ўбачыў на канверце зусім незнаёмае непрыветна крывое пісьмо. Зарэцкі.

4. толькі адз. Стыль, манера мастацкага адлюстравання. Зразумела, што тут [у вершы] няма стрыманасці і строгасці рэалістычнага пісьма, але ёсць досыць канкрэтная прадметная фактура, ёсць паэзія. Бугаёў.

•••

Адкрытае пісьмо — а) незапячатаная паштовая картка, на адным баку якой пішацца адрас, а на другім — пісьмо; б) пісьмо да каго‑н., якое друкуецца ў газеце, часопісе.

Вузлавое пісьмо — пэўная сістэма шнуроў з вузламі для ліку, уліку і пад. у некаторых народаў, якія не маюць пісьменнасці.

Даплатное пісьмо — пісьмо, за дасылку якога бярэцца плата з адрасата.

Закрытае пісьмо — пісьмо, якое пасылаецца ў канверце.

Іератычнае пісьмо (спец.) — скорапіс старажытных егіпцян, які развіўся з іерагліфічнага пісьма.

Складовае пісьмо — сістэма пісьма, знакі якога перадаюць склады, а не асобныя гукі.

Сошнае пісьмо — у Расіі 15–17 стст. — межавыя кнігі, у якіх давалася апісанне земляў для пазямельнага абкладання, што выяўлялася ва ўмоўнай адзінцы — сасе.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тым, суадноснае слова, састаўная частка складанага злучніка, часціца.

1. суадноснае слова. а) Ужываецца ў складаных сказах з даданымі дапаўняльнымі, калі апорнае слова галоўнага сказа кіруе як даданым сказам, так і займеннікам. Думы, мары мае!.. Ганаруся я тым, што навек заўладалі вы сэрцам маім. Куляшоў. Расправу чыніць польскае начальства пад тымі, хто браў панскае дабро ў маёнтках і сек панскі лес. Колас; б) Ужываецца ў складаных сказах з даданымі супастаўляльнымі, якія падпарадкоўваюцца пры дапамозе злучніка «чым». І чым больш аддаляліся, заміралі гукі, тым больш вастрэйшая станавілася туга. М. Ткачоў. Чым бліжэй чулася сустрэча з .. [вёскай], тым больш расла трывога. Мележ; в) Ужываецца перад членамі простага сказа, якія супастаўляюцца пры дапамозе злучніка «чым», каб падкрэсліць большую ступень праяўлення прыкметы (звычайна перад вышэйшай стуценню прыслоўя або прыметніка). Пачалі браты церабіць прасекі.. Але дзе там! Чым далей, тым лес гусцей. Якімовіч. Чым госць радзейшы, тым мілейшы. Прыказка.

2. З’яўляецца састаўной часткай складаных падзельных злучнікаў «між тым, як», «перад тым, як», «тым больш (болей), што». Перад тым, як разысціся, закончыўшы паход, Нупрэй сабраў у лесе на прывале агульны сход. Колас. Мурашовай вельмі не хочацца адставаць ад Каці, тым больш, што лічыцца яна спрактыкаванай фармоўшчыцай. Скрыган.

3. часціца ўзмацняльная. Ужываецца з прыметнікамі і прыслоўямі вышэйшай ступені, каб падкрэсліць большую ступень праяўлення прыкметы. [Галчанаў:] — Калісьці ў вашым садзе пад бэраю была лавачка, яна цэлая? [Кулёнак:] — Там цяпер новая. Тая струхлела. — Тым лепш, калі новая. Васілёнак.

•••

Між тым — у той час, тым часам.

Разам з тым гл. разам.

Тым больш гл. больш.

Тым не менш (меней) гл. менш.

Тым часам гл. час.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шум 1, ‑у, м.

