цярплі́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае цярпенне (у 1 знач.); здольны з цярпеннем пераносіць фізічныя і маральныя пакуты. Цярплівы мужны наш народ. Астрэйка. Страшна сказаць — ён [Таўлай] паміраў шэсць месяцаў, ведаў пра гэта, а ўсё ж заставаўся самім сабою: цярплівы, спакойны, мілы. Брыль.

2. Здольны рабіць што‑н. доўга, настойліва, з цярпеннем. Хіба вельмі вучоны чалавек можа .. [літары] разблытаць, нібы цярплівая гаспадыня скудлачаны маток нітак. Бядуля. // Доўгі, упарты. Цярплівая праца.

3. Поўны цярпення (у 1 знач.); які выражае цярпенне. Цярплівыя адносіны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шалёстаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. каго-што. Біць, сцябаць з шумам. Было на .. [грэблі], казалі, і страшнае месца, адкуль часамі выбягаў нехта ў чырвоным, з пугаю ў руках і шалёстаў па вушах таго, хто позна ехаў з поля. Колас. Ціха ўвайшла [маці] праз сені ў кухню, зняла з цвіка татаў рэмень, ш-шах! — адчыніла дзверы ў хату і давай шалёстаць — і папа і дыякана! Брыль.

2. Шамацець, шалясцець. Шалёсталі ссохлым лісцем, палівалі зямлю золкімі дажджамі верасні. Карамазаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шчабята́ць, ‑бячу, ‑бечаш, ‑беча; незак.

1. Спяваючы, утвараць гукі, падобныя на шчэбет (пра птушак). А бульбу садзяць, калі ўжо зусім цёпла, калі цвітуць сады, шчабечуць ластаўкі. Брыль. Пад вільчыкам дома шчабяталі ластаўкі. Даніленка.

2. перан. Хутка, бесперастанку гаварыць (звычайна пра дзяцей, жанчын). — А ведаеш, тата, — шчабятала дзяўчынка на руках у Міколы. — Ты паедзеш, а да мяне сёння цёця Ната прыйдзе. Краўчанка.

3. перан. Шумець, булькаць, плёскацца (пра ваду). Дрэмле хмурынка, Шчабеча ручай. Смела, Ірынка, увысь пазірай. Вялюгін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыці́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. прыціх, ‑ла і прыціхнуў, ‑нула; зак.

1. Перастаць падаваць гукі, ствараць шум і пад.; сціхнуць. Салавейка прыціхне, спыняць бег ручаіны, І жаўрук страпянецца над жытамі пад сонцам. Шушкевіч. Пацягнуліся сумныя трывожныя дні. Вёска неяк адразу прыціхла. С. Александровіч. // Стаць амаль нячутным; перастаць чуцца. Крык прыціхнуў, перайшоў ва ўзбуджаную гаворку. Навуменка. Ён любіў горад і ў гэты позні час, калі ўжо крыху прыціх вячэрні вулічны шум, рассеяўся і апаў пыл, змоўкла музыка ў гарадскім парку. Хадкевіч. На некаторы час гутарка прыціхла, саступіўшы месца чаўканню сківіц. Колас.

2. Перастаць рухацца; замерці. Юзя пераставіла ражку з бульбай бліжэй да акна і прыціхла. Бажко. Каб соладка размарыцца, вясковаму хлапчаняці дастаткова было прыціхнуць каля плота. Брыль. // Паслабець у сіле свайго праяўлення; сцішыцца. Бой прыціх. Мяцеліца прыціхла. □ І снег ружавее, як дальнія вёсны, І вецер сягоння чамусьці прыціх... Багун. // перан. Стаць ціхім, бяздзейным на некаторы час. З вясны сорак другога года, як толькі Ячны, услед за сваім Кастусём, падаўся ў атрад, Шпэк прыціх. Брыль. Месяцы, можа, на два буржуазныя нацыяналісты прыціхлі, нават на вечарынкі не збіраліся. Новікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заграба́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. што. Захопліваючы, грабучы, збіраць у адно месца, у кучу; зграбаць. Заграбаць сена. □ Ячны .. заграбае рукамі ў кужэльны беленькі фартух залатыя зярняты. Брыль. // (звычайна са словамі «нага», «ногі»). Чапляць, ссоўваць зямлю пры хадзьбе. Заграбаць нагамі. □ Акаваныя жалезам боты пакінулі след... Можа Змітрок Шэмет? Не. У Змітрака адна падкова трэснула, да таго ж, ён заграбае абцасам зямлю, не пакідаючы яснага следу. Бажко. // перан. Разм. З прагнасцю захопліваць, прысвойваць; многа атрымліваць, зарабляць. — Паны заўсёды заграбалі лепшыя землі сабе, заўсёды адціскалі нашага брата бліжэй да балота і пяскоў. Брыль.

