сачо́к 1, ‑чка, м.

Памянш.-ласк. да сак ​1.

сачо́к 2, ‑чка, м.

Конусападобная сетка на абручы з ручкай, якая служыць для лоўлі рыбы, насякомых і пад. Лавіў наш дзядзька нераткамі і венцярамі і сачкамі, Ды аднаго ўсё ж бракавала: У дзядзькі чоўна неставала. Колас. — Зайка, зайка, русачок! Не злаўлю цябе ў сачок. Бічэль-Загнетава.

сачо́к 3, ‑чка, м.

Абл. пагард. Лодар, гультай. [Сямён:] — Сачок ты, Сярога! Умудрыцца — каля станка заснуць... Мыслівец.

сачо́к 4, ‑чка, м.

Разм. Той, хто збірае сакрэтныя звесткі для каго‑н.; даносчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

селядзе́ц, ‑дца, м.

1. Марская рыба сямейства селядцовых, якая ўжываецца ў ежу ў салёным ці вэнджаным выглядзе. Селядзец быў тлусты, сакавіты, мяккі і духмяны. Новікаў. На стале стаялі прыгатаваныя селядзец з гарнірам, а поруч міска з гарачай сопкай бульбай, марынаваныя грыбы, кількі, шпроты, чорная ікра, фаршыраваная рыба, цяляціна, дамашняя свіная каўбаса, ад якой пахла ядлоўцам, паляндвіца і шмат іншай закускі. Гурскі.

2. Абл. Шабля. У земскага торгаюцца бровы, ён хапаецца рукою за свой «селядзец». Якімовіч.

•••

Як у бочцы селядцоў — пра вялікую колькасць людзей у цесным памяшканні.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

умасці́ць, умашчу, умосціш, умосціць; зак.

1. што. Разм. Вымасціць паверхню чаго‑н. (каменем, дрэвам і пад.). У парыжскі брук умошчаны акрываўленыя камяні Бастыліі. Рамановіч.

2. што. Разм. Змясціць што‑н. на невялікім месцы. Умасціць усе рэчы на воз. □ [Блішчыха:] — Можа павячэраеце з дарогі... — І ля місы з агуркамі ўмасціла цёмную пляшку. Кухараў. Падушкі, хоць і непатрэбна было іх столькі, умасціў [Аўсянік] усе чатыры. Васілевіч.

3. перан.; каго. Абл. Уладкаваць каго‑н. куды‑н. [Скуратовіч] узяў сабе замуж панскую ахмістрыню, а сваю сястру ўмасціў к пані пакаёўкай. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хварту́х, ‑а, м.

Абл.

1. Рабочае адзенне ў выглядзе куска тканіны, скуры, брызенту пэўнага фасону і памеру, якое падвязваюць спераду, каб засцерагчы ад забруджвання сукенку, спадніцу, касцюм. Нявестка сабрала ў хвартух відэльцы, лыжкі, чаркі і выйшла. Кавалёў. Мама і стол заслала настольнікам, і хату разы два перамяла, і хвартух новы падвязала. Брыль. Сам Міхал ужо не працуе — працуюць яго чатыры сыны, якія стаяць пры горнах, — кожны ў скураным хвартуху... Пестрак.

2. Скураная, брызентавая, палатняная покрыўка, запона, што засцерагаюць машыны, механізмы і пад. ад пылу, бруду.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Апало́нік1 пало́нік ’разліўная лыжка’. Рус. половник, уполовник, укр. ополоник, половник, абл. уполовник ’тс’. Ст.-рус. половьникъ ’мера сыпкіх цел’, уполовьникъ, упольникъ ’коўш на доўгай ручцы’. Ст.-бел. ополоник 1538–1539, полоник 1556–1571 (Мар. дыс.), ополоникъ (Шакун, Гісторыя, 114). Балг. половница ’сасуд 1/2 л’; макед. арх. половник ’1/2 вядра, торбы і інш.’, серб.-харв. устар. поло̀вњак ’мера збожжа каля 25 кг’, славен. polovník, polovnìca ’старая мера сыпкіх цел’. Параўн. яшчэ ўкр. половник ’засек для паловы’; славац. polovník ’сумесь з аўса (жыта) і ячменю’. Абодва прыклады на упольникъ у Сразн. аб меранні мора ўпольнікам. Апалонік, палонік звязаны са старарускай назвай меры половьникъ, уполовьникъ; апошняя цалкам, магчыма, генетычна звязана з паўднёваславянскімі формамі. Далейшыя этымалагічныя хады няпэўныя; магчыма сувязь з пол ’1/2’. Улічваючы славен. рòl ’чарпак (для лодкі)’ і ст.-рус. упольник, нельга гаварыць аб непасрэднай сувязі з палова ’рэшткі пры апрацоўцы зерня’. Фасмер (4, 164) няпэўна (як сам адзначае) параўноўвае уполовник, упол, уполовьня з палаць ’веяць’ (гл.), палоць.

