Каланда́ ’невялікая колькасць чаго-небудзь’ (Мат. Маг.). Няясна, няма ўпэўненасці ў дакладнасці дэфініцыі, параўн.: «Ні падзелюць ужо калынду тую, сьмех ажно бярець» (с. 41). Відаць, слова непасрэдна суадносіцца з рус. ярасл. каланда ’багацце’, бран. каландить ’эканоміць’. Мяркуючы па рус. ярасл. каланду набить ’разбагацець’, прыведзеныя вышэй значэнні з’яўляюцца другаснымі, а першаснай была семема ’кашалёк, каліта’. На той жа рус. тэрыторыі зафіксавана калама ’кашалёк з грашыма, каліта’; на жаль, яно таксама няяснае. У разглядаемым слове ‑н‑, відаць, другаснае; пры такім дапушчэнні, магчыма, з тат. kalta ’кашалёк’. Не выключана (і прыклад з бран. тэрыторыі гэта як быццам пацвярджае), што слова распаўсюджвалася з бел. гаворак (вядома, што ў Яраслаўскай вобласці ёсць перасяленцы з Магілёўшчыны), аднак унікальнасць бел. слова не дазваляе сцвярджаць гэтага з упэўненасцю.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калашні́к1 ’невялікі хлеў’ (Жд. 2). Рэгіянальнае ўтварэнне, аналагічнае па паходжанню да калашня (гл.). Першапачаткова ’спецыялізаваная пабудова або прыбудоўка для мякіны і да т. п.’, затым ’невялікая гаспадарчая пабудова’ > ’невялікі хлеў’.

Калашні́к2 ’хатняя кветка’ (лельч., Мат. Гом.). Укр. усх.-палес. калашнік і калашнік ’духмяная паказвай кветка невялікага намеру, якая цвіце белымі кветкамі’. Рэгіянальная інавацыя, этымалагічная структура ўтварэння — калачник, далей да калач. Матывацыя, аднак, не вельмі ясная, можна думаць аб пераносе назвы (аб дэрывацыі ад яе) расліны Malva, параўн. усх.-палес. калачики ’Malva silvestris’ (відавочны перанос падобнага тэрміна ў рус. калачик ’расліна Geranium’) і аб незалежным ад гэтага ўтварэнні, дзе аснова суадносіцца з калач3 (гл.). У такім выпадку гэта дэрыват з суфіксам або семантычны кандэнсат, параўн. рус. дыял. структуру калачная трава.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ке́лзаць ’кілзаць, вуздаць’ (Нас., Сл. паўн.-зах., Гарэц., Яруш., Бяльк.). З польск. kielzač ’тс’ (Слаўскі, 3, 148–149, Кюнэ, Poln., 64). Але польск. kielzač само не мае задавальняючага этымалагічнага тлумачэння. Слаўскі (2, 149) спрабуе звязаць яго з укр. ховстати ’тс’, аднак надзейных паралелей да гэтага ўкраінскага слова ў іншых славянскіх мовах ён не знаходзіць. Існуе іншая версія, згодна з якой келзаць (гл. таксама гелзаць і гельзаць) балтыйскага паходжання. Крыніцай магло быць слова geležunes ’конская хвароба, залазаванне’. Цікава, што другая літоўская назва залазавання pažandės узыходзіць да zäslai ’цуглі’ (Лаўчутэ, Балтизмы, 102–103). Такім чынам, не выключана, што заходнебалтыйскае слова тыпу *ge/’z было крыніцай беларускіх і польскіх слоў. Трэба адзначыць, што балтыйскія формы насуперак Лаўчутэ (там жа, 103) не звязаны з балтыйскімі назвамі жалеза.