Арама́т. Рус., укр. арома́т. Ст.-бел. ароматъ, ароматы (у друк. кн. XVII ст., Гіст. мовы, 1, 298), ст.-рус. ароматъ з ст.-слав. (толькі мн. л.!), ароматы < грэч. ἄρωμα, мн. л. ἀρώματα, родны скл. мн. л. ἀρωμάτων. Стараславянская форма адлюстроўвае грэч. мн. л. Паколькі ўжо ў Лексісе Зізанія арома́ты, націск, магчыма, выводзіць з грэч. ускосных форм, а не з франц. Параўн. Шанскі, 1, А, 146. Аб грэчаскай крыніцы бел. арамат гл. Булахаў, Курс суч., 163; Юргелевіч, Курс, 127; Гіст. лекс., 122.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Аскра́к ’чалавек, у якога заўсёды беспарадак пад носам’ (Янк. Мат.). Укр. оскря́к, віскряк, візгряк ’сапля, сапляк’. У сучаснай мове разумеецца як утварэнне з суфіксам ‑ак, які ўтварае назвы асоб. Тады зыходным трэба лічыць возкрі ’соплі’ (Бяльк.). Гл. возгры, якое мае шмат паралеляў у славянскіх мовах; не выключана, што скрак — каранёвы элемент: *(s)kręk ’студзяністая субстанцыя, напр. жабурынне’. Супрун, Бел.-укр. ізал., 71–73; Вярэніч, Бел.-укр. ізал. 10–11; Шцех, Scando-Slavica, 11, 251–254; іншую літаратуру гл. да артыкула возеры.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Жвяле́ць ’жвавець’ (мсцісл., Юрч.) і вытворныя жвяла, жвялей, жвяласць Лаўчутэ лічыць утворанымі на аснове літ. запаз. žvaléti ’бадрыцца’, žvalùs ’жвавы’ (Baltistica, VI, 2, 199). Літ. уздзеянне на бел. формы з ‑л‑ не выключана (гл. жвавы, дзе і форма жвалы), хаця форма жвалы (і ўкр. жвалий) ’жвавы’ можа тлумачыцца і як вынік варыянтнасці суфікса ‑ав‑/‑ал‑. Пры тлумачэнні мяккасці ‑в‑ трэба ўлічыць аналагічныя адносіны ў жвакаць — жвякаць, а таксама магчымасць уздзеяння антанімічнага вялы (жвавы — вялы — жвялы). Магчыма і зваротнае ўздзеянне бел. семантыкі на літ.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Жлудзь ’картачная масць’ (Нас.). Рус. жлуди ’тс’. Фасмер (2, 58) лічыць форму жлуди ад желуди. Чарнышоў (Избр. тр., 2, 448) лічыў назву жолуда калькай чэш. < ням. назвы, а выпадзенне першай галоснай звязваў (там жа, 452) з формамі ўскосных склонаў мн. л. желуде́й, желудя́м > жлуде́й, жлудя́м, адкуль і другасная форма наз. скл. мн. л. жлуди. Трэба далучыць яшчэ магчымасць уплыву акцэнтнага варыянта жалу́д (гл.), прадстаўленага і ў бел. мове. Формы з мяккасцю апошняга зычнага вядомы і бел. мове (жолудзь, Шатал.). Гл. жолуд.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Зняна́цку ’раптоўна’. Рус. бранск. изненачку. Укр. знена́цька, польск. znienacka, чэш. znenadaja, znenadajky ’нечакана’, славац. znenazdajky ’зразу’, славен. iznenâda, iznenâde, серб.-харв. и̏зненāтке̄, и̏зненāда, изнѐнањено ’нечакана’, балг. изнена̀да ’нечаканая падзея, пачуццё’, макед. изненада ’тс’. Паводле Мартынава–Міхневіча (Маладосць, 1970, 3, 145), Брукнера (665), бел. (і ўкр.) з польск., дзе на месцы *dě‑ (параўн. надзея) фанетычна выступае с. Не выключана і запазычанне ў польск. з укр., бел. Прасл. дыял. jьz‑ne‑na‑dě‑j‑ьk‑y (аддзеяслоўны назоўнік *naděja > nadějьka, гл. надзея).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Казлі́ць ’пець непрыемным, прарэзлівым голасам’ (Нас.). Празрыстае ўтварэнне ад казёл 1, матывацыя таксама зразумелая. Дакладных адпаведнікаў няма, рус. козлить, козлиться ў значэнні ’весці сябе як казёл і інш.’ можна разглядаць як незалежныя ад бел.; аднак мадэль, па якой утвораны гэтыя лексемы, з’яўляецца, відаць, архаічнай. Бел. казліць можа захоўваць вельмі старажытную канструкцыю, якая ў выніку яе экспрэсіўнасці магла і змяняць структуру (клас дзеяслова) і спецыялізаваць значэнні. Рус. лексему, такім чынам, можна разглядаць як найбольш блізкую да архетыпу, хоць, зразумела, вельмі ўмоўна.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Кастэля́нка ’кастэлянка’ (БРС). Параўн. рус. кастеля́нша ’тс’. У ст.-бел. мове ўжо было засведчана гэта слова. Гл. Булыка, Запазыч., 144 (каштелянка; вытворнае ад каштелянъ, кашталянъ, кастелянъ ’камендант замка’). Параўн. яшчэ рус. (старое) кастеля́н ’наглядчык замка або грамадскага будынка’. Першакрыніцай запазычання з’яўляецца італ. caslellano ’камендант, наглядчык замка’ (а гэта з лац. castellānus, утварэнне ад castellum ’замак’). Як і бел. кастэля́нка (каштелянка), але пры дапамозе іншага суфікса, узнікла рус. кастеля́нша (словаўтварэнне яго не бясспрэчнае; параўн. Шанскі, 2, К, 86). Гл. яшчэ Слаўскі, 2, 98.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Слу́шны ‘разумны, абгрунтаваны; практычна карысны’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Варл., Байк. і Некр., Барад., Сл. ПЗБ), сюды ж ст.-бел. слушне ‘справядліва’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. слу́шний ‘належны, адпаведны, прыстойны’, польск. słuszny, в.-луж. słušny ‘справядлівы, уласцівы, належны’, н.-луж. słušny ‘належны’, чэш. slušný ‘прыстойны, добры’. Паўночнапрасл. *slušьnъ прыметнік ад прасл. *slušati ‘чуць’ (гл. слухаць), дыял. паўн. ‘быць прыналежным, належаць, служыць; стасавацца’; гл. яшчэ Махэк₂, 558 і наст.; Брукнер, 501 і наст. У беларускай і ва ўкраінскай з польскай; гл. ЕСУМ, 5, 311.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тро́скат ‘трэск’ (Ласт.), ст.-бел. троскотъ ‘расліна’ (Скарына). Параўн. укр. тро́скит, трі́скот ‘трэск’, рус. тро́скот ‘трэск, хруст’, стараж.-рус. троскотъ ‘тс’, польск. troskot ‘лясканне, трэск’, серб., харв. тро̏скот ‘урэчнік, Polygonum’, балг. тро́скот ‘пырнік’, макед. троскот ‘тс’. Прасл. *troskot утворана ад мяркуемага дзеяслова *troskati ‘трашчаць, лопацца’, суадноснага з літ. traškė́ti ‘хрусцець, трэскацца, грымець’ (Скок, 3, 507; Фасмер, 4, 106; SEK, 5, 172), адсюль ст.-бел. троскотати ‘трашчаць’ (Сл. Скар.). Меркаванні пра паходжанне назваў раслін, якія трашчаць, калі іх рвуць, гл. Брукнер, 577.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
*Трыпялі́, трыпылі́, адз. л. трыпі́ль ‘кутас у поясе’, ‘махры ў хустцы, настольніку, рушніку’ (драг., ЛА, 4). Працяг ст.-бел. треперель ‘упрыгожанне на адзенні’ (1586 г.), якое са ст.-польск. treperela ‘тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 109). У XVI ст. ужываліся таксама формы treperele і trepele, з апошняй і паходзіць дыялектная лексема, усе да італ. trapelo ‘шнур’ (Брукнер, 568). Сюды ж, верагодна, і трапаля́сы ‘шматкі тканіны’ (пін., Бел. дыял. 1) — канец слова, відаць, пад уплывам кутасы (гл.), параўн. і назалізаваны варыянт трампялясы, гл.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)