1. Разнастайныя гукі ад якога‑н. дзеяння, руху, галасоў і пад., якія зліваюцца ў аднастайнае гучанне. Шум прыбою. Шум матораў. Шум дажджу. Шум галасоў. □ [Надзя] любіла цішыню і шыр палявых прастораў, густы шум лесу і павольную плынь вясковага жыцця. Машара. Аўтобус. Шум. Вясёлы гоман. Матор напружана раве. Дайнека. У зале стаяў роўны шум, чуліся вясёлыя галасы і смех. Сіняўскі.

2. перан. Рух, мітусня, ажыўленне. Далей ад шуму гарадскога, Ад рэдакцыйнай мітусні! Барадулін. [Сцёпку] цягнуў вір сельскага шуму. Колас.

3. Сварка, крыкі, лаянка; гучнае вырашэнне незадавальнення. Падняўся такі шум, такі гармідар, ажно з ваколічных блізкіх вёсак прыбягалі сюды, як на пажар. Бядуля. Па натоўпу прайшоўся шум. Мележ.

4. перан. Разм. Размовы, жывое абмяркоўванне і пад., выкліканыя вялікай зацікаўленасцю каго‑, чаго‑н. [Славіку] ўсё-такі шкада пакідаць завод. Гэта яго стрымлівала ад нечага такога, што магло сапраўды нарабіць вялікага шуму. Шамякін. // Шырокае апавяшчэнне чаго‑н. тайнага, вядомага нямногім. Пагаварыць з кім‑н. адзін на адзін, без шуму.

5. Спец. Гук з няяснай танальнасцю, які ўзнікае пры рабоце няспраўнага агрэгата, апарата, прыбора і пад. Шум у радыёпрыёмніку. // У медыцыне — характэрны гук, які праслухваецца ў некаторых унутраных органах пры іх паталогіі. Шумы клапанаў сэрца. Лёгачныя шумы.

6. У мовазнаўстве — гук мовы, які ўтвараецца ў поласці рота без удзелу голасу, пры праходжанні струменя паветра праз перашкоды ў моўным апараце.

•••

І не шум баравы — хоць бы што, і ўвагі не звяртаць.

шум 2, ‑у, м.

Разм. Брудны, пеністы налёт на паверхні супу і пад. пры кіпенні. // Пена (на сырадоі). Пакуль сырадой дзюрчыць у даёнку і ўздымаецца белым, салодкім шумам, .. пан стаіць за парогам. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

я́драны, ‑ая, ‑ае.

1. З буйным спелым ядром. У старых хвоях ёсць такія ўтульныя дуплы, што можна назапасіць сухіх ядраных арэхаў на дзве зімы. Кандрусевіч.

2. Буйны, пруткі, сакавіты (пра зелень, плады і пад.). Такароўшчына славілася на ўсю ваколіцу найлепшым збожжам — чыстым і ядраным. Бядуля. [Дзядзька Юстын] частуе мяне яблыкамі — ядранай сакавітай пуцінкай са свайго прысядзібнага саду. Сачанка. Бульба парасла цудоўная: ядраная, буйная — адна ў адну. «Беларусь».

3. Здаровы, моцны, мажны (пра чалавека). Дзявочасць, сакавітая, ядраная — у Ганны і суровая з арыгінальнымі замерамі — у Наталі. Гартны.

4. Свежы, халаднаваты, падбадзёрлівы (пра паветра, надвор’е). У пакой рынула ядранае марознае паветра — на дварэ панавала зіма, быў пачатак снежня. Васілёнак. / Пра ноч, раніцу і пад. Ноч была халодная, ядраная, як заўсёды бывае пасля жніва. Лынькоў. А жнівеньскія ночы былі ўжо ядраныя, асабліва пад раніцу. Сабаленка.

5. Грубаваты, але яркі і выразны; салёны (пра слова, мову і пад.). Лаянка яго [Івана Пракопавіча], звычайна прыяцельская, прыязная, вясёлая, цяпер звініць сапраўднаю злосцю, рассыпаецца круглымі ядранымі словамі пад парасонамі высозных вязаў і ліп. Колас. Лаянка, ядраная і моцная, сарвалася з .. [дзедавых] вуснаў. Бядуля. // Чысты, гучны (пра голас, гукі і пад.). — Во, во, — ядраным смехам падхапіў Мяжэнны. Гроднеў. У гэтым месцы і днём і вечарам было рэха — ядранае і чыстае. Пташнікаў.