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Клыша́вы ’касалапы, крываногі’ (Сл. паўн.-зах., Нар. лекс., Нар. словатв., КЭС, лаг., Мал., ТС). Укр. клишавий, польск. kłyszawy ’тс’. Лічыцца балтызмам. Крыніца адпавядае літ. klìšas ’крываногі, касалапы’, klìšė ’нага’ (Лаўчутэ, Балтизмы, 36–37). Параўн. клышэнь ’нага’. Давесці генетычную суаднесенасць з літоўскімі лексемамі цяжка, але параўн. в.-луж. klěšiwy ’клышаногі’, klěcha ’нязграбная нага’, н.-луж. klěcha ’тс’. Гл. Слаўскі, 2, 228. Калі сербалужыцкія формы адлюстроўваюць іншую ступень аблаўту, гэта гаворыць у карысць спрадвечнасці польскіх і ўсходнеславянскіх форм, аднак незафіксаванасць адпаведнікаў у паўднёваславянскіх мовах, а таксама ў чэшскай і славацкай выклікае сумненні. Апрача гэтага, пытанне аб магчымасці балтызмаў у сербалужыцкіх мовах не вывучана. Выводзіць клышавы і іншыя беларускія, украінскія і польскія словы з прасл. klěšči ’клешчы, клюшні’ рызыкоўна. Параўн. клюшня1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Разя́піць ’шырока адкрыць (дзверы)’ (Раст.): «Нашто гэта акно разяпілі?» (Полымя, 1970, 2, 134), сюды ж разе́па ’разява’ (Гарэц.), разя́па ’тс’ (Мат. Маг.). Апошняя форма скіроўвае ў бок зя́па ’рот, пашча’ (гл.), што выводзіцца з прасл. *zěpati ’пазяхаць, крычаць; цяжка дыхаць’ (Фасмер, 2, 94; БЕР, 1, 671). Аднак укр. роззя́пити ’адкрываць, раскрываць’, серб.-харв. razjápiti ’адкрыць рот’, чэш. дыял. rozjapiti, rozjapnouti ’хутка раскрыць (руку)’ даюць падставы для рэканструкцыі прасл. *orz‑zьjapiti, дзе *zьja‑p‑ звязана з ст.-слав. зьяти ’адкрываць рот, пазяхаць’ (Саднік-Айцэтмюлер, 1, 23). Немец (Этимология–1997–1999, 126) узводзіць чэш. дыял. rozjapati (ovoce) ’хутка разабраць’ да выклічніка (j)ap, паралельнага да chap, гл. хапаць. Інакш адносна ст.-чэш. japati, jápati ’назіраць; разумець’ і аднакарэнных Махэк₂, 216 (< *op‑), Трубачоў, ЭССЯ, 1, 71–72 (< *apati).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ра́кавіна1 ’прамежак паміж капытоў у жывёлін’, ’раздвоены капыт (каровы, свінні, казы)’ (ганц., Сл. ПЗБ; ЛА, 1), ракава́ціна (ганц., Сл. ПЗБ), рако́ўня (чэш., ЛА, 1), ра́кавішкі мн. л. (круп., Лекс. ландш., 56), ра́кавіца (добр.). Істотна, што назва азначае менавіта раздвоены капыт парнакапытных (каровы, свінні, казы). Па існуючай этымалогіі выводзіцца ад *raky, *rakъve ’абалонка’ (Фасмер, 3, 439). Аднак дня акрэслення першаснага значэння трэба звярнуць увагу на ўласна ’прамежак’, адсюль ра́кавіна развівае старажытную семантыку раздвоенасці ці выгнутасці (гл. рак1, 3, ракі).

Ра́кавіна2 ’ракавіна малюска’ (ТСБМ, Мат. Гом.), з-за адзінкавасці фіксацыі ў народнай мове, хутчэй за ўсё, запазычана з рус. ра́ковина ’тс’.

