Індыйцы 1/574; 7/430; 11/541

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АДАНТАЛО́ГІЯ [ад грэч. odus (odontos) зуб + ...логія],

раздзел антрапалогіі, які вывучае зубную сістэму сучаснага і выкапнёвага чалавека ў эвалюцыйным, анатамічным, расава-генетычным планах і ў сувязі з захворваннямі. На падставе вымярэнняў англ. вучоны У.​Флаўэр падзяліў расы на буйназубых (аўстралійцы, тасманійцы), драбназубых (еўрапейцы, індыйцы) і сярэднязубых (кітайцы, амерыканцы, індзейцы, малайцы). Методыка некаторых апісальных прыкмет прапанавана амер. даследчыкам А.​Грдлічкам, які адзначыў асаблівасці будовы разцоў у амер. і мангалоіднай расаў. Рас. вучоны А.​А.​Зубаў удакладніў методыку і прапанаваў адзіную праграму даследаванняў па этнічнай аданталогіі для народаў Усх. Еўропы і некат. рэгіёнаў Азіі. У Аддзеле антрапалогіі і экалогіі АН Беларусі сабраны і абагульнены шматлікія даныя аб варыяцыях зубных прыкмет у насельніцтва Беларусі, адзначана іх эпахальная зменлівасць. Метады аданталогіі дазваляюць выпрацаваць крытэрыі расавых і ўзроставых адрозненняў, рэканструяваць асн. заканамернасці расагенезу і стараж. міграцый чалавека.

Л.​І.​Цягака.

т. 1, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАНЗІБА́Р (Zanzibar),

востраў у Індыйскім ак., каля ўсх. ўзбярэжжа Афрыкі (аддзелены ад мацерыка пралівам шыр. 36 км). Уваходзіць у склад Танзаніі. Пл. 1658 км². Нас. каля 700 тыс. чал. (1995), пераважна суахілі (каля 80%), а таксама арабы і індыйцы. Выш. да 120 м, акаймаваны каралавымі рыфамі. Складзены з каралавых вапнякоў, развіты карст. Клімат экватарыяльна-мусонны. Сярэдняя т-ра студз. 28 °C, ліп. 23 °C. Ападкаў 1500—2000 мм за год з двума максімумамі (крас.—май, ліст.—снежань). Натуральная расліннасць — другасныя хмызнякі, на ўзбярэжжы месцамі мангры. Плантацыі гваздзіковага дрэва (каля 70—80% сусв. вытв-сці), какосавых пальмаў. Гал. горад і порт — Занзібар (158 тыс. ж., 1988).

Тэр. З. здаўна заселена чалавекам. У 7—10 ст. каланізаваны арабамі і персамі; цэнтр гандлю золатам, слановай косцю і рабамі. У 1528 захоплены партугальцамі, якіх у 18 ст. выцеснілі арабы Аманскага султаната. У 1818 пачалася вытв-сць гваздзікі і гваздзіковага алею — асн. прадуктаў экспарту. З 1856 З. — незалежны султанат. Яго эканам. развіццю садзейнічала буд-ва Суэцкага канала, у выніку чаго востраў ператварыўся ў важнейшы гандл. цэнтр усёй Усх. Афрыкі. У канцы 19 ст. З. стаў аб’ектам экспансіі Германіі, Італіі, Францыі і Англіі, якія ў 1886—90 падзялілі паміж сабой яго землі. У 1890 над З. устаноўлены брыт. пратэктарат. У 1963 Вялікабрытанія дала З. незалежнасць, перадала ўладу султану, рэжым якога скінуты ў 1964, і З. аб’яднаўся з Танганьікай у адзіную дзяржаву Танзанія.