6. Вельмі моцны, надзвычайны (па ступені праяўлення сваіх якасцей). Вось паволі ўсплывала ў памяці аблітая месячным святлом таполя, а вось нібыта Марына схілілася да Васіля, і такі яркі за вуліцай выган у маладым і ядраным бляску. М. Стральцоў. Яму прыемна было тут гэтак, як некалі, піць ядранае пітво, мелькам праглядаць газету. Вышынскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бі́цца, б’юся, б’ешся, б’ецца; б’ёмся, б’яцеся; заг. біся; незак.

1. Біць адзін аднаго. Старэйшы сын Сухавеяў Ваця трымаў у страху ўсю ваколіцу, біўся на вечарынках, прыставаў да дзяўчат. С. Александровіч. Не раз біліся маладыя Драздзюкі і Дзятлюкі за Мэру. Бядуля. Неяк спатрэбілася дзеду насячы роўных жардзінак, каб на іх садзіліся пеўні і сядзелі сабе, а не біліся з-за месца. Даніленка. // Хвастаць чым‑н. гнуткім. Трапечуцца дрэвы, кусты ў дзікім тлуме, Размахваюць, б’юцца галінай. Колас.

2. Весці бой; змагацца; ваяваць. Сержант расказаў, што да вайны служыў у Брэсце, што пад Баранавічамі, калі дывізія білася ў акружэнні, яго раніла ў нагу. Мележ. Б’юцца князі між сабою за ўладу і багацці, пустошаць сваімі войскамі суседнія землі, паляць і руйнуюць гарады, пішчаць людзей. В. Вольскі.

3. Ударацца, стукацца аб што‑н. або ў што‑н. [Мікалай] з усіх бакоў натыкаўся на дрэвы, біўся аб іх галавою, адпаўзаў. Шамякін. // Парывіста, моцна ўдарацца аб што‑н. (пра хвалі, дождж, вецер і пад.). А хвалі Анегі шумелі і біліся ў гневе аб скалы. Машара. Позні дождж Бесперапынна ў шыбы б’ецца. Танк. Вецер скуголіў, свістаў, біўся ў сцяну, у вокны. Шамякін. Б’ецца завея аб шыбы марозныя. Купала. // Рэзка, моцна дзейнічаць на пачуцці; імкнуцца пранікнуць куды‑н. (пра святло, гукі і пад.). Гукі біліся аб густую сцяну бору і, не прабіваючы яе, адляталі назад працяглым рэхам. Шамякін. / Пра пачуцці. У сэрца б’юцца ўспаміны хваляю — Ды не ўзбегчы ёй на стромы бераг... Барадулін.

4. Калаціцца, кідацца. [Марыся] білася ў знямозе, драла на сабе вопратку. Баранавых. Бабка ўсхапілася, убачыўшы, як натужліва б’ецца бусел на твані, часта-часта захрысціла худыя грудзі. Дуброўскі. // Трапятацца, дрыжаць. Пад казырком ссунутай на патыліцу шапкі Злобіча білася на ветры пасма чорных валасоў. М. Ткачоў. // перан. Мітусіцца (пра думкі, пачуцці і пад.). «Людзі павінны ведаць, што гаворыць Масква!» — білася ў галаве [Ганны] думка. Ус. // Імкнучыся вырвацца, трапятацца дзе‑н., ударацца аб што‑н. [Віктар] нешта трымаў, а гэтае нешта білася і вырывалася. Маўр. Трапеча, б’ецца шэры камячок у пастцы кіпцюроў. Пысін. Зялёны жук уляцеў у акно, нудна гудзеў і біўся ў шыбу. Хомчанка.

5. без дап. Быць у пастаянным рытмічным руху; пульсаваць (пра сэрца, кроў). Гукамер прыклаў [доктар] да вуха, Да грудзей прылёг, паслухаў, Праяснілася чало: Сэрца біцца пачало... Крапіва.

