дзяўбці́, дзяўбу, дзяўбеш, дзяўбе; дзяўбём, дзеўбяце, дзяўбуць; пр. дзёўб, дзяўбла, дзяўбло; заг. дзяўбі; незак., каго-што.

1. Есці, хапаючы ежу дзюбай (пра птушак). Каля дарогі шпацыравалі вароны, нешта дзяўблі ў каляінах і зусім не палохаліся фурманкі. Чорны. Галубы цэлы дзень нічога не елі, але на другі дзень пачалі патроху дзяўбці хлебныя крошкі і піць ваду. Навуменка.

2. Біць, удараць дзюбай. Куры хваталі ежу і з зайздрасцю дзяўблі адна адну ў галаву. Чорны. Крумкач выдру дзюбаю дзяўбе, а выдра крумкача зубамі грызе. Якімовіч. // Разм. Біць, стукаць чым‑н. вострым. Узяліся дружна салдаты і ну дзяўбці слупам у дзверы. Лынькоў.

3. Паслядоўнымі частымі ўдарамі па чым‑н. рабіць паглыбленне, адтуліну. На ўзлессі дзяцел гулка дзёўб кару. Куляшоў. Дзяўблі ломам, секлі мёрзлую зямлю сякерай. Шамякін. // Вырабляць што‑н. дзяўбаннем, выдзёўбваннем. Дзяўбці долатам паз. □ Дзяды дзяўбуць ночвы ці выразаюць лыжкі. Брыль.

4. перан. Разм. Бесперапынна гаварыць, паўтараць адно і тое. — Ты яму пра вяселле гавары. Няхай жэніцца. Ты яму штодзень дзяўбі пра гэта. Чарнышэвіч. Што каму наўме, той тое і дзяўбе. Прыказка.

5. перан. Даймаць папрокамі, нападкамі. — Думаеце, так ужо і скінуць Галушкіна. Яго не ў першы раз дзяўбуць. І ўсё сухім з вады выходзіць. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стро́итьI несов.

1. (сооружать — здания, мосты, каналы, памятники и т. д., производить — машины, станки, приборы) будава́ць;

2. (изготовлять мелкие предметы, мастерить) вырабля́ць, стро́іць, рабі́ць;

3. (организовывать, создавать) стро́іць, ствара́ць;

4. (основывать — планы, мечты, надежды, предположения) стро́іць, грунтава́ць;

5. (чертить, конструировать, создавать в уме) стро́іць;

стро́ить из себя́ (кого) стро́іць з сябе́ (каго);

стро́ить дурака́ (из кого-л.) стро́іць ду́рня (з каго-небудзь);

стро́ить гла́зки стро́іць во́чкі;

стро́ить ро́жу крыві́ць мо́рду;

стро́ить грима́сы стро́іць грыма́сы.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

ца́цка, ‑і, ДМ ‑ццы; Р мн. ‑цак; ж.

1. Прадмет, прызначаны для гульні дзецям. Ёсць цацкі добрыя ў яе: Машына-самакат, мядзведзь рахманы... Дачка бярэ яго, ён устае На плюшавыя лапы паслухмяна. Калачынскі. А дзецям зверх праграмы .. [Лапко] вылепліваў з гліны хвацкія цацкі: свісцёлкі,.. баранчыкаў, парасятак, сабак. Колас. // Невялікая рэч, якая служыць для аздобы, упрыгожання. [Жанчыны] ўзяліся мыць вокны, здымаць з мэблі чахлы, вешаць фіранкі,.. выцягваць з шафаў прыгожыя цацкі і расстаўляць на ранейшыя месцы. Карпаў. З гэтых арэхаў у Эквадоры пачалі вырабляць розныя цацкі і аздобы. «Маладосць». // Іран. Пра што‑н. небяспечнае, складанае (зброю, інструмент). — Бачыш гэтыя цацкі, — ён [бандыт] паказаў мне рэвальвер і фінку, — не адна, дык другая дагоніць. Якімовіч. — Ды вось нашы цацкі не хочуць падвезці на месца, — з нейкай жальбой у голасе гаварыў чырванашчокі, дужы механізатар, паказваючы на молат. Мыслівец.