2. што. Закопваць у што‑н. сыпкае. Пакуль Андрэй заграбаў у снег Зялёнкавы транты, у галаве яго зусім праяснілася. Чарнышэвіч.

3. Грэбці вёсламі, рукамі і пад. Міканор Іванавіч рытмічна апускаў вёслы, адкідваўся назад і моцна, напружваючы сілы, заграбаў. Даніленка. Нейкі момант Казік яшчэ спрабаваў утрымацца ў паветры. Дрыгаў нагамі, сутаргава заграбаў рукамі. Шыловіч.

4. Незак. да загрэбці (у 2 знач.).

•••

Хоць граблямі (лапатай) заграбай — пра вялікую колькасць чаго‑н.

Чужымі рукамі жар заграбаць — карыстацца вынікамі чужой працы ў сваіх карыслівых мэтах.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пама́рыць, ‑ма́ру, ‑ма́рыш, ‑ма́рыць; зак.

Марыць некаторы час. Робячы нешта сур’ёзнае, падчас бывае прыемна і памарыць. Брыль. Добра згубіцца ў шырокім стэпе, паляжаць на мяккай зямлі, памарыць. Няхай.

памары́ць, ‑мару́, ‑мо́рыш, ‑мо́рыць; зак., каго-што.

Разм.

1. Патруціць, атруціць усіх, многіх. Памарыць мышэй.

2. перан. Замучыць, замарыць усіх, многіх. [Міхал:] — Ну, сядай, расказвай, старшыня, як верхаводзіла. Людзей голадам не паморыш, хлеб ёсць на працадні? Васілевіч.

3. Спец. Апрацаваць спецыяльным растворам або марылкай усё, многае.

4. і без дап. Марыць некаторы час.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

неціка́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які не выклікае цікавасці. Нецікавы кінафільм. □ — А ўсё ж нецікавая нам работа выпала, — праз нейкі час скардзіўся.. [Міхась], касавурачыся на Васіля. Якімовіч.

2. Разм. Непрыгожы. Са старою паняй жыла адзіная дачка, якую з-за ваеннага ліхалецця і нецікавага выгляду не ўдалося выдаць замуж. Брыль.

3. Разм. Не зусім добры; пасрэдны. Нарада пакінула нецікавае ўражанне... Гартны. [Бабка] проста думае свае старэчыя думкі, сухія, як і сама старасць, простыя, як і ўсё жыццё яе, нецікавыя, як і яе доля. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паграні́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які знаходзіцца каля граніцы, уздоўж граніцы. Пагранічная зона. □ Тут ляжала калісьці прасека Пагранічнай лясной паласы. Калачынскі. Пагранічная пушча вакол загула. Куляшоў. // Які адбываецца на граніцы. Пагранічны інцыдэнт. Пагранічная служба. // Які паказвае граніцу. На бурым .. фоне прыемна вылучаюцца паласатыя пары пагранічных слупоў. Брыль.

2. Які мяжуецца з кім‑, чым‑н. Пагранічная рэспубліка. Пагранічныя горы.

3. Які мае адносіны да аховы граніцы. Пагранічная варта. Пагранічная застава. Пагранічны гарнізон. □ Прыдзвінне ад Полацка да граніцы з Латвіяй было краем насцярожанай пагранічнай цішыні. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

недахва́т, ‑у, М ‑ваце, м.

Разм.

1. Адсутнасць дастатковай колькасці каго‑, чаго‑н. Калі вахман і баўэр набілі аскому высокай палітыкай, пайшла звычайная сялянская гутарка пра добрае лета, пра касавіцу, пра недахват мужчынскіх рук... Брыль. Бяскорміца, недахват сена.. прымусілі нас да таго, што за ношку саломы мы павінны былі адрабляць сваім кулакам. Нікановіч.

2. Адсутнасць дастатковых сродкаў на пражыццё, недахоп самага неабходнага; беднасць, нястача. Ведала Ніна, што бойкі, сваркі гэтыя ўсё ад таго, што недахват ва ўсім у хаце, беднасць. Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

про́за, ‑ы, ж.

1. Невершаваная мова. Пісаць прозай. □ [Васіль:] — Пішы летапіс нашага калгаса — і стары, і новы. Вершамі ці прозай — усё роўна. Якімовіч. // Невершаваная літаратура, сукупнасць невершаваных мастацкіх твораў. Беларуская савецкая праза. Асаблівасці прозы Я. Коласа. □ Проза К. Чорнага ў канцы 20‑х гадоў набывала эпічны характар. Луфераў.

2. перан. Будзённасць, штодзённасць; звычайнасць. Проза жыцця. □ Прызнацца, мяне спачатку здзівіла і нават расчаравала ажно такая прастата і проза. Брыль. Гэта проза сялянскай сям’і, але адначасна гэта яе найглыбейшая паэзія. Клімковіч.

•••

Верш у прозе гл. верш.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)