прагусці́, ‑гуду, ‑гудзеш, ‑гудзе; ‑гудзём, ‑гудзяце, ‑гудуць; пр. прагуў, ‑гула, ‑гуло; заг. прагудзі; зак.
1. Утварыць працяжны, нізкі гук, гул. Ды каманда: «Станавіся!» — Прагула, як гром. Астрэйка. / Пра гудкі паравоза, машыны і пад. Недзе недалёка прарэзліва прагуў паравоз. Кавалёў.
2. Праляцець, прайсці з гудзеннем. Недзе ў баку прагулі самалёты — іх не відаць было за хмаркамі, што ўсплывалі на паўдні, але гул аддаляўся ў напрамку фронту. Хадкевіч.
3. Гусці некаторы час.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спадні́зу, прысл.
Знізу, з-пад чаго‑н. Тут Дняпро як загуў, як падняўся да стром.. Сам б’е ў бераг спаднізу, а зверху б’е гром. Лужанін. Помню нясмелую зелень рэдкае травы, першы плач кнігаўкі, узмах спаднізу белага крыла, першую кветку .. на сыпкім пяску ля рэчкі. Адамчык. // Знізу, у ніжняй частцы. Дагледжаны быў і сад — камялькі спаднізу падбелены, голле дзе падпёрта калкамі, а дзе і падвязана за таўсцейшае, больш трывалае. Сачанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пакры́ць, -ры́ю, -ры́еш, -ры́е; -ры́ты; зак.
1. гл. крыць.
2. каго-што. Пакласці, накласці зверху на каго-, што-н.
П. сцены слоем фарбы.
3. каго-што. Запоўніць, усеяць чым-н. на паверхні.
Хмары пакрылі неба.
Цела пакрыта высыпкай.
4. што. Пра гукі: заглушыць, зрабіць нячутным.
Гром апладысментаў пакрыў апошнія словы прамоўцы.
5. што. Кампенсаваць, замяніць чым-н.
П. растрату.
П. выдаткі.
6. каго-што. Дапамагчы ўтаіць, схаваць, не выдаўшы чый-н. учынак.
П. чыю-н. віну.
7. што. Пераадолець перамяшчэннем.
Лыжнік пакрыў двухкіламетровую дыстанцыю за 10 хвілін.
8. што. У картачнай гульні: паклаўшы вышэйшую карту, вывесці з гульні карту партнёра.
П. валета дамай.
9. каго. Апладніць (пра жывёл; спец.).
|| незак. пакрыва́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.
|| наз. пакрыццё, -я́, н. (да 2, 3, 5—9 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
Трэ́шчыцца ‘ўглядацца’ (Юрч. СНЛ). Відаць, першапачатковае значэнне ‘шырока раскрываць, вылупліваць, вытрэшчваць вочы’, гл. вы́трашчыць. Слова з праблемнай этымалогіяй, параўн. рус. таращить (глаза) ‘напружана ўглядацца’, для якога Фасмер (4, 23) дапускае сувязь з трахнуть ‘стукнуць, трэснуць’, гл. трахаць. Борысь (720) на аснове чэш. třeštit ‘шалець, выходзіць з сябе’, ‘вылупліваць вочы’, дыял. treščit ‘стукаць’, ст.-чэш. treščiti ‘грукаць, трашчаць, лятаць з трэскам’, славац. trieštiť ‘разбіваць’, харв. і серб. старое trieštiť ‘трэснуць, ударыць (пра гром)’, славен. treščiti ‘выклікаць трэск, грукат’, ‘стукаць (пра маланку)’, ‘кідаць раптоўна, шпурляць’ мяркуе, што першаснае значэнне магло быць ‘адкрываць з трэскам’ (вобразна і пра вочы). Гл. трашчаць, трэснуць.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
змары́ць, змару, зморыш, зморыць; зак., каго.
1. Давесці да стану знямогі, стомленасці; знясіліць, стаміць. Нарэшце, дзённыя і начныя турботы змарылі хлопцаў, і яны заснулі так моцна, што, мусіць, цяпер іх не разбудзіў бы ні мароз, ні гром. Маўр. Шыковіч вырашыў гаварыць нядоўга, каб не змарыць і так ужо стомленых за дзень людзей. Шамякін.