т. 6, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДЫ АЎСТРА́ЛІІ І АКІЯ́НІІ Агульная колькасць насельніцтва 29,7 млн. чал. (ацэнка на пач. 1998), у т. л. ў Аўстраліі 18,6 млн., Акіяніі 11,1 млн. Карэннае насельніцтва Аўстраліі і Акіяніі належыць да 2 тыпаў акіянійскага адгалінавання негроіднай расы — аўстралійскага (гл. Аўстралоідная раса) і меланізійскага; у Мікранезіі і Палінезіі жывуць тыпы, пераходныя паміж аўстралоідамі і мангалоідамі — мікранезійцы і палінезійцы. Засяленне Аўстраліі і Акіяніі еўрапейцамі ў 19—20 ст. прывяло да колькаснай перавагі еўрапеоідаў. У выніку кантактаў карэннага і еўрап. насельніцтва ўтварыліся групы метысаў. У сучасным насельніцтве прадстаўнікоў еўрапеоіднай расы каля 21 млн. (71%), аўстралоіднай — 6,7 млн. (23%). Жыве невял. колькасць прадстаўнікоў мангалоіднай расы — каля 400 тыс. чал. (1,3%). Астатняе насельніцтва ў расавых адносінах прыпадае на пераходныя тыпы, у т. л. 1,3 млн. (4,4%) мікранезійцаў і палінезійцаў. Насельніцтва Аўстраліі і Акіяніі складаецца з 3 этн. кампанентаў: абарыгены; насельніцтва еўрап. паходжання; выхадцы з Азіі і іх нашчадкі. Аўстралію і Акіянію насяляе вял. колькасць (больш за 1,5 тыс.) мясц. абарыгенных плямён і народаў агульнай колькасцю 8,4 млн. (28% усяго насельніцтва). Большасць насельніцтва складаюць нашчадкі перасяленцаў з Еўропы разам з нядаўнімі эмігрантамі. Есць перасяленцы з Азіі і Амерыкі. 27 народаў налічваюць больш за 100 тыс. чал. кожны. Іх агульная колькасць 27,1 млн. чал., або 91% усяго насельніцтва рэгіёна, з іх 3 народы налічваюць больш за 1 млн. чал. (англа-аўстралійцы 18,1, англа-новазеландцы 3, англічане 1,1) і 7 народаў — больш за 300 тыс. чал. (грэкаў 400 тыс., фіджы-індыйцаў 370 тыс., фіджыйцаў-меланезійцаў 350 тыс., самоанцаў 325 тыс., шатландцаў 325 тыс., маары 320 тыс., італьянцаў 300 тыс.). Па колькасці пераважаюць народы, якія размаўляюць на індаеўрапейскіх мовах, асабліва на мовах германскай групы (больш за 23 млн.) — англа-аўстралійцы, англа-новазеландцы, англічане, шатландцы, амерыканцы ЗША, галандцы, немцы, яўрэі і інш. З інш. груп індаеўрап. сям’і жывуць прадстаўнікі раманскай групы — італьянцы і французы, слав. групы — харваты, македонцы, палякі і інш. (у т. л. беларусаў каля 5 тыс.), індыйскай групы — фіджы-індыйцы, інш. груп — грэкі, ірландцы, армяне, латышы, літоўцы. Жыве таксама невял. колькасць нашчадкаў эмігрантаў з Азіі з інш. моўных сем’яў — кітайцы, філіпінцы, карэйцы, японцы, в’етнамцы, кхмеры, з Еўропы — венгры, фіны, мальтыйцы, баскі і інш.

Нашчадкі выхадцаў з Еўропы жывуць пераважна ў Аўстраліі і Новай Зеландыі; амерыканцы ЗША — пераважна на Гавайскіх а-вах і в-ве Гуам, французы — на Новай Каледоніі і в-ве Таіці. Абарыгеннае насельніцтва распадаецца на 3 моўныя групы — аўстрал. (гл. Аўстралійскія мовы), папуаскую, аўстранезійскую (гл. Аўстранезійскія мовы). На аўстрал. мовах размаўляюць аўстралійцы (аўстралійцы-абарыгены, карэнныя жыхары Аўстраліі). Іх колькасць разам з метысамі складае каля 265 тыс. чал., размаўлялі на 200—500 мовах, многія з якіх выйшлі з ужытку. На папуаскіх мовах размаўляе каля 5 млн. чал. ва ўнутр. раёнах Новай Гвінеі, на а-вах архіпелага Бісмарка, Саламонавых і інш. Вылучаецца больш за 700 народнасцей і плямён, найб. з іх энга (195 тыс.), чымбу (142 тыс.), медлпа (101 тыс.), экары (100 тыс.). Папуаскія мовы групуюцца ў 11 моўных сем’яў і надсямейных згуртаванняў моў — філаў. Аўстранезійская сям’я моў падзяляецца на 4 групы — палінезійскую, мікранезійскую, меланезійскую, інданезійскую. На палінезійскіх мовах гавораць 1,1 млн. чал. у Палінезіі. Вылучаюць каля 30 асобных народаў, найб. маары — 320 тыс. (Новая Зеландыя), самоанцы — 320 тыс. (а-вы Самоа), гавайцы — 180 тыс. (Гавайскія а-вы), таіцяне — 137 тыс. (в-аў Таіці і суседнія а-вы), тонга — 120 тыс. (а-вы Тонга). На 20 мікранезійскіх мовах размаўляе 220 тыс. жыхароў Мікранезіі. На прыкладна 200 меланезійскіх мовах размаўляе 1,7 млн. жыхароў узбярэжжа Новай Гвінеі і суседніх а-воў у Меланезіі, найб. народы фіджыйцы — 350 тыс. і канакі (новакаледонцы, жыхары в-ва Новая Каледонія) — 60 тыс. На інданезійскай мове размаўляе народ чамора (100 тыс. чал.) на Марыянскіх а-вах. Большасць вернікаў — пратэстанты, католікаў больш толькі ў Новай Каледоніі, на а-вах Уоліс і Футуна, на Гуаме, у Мікранезіі. Прыхільнікі мясц. культаў складаюць большасць насельніцтва Новай Гвінеі, Саламонавых а-воў, Новых Гебрыдаў, унутр. і паўн. раёнаў Аўстраліі (аўстралійцы-абарыгены). Выхадцы з Азіі — мусульмане, індуісты, будысты і інш.

Літ.:

Гл. да арт. Народы Азіі.

І.​Я.​Афнагель.

