ло́пацца, ‑аецца; незак.
1. Даваць трэшчыны, разломвацца, раздзірацца; трэскацца. Лопаецца скура на руках. Лёд лопаецца. □ Лопаліся шыбы вокнаў, і з іх вырывалася клубы дыму і языкі полымя. Лупсякоў. Уначы ад марозу лопаліся бярвенні ў сценах. Хомчанка. // Ірвацца з трэскам. Струны лопаюцца. Трос лопаецца. // Трэскаючыся, распадацца. На ўзгорках ужо зусім суха. Лопаюцца прыгрэтыя сонцам пупышкі арэшніку. Жычка. // Выбухаць, разрывацца (пра бомбы, снарады, міны і пад.). Снарады сталі густа, са скрогатам лопацца над танкамі. Мележ. // Надзімаючыся, разрывацца і знікаць. У лужынах на асфальце ўсхопліваліся і, праплыўшы крыху, лопаліся бурбалкі. Карпаў.
2. перан. Разм. Цярпець поўную няўдачу, крах. Лопаюцца планы. Лопаюцца надзеі.
•••
Лопацца са смеху — тое, што і паміраць са смеху (гл. паміраць).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
іна́кш, прысл. і злучн.
1. прысл. Тое, што і іначай (у 1 знач.). Ужо зусім інакш, сустракалі назаўтра хлопцы сясцёр. Грахоўскі. — У нашым становішчы трэба разважаць інакш. Маўр.
2. злучн. супраціўны. Тое, што і іначай (у 2 знач.). Данік разумеў, што там — вялікі бой, можа нават такі, як бітва пад Барадзіно.., інакш немцы не кідалі б столькі авіяцыі. Шамякін.
3. злучн. далучальны. Далучае члены сказа, якія растлумачваюць змест папярэдніх слоў ці сказаў. [Бабручыха] была баба, як кажуць, набожная — кожную справу ў сваёй гаспадарцы пачынала малітвай з трэбніка. Былі ў ім розныя «чыны», інакш — абрады, і малітвы. Брыль.
•••
Інакш кажучы гл. кажучы.
Так ці інакш гл. так.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
азіра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што.
1. Незак. да азірнуць. Сашка ўсё круціў галавой і азіраў неба: хоць бы хутчэй той каршун прылятаў, а то нешта ў сон хіліць. Даніленка. На праспект выходзіць Пастушэня, ён ужо забыў, куды ідзе, азірае жоўтыя прысады, з любасцю ўглядаецца ў фасады, як у твары дарагіх людзей. Русецкі.
2. Рабіць агляд чаго‑н. у думках; успамінаць. Хоць я няволяй цяжка змучан І з родным берагам разлучан, Ды я душою ажываю, Як вокам мыслі азіраю Цябе, мой луг і бераг родны. Колас. Пісьменнік [Пятрусь Броўка] нібы з вышынь сваёй чалавечай сталасці, новым прасветленым поглядам азірае шлях, які прайшла яго краіна, і свой уласны жыццёвы шлях. Бярозкін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зарасці́, ‑расту, ‑расцеш, ‑расце; ‑расцём, ‑расцяце; пр. зарос, ‑расла, ‑ло; зак.
1. чым і без дап. Пакрыцца, парасці якой‑н. расліннасцю. За апошнія гады дзялянка зарасла маладым бярэзнікам, які быў ужо вышэй рослага чалавека. Шуцько. // Пакрыцца валасамі, поўсцю і пад. Твар .. [камандзіра брыгады] асунуўся, пацямнеў, зарос за час блакады густой барадою. Шамякін. [Андрэй] амаль не падобны быў сам на сябе: твар густа зарос, скроні ўпалі і быццам бы пасівелі. Кулакоўскі.
2. Разм. Зажыць, зарубцавацца (пра рану). І ў чалавека раны зарастуць, Але рубцы навечна застануцца. Свірка.
•••
Зарасці (парасці) быллём — адысці ў нябыт, забыцца. Ліха тое сёння Адышло далёка, Зарасла быллём. Колас.
Зарасці граззю — без догляду вельмі забрудзіцца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
збыць, збуду, збудзеш, збудзе; пр. збыў, ‑ла, ‑ло; зак., каго-што.
1. Знайшоўшы пакупніка, прадаць што‑н. Збыць тавар. □ Маці спраў весці не ўмела, і ў мінулым годзе запушчаную і ўшчэнт разбураную гаспадарку прыйшлося збыць. Васілевіч. [Вятрак] не мог задаволіць патрэб вялікай гаспадаркі, і людзі, нагараваўшыся з ім, збылі яго амаль за нішто. Ракітны.
2. Разм. Прыладзіць, адаслаць куды‑н., стараючыся пазбавіцца ад каго‑н. Цяпер ужо здагадалася Зося: значыцца, гаспадыня хоча яе збыць на гэты час? Чорны. — Ды гэтак дзед захоча сабе маладую жонку ўзяць, балазе трапляецца выпадак збыць старую... Васілевіч. // Вызваліцца ад чаго‑н. непрыемнага, непатрэбнага. Збыць клопат. Збыць бяду з галавы.