2. перан. Той, кім (або тое, чым) распараджаюцца па ўласнаму жаданню дзеля пацехі. Быць цацкай у чыіх‑н. руках. □ Бывае, чалавек Усё жыццё сваё, увесь век Нікчэмнай цацкай пражывае. Корбан.

3. Разм. Пра рану або пашкоджаную, параненую частку цела. Зрабіць сабе цацку. □ Праз тыдзень [Вухавец] пачаў выходзіць, трымаючы сваю забінтаваную цацку на перавязі, у цёплай вязанай хустцы. Брыль. — Радыкуліт у вас, ці што? — Гэта во самае.. — Была і ў мяне гэтая цацка. Ермаловіч.

•••

Як (нібы) цацка — пра што‑н. вельмі прыгожае, адмысловае.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Калаты́рыць, колоіырыць ’валтузіцца, церціся, дурэць’ (Нас.), калатырыць ’забаўна, але неабгрунтавана гава-рыць’ (Касп.), кълатырыцца ’бескарысна важдацца з чым-небудзь’ (уіпац., Нар. лекс.), сюды ж і калатыры. калатырыць (Нік. Напаў.). Дакладныя адпаведнікі ў рус. мове: валаг., чэрап., варонеж. колагырнть ’займацца пустой, дробнай справай’, арханг. ’таптацца без справы’, смал. ’круціцца, церціся каля каго-, чаго-небудзь, гарэзуючы, і да т. п.’, валаг., пск. ’балбатаць, балакаць’, алан. ’гаварыць глупства і да т. и.’ Відавочная бел.-рус. інавацыя. Бел. лексема адзначана ў паўн. і ўсх. гаворках, што можа указваць на генетычна тоесную з рус. колотить, колотиться ’бадзяцца без справы, мэты’, колотить ’пляткарыць’, ’гаварыць дробязі, пустасловіць’, валаг. ’пытаць’, бел. колотаты ’пытаць’ (нараўл., Мат. Гом.). Некаторыя семемы маглі развівацца незалежна ад утваральнага слова, у дэрыватаў, аднак, наяўнай інфармацыі недастаткова, каб зразумець цалкам іх іерархію. У бел. мове ў адрозненне ад рус. шэраг дэрыватаў атрымаў экспрэсіўны інфікс (гл. калантырыць). Гэта больш верагодная версія параўнальна з тлумачэннем Нікіфароўскага, Напаў., 16, што бел. слова суадносіцца са ст.-рус. калантарь. колонтарь, калантырь ’кальчуга’, прыткім калантыр разумеецца як панцыр з нашытых на скуру драўляных планак, вырабляць такія планкі — ’займацца лёгкай, пустой справай, калантырыць’, адкуль і калатыры калатырыць. Такое тлумачэнне вельмі штучнае і не ўлічвае шэрагу значэйняў слова калатырыць у бел. і колотырить у рус. гаворках, а таксама лексемы колотить. з якой яны, відавочна, суадносяцца. Па утварэнню паўн.-слав. лексемы нагадваюць серб.-харв. клатарити се ’бадзяцца, вандраваць’ клитити се ’бадзяцца’. Фасмер (2, 296) зыходным для дзеяслова колотырить лічыў колотыра — дэрыват ад колотить. Гэта, аднак, хутчэй за ўсё дзеяслоўнае ўтварэнне: колотить > колотырить; генетычна мадэль магла быць і трохстуменчатай. з паступовай стратай сярэдняга звяна ў выніку рэгулярнасці такога тыпу дэрывацыі. Аб далейшай этымалогіі гл. калаціць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Твары́ць1 ’ствараць’, ’дзеяць, рабіць, здзяйсняць’, ’чыніць, вырабляць’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк.), ’вычвараць, непакоіць, здзіўляць; чыніць’ (Нас., Сл. ПЗБ, Ян.), ’тварыць, ствараць’ (Сержп. Прымхі), творы́ць ’вытвараць’ (ТС), творы́ті ’тварыць, складаць’ (Вруб.), ст.-бел. твори́ти, творы́ти ’тварыць, рабіць, чыніць’ (XV ст., КТС). Укр. твори́ти, рус. твори́ть, польск. tworzyć, н.-луж. tworiś, в.-луж. tworić, чэш. tvořit, славац. tvoriť, славен. tvoriti, серб.-харв. тво̀рити, балг. творя́, макед. твори, ст.-слав. творити ’тс’. З прасл. *tvoriti ’тварыць’, суадноснае з *tvorъ ’твор’, якое звязана з *tvarъ ’твор, стварэнне’ (з іншым вакалізмам). Прасл. *tvoriti роднаснае да літ. tvérti ’абгароджваць; перавязваць; хапаць; фарміраваць, ствараць’, turė́ti ’трымаць; мець’, ãptvaras ’агароджа’, tvártas ’хлеў’, лат. tver̂t ’хапаць, лавіць’, tvarsît ’тс’, turêt ’трымаць’, прус. turīt ’мець’, грэч. σορός ’пахавальная урна; труна’ на падставе і.-е. *tu̯er‑ ’хапаць; абгароджваць’ (Фасмер, 2, 34; ЕСУМ, 5, 533; Чарных, 2, 231; Брукнер, 587; Махэк₂, 662–663; Шустар-Шэўц, 1565). Мяркуецца, што на базе канкрэтных значэнняў ’схапіць, трымаць, браць’ праз ’акружаць, акаляць, агароджваць’ развіліся абстрактныя значэнні ’кшталтаваць, афармляць, фармаваць’ і ’тварыць, ствараць’ (Борысь, 656). Параўн. твэ́рыць, гл.