т. 11, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРУНЕ́Й (Brunei),

Бруней Дарусалам (Brunei Darussalam), дзяржава ў Паўд.-Усх. Азіі, на паўн.-зах. беразе в-ва Калімантан. Складаецца з 2 анклаваў, падзеленых паласой (шыр. 15—30 км) тэр. памежнага штата Саравак (Малайзія). Абмываецца водамі Паўд.-Кітайскага м. Пл. 5765 км². Нас. 274 тыс. чал. (1993). Дзярж. мова малайская, карыстаюцца таксама англійскай і кітайскай мовамі. Дзярж. рэлігія — іслам (мусульмане-суніты — 67% вернікаў), ёсць будысты, канфуцыяне, хрысціяне. Сталіца — г. Бандар-Серы-Бегаван. Падзяляецца на 4 адм. акругі. Нац. свята — Дзень незалежнасці (23 лют.).

Дзяржаўны лад. Бруней — канстытуцыйная манархія (султанат). Дзейнічае канстытуцыя 1959 з папраўкамі 1971. Кіраўнік дзяржавы — султан, які адначасова ўзначальвае ўрад — Савет Міністраў. Заканадаўчы орган — Заканадаўчы савет, у які ўваходзіць 21 член (11 з іх прызначаюцца султанам, 10 выбіраюцца).

Прырода. Большая ч. паверхні — алювіяльная берагавая забалочаная раўніна. Клімат экватарыяльны. Т-ра паветра на працягу ўсяго года каля 26 °C. Ападкаў 2000—4000 мм за год. Сезоны не выражаны. Больш за 75% тэр. занята вільготнымі экватарыяльнымі лясамі.

Насельніцтва. Жывуць малайцы (66,9%), кітайцы (15,6%), абарыгенныя народы — ібаны, дусуны, муруты (5,7%); еўрапейцы, інданезійцы, тайландцы, індыйцы (разам 11,8%). Абарыгенныя народы жывуць у вёсках ва ўнутр. ч. краіны, астатнія — на ўзбярэжжы і ў гарадах. Сярэдняя шчыльн. 45,7 чал. на 1 км². Большая ч. насельніцтва (каля 170,1 тыс. чал.) сканцэнтравана ў сталіцы і яе наваколлі.

Гісторыя. Абарыгеннае насельніцтва Брунея — даякі. З канца 1-га тыс. да н.э. на паўн. ўзбярэжжа в-ва Калімантан мігрыравалі малайцы, з пач. н.э. — кітайцы. Каля 1200 гадоў назад тут утварыліся першыя брунейскія княствы са сталіцай Кота-Бату (Мураваны горад, засн. ў 7 ст.). Марскі гандаль (камфара, золата і інш.) і культ. кантакты з Індыяй і Кітаем садзейнічалі распаўсюджанню тут у 9—13 ст. індуізму і будызму. Каб захаваць сваю незалежнасць ад інданез. Шрывіджайскай імперыі ў 10—13 ст. і дзяржавы Маджапахіт (цэнтр — в-аў Ява) у 14 — пач. 15 ст., Бруней уступаў у саюз з Кітаем. У пач. 15 ст. пры правіцелю Махамадзе I ісламізаваны, пры яго пераемніках зацвердзіўся як султанат. Пры 5-м султане Болкіяху I (канец 15 — пач. 16 ст.), які заснаваў аднайм. дынастыю, што правіць і цяпер, Бруней дасягнуў найб. магутнасці і ахопліваў паўн.-зах. Калімантан, архіпелаг Сулу, філіпінскі в-аў Лусон, сучасныя малайзійскія штаты Сабах і Саравак і інш. У пач. 16 ст. краіну адкрылі еўрапейцы, першым з якіх быў у 1505—07 італьянец па паходжанні Л. дэ Вартэна. У 1577—78 і 1580 брунейцы адбілі ўварванні іспанцаў з Філіпінаў. У выніку ўнутр. міжусобіц і экспансіі галандцаў і англічан на Малайскі архіпелаг з 17 ст. пачаўся заняпад Брунея, скарачалася яго тэрыторыя. У 1840-я г. Бруней каланізаваны Вялікабрытаніяй. У 1888—1983 брыт. пратэктарат. У 2-й пал. 19 ст. султанат страціў Сабах і Саравак. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны японцамі.

У выніку ўзмацнення нац.-вызв. руху ў 1959 Вялікабрытанія дазволіла Брунею ўнутр. самакіраванне, адначасова пачалося фарміраванне яго ўзбр. сіл. З 1968 султанам Брунея з’яўляецца Хасанал Болкіях, які лічыцца найбагацейшым чалавекам у свеце. 1.1.1984 абвешчана незалежнасць краіны. Легальна дзейнічае адзіная Брунейская нац. аб’яднаная партыя. З 1984 Бруней — чл. ААН, Асацыяцыі дзяржаў Паўд.-Усх. Азіі (АСЕАН), Арг-цыі Ісламская канферэнцыя, з 1985 — брыт. Садружнасці.