6. перан.; над чым, з кім-чым і без дап. Прыкладаць намаганні, каб дасягнуць чаго‑н.; дамагацца з усіх сіл ажыццяўлення чаго‑н. Колькі ні біўся, колькі ні намагаўся новы шэф, яму ніяк не ўдавалася наладзіць як след паравозную службу. Лынькоў. // Разм. Жыць у цяжкіх умовах, празмерна працуючы. Але як ні б’ецца.. [Сымон] на бацькавай палосцы — усё без хлеба, усё ў нястачы жыць даводзіцца. Якімовіч.

7. Выцякаць імклівым струменем. Мішурын трымаўся за правую руку вышэй локця, стараючыся заціснуць кроў, што білася з раны. Чорны. // Выбівацца (пра бурныя праявы энергіі, пачуццяў і пад.). У іх [вершах] б’ецца гарачае пачуццё да роднай зямлі, да яе нязломнай сілы, да пакут і радасцей. Грахоўскі.

8. Прабівацца праз што‑н. Праз лісце білася наверх парыжэлая трава. Чорны.

9. Раздзяляцца, дзяліцца. Рубанаўка б’ецца на пасёлкі. Галавач.

10. Разбівацца (пра шкло, пасуду).

11. Зал. да біць (у 2, 10 знач.).

•••

Біцца аб заклад — тое, што і ісці ў заклад (гл. ісці).

Біцца галавой аб сцяну — рабіць марныя намаганні дамагчыся чаго‑н.

Біцца за пусты мех — настойліва даводзіць відавочнае, вядомае, за што няма патрэбы спрачацца.

Біцца як рыба аб лёд — гараваць, бедаваць, дарэмна дабіваючыся лепшага; жыць у бядзе.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

залі́ць 1, ‑лью́, ‑лье́ш, ‑лье́ і ‑лію́, ‑ліе́ш, ‑ліе́; пр. залі́ў, ‑ла́, ‑ло́; заг. залі́; зак., каго-што.

1. Пакрыць сабой, схаваць пад сабой (пра ваду і інш. вадкасці); затапіць (у 1 знач.). Нешырокая рэчка за вёскай выйшла з берагоў і заліла паплавы. Сіняўскі. — За ноч вада паднялася на чатыры метры, заліла ўся Кашыцкую нізіну. Шамякін. // перан. Пакрыць, запоўніць сабой якую‑н. прастору. Бясконцая плынь дэманстрантаў заліла.. вуліцы. «Маладосць». // перан. Выступіць на паверхню (пра бледнасць, чырвань і пад.). Румянец збянтэжанасці і сарамлівасці нечакана заліў шчокі хлопца. Гарбук. // перан. Напоўніць, запоўніць (пра святло, пахі, гукі і пад.). Прачнулася сонца. Барвай набрынялі пеністыя лёгкія хмаркі, чырвань заліла ўсё: і лес, і вёску, і паплавы. Капыловіч. Мяккае святло заліло пакой. Мікуліч. Пахам чыстым, пахам спелым Усе прасторы заліло. Хведаровіч. // перан. Авалодаць, захапіць (пра пачуцці). Грудзі заліла гарачая хваля нейкага невядомага, незразумелага пачуцця. Гамолка.

2. Абліць, абпэцкаць якой‑н. вадкасцю. Заліць сшытак чарнілам. □ — От малая! — гаворыць [Марылька] на Люсю. — Усю сукенку малаком заліла. Брыль.

3. Затушыць вадой. Коля Булкін.. моўчкі старанна заліў вадой вогнішчы. Жычка. Прыйшлося заліць дровы і расчыніць акно. Даніленка.

4. Пакрыць чым‑н. вадкім, здольным зацвярдзець. Заліць вуліцу асфальтам. Заліць човен смалою. Заліць каток. □ Дворык свой [Фёдар] заліў цэментам з раўчукамі для сцёку вады. Ракітны.