Твары́ць2 ’захаваць, ахінаць вулей на зіму’ (петрык., Яшк. Мясц.), твары́ць ву́лей ’рыхтаваць вулей пад рой’ (Стан., Некр.), творы́ць ’класці ў вулей прынаду для пчол’ (ПСл), творы́ць борць ’апырскваць сярэдзіну борці спецыяльным растворам’ (Маш.), тво́рыць ’пырскаць, крапіць вулей прымацкай для прываблівання пчол’, ’прыбіраць (у хаце)’ (ТС). Параўн. польск. tworzyć ’рабіць, працаваць каля пчол (у лесе)’. Да папярэдняга (гл.), спецыялізацыя семантыкі на аснове значэння ’акружаць, абгортваць, агароджваць’ з далейшым развіццём ’дбаць, даглядаць’.

Твары́ць3 ’думаць, уяўляць’: я тварыла што месяц усходзіць, аж то мой татэчка па дворэ ходзіць (барыс., Кольб.). Да тварыць1, параўн. польск. tworzyć ’прыдумваць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

будава́ць, будую, будуеш, будуе; незак., што.

1. Ставіць, мураваць, рубіць дом, узводзіць будынак, збудаванне. Будаваць палац. Будаваць дом. // без дап. Займацца будоўляй. Мы павінны будаваць добра і танна. // Вырабляць, выпускаць (машыны, механізмы і пад.). Сяргей Іванавіч пайшоў пасля арміі ў інстытут, каб навучыцца будаваць танкі. Шамякін. // Рабіць, майстраваць, ляпіць (гняздо і пад. — пра птушак і звяроў). І вадасточная труба.. Вісіць, аглухшы, а над ёй Будуюць зноў прытулак свой Дзве ластаўкі. Танк.

2. перан. Ствараць, тварыць. Народы нашых краін ідуць да адной вялікай мэты — яны будуюць сацыялізм і камунізм, будуюць самае лепшае і справядлівае грамадства на зямлі. Палітыка. Мы на вахту працы сталі, Мір будуем на вякі. Астрэйка.

3. У думках намячаць, ствараць (планы, здагадкі і пад.). Тры дні сурова, па-салдацку, ўспаміналі.. [сын з бацькам] нядаўняе мінулае і адначасова будавалі планы на будучыню. Васілевіч.

4. Асноўваць, базіраваць на чым‑н. Колькі іх было ў гісторыі, «вялікіх» і дробных цынікаў — «інквізітараў», што будавалі свае разлікі на слабасці, на баязлівасці людзей. Адамовіч. Агітатары будуюць свае гутаркі на канкрэтных прыкладах з жыцця сваіх брыгад. «Звязда».