Гаспадарка. Аснова эканомікі — здабыча нафты і газу на кантынентальным шэльфе (больш за 90% валютных паступленняў, 60% валавога ўнутр. прадукту). Па здабычы прыроднага газу (больш за 12 млрд. м³ штогод) Бруней займае адно з вядучых месцаў у свеце, нафты (больш за 10 млн. т штогод) — 3-е месца ў Паўд.-Усх. Азіі. Дзейнічае адзін з буйнейшых у свеце з-даў па звадкаванні газу (каля 5 млн. т за год). Ёсць прадпрыемствы лесапільнай і дрэваапр. прам-сці, саматужная вытв-сць тканін, вырабаў з каштоўнай драўніны, серабра. Буд-ва невял. драўляных суднаў. Пад с.-г. ўгоддзямі 5,5% тэр., 80% харч. прадуктаў імпартуецца. Асн. культуры — каўчуканосы (каля 50% апрацаваных зямель) і рыс. Вырошчваюць таксама сагавую і какосавую пальмы, перац, трапічныя фрукты (бананы). Гадуюць буйн. раг. жывёлу, козаў, свіней. Птушкагадоўля. Рыбалоўства. Транспарт аўтамаб. (1,4 тыс. км аўтадарог, 90 тыс. аўтамашын). Рачное і марское суднаходства. Міжнар. аэрапорт. Нафту і газ экспартуюць пераважна ў Японію, ЗША, краіны Паўд.-Усх. Азіі, Тайвань. Імпарт: машыны, абсталяванне, прамысл. і харч. тавары ў асноўным з Сінгапура, Японіі, ЗША, Вялікабрытаніі, ФРГ, Малайзіі. Турызм. Грашовая адзінка — долар Брунея.

Літ.:

Денисов С.Н., Кулик Б.Т. Бруней вчера и сегодня. М., 1989;

Бруней: Справ. М., 1990.

Ю.​В.​Ляшковіч (гаспадарка), У.​Я.​Калаткоў (гісторыя).

Герб і сцяг Брунея.

т. 3, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЮНЬЁН (Réunion),

уладанне Францыі (заморскі дэпартамент) на аднайменным в-ве з групы Маскарэнскіх а-воў у зах. ч. Індыйскага ак. Уваходзяць а-вы Рэюньён (пл. 2350 км²), Трамлен, Басас-да-Індыя, Жуан-ды-Нова і Еўропа. Агульная пл. 2,5 тыс. км². Нас. 720,9 тыс. чал. (2000). Дзярж. мова — франц., выкарыстоўваюцца крэольская і хіндзі. Адм. ц. — г. Сен-Дэні. Падзяляецца на 24 камуны. Нац. свята — Дзень узяцця Бастыліі (14 ліп.).

Прырода. В-аў Р. складаецца з 2 вулканічных масіваў: паўн.-зах. з патухлым вулканам Пітон-дэ-Неж (выш. 3069 м) і паўд.-ўсх. з дзеючым вулканам Фурнез (выш. 2631 м). Ёсць голыя лававыя палі, стараж. вулканічныя цыркі, участкі плато; узбярэжжы нізінныя і раўнінныя. Клімат трапічны пасатны. На ўзбярэжжы т-ры паветра ад 28 °C у студз. да 20 °C у ліп. На падветраных паўн.-ўсх. схілах гор выпадае да 4000 мм ападкаў за год, на ПдЗ — каля 700 мм. Шмат кароткіх горных рэк. Бываюць разбуральныя ўраганы (снеж.—красавік). Пад лесам (тамарынд, жалезнае і аліўкавае дрэвы, дрэвападобныя папараці і ліяны) і хмызнякамі 35% тэр. На ПдЗ участкі саваннаў, у гарах — лугі. Шмат птушак. Разнастайная марская фауна. Ёсць некалькі рэзерватаў.

Насельніцтва. Асн. насельніцтва (больш за 60%) — рэюньёнцы, або крэолы, народ пераважна змешанага франка-афра-малагасійскага паходжання, нашчадкі франц. каланістаў, афр. і малагасійскіх рабоў. Жывуць таксама індыйцы (каля 27%), афрыканцы, мальгашы, кітайцы. Сярод вернікаў пераважаюць католікі (86%), ёсць індуісты, мусульмане, будысты. Сярэднегадавы прырост нас. каля 1,7%. Сярэдняя шчыльн. каля 288 чал. на 1 км. Амаль усё насельніцтва сканцэнтравана ў прыбярэжных раёнах, дзе шчыльнасць дасягае 1000 чал. на 1 км². У гарадах жыве больш за 70% насельніцтва. У прам-сці занята 19% эканамічна актыўнага насельніцтва, у сельскай гаспадарцы і рыбалоўстве — 8, у сферы паслуг — 73%. Значнае беспрацоўе (каля 35%), эміграцыя ў Францыю.

Гісторыя. Адкрыты ў пач. 16 ст. партуг. мараплаўцам П. ды Машкарэньяшам. З сярэдзіны 17 ст. каланізацыю вострава вялі французы, якія назвалі яго Бурбон. У 1810—15 востраў захапіла Вялікабрытанія. Пасля вяртання Францыі востраў атрымаў назву Р. (франц. «ўз’яднанне»), У 1946 Р. атрымаў статус «заморскага дэпартамента», у 1974 — унутр. аўтаномію, створаны Ген. і Рэгіянальны саветы, з 1982 паўнамоцтвы апошняга значна пашыраны.

Гаспадарка. Р. — с.-г. краіна з монакультурнай арыентацыяй. Штогадовы даход на 1 чал. каля 4,8 тыс. дол. (1998). Вытв-сць эл. энергіі 1,1 млрд. кВт∙гадз (1996); каля 55% яе атрымліваюць на электрастанцыях, якія працуюць на імпартаваных нафтапрадуктах, каля 45% — на ГЭС. Гал. галіна прам-сці — перапрацоўка цукр. трыснягу (8 цукр. з-даў выпускаюць 222 тыс. т цукру, 1998).