5. Уліць у што‑н. якую‑н. вадкасць. Заліць ваду ў радыятар.

•••

Заліць вочы — выпіць многа спіртнога.

Заліць гора — напіцца з гора.

Заліць за гальштук (за каўнер) — тое, што і залажыць за гальштук (гл. залежыць).

Заліць за скуру сала каму — прычыніць каму‑н. вялікае зло.

залі́ць 2, залю́, зо́ліш, зо́ліць; незак., што.

Спец. Апрацоўваць шкуры растворам вапны для выдалення шэрсці. Заліць шкуры.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стук 1, ‑у, м.

1. Кароткі адрывісты гук ад удару або падзення цвёрдых прадметаў. А сёння падвечар пад самымі вокнамі свайго дома .. [Макар] пачуў ажыўлены гоман, вясёлы смех і стук абуха аб сухое дрэва. Дуброўскі. Прыгадвалася [Сяргею] рознае, і часцей за ўсё дробязь: вясковы вечар, вогнішчы на вуліцы — вараць бульбу; стук праніка на сажалцы ранняй вясной. М. Стральцоў. / Пра гукі, якія ўтвараюцца машынай, рознымі механізмамі. Стук цягніка аддаляўся, заціхаў, пакідаючы тут цішыню і пустэчу невялічкай станцыі. Арабей. З сярэдзіны будынка прабіваўся рытмічны стук лінатыпаў і прыглушаны гул ратацый. Хадкевіч. / Пра гук выстралу (выстралаў). Замоўк той кулямёты стук, Вось-вось яшчэ паўторыцца, баюся. Я пад нагамі згледзеў сук І першы раз цябе спалохаў, бусел. Маляўка. // Шум, які ўтвараецца рытмічнымі скарачэннямі сэрца. [Андрэй] пачуў стук сэрца і адчуў цеплыню ў грудзях. Шамякін.

2. Удар (у дзверы, акно і пад.), які апавяшчае аб прыходзе або просьбе дазволіць зайсці. Не бачыла [настаўніца], як аднаго разу ў клас зайшоў кіраўнік школы, нізенькі, даўганосы. Зайшоў без стуку, не зачыніўшы за сабою дзверы. Адамчык. Да матулі заехаў — пабыць у гасцях. І калі яна выйшла на стук нецярплівы, — Колькі радасці стрэціў у родных вачах! Колькі ўцехі!.. І быў я бясконца шчаслівы. Гілевіч. Лёгкі стук у шыбу сігналізаваў Лапку, што ён апазнаны. Колас.

•••

Ні стуку ні груку — ціха, без шуму.

стук 2, выкл.

1. Выкарыстоўваецца гукапераймальна для абазначэння адрывістых гукаў. Раптам нехта ў дзверы — стук, стук! Якімовіч. І ён [Дрозд] забракаваў Вавёрчыну работу, Матывы падабраў і не пусціў у друк. Бяжыць Вавёрка ў рэдакцыю. «Стук, стук!» Да Дзятла. Корбан.

2. у знач. вык. Ужываецца паводле знач. дзеясл. стукаць — стукнуць. [Уладзік:] — Выцягнуў — куніца! Я яе мордачкаю аб хвою — стук! стук! ды на дол. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шлёпаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. каго-што, па чым і чым. Гучна, з шумам пляскаць, удараць плазам чым‑н. мяккім, гнуткім па чым‑н. мяккім, вадкім, вільготным. На супрацьлеглым баку азярка каровы пазалазілі па самыя жываты ў ваду і ляніва шлёпалі сябе мокрымі хвастамі па баках. Карпюк. Даніла марудна і нязграбна шлёпае вёсламі па вадзе, а бераг паволі адсоўваецца разам з людзьмі. Карамазаў. // каго. Біць, пляскаць каго‑н. рукой, далонню (звычайна злёгку, нямоцна). Маня набірала ў прыгаршчы вады і са смехам палівала на хлопчыка, лёгенька шлёпала яго па тоўстых ручках. Васілевіч. // што. Разм. Кідаць, шпурляць што‑н. мяккае, вільготнае ці што‑н. плазам. Звыклым запаволеным рухам, нават не пазіраючы, куды выпроствае руку, бярэ [Зіна] цёплыя кавалкі мяса з вялікай сіняй міскі, што стаіць на ўслоне між ёй і Марутай, шлёпае іх на днушка і скоранька рэжа. Кудравец.

