Жэ́ўжык ’свавольнік, гарэза’. Рус. дыял. кур., зах., паўд., смал. же́вжик ’невялікі, але рухавы чалавек’, же́вжик ’вяртлявы, рухавы чалавек’, ’верабей’, ст.-укр. з 1651 г. (Хрэст.). Усх.-слав. жартаўлівае (Булахоўскі, Нариси загального мовознавства, 1959, 108) слова можа быць узведзена да прасл. формы *žьv‑, што чаргуецца з *živ‑ (гл. жывы і жвавы). Супрун, Бел.-польск. ізал., 126. У слове жэўжык другое ж, відаць, у той ці іншай меры адлюстроўвае ўплыў першага ж, а значыць, можа разглядацца як рэдуплікаванае, што для жартаўлівага слова цалкам зразумела. Суфікс ик (> ‑ык) часта выкарыстоўваецца для назваў асоб.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Заўзяты ’ўпарты, напорысты, напружаны’. Рус. завзя́тый, укр. завзя́тий, польск. zawzięty ’тс’, славац. zavzalý ’тс’; параўн. славен. zavzę́ten ’дзіўны, цудоўны; цяжкі на пад’ём’. Паводле формы, дзеепрыметнік на ад *za + vъz‑ę‑ti (гл. узяць), утвораны хутчэй за ўсё па польск. глебе, дзе вядомае і цяпер zawziąć ’узяць’ у ст.-польск. мела шырокае ўжыванне з далейшым развіццём значэння ’узяты’ > ’захоплены’ (у прамым і пераносным сэнсе) > ’упарты’. З польск. у бел. укр. > рус., а таксама славац. Фасмер, 2, 72; Брукнер, 640. Славен. мае іншае значэнне і ўтварэнне і можа лічыцца асобным словам.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зе́брыкі ’расліна братаўка дуброўная (брат-сястра), Melampyrum nemorosum L.?’ (ельск., Жыв. сл.). Параўн. рус. дан. зе́брик ’шчарбіна’. Паколькі ў кветак зебрыка адзначаюцца зубцы, якія таксама бываюць факультатыўна ў асновы лісткоў, відаць, бел. назва расліны звязана з рус. зебрик ’шчарбіна’, якое, відаць, суадносіцца з зебры ’жабры’, ’сківіцы’ паводле формы, вядомых у тых жа гаворках (параўн. і бел. зябры); гл. жабры. Назва зубца з памяншальным суфіксам ‑ик > ‑ык, а назва расліны па мн. л., магчыма, у сувязі з парнай назвай брат з сястрою, Иван да Марья і г. д. Трубачоў, Дополн., 2, 91. Гл. зябер.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кава́лак ’кусок’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Выг., Гарэц., Грыг., Касп., Нас., Сержп. Грам., Сержп. Прымхі, Шат., Яруш.), кавалак ’кусок вымешанай гліны’ (палес., Вярэн.), ’зямельны надзел квадратнай формы’ (палес., Выг.), ’тоўстае бервяно’ (БРС), у выразе кавалак дурня (Сцяц.), кавалачак (ТСБМ, Нас.). Больш шырока, чым кавал (гл.), распаўсюлжаны паланізм. Гэта можа тлумачыцца або больш раннім пранікненнем яго ў бел. гаворкі, або тымі ж чыста моўнымі семантычнымі асаблівасцямі, паводле якіх кусок больш ужывальнае, чым кус. Неабходна адзначыць, што, як і ў выпадку са словам кавал, пашыралася менавіта значэнне ’частка цэлага’. Аб этымалогіі гл. кавал.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Про́ба ’ўзор’, ’невялікая частка чаго-небудзь, узятая для праверкі; вызначэнне якасці’, ’выпрабаванне’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Сл. ПЗБ), проб ’тс’ (Ян.), сюды ж про́боваць ’каштаваць’ (ТС). Запазычанне з польск. próba ’праверка, выпрабаванне’ (Карскі, Белорусы, 156; Брукнер, 437; Кюнэ, Poln., 89), таксама як і рус., укр. про́ба (Фасмер, 3, 370). Крыніца слова ў с.-лац. proba ’проба’ ад probāre ’правяраць, выпрабоўваць’, якое трапіла ў польскую мову праз ням. Probe (гл. Брукнер, там жа; Банькоўскі, 2, 797). Адносна формы м. р. проб параўн. рус. пороховой проб (1705 г.). Ст.-бел. проба ’катаванне, мука’ з польскай (Булыка, Запазыч., 264).