Працуюць прадпрыемствы па вытв-сці рому, сокаў, ванілі, араматычных эсенцый, кансерваў (пладова-агароднінных і рыбных), алею, мясных вырабаў, мукі і хлебабулачных вырабаў, цыгарэт, буд. матэрыялаў. Часткова на экспарт працуюць швейныя, абутковыя, металаапр. і электронныя прадпрыемствы. Лясная прам-сць і дрэваапрацоўка. Развіты разнастайныя рамёствы і выраб сувеніраў. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 60 тыс. га зямель, у т. л. пад ворывам і шматгадовымі культурамі каля 50 тыс. га, пад пашай каля 10 тыс. га. Арашаецца 6 тыс. га. Ёсць буйныя плантацыі і дробныя сялянскія гаспадаркі. Асн. культура — цукр. трыснёг, займае каля 35 тыс. га, штогадовы збор 2—3 млн. т. Экспартнае значэнне мае вырошчванне ванілі і для парфумернай прам-сці Францыі эфіраносаў (пеларгонія, ветыверыя, іланг-іланг). Вырошчваюць таксама кукурузу, пшаніцу, бульбу, маніёк, агародніну, тытунь. У 1998 атрымана 17 тыс. т збожжа. Субтрапічнае садоўніцтва (манга, папайя, грэйпфрут, гуява і інш.). Вінаградарства. У горных раёнах развіта жывёлагадоўля. Пагалоўе (тыс. галоў, 1998): буйн. раг. жывёлы 26, авечак і коз 33, свіней 87. Рыбалоўства і промысел амараў. Важнае месца займае замежны турызм, на востраве развітая сетка інфраструктуры для турыстаў. У 1998 Р. наведала 370,3 тыс. чал., пераважна з Францыі. Унутр. транспарт аўтамабільны. На востраве 2,8 тыс. аўтадарог, у т. л. 2,2 тыс. км з цвёрдым пакрыццём. Асн. порт Ле-Пор. Каля г. Сен-Дэні міжнар. аэрапорт. У 1998 экспарт склаў 171,8 млн. дол., імпарт — 2,35 млрд. дол. У экспарце пераважаюць цукар (63%), ром і патака, парфумерныя эсенцыі, рыбапрадукты; у імпарце — машыны, паліва, харч. і спажывецкія тавары. Гал. гандл. партнёр — Францыя (74% экспарту, 67% імпарту), яна аказвае Р. пастаянную эканам. дапамогу. Грашовая адзінка — франц. франк.

І.​Я.​Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).

Вадаспад у гарах на востраве Рэюньён.

т. 14, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРУ́НДЗІ (Burundi),

Рэспубліка Бурундзі (République du Burundi), дзяржава ва Усх. Афрыцы. Мяжуе на Пн з Руандай, на У і Пд з Танзаніяй, на З з Заірам, на ПдЗ абмываецца водамі воз. Танганьіка. Падзяляецца на 15 правінцый. Пл. 27,8 тыс. км². Нас. 6,026 млн. чал. (1993). Сталіца — г. Бужумбура. Афіц. мова кірундзі і франц., пашырана мова суахілі. Нац. свята — Дзень незалежнасці (1 ліп.).

Дзяржаўны лад. Бурундзі — рэспубліка. Паводле канстытуцыі 1992 кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца ўсеагульным галасаваннем тэрмінам на 5 гадоў. Заканадаўчую ўладу ажыццяўляе аднапалатны парламент (Нац. асамблея), выканаўчую — урад на чале з прэм’ер-міністрам, які фарміруе прэзідэнт.

Прырода. Амаль уся краіна занята пласкагор’ем (выш. 1500—200 м), падзеленым некалькімі глыбокімі далінамі, складзеным гал. ч. з дакембрыйскіх крышт. і метамарфічных парод. Зах. край яго — мерыдыянальны хрыбет выш. 2000—2600 м. Асобныя невысокія горы ёсць на У. На крайнім З тэр. Бурундзі ўваходзіць ва Усх.-Афр. рыфтавую зону. Карысныя выкапні: золата, уран, волава, кобальт, медзь, вальфрам, берыліевая руда, касітэрыт, торф і інш. Клімат субэкватарыяльны, умерана вільготны, акрамя сухога сезона (чэрв.—вер.), у паніжаных раёнах гарачы (у Бужумбуры на выш. каля 780—800 м над узр. м. сярэднямесячныя т-ры паветра 23—25 °C), на выш. 1500—2000 м (б. ч. краіны) умерана цёплы (сярэднямесячныя т-ры паветра 15—20 ºС). Ападкаў ад 800—1000 мм да 1400—1600 мм за год. Больш як палавіна тэр. краіны належыць да бас. вытокаў р. Ніл (рэкі Рувуву і Аканьяру), на З рэкі ўпадаюць у воз. Танганьіка (бас. р. Конга). Прыродныя трапічныя лясы амаль усе вынішчаны (займаюць 2% тэр.), пераважаюць паўторныя саванны і культ. расліннасць. Нац. паркі: Ківіра, Рузізі, Рувуву; некалькі рэзерватаў.