2. Разм. Тое, што і шлёпацца. Звіняць над панадворкам жукі, шлёпаюць аб сцяну, покаюць на дол, — Выжлятніку пад ногі. Пташнікаў.

3. Разм. Утвараць невыразны, глухі, прыглушаны гук пры ўдары, падзенні, хадзе, сутыкненні і пад. Абгрызаючы і абсмоктваючы косці, .. [Суконка] так цмокаў і шлёпаў тоўстылі, шырокімі губамі, што не вытрымліваў нават Чорны Фомка. Паслядовіч. Толькі чуваць было, як шлёпалі па падлозе матчыны босыя ногі. Сачанка. // Утвараць шум, глухія гукі, ідучы, едучы і пад. па вадзе, балоце, гразі і пад. Ногі шлёпаюць па мокрым тратуары, больш як трэба згінаючыся ў каленях. Скрыган. Шлёпаў Грыцко мокрымі ботамі па балоце і ўсё думаў: добра ён зрабіў, што расказаў Святлане нешта падобнае на байку, ці нядобра? Кулакоўскі.

4. Разм. Спадаць, звальвацца (пра вялікі або разношаны абутак). Туфлі шлёпаюць.

5. Разм. Ісці, хадзіць, крочыць. Канём прасілі па чарзе. Адзін сядзеў у санях, двое шлёпалі пехатою. Кухараў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

каро́ткі, ‑ая, ‑ае; ‑так, ‑тка.

1. Невялікі, малы па даўжыні; проціл. доўгі. Кароткія валасы. Кароткая дарога. □ Макар узяў папяросу, доўга і старанна круціў яе ў тоўстых кароткіх пальцах. Дуброўскі. // Меншай даўжыні, чым трэба. Паліто хлопчыку кароткае. □ У кузні .. [Вялічка] паварочваўся ў адмысловых шарачковых портках, вузкіх і кароткіх, яны не даходзілі да чаравік. Чорны. // Разм. Невысокі, нізкі ростам. Гэта быў мужык гадоў пад пяцьдзесят. Кароткі, прысадзісты, шыракаплечы. Бядуля.

2. Непрацяглы, малы па часе; проціл. доўгі. Кароткі адпачынак. Кароткі сон. □ Быў канец чэрвеня і былі самыя кароткія і прыгожыя летнія ночы. Шамякін. Усе гэтыя і хаты, і сады, і фермы раслі і выраслі пры ім, і за такі кароткі час! Якімовіч. // Хуткі, імгненны (пра рух, погляд і пад.). Камісар кінуў на старога кароткі, крыху здзіўлены позірк. Шахавец. На момант Аксіння спыняецца, кароткім рухам цела паддае мех вышэй сабе на плечы, і зноў ёй пад ногі сцелецца дарожка. Ракітны. // Адрывісты, перарывісты. У Базыля .. прарываліся кароткія ўсхліпванні. Багдановіч. Там, ззаду, пракаціўся кароткі смех. Шамякін.

3. Выражаны сцісла; нешматслоўны; лаканічны. Кароткая аўтабіяграфія. □ Я гартаю старонкі блакнота. Кароткія запісы. Знаёмыя прозвішчы. Дадзіёмаў. — На Далёкі Усход? — На Далёкі Усход. — Едзеш? — Еду. З кароткіх адказаў такіх Зразумеў — ёй [Алесі] не трэба Прызнанняў маіх. Куляшоў. // Які гаворыць, выражаецца сцісла, нешматслоўна. Дырэктар сярэдняй школы — камсамолец, кароткі на словы і па-вайсковаму дысцыплінаваны. Гарбук.