•••
Збыць з рук — пазбавіцца ад каго‑, чаго‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зда́рыцца, ‑рыцца; зак.
1. Мець месца; адбыцца. А тут яшчэ здарыўся выпадак адзін, праз які страцілася ў Міколкі ўсякая вера ў дзедаву храбрасць. Лынькоў. Усе гэтыя дні Аленка была ў нейкім зусім новым для яе настроі. Яе трохі палохалі экзамены — ці мала што можа там здарыцца. Колас. / безас. са злучн. «што». Здарылася, што ў адзін з напружаных для завода момантаў Булай захварэў і праляжаў даволі доўга. Шыцік.
2. безас. з інф. Выпасці на чыю‑н. долю. Здарылася заначаваць аднойчы ў лесе.
3. Нечакана з’явіцца; трапіцца. Тут ужо як чыё шчасце — падарожная машына магла здарыцца і ў першую хвіліну, а магло яе не быць і цэлы дзень. Краўчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
радня́, ‑і, ж.
1. зб. Родныя, сваякі. Да палкоўніка адразу прыехала радня: родная сястра, жонка, нейкі яшчэ малады чалавек. Чорны. Абапал маладых садзяцца шафёры і шаферкі. Потым сваты і свацці, а далей ужо блізкая і далёкая радня. Асіпенка.
2. Разм. Родны (родная), сваяк (сваячка). Здавалася, нібы ўсе яны [людзі і малпы] адчувалі, што даводзяцца адзін аднаму раднёй. Маўр. Можа, ён быў яму нейкая радня, а можа і што-небудзь іншае звязвала іх, але гэты бялявы хлопец быў для оберста не толькі дзеншчыком. Шахавец. // перан. Аб кім‑, чым‑н. падобным у якіх‑н. адносінах. Я ў Новай Рызе — зусім як дома, бо з новым Мінскам яна радня. А. Вольскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разя́віць, разяўлю, разявіш, разявіць; зак., што.
Разм. Шырока раскрыць (рот, пашчу). Саша ад здзіўлення разявіла рот. Шамякін. Прачнуўся кот, што ляжаў на падушцы; разявіў рот, выгнуў дугой спіну і прутам адставіў хвост. Чарнышэвіч.
•••
Разявіць горла — моцна, на ўсю сілу загаварыць, закрычаць.
Разявіць рот — а) (груб.) сказаць што‑н. [Пятрок] не даваў Асташонку разявіць рот, усё гаварыў і гаварыў сам: гадаваў пытанні і адказваў на іх. Ваданосаў; б) тое, што і разявіць горла; в) быць вельмі няўважлівым, рассеяным, неасцярожным. У цешчы грошы ўкралі на базары, бо рот разявіла яна, — Зноў Калістратава віна. Корбан; г) падрацца, разваліцца (пра абутак). Прайшлі не многа мы, а боты Ужо разявілі раты. Кусянкоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
растра́ціць, ‑трачу, ‑траціш, ‑траціць; зак., што.
1. Расходаваць, патраціць (грошы, капітал і пад.). [Міхась:] — У мяне з грашыма тугавата, дзядзька. Аванс увесь па дарозе растраціў. Лупсякоў. // перан. Патраціць (фізічныя і душэўныя сілы) на што‑н. дробнае, пустое, непрыстойнае. Малады яшчэ гадамі, .. [Паходня] ужо шмат перажыў, але не растраціў, а як бы накапіў энергію, каб аддаваць яе той справе, якую яму даручыць партыя. Хадкевіч. Сіл не растраціў, свой збярог агонь. Іду, паклаўшы сэрца на далонь, Насустрач навальніцам і падзеям. А. Александровіч.
2. Незаконна расходаваць (грошы, маёмасць і інш.). Растраціць казённыя грошы.
3. Страціць паступова. [Хана] дарогаю растраціла ўсіх сваіх небаракаў-родных. Чорны. [Антанюк:] — З-за свайго характару ты растраціла сяброў. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ружаве́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.
1. Станавіцца ружовым, афарбоўвацца ў ружовы колер. Неба на паўночным усходзе святлела, і срэбная паласа паўзла на ўсход і паступова шырылася, ружавела. Шамякін. Ледзь-ледзь пачаў ружавець усход і змрок ночы змяніўся перадранішняй бледнасцю. Краўчанка. // безас. Пра наступленне раніцы. За акном ужо ружавела.
2. Чырванець, пакрывацца румянцам. Чорныя .. [Рыгоравы] вочкі гарэлі, як вугалькі, і смуглыя шчокі сарамліва ружавелі. Колас. Янка маўчыць, толькі вушы яго ружавеюць яшчэ больш. Брыль.
3. Выдзяляцца сваім ружовым колерам, віднецца (пра што‑н. ружовае). Сям-там ружавеюць шапкі цыбатых мухамораў. Кандрусевіч. Ён [Нішка] з дарогі звярнуў адзінока І кароткі зрабіў адпачынак, Дзе на ўзмежку самотная вішня Ружавела дарамі галінак. Калачынскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)