Насельніцтва. Больш за 98% складае народнасць барундзі, належыць да групы паўн. банту. Этнасацыяльна яна падзяляецца на групы жывёлаводаў-тутсі (каля 14%), земляробаў-хуту (каля 85%) і пігмеяў-тва (каля 1%). Жывуць таксама еўрапейцы (пераважна бельгійцы), выхадцы з Паўд. Азіі (у асн. індыйцы). Каля 67% вернікаў — хрысціяне, у т. л. 62% католікаў, 5% пратэстантаў, 32% прытрымліваюцца мясц. традыц. вераванняў, ёсць мусульмане (каля 1%). Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва адна з самых высокіх у Афрыцы — 216,8 чал. на 1 км². У гарадах жыве каля 15% насельніцтва. Найб. з іх (1993, тыс. ж.): Бужумбура — 300, Гітэга — 101,8, Муінга — 79,3, Нгозі — 74,2.

Гісторыя. Тэр. Бурундзі заселена чалавекам у эпоху палеаліту. У пач. 1-га тыс. н.э. тут з’явіліся земляробчыя бантумоўныя плямёны хуту, у 12—13 ст. — качэўнікі-жывёлаводы тутсі. Заснаваная ў 17 ст. тутсі-бурундзійская дзяржава на чале з мвамі (каралём) пасля заключэння Гельгаландскага дагавора 1890 паміж Германіяй і Вялікабрытаніяй аб падзеле сфер уплыву ва Усх. Афрыцы стала аб’ектам герм. каланізацыі. Разам з суседняй Руандай Бурундзі, кароль якой супраціўляўся каланізацыі да 1903, у 1908—12 аб’яднаны ў адзіную калан. тэр. пад назвай Руанда-Урундзі. Апошняя ў 1-ю сусв. вайну акупіравана войскамі Бельгіі (1916), у 1923 паводле рашэння Лігі Нацый перададзена ёй у падмандатнае кіраванне, у 1946 прызнана ААН падапечнай тэр. Бельгіі. З канца 1950-х г. узмацніўся нац.-вызв. рух бурундзійцаў, якім кіравала Партыя адзінства і нац. прагрэсу на чале з Л.​Рвагасорэ (забіты ў 1961). 27.6.1962 спец. сесія ААН ліквідавала бельг. апеку над Руанда-Урундзі. 1.7.1962 абвешчана незалежнасць Каралеўства Бурундзі. Пасля ваен. перавароту 1966, які прывёў да звяржэння манархіі і ўстанаўлення рэспублікі, краінай кіравалі ваенныя (перавароты 1976, 1987). Паліт. і сац. нераўнапраўе этнічна пераважных хугу ў параўнанні з кіруючай меншасцю тутсі выклікала крывавыя сутыкненні паміж імі (1972, 1988). У 1991 прэзідэнт маёр П.​Буёя распачаў працэс дэмакратызацыі краіны. У 1993 прэзідэнтам рэспублікі ўпершыню выбраны хуту М.​Ндадзье (забіты афіцэрамі-тутсі ў кастр. 1993). Этн. канфлікты спарадзілі праблему бежанцаў (каля 700 тыс. чал. у 1994). З 1994 прэзідэнт рэспублікі хуту С.​Нтыбантунганья, кіраўнік урада тутсі А.​Ндуваё. У выніку перавароту 1996 кіраўніком дзяржавы зноў стаў П.​Буёя. Дзейнічаюць Фронт за дэмакратыю ў Бурундзі, Партыя адзінства за нац. прагрэс, Партыя народа, Аб’яднанне за дэмакратыю і сац.-эканам. развіццё, Канфедэрацыя свабодных прафсаюзаў Бурундзі і інш. Бурундзі — член ААН з 1962, Арг-цыі афр. адзінства і інш.

Гаспадарка. Аснова эканомікі — сельская гаспадарка, у якой занята 93% насельніцтва (у прам-сці і гандлі 1,5%). Апрацоўваецца 43% тэр. краіны, у т. л. 2,6% арашаецца, пад лугамі і пашай 35%. Пераважае матычнае земляробства. Вырошчваюць бананы, маніёк, батат, бульбу, фасолю, кукурузу, сорга, проса, рыс, арахіс, тытунь. Пасадкі алейнай пальмы. Гал. экспартныя прадукты: высакаякасная кава гатунку арабіка (збор 30—45 тыс. т штогод), бавоўна (6—7 тыс. т), чай (2—3 тыс. т), кара хіннага дрэва. Жывёлагадоўля экстэнсіўнага кірунку, адсталая. Гадуюць буйн. раг. жывёлу — каля 1 млн. галоў (1990), авечак, козаў. Рыбалоўства ў воз. Танганьіка (каля 10 тыс. т штогод). У прам-сці пераважаюць прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. сыравіны (кавы, чаю, бавоўны, рысу і інш.). Прадпрыемствы: піваварныя, безалкагольных напіткаў, цукр., малочныя, мукамольныя, алейныя, мылаварныя, гарбарныя; цэментныя, цагельныя, лесапільныя з-ды, тэкст., сеткавязальная, коўдравая і абутковая ф-кі. Дробныя ЦЭС і ГЭС, б.ч. электраэнергіі Бурундзі атрымлівае з Заіра. Невял. здабыча золата, алавянай і танталаніобіевых руд. Традыц. рамёствы. Транспарт пераважна аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 5,9 тыс. км, у т. л. 400 км з цвёрдым пакрыццём. Знешні гандаль ідзе пераважна па воз. Танганьіка паміж партамі Бужумбура і Кігома (Танзанія). 5 аэрапортаў, у т. л. міжнар. ў Бужумбуры. Экспарт: кава (больш за 80% па кошце), бавоўна, чай, скуры. Імпарт: прамысл., харч. і спажывецкія тавары, нафтапрадукты. Асн. гандл. партнёры: ЗША, Бельгія, ФРГ, Японія. Некат. ролю ў гандл. балансе краіны адыгрываюць грашовыя пераводы бурундзійцаў, якія працуюць у суседніх краінах, найб. у горнай прам-сці Заіра. Грашовая адзінка — бурундзійскі франк.