Апало́нік2, пало́нік (Нас., БРС). Укр. ополоник ’палонік’, рус. дыял. полоник ’тс’ (бранск.). Перанос па знешняму падабенству з назвы лыжкі; параўн. балг. попова лъжичка ’тс’.

*Апало́нік3, ополо́нык ’перапечка з цеста’ (Вешт., 393). Параўн. палёшки ’малыя вараныя ці печаныя перапечкі’ (Вешт., 398). Магчыма, з назвы лыжкі, пры дапамозе якой наліваюць цеста (няпэўна). Параўн. паляніца, апалька (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

вогнішча, агонь, касцёр; цяпло (абл.); цяпельца (абл. памянш.)

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

бу́хта 1, ‑ы, ДМ ‑хце, ж.

1. Невялікі марскі заліў, прыгодны для стаянкі суднаў. Заставацца ў адкрытым моры было нельга, да свайго порта далекавата, і капітан прыняў рашэнне схавацца ў зручнай бухце. Б. Стральцоў.

2. Абл. Глыбокае месца ў рэчцы. І ёсць загадка такая: Ні смяецца, ні гукае, Жыве ў бухце пад ракітай, На ім світа, Ды не сшыта. Колас.

[Ням. Bucht.]

бу́хта 2, ‑ы, ДМ ‑хце, ж.

Вялікі скрутак дроту, каната і пад. Калгаснікі, убачыўшы.. прывезеныя Дзямідам Сычам турбіны і генератар, цяжкія бухты меднага дроту, кінуліся на пошукі электрычнага шнура. Паслядовіч.

[Гал. bocht.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

груд, ‑а, М ‑дзе, м.

1. Невялікая горка, узгорак. У лесе неяк адразу павесялела, а на пясчаных грудах зноў заззяў верас. С. Александровіч. Пры шумнай рацэ, на пакацістым грудзе, Паставілі Ноўгарад Рускія людзі. Лужанін.

2. Сухая сенажаць, сухадол. З гэтага боку мястэчка пачыналіся паплавы, найбольш груд, а месцам прыбалочаныя. Чорны.

3. Тое, што і груда (у 1 знач.). З двух грузавікоў у вялікі груд згружаюць цэглу. Шамякін.

4. Абл. Куча галля, хворасту; лоўж. Пад зацішным кустом або ў грудзе ламачча вывела на свет першы вывадак даўгавухая рыжая зайчыха. «Звязда».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бац 1, выкл.

Разм.

1. Ужываецца для перадачы рэзкага адрывістага гуку. Тут адзін з рыбакоў размахнуўся і — бац! — абухом па лёдзе. Ігнаценка.

2. у знач. вык. Ужываецца для перадачы раптоўнасці, нечаканасці дзеяння. [Клест:] — І пацяклі на рахунак тысячы. А я тут бац, памесячнае авансаванне ўвёў, па тры рублі на працадзень. Шашкоў. [Зося:] — Толькі, ведаеш, мы скончылі абедаць і яшчэ я не паспела вылезці з-за стала, як бац — хто ж ты думаеш? — Васіль у хату. Гартны.

бац 2, баца, м.

Абл. Пацук. Збудаваў я палац, Многа фабрык, мастоў. Сам жа голы, як бац, — Пары дзве рызманоў. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заара́ць 1, ‑ару, ‑арэш, ‑арэ; ‑аром, ‑араце; зак., што.

1. Аручы, прыкрыць, засыпаць зямлёй. Заараць лубін. □ Малашонак доўга не здаваўся, але ўсё ж штучнае ўгнаенне заараў у глебу разам з гноем. Ермаловіч.

2. Разм. Аручы, захапіць кавалак чужой зямлі, чужога ўчастка. То закосіш чужога трохі, то заарэш, а праз гэта кожны дзень сваркі, панятыя. Галавач.

3. Абл. Узараць. Група партызан — дзесяць падвод — ехала ў вёску памагчы сялянам заараць зямлю пад жыта. Пестрак.

•••

Заараць носам (зямлю) — упасці ніцма ад удару або спатыкнуўшыся.

заара́ць 2, ‑ару, ‑арэш, ‑арэ; ‑аром, ‑араце; зак.

Разм. Пачаць араць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)