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прывіле́я ’выключнае права, якім карыстаецца хто-небудзь у адрозненне ад іншых’ (Бяльк., ТСБМ), прывіле́й ’права ўвогуле, якое засноўваецца на пісьмовым дакуменце; прывілея’ (Нас., Гарэц., Ласт., Байк. і Некр., Др.-Падб.). Працягвае ст.-бел. привилеи (Грамата Вітаўта 1388 г.), привилей, прывилей, привелей, привилий, привилье, прывилье ’ўрадавы ўказ, прывілея’ (з 1434 г.), якое са ст.-польск. przywilej (1393 г.) < лац. prīvilēgium (Булыка, Лекс. запазыч., 57). Таксама з польскай і іншыя ўсходнеславянскія формы: рус. смал. приви́лье ’павяленне, указ; прывілея’, укр. привіле́й, привиле́й ’прывілея’ (Фасмер, 3, 363; ЕСУМ, 4, 569; Банькоўскі, 2, 954).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прына́мсі ’ва ўсякім разе’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Байк. і Некр.), прына́мся (Др.-Падб.), пріна́мсі, прына́мсці (Бяльк.), таксама прына́мні, прына́(й)мней (Шпіл., Нас., Гарэц.), прына́мнэ ’тс’ (Булг.). Верагодна, першаснай формай з’яўляецца прына́(й)мней — вынік лексікалізацыі словазлучэння кшталту пры на́йменей. Развіццё іншых форм абумоўлена далейшымі ўнутрыслоўнымі працэсамі (у прыватнасці, прагрэсіўнай дысіміляцыяй назальнай групы ‑мн‑), выкліканымі фармальным разыходжаннем дэрыватаў. Паводле Кюнэ (Poln., 89), формы з ‑мн‑ запазычаны з польск. przynajmniej ’па меншай меры’, што як і ўкр. принаймні ’тс’, калькі ням. am mindesten (ЕСУМ, 4, 574; Банькоўскі, 2, 942–943).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пустэ́ча ’пустата’ (Шат.), пусце́ча ’пустка, пусташ, пустаполіца’ (ТСБМ; ЛА, 2; чэрв., Сл. ПЗБ; любан., Нар. словатв.; Сл. Брэс.), ’неўрадлівае поле’ (Янк. 1, Жд. 1), пустэ́ча ’адзіноцтва, несуцешнасць’ (Варл.), ’несамастойны, несур’ёзны, пусты чалавек’ (маг., Янк. Мат.; Жд. 1., Янк. 1), пусце́ча ’пусты, бяздумны чалавек; распуста’ (ТС, Ян.). Трубачоў (Слав. языкозн., V, 182, 187–188) на аснове адпаведнасці серб.-харв. пустоћа ’пустата’, славен. pustoča ’тс’ рэканструюе *pustotja ў якасці праславянскага дыялектызма; формы з палаталізацыяй, распаўсюджаныя пераважна на ўсходнім Палессі, хутчэй за ўсё, другасныя, узнятыя ў выніку адштурхоўвання ад украінскай дэпалаталізацыі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Піся́г, піся́га, пася́г, пісю́га ’шрам ад удару пугай’, ’крывавы след ад удару’ (Шат.; Мат. Гом.; ТС; рас., Шатал.), пісяга́ты ’стракаты’ (маст., Сцяшк. Сл.), бяроз. пісяга́сты ’тс’ (Сл. ПЗБ), піся́жыць ’біць бізуном ці чым-н. іншым, пакідаючы шрамы’; бярэз. піця́х, кам. пуцугі; петрык., лельч., рэч. пісягі, піцягі ’рагі ад поту, слёз на твары’ (ЛА, 3). Параўн. піса́г ’тс’ (гл.); усе формы ўзыходзяць да *pisati, гл. піса́ць, першапачатковае значэнне — ’праводзіць лінію, рысу’, параўн. польск. дыял. piska ’рыска’, twarz łzami pisze (пра сляды слёз) (Варш. сл.), балг. радоп. пѝсинка ’рыска, палоска’ і пад.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ра́ссе, ря́ссе, ря́сьсе, ра́ссё, ра́сьё, рассё, ра́сся зборн. ’старое адзенне; рвань, лахманы, транты’ (Нас., Касп., Гарэц., Растарг., Бяльк., Юрч., Янк. 2; слаўг., клім., чэрык., лельч., ЛА, 5), сюды ж таксама ря́сище ’падранае адзенне; рыззё’ (Нас.) з узмацняльным суфіксам. Формы характэрныя для беларуска-рускага сумежжа і ўтвараюць адзіны арэал, параўн. рус. бран. (трубч.) і смал. ря́сье, рясьё ’адзенне, парванае ў лахманы’. Да раса́2, параўн. польск. дыял. rzęsa ’парванае адзенне’, rząski ’лахманы, транты’, якія Борысь (SEK, 4, 227) разглядае як другасныя, што праз стадыю акраўкі, растрапаныя ніткі на краях адзення’ асацыююцца з вейкамі (rzęsami) на павеках.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)