Літ.:

Соколова Р.Б. Республика Бурунди: Справ. М., 1992.

І.​В.​Загарэц (прырода, гаспадарка), У.​Я.​Калаткоў (гісторыя).

Герб і сцяг Бурундзі.
Да арт. Бурундзі. Горы на ўсходзе краіны.

т. 3, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ТАР, Дзяржава Катар, дзяржава ў Паўд.-Зах. Азіі, на п-ве Катар. На З, Пн і У абмываецца Персідскім зал., на Пд мяжуе з Саудаўскай Аравіяй і Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі. Пл. 11,4 тыс. км². Нас. 665,5 тыс. чал. (1997). Дзярж. мова — арабская. Дзярж. рэлігія — іслам. Сталіца — г. Доха. Падзяляецца на 9 акруг. Нац. свята — Дзень незалежнасці (3 вер.).

Дзяржаўны лад. К. — абсалютная манархія. Дзейнічае часовая канстытуцыя 1970. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — эмір. Функцыі выканаўчай улады ажыццяўляе ўрад, пасаду прэм’ер-міністра займае эмір. Парламент адсутнічае. Для аказання дапамогі ўраду створаны кансультатыўны савет (35 членаў).

Прырода. Паверхня нізінная (выш. да 56 м). На Пн — пясчаныя дзюны, сярэдняя частка — камяністая галечнікавая пустыня з саланчакамі, на Пд — пясчаныя ўзгоркі. Радовішчы нафты (на сушы і ў тэр. моры, больш за 500 млн. т) і прыроднага газу (каля 20 трлн. м³). Есць паклады буд. матэрыялаў, цэм. сыравіны, серы. Клімат кантынентальны, трапічны. Сярэдняя т-ра студз. каля 16 °C, ліп. каля 32 °C. Гадавая сума ападкаў ад 55 мм (на Пд) да 125 мм (на Пн), выпадаюць у ліст.—маі. Пастаянных рэк няма, шмат сухіх рэчышчаў (вадзі). Пераважаюць пустынныя ландшафты, месцамі зараснікі пустынных хмызнякоў і паўхмызнякоў: акацый, тамарыскаў, астрагалаў. З жывёл трапляюцца дробныя пустынныя паўзуны і грызуны. Зімой з Аравіі заходзяць газелі. Мора багатае рыбай, крэветкамі, жамчужнымі ракавінамі.

Насельніцтва. Катарскія арабы складаюць каля 20%, арабы (выхадцы з інш. араб. краін) — 20%, пакістанцы і індыйцы — па 18%, іранцы — 10%. Ёсць групы еўрапейцаў (найб. англічан), амерыканцаў, афрыканцаў (пераважна нашчадкаў неграў-рабоў) і інш. У карэнных жыхароў захаваўся падзел на плямёны. Ва ўнутр. раёнах качуюць групы бедуінаў. Сярэднегадавы прырост каля 1,7%. Сярэдняя шчыльн. каля 58 чал. на 1 км². Каля 90% насельніцтва сканцэнтравана ў г. Доха і яе прыгарадах. Гар. насельніцтва складае каля 80%. Найб. гарады: Доха — 313,6 тыс. ж. (1992), Духан, Ум-Саід. У прам-сці і буд-ве занята 25% рабочай сілы, у абслугоўванні — 51%, астатнія — у сельскай гаспадарцы, транспарце, марскіх промыслах і інш.