*Ра́кавіна3, ра́ковіна ’нарост, гуз на дрэве’ (ТС). Імаверна, звязана з рак2 (гл.) ’хвароба, вонкавай прыкметай каторай з’яўляецца зацвярдзелая язва асаблівага выгляду’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сва́дзьба ‘вяселле’ (Бяльк., Сл. ПЗБ, Сцяшк., Кольб.), ‘вясельная капэла’ (Сцяц.), сва́цьба ‘запрошаныя ўдзельнікі вяселля’ (ашм., Станк.), ст.-бел. свадба ‘вяселле’ (Альтбаўэр). Укр. сва́дьба, сва́йба, рус. сва́дьба, ст.-рус., рус.-ц.-слав. сватьба, польск. swadźba, н.-луж. swajźba, swaźba, чэш. svadba, дыял. svarba, славац. svadba, серб.-харв. сва̏дба, славен. svatba, балг. сва́тба, макед. свадба. Прасл. *svatьba, адкуль пасля падзення рэдукаваных і азванчэння t — сучасныя формы. Ад *svatati, *svatiti ‘сватаць’ < *svatъ ‘сват’ з суф. ‑ba; гл. Трубачоў, История терм., 142; Скок, 3, 361; БЕР, 6, 535; Махэк₂, 594; Сной₁, 621. У літаратурнай мове выцеснена словам вяселле, а свадзьба лічыцца русізмам; прынамсі так можна зразумець аўтараў Сл. ПЗБ (4, 380), аднак шырокая дыялектная распаўсюджанасць слова (гл. ДАБМ, к. 338) ставіць гэта пад сумненне.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Су́піць ’хмурыць (бровы)’ (ТСБМ, ТС), ’хмурыць, моршчыць, сцягваць’ (Нас.), су́піцца ’пахмурна ссоўвацца (пра бровы)’, ’хмурыцца, дзьмуцца (пра чалавека)’ (ТСБМ, Нас., Ласт.), ’хмурыцца, змрачнець’ (ТС), ’паколваць і свярбець’ (мсцісл., З нар. сл.), моро́з су́піць ’адчуванне моцнага холаду’ (КСТ), су́піць холадам ’стан хворага, калі цела працінае холад’ (чач., ЖНС). Укр. су́пити, рус. су́пить ’хмурыць’, польск. sępić ’тс’, чэш. posupný ’хмуры’. Традыцыйна выводзіцца ад суп2 (гл.), паколькі ў гэтай птушкі нібы хмуры позірк, так ужо Міклашыч, 315; гл. Фасмер, 3, 48, 804; Махэк₂, 477; ЕСУМ, 5, 593. Аднак канцэнтрацыя ўвагі ў народнай мове на знешніх адчуваннях (мороз супыць яйцо, Нас.) дазваляе звязаць з харв. sȕpica ’дробны выраст на скуры’, якое Борысь (Etymologie, 408–409) выводзіць са *ščuplъ ’дробны, тонкі’ (гл. шчуплы, шчыпаць).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

То́лезны ’такі вялікі, такі шматлікі’ (Ласт., Некр. і Байк.). Экспрэсіўнае ўтварэнне з суф. ‑(е)зн‑, параўн. велічэ́зны, вялі́зны (гл. вялікі), што ўзыходзіць да прасл. *toli, *tolě ’так, столькі’, параўн. укр. дыял. толь ’тс’, тіль ’трохі, не надта многа’, рус. дыял. то́ли, толь ’столькі, настолькі’, стараж.-рус. толи ’потым, і, а’, польск. tyle ’так многа’, дыял. toli ’вось, толькі, а як жа’, чэш. дыял. toli ’столькі, так многа’, н.-луж. toli ’таму што’, a toli ’ўсё ж, аднак, тым не менш’, славен. toli ’так, столькі’, старое серб.-харв. toli, tolje ’настолькі, так’, ст.-слав. толи, толь ’столькі, настолькі’. Спалучэнне дэманстратыўнага займенніка *to з часціцай *li, суадноснае з літ. tõlei ’да таго часу’ і роднаснымі tõl, tolì ’далёка’ (ESSJ SG, 2, 675; Фасмер, 4, 70; Шустар-Шэўц, 1514).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Траі́ць ’тройчы пераворваць зямлю’ (ТСБМ, Сцяшк. Сл., Др.-Падб.), ’зябліць — араць увосень’ (валож., ЛА, 2), троі́ты ’траіць’ (іван., ЛА, 2), ’трэці раз пераворваць зямлю’ (Нас., Шат., Касп.; вільн., бярэз., Сл. ПЗБ; гродз., мін., паўд.-усх. віц., маг., гом., ЛА, 2), ’араць поле другі раз’ (Бяльк., Пятк. 1), тро́іць ’тройчы араць поле — увосень, ранняй вясной і перад сяўбой’ (Янк. 1). Магчыма, балтызм. Параўн. літ. trẽjiti ’траіць’: суф. ‑(i)n‑ захаваўся ў бялын, трайні́ць, бярэз. траяні́ць ’траіць’ ці ў мядз. трае́нь падымаць (ЛА, 2), трае́ннік ’той, хто арэ ворыва другі раз’ (Юрч. Вытв.), трае́ніна ’некалькі разоў пераворанае поле’ (стаўб., Ск. нар. мовы), трое́ніна ’абложная зямля’ (лун., ДАБМ, камент., 858). Параўн., аднак, балг. радоп. тро́е̂м ’пераціраць, размінаць’ (БД, 2), што да *terti (гл. церці).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)