2. Адолець (пра сон). Віктар урэшце прымоўк, утуліў галаву ў плечы, і мне здалося, што яго змарыў сон. Савіцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Рабі́навая ноч ’летняя ноч з громам, маланкай, дажджом’ (ТСБМ), ’навальнічная ноч у канцы лета’ (Ян.), рабі́нная ноч ’тс’ (Мат. Гом.), рабі́нова (рабі́на) ноч ’тс’ (ТС), укр. гороби́на ніч ’ноч з моцнай навальніцай’, рус. дыял. ряби́новая ночь, араби́новая ночь ’душная летняя ноч з зарніцамі’, ’навальнічная ноч’. Выраз вядомы толькі ўсходнім славянам. Упершыню засведчаны ў спісах XV ст. “Аповесці мінулых гадоў” як рѩбинаѩ ночь: И бывши нощи рябинои, быстъ тма, и гром шибаше и дождь. Німчук лічыць, што першы член выраза — гэта прыналежны прыметнік ад стараж.-рус. (о)рябъ, (о)рябь (< прасл. *rębъ ’курапатка’), гл. рабчык, які з цягам часу перастаў суадносіцца з назвай птушкі і быў рээтымалагізаваны шляхам збліжэння са словам рабіна або верабей (Німчук, Давньорус., 161–163). Малаверагоднай падаецца версія Даля пра сувязь з назвай дрэва (гл. рабіна), бо ў гэты час цвіце рабіна (Даль₃, 1775–1776). Па меркаванні іншых навукоўцаў назва звязана з рабы́ і роднаснымі і.-е. назвамі колеру і матывавана ўяўленнямі пра “рабую, стракатую” ад успыхваючых маланак у летнюю ноч (Брукнер, 451; Агапкина, Топорков, СіБФ, 1989, 230–253; Фінкель, ВЯ, 1956, 4, 92). Можна прапанаваць версію аб балтыйскім паходжанні назвы, параўн. літ. rabė́ti, rãbinti ’стукаць, грукатаць’, лат. grabinãt ’стукаць, удараць’, rībināt ’грукатаць (пра гром)’. Агляд версій гл. Фасмер, 3, 535; Будзішэўска, SOr, 39, 3–4, 275; Жураўлёў, Язык и миф, 522–524; Слав. др., 1, 433–434.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
амярцве́лы, ‑ая, ‑ае.
1. Які страціў адчувальнасць, зрабіўся мёртвым (пра клеткі, тканкі і пад.).
2. перан. Які страціў рухомасць пад уплывам чаго‑н. Не варушачыся, як амярцвелы, у шынялі і кепцы, ..[незнаёмы] насцярожана, і як бы палахліва глядзеў на Післяка. Сіўцоў. // Які заціх, перастаў быць ажыўленым. Амярцвелы горад. // Які пазбавіўся маральных сіл, адчувае спустошанасць; які перастаў актыўна рэагаваць на падзеі. Нават гром кананады Не развее тугі З амярцвелага сэрца. Глебка.
3. перан. Які страціў жыццёвасць, значэнне; аджыў. Амярцвелыя традыцыі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пракаці́цца, ‑качуся, ‑коцішся, ‑коціцца; зак.
1. Коцячыся, перамясціцца куды‑н. Мяч пракаціўся два метры. □ Сляза радаснай узбуджанасці пракацілася па.. твары. Кавалёў. // перан. Раздацца, разнесціся (пра раскацістыя гукі). Над самаю страхою пракаціўся гром. Грахоўскі. Гул абурэння пракаціўся па зале і сціх. Лынькоў.
2. Праехацца, з’ездзіць (для забавы, пацехі) куды‑н. — Вось пракаціўся — лепш, як на аўтобусе, — смяецца Драбак і паказвае цэлы рад белых зубоў. Колас. Любілі калісь паны, запрогшы тройку, пракаціцца па шляху ў вясеннюю раніцу альбо вечарам. Галавач.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рып, ‑у, м.
Рэзкі гук, які ўтвараецца пры трэнні, сцісканні і пад. Рып колаў. Рып палазоў. □ Ступаю на хісткія сходцы старой драўлянай лесвіцы. Яны рыпяць пад нагамі, і гэты рып быццам б’е мне ў вушы нечым цяжкім. Сабаленка. Вуліца не спіць: даносяцца прыглушаныя галасы, рып калодзежнага жураўля. Навуменка. У хаце ніхто не абзываўся, нібы не чулі прарэзлівага рыпу дзвярэй і Надзінага тупату ля парога. Бураўкін. / Пра гукі гармоніка. Чутны рып гармоніка, Бубна ранні гром. Узыходзіць сонейка. Куляшоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
учо́ра, прысл.
1. У дзень, які папярэднічаў сённяшняму; напярэдадні. Учора ў штабе групы вырашана, што наш полк пачне наступленне ў лоб белым. Барашка. Учора — гром, а сёння — снег. Вясна ў зіме, зіма ў вясне. Шымук. // Не так даўно, у недалёкім мінулым. Хоць ты плячом варочаў горы, Умеў пад хмарамі лятаць — Не гавары — кім быў учора, Скажы, кім заўтра хочаш стаць. Жычка.
2. у знач. наз. учо́ра, нескл., н. Папярэдні, мінулы дзень. Учора не дагоніш, ад заўтра не ўцячэш. Прыказка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)