5. Вычэрчваць якую‑н. геаметрычную фігуру на аснове зададзеных памераў. Будаваць квадрат. □ Затым пад прамым вуглом адыходжу ўздоўж берага і будую два прамавугольныя трохвугольнікі — вялікі і маленькі. Жычка.

6. Састаўляць, складаць што‑н., адбіраючы і размяшчаючы пэўным чынам, у пэўным парадку, сістэме матэрыял. Будаваць фразу. Будаваць сюжэт.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пле́сці, плясці́, плесць, плэсты́, плыстэ́ ’перавіваючы (палосы, лазу, ніці, стужкі), злучаць (іх) у адно цэлае, вырабляць што-н.’, ’вязаць’, ’віць вяроўкі’, ’гаварыць без сэнсу’, ’гаварыць у сне’, ’узводзіць паклёп, паклёпнічаць’; сюды ж у слалучэннях: плётма пле́сці ’хлусіць’, пле́сці кашалі́ без дужак, плесці плота без калкоў ’гаварыць няпраўду, што папала’; пле́сціся, плясці́ся, пле́сцца ’паволі ехаць, ісці, заплятаючыся, чапляючы нагой за нагу’, плётма плесціся ’ўвесь час цягнуцца, ісці’ (ТСБМ, Яруш., Нас., Др.-Падб., Шат.; Касп., Сл. ПЗБ, Мат. Гом., ТС; сміл., Стан.; дзятл., Сцяшк. Сл.; ЛА, 4). Укр. плести́, рус. плести́, плесть, польск. pleść, н.-луж. plasć, в.-луж. plesć, палаб. plitě ’пляце’, чэш. plésti, славац. pliesť, славен. plésti, серб.-харв. плѐсти, харв. чак. plȅst, макед. плете, балг. плета́, ст.-слав. плести ’плесці’. Прасл. *plesti < і.-е. *plekʼ‑te/o: ст.-в.-ням. flehtan, англ.-сакс. fleohtan, лац. plectō ’плесці’; без суф. ‑te/o: ст.-грэч. πλέκω, лац. plicāre ’складаць, загінаць, звіваць’ < і.-е. *piekʼ‑ (Міклашыч, 250; Махэк₂, 459; Фасмер, 3, 280; Брукнер, 418; Бязлай, 3, 56); Трубачоў (Ремесл. терм., 248) — *plek‑ (*plekʼ‑). Мее (Études, 180) рэканструюе прасл. форму як *plet‑. Банькоўскі (2, 606) выводзіць тры прасл. формы: *plesti/*plęsti > *plěsti > *plet‑/*plēt‑/*plot ’пашыраць, павялічваць, дадаючы новыя элементы’. Тое ж абазначае і літ. plė̃sti, platùs ’шырокі’. Адносна значэння ’ілгаць, абгаворваць, узводзіць паклёп’: Брукнер (418), Махэк₂ (459). Фасмер (3, 280), Копечны (Zákl. zásoba, 269) бачаць у ім семантычны перанос прасл. *plesti. Фурлан (JS, 29, 120) выводзіць лексему з гэтым значэннем з і.-е. *pléte/o < *(s)pel‑ ’узнёсла гаварыць’, ад якога можа быць і літ. рlерė́ ’балбатаць, несці бязглуздзіцу’ (Бязлай, 3, 56), што непераканаўча (Куркіна, Этимология–1994–1996, 199). Паводле Станкевіча (Зб. тв., 1), плісціся ў значэнні ’цягнуцца’ — русізм, што неабавязкова, параўн. балг. жарт. плете́ ’ідзе’ (БЕР, 5, 342).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ткаць1вырабляць тканіну’ (ТСБМ, Нас., Ласт., ТС, Бяльк., Касп., Сержп. Прымхі, Федар. 4): ткаць ряшоты (Рам. 4); ткаць кросны перан. ’плесці павуціну’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ), тка́ці, тка́ты (тка́тэ) ’ткаць’ (Сл. Брэс.; кам., Сл. ПЗБ), ст.-бел. ткати (1598 г., КГС). Укр. тка́ти ’тс’, рус. ткать ’тс’, польск. tkać, н.-луж. tkaś ’вязаць’, в.-луж. tkać, палаб. tåkăt, чэш. tkát, славац. tkať, славен. tkáti, серб.-харв. тка̏ти, макед. ткае, балг. тъка́, дыял. тка́я ’тс’, ст.-слав. тъкати ’тс’. З прасл. *tъkati ’ткаць’, роднаснага да *tykati ’тыкаць’, *tъknǫti ’ткнуць’, а таксама да лат. tukstêt ’стукаць’, taucêt ’таўчы ў ступе’, ст.-в.-ням. dūhen ’прыціскаць’, ст.-англ. ðýn, ðýan ’ціснуць, штурхаць’, ст.-ірл. tool ’парожні’, грэч. τύκος ’каменячосы молат’, τυκίζω ’абчосваю, чашу’ (Фасмер, 4, 64; Брукнер, 571; ЕСУМ, 5, 582). Трубачоў (Ремесл. терм., 117; Труды, 2, 44) сцвярджае другасны характар слова паводле словаўтварэння і семантыкі, параўн. ткаць2, гл. Фурлан (Бязлай, 4, 185) мяркуе пра зыходнае значэнне ’вязаць, шыць’, Борысь (633) — пра ’соваць, прасоўваць (ніткі праз аснову)’ і першасную форму *tъkti, суадносную з *tykati (гл. тыкаць), гл. таксама Шустар-Шэўц, 1507. Акрамя таго, звязваюць (Махэк₂, 644) з грэч. τεύχω ’будую; вырабляю; раблю’, і.-е. *teu̯kh‑, а таксама (Голуб-Копечны, 385; Скок, 3, 477) з прасл. *tesati ’часаць’, і.-е. *tesk‑.