4. Рашучы, хуткі, суровы. Прысуд ворагам быў кароткі: кроў за кроў! Лынькоў.

5. Які вымаўляецца хутка, адрывіста (пра гукі, склады); проціл. доўгі.

6. Які характарызуецца кароткай формай канчатка або адсутнасцю яго. Кароткая форма прыметніка. Кароткі дзеепрыметнік. Кароткае скланенне.

•••

«І» кароткае гл. «і».

Кароткае замыканне гл. замыканне.

Кароткая хваля гл. хваля.

Кароткая памяць гл. памяць.

Кароткі завароткі гл. заваротак.

Кароткі розум гл. розум.

(Быць) на кароткай назе з кім гл. нага.

Рукі кароткія гл. рука.

У кароткіх словах гл. слова.

Штаны кароткія гл. штаны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

навалі́цца, ‑валюся, ‑валішся, ‑валіцца; зак.

1. Налегчы, націскаючы сваім цяжарам. Чалавек, на якога наваліліся Сцяпан і Юзік, ёрзаўся пад сподам, стараючыся выбрацца наверх. Чорны. Прачнуўся Язэп ад таго, што хтосьці наваліўся, прыціснуў да ложка. Асіпенка. Камендант сеў у крэсла і наваліўся грудзьмі на стол. Корзун.

2. Напасці; абрушыцца. [Ермакоў] непакоіўся, каб атрады да часу не выдалі сябе, бо хацеў наваліцца нечакана. Мележ. Эсэсаўцам не ўдалося наваліцца на лагер нечакана. Шамякін. // З’явіцца ў вялікай колькасці. Навалілася машкара на збожжа. / перан. Аб з’явах прыроды. Мора глуха зараўло, навалілася на хвалярэзы. Васілевіч. Ноч навалілася на зямлю густой цемрай і нечаканым ветрам. Хомчанка.

3. перан. Дружна ўзяцца за якую‑н. работу; пайсці ў наступ на што‑н. «Трэба будзе дапамагчы.. [Булаю], — рашыў Алесь, — навалімся гамузам — справа рушыць хутчэй». Шыцік. Нам трэба ўсімі сіламі наваліцца на балота! «Звязда». // Накінуцца з прагнасцю на што‑н. [Старшы лейтэнант:] — Пасвілі.. [хлапчукі] цялят за вёскай і бульбу пяклі. Дык мы і наваліліся на іхнюю бульбу, ажно, небаракі, пячы не паспявалі. Чыгрынаў.

4. перан. Накапіцца, сабрацца ў вялікай колькасці; нахлынуць. Пачалося лета, а з ім і работа навалілася: касьба, а там і жніво. Колас. Але справы, якія наваліліся на.. [Максіма Сцяпанавіча] адразу, як толькі ён сеў за пісьмовы стол, неўзабаве ўзялі ўсю яго ўвагу. Карпаў. // Авалодаць, ахапіць (аб пачуццях, настроі і пад.). Ахуталі шэрыя хмары зямлю, І сум наваліўся на плечы гарою. Лужанін. // Нечакана спасцігнуць, напаткаць каго‑н. Бяда навалілася. Ліха навалілася. Хвароба навалілася. // Змарыць (аб сне, дрымоце). Змора, сон наваліліся на.. [Ганну] адразу — у момант сцерлі ўсе гукі, усе думкі. Мележ.

5. Разм. Нападаць у вялікай колькасці. Цяжка было даць веры, што ўсё гэта [кучы ламачча, зламаныя дрэвы] навалілася тут выпадкова. Маўр.

6. Разм. Накінуцца на каго‑н. з лаянкай, папрокамі. [Мікола Шклянка] мог ні за што ні пра што наваліцца на чалавека, аблаяць яго апошнімі словамі. Чарот. Шалюта яшчэ доўга сядзеў за сталом, курыў, пускаў дым у адчыненае акно і ўсё думаў, за што на яго наваліўся Варановіч. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)