Ткаць2 ’соваць, піхаць’, перан. ’папіхаць, папракаць’ (Нас.), ’торкаць, саджаць’, ’даваць’ (Юрч. Фраз. 1): між дзвярэй пальцы не ткай (брасл., Рабк.), сюды ж тка́цца ’штурхацца’ (Нас.), ткану́ць ’уваткнуць’ (люб., Ск. нар. мовы), ткнуць ’пакласці, уторкнуць’ (ТСБМ, Касп., Барад.), ’тыкнуць, піхнуць, сунуць’ (Нас.), ’крануць’ (Ласт.), ткну́ті ’торкнуць, падаць рэзка’ (Сл. ПЗБ, Вруб.). Параўн. укр. ткну́ти ’тыкнуць’, рус. ткнутъ ’тс’, польск. tkać ’соваць, упіхваць, утыкаць’, tknąć ’ударыць, штурхнуць, дакрануцца’, н.-луж. tkaś ’утыкаць, папіхаць’, чэш. tknout ’дакранацца’, славац. tkať ’тс’, серб.-харв. та̀кнути ’дакрануцца’, ст.-слав. тъкати ’кранаць, штурхаць, стукаць’, тъкнѫти ’крануць, штурхнуць, стукнуць’. Прасл. *tъkati ’кранаць, штурхаць, піхаць, соваць’, *tъknǫti ’дакрануцца, піхнуць, стукнуць; усунуць, увапхнуць’; этымалагічна звязанае з папярэднім словам, гл. тыкаць. Гл. таксама Шустар-Шэўц, 1507–1508; Борысь, 633.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

часа́ць 1, чашу, чэшаш, чэша; незак.

1. што. Распраўляць, прыгладжваць валасы пры дапамозе грэбеня; прыводзіць у парадак валасы. Часаць валасы. □ Каса ж мая, косачка, каса русая, Часала я косачку дзевятнаццаць год, Прайграла я косачку ў адзін вечарок. З нар.

2. што. Ачышчаць лён, пяньку ад кастрыцы пры дапамозе грэбеня. Часаць лён. □ Ганна і сапраўды нагнулася пад тапчан, дастала адтуль драўляны грэбень, якім чэшуць кудзелю. Чыгрынаў. // Расчэсваць воўну на ваўначосцы. Не толькі з Багульнікаў, а і з суседніх вёсак людзі неслі і везлі часаць воўну і валіць сукно. Сабаленка.

3. Разм. Энергічна, старанна рабіць што‑н. (звычайна бегчы, танцаваць і пад.). У доўгай зрэбнай кашулі, без шапкі, .. [дзядуля] бойка чэша басанож па асфальце, прыстуквае кіёчкам, і вецер варушыць яго белыя касмылі. Ракітны. Гарэзна пляскаючы ў ладкі, Дзяўчына лёгка стан нясе, А хлопец чэша ўпрысядкі, Ваўчком крутнуўся на назе. Гаўрусёў. // Бойка гаварыць. «Бач, як чэша, быццам акадэміі прайшоў», — здзіўлена падумаў Аляксей. Новікаў.

4. перан.; што. Пільна абшукваць або прастрэльваць якую‑н. мясцовасць; прачэсваць. — Б’юць наўздагад. Лес «чэшуць», — прыслухаўшыся, абвясціў Крамнёў. Шашкоў.

•••

Часаць язык (языком, языкі, зубы) — пляткарыць, балбатаць.

часа́ць 2, чашу, чэшаш, чэша; незак., што.

1. і без дап. Секучы ўздоўж, здымаць паверхневы слой дрэва або каменя, каб выраўнаваць або надаць патрэбную форму. Часаць бярвенне. □ Ля кузні былі відаць белыя стужкі — там удзень Падбярэцкі часаў клён на абады. Пташнікаў. Будаўнічая брыгада — Габлюе, Чэша, Крые дах, Даводзіць вокны, Столь да ладу. Корбан.

2. што. Вырабляць з дрэва, каменя, апрацоўваючы такім чынам; вычэсваць. Даніла справаю заняты — На сані чэша капылы. Колас.

•••

Хоць кол на галаве чашы каму — пра ўпартага, няўступчывага чалавека, які стаіць на сваім, не паддаецца ўгаворам.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гнуць, гну, гнеш, гне; гнём, гняце; незак., каго-што.

1. Прыдаваць дугападобную выгнутую форму; згінаць. Гнуць дрот. // Згінаць, рухаючы ў суставах (пра канечнасці, часткі цела). Гнуць пальцы. □ Трудна спіну гнуць спрацаваную, Каласы збіраць Паваляныя. Купала. // Схіляць уніз, прыгінаць да каго‑, чаго‑н. Ветры гнулі вецце да зямлі. А. Александровіч. Ідуць касцы, звіняць іх косы, Вітаюць іх буйныя росы, А краскі ніжай гнуць галовы, Пачуўшы косак звон сталёвы. Колас. // перан. Падпарадкоўваць, душыць, гнясці. Быць трэба бадзёрым, вясёлым, І як бы ні гнуў цябе лёс. Прануза. Дымам пойдзе ўсё ліхое, Усё, што душыць нас і гне. Колас.

2. Вырабляць, нарыхтоўваць што‑н. шляхам згінання. Гнуць дугі.

3. перан.; і без дап. Разм. Накіроўваць свае дзеянні, размову на дасягненне якой‑н. мэты; схіляць да чаго‑н. — Ведаю, куды ты гнеш, кабета, — загарачыўся Гарбачэня. — Хочаш, каб табе грамадою дапамаглі пабудаваць хату... Гурскі. Мартын Рыль зірнуў на дзеда Талаша. Ён дагадваецца, куды гне стары. Колас.

•••

Гнуць горб (карак, спіну) — а) многа і цяжка працаваць на каго‑н. Гаравалі, гнулі спіны, горкім быў жаночы лёс, Рэкі буйныя кіпелі ад гарачых нашых слёз. А. Александровіч; б) перад кім пакланяцца, угоднічаць. Усе казалі, што й сын, як і бацька — мужык, Перад панам свой горб будзе гнуць... Чарот.

Гнуць на свой капыл — рабіць па-свойму, не зважаючы на думку іншых. Рыгор і дагэтуль гне на свой капыл усё ў хаце, але, апроч неладоў, нічога з гэтага няма. Чорны.

Гнуць сваё; гнуць (весці) сваю лінію — настойліва дамагацца чаго‑н., ажыццяўляць што‑н.

Гнуць у крук (безас.) — пра стан недамагання, пачатак хваробы. У панка ляскалі зубы і ўсяго гнула ў крук, аж балела паясніца. Пташнікаў.

Гнуць у тры пагібелі — моцна, жорстка прыгнятаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)