Гісторыя. Першае ўпамінанне пра К. адносіцца да 1 ст. н.э. (рым. пісьменнік Пліній Старэйшы). К. неаднаразова заваёўваўся Сасанідамі, у 7 ст. ўключаны ў склад Араб. халіфата. Пасля яго распаду (10 ст.) у складзе дзяржавы карматаў. У 13—14 ст. пад уладай эміраў Бахрэйна, у пач. 16 ст. разам з Бахрэйнам захоплены партугальцамі, пазней — туркамі-асманамі. З 17 ст. К. — аб’ект барацьбы паміж Іранам, Турцыяй, правадырамі араб. плямён, правіцелямі Амана і Саўдыдамі. У канцы 19 ст. ўвесь К. аб’яднаўся пад уладай дынастыі Тані. У 1868 К. навязала нераўнапраўны дагавор Вялікабрытанія. У 1871 акупіраваны войскамі Асманскай імперыі. У 1914 Турцыя адмовілася ад улады над К. на карысць Вялікабрытаніі. Апошняя ў 1916 навязала К. пагадненне, паводле якога ён абвешчаны пад брыт. пратэктаратам. Тут уладарыў род Тані, пытанні знешняй палітыкі і абароны вырашаў брыт. ўрад. У 1968 К. разам з Бахрэйнам і інш. эміратамі намагаўся стварыць Федэрацыю араб. эміратаў Перс. заліва. У 1970 прынята часовая канстытуцыя К., 1.9.1971 ён абвешчаны незалежнай дзяржавай. У 1979 К. разарваў дыпламат. адносіны з Егіптам (пасля заключэння егіп.-ізраільскага мірнага дагавора), якія былі адноўлены ў 1987. К. аказаў дапамогу Іраку ў час ірана-іракскай вайны 1980—88, але ў 1990 асудзіў іракскую анексію Кувейта. У 1992 урэгуляваны тэр. спрэчкі з Саудаўскай Аравіяй, аднак застаюцца нявырашанымі супярэчнасці з Бахрэйнам па пытанні 14 астравоў каля катарскага ўзбярэжжа. К. — чл. ААН і Лігі араб. дзяржаў (з 1971), Арг-цыі Ісламская канферэнцыя, Арг-цыі краін-экспарцёраў нафты (АПЕК). Дзейнасць паліт. партый і прафсаюзаў забаронена.

Гаспадарка. Аснова эканомікі — здабыча нафты і прыроднага газу (да 95% даходаў краіны). Валавы ўнутр. прадукт 10,7 млрд. дол. (1994), каля 20 тыс. дол. на 1 чал. Здабычу (каля 20 млн. т штогод) і збыт нафты праводзіць дзярж. Ген. нафтавая карпарацыя. Асн. цэнтр здабычы — г. Духан. Агульныя магутнасці прадпрыемстваў па перапрацоўцы нафты складаюць 3,5 млн. т нафтапрадуктаў за год. Здабыча прыроднага газу складае 0,7% ад сусветнай. Вытв-сць электраэнергіі — 5,8 млрд. кВт∙гадз (1995). Працуюць буйныя ЦЭС на прыродным газе ў г. Духан і Доха. Асн. цэнтр нафтаперапрацоўкі, нафтахіміі, звадкавання газу — г. Ум-Саід. Там жа металургічны і сталепракатны (вытв-сць труб для транспартавання нафты і газу) з-ды. У г. Доха вытв-сць угнаенняў і пластмас, прадпрыемствы цэм., металаапр., харч. прам-сці, саматужныя промыслы (вытв-сць тканін, дываноў, мэблі, лодак), аўтарамонтныя майстэрні, з-ды безалкагольных напіткаў, ф-кі па кансерваванні крэветак, мукамольны камбінат, халадзільнікі; паблізу здабыча цэм. сыравіны. Для забеспячэння насельніцтва і гаспадаркі прэснай вадой у гарадах Доха, Духан, Ум-Саід пабудаваны апрасняльныя з-ды. Каля г. Доха створана свабодная эканам. зона Мусаід. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваюць каля 5 тыс. га для земляробства і садоўніцтва (у аазісах) і каля 400 тыс. га для качавой жывёлагадоўлі (пераважна на Пн). Вырошчваюць фінікавую і какосавую пальмы, агародніну (памідоры, капуста, дыні), кукурузу, проса, сорга, канюшыну і люцэрну, траву альфа. Жывёлагадоўляй заняты качавыя і паўкачавыя плямёны. Разводзяць вярблюдаў, авечак, коз. Прамысл. птушкагадоўля, вытв-сць бройлераў. Традыцыйны занятак — рыбалоўства, здабыча крэветак, жамчужны промысел, збор каралаў. Транспарт пераважна аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 2,5 тыс. км, палавіна з іх з цвёрдым пакрыццём. Гал. парты Доха (разнастайныя грузы) і Ум-Саід (экспарт нафты, нафтапрадуктаў, звадкаванага газу). Сетка нафта- і газаправодаў злучае промыслы з партамі. Каля г. Доха міжнар. аэрапорт. У 1994 экспарт склаў 2,9 млрд. дол., імпарт — 2 млрд. долараў. Экспартуюцца пераважна нафта, нафтапрадукты, звадкаваны газ, меншае значэнне маюць штучныя ўгнаенні, сталь, цэмент, крэветкі, жэмчуг, фінікі, сушаная рыба. Імпартуюцца разнастайныя прамысл. і харч. тавары. Гал. гандл. партнёры: Японія, Германія, Францыя, Італія, Бразілія. Уклады К. ў замежныя банкі і кампаніі больш за 14 млрд. дол. Грашовая адзінка — катарскі рыял.

Літ.:

Князев А.Г. Бахрейн и Катар. М., 1984.

Я.​Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).

Герб і сцяг Катара.

т. 8, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУРЫНА́М (Suriname),

Рэспубліка Сурынам (нідэрл. Republiek Suriname), дзяржава на ПнУ Паўд. Амерыкі. Мяжуе на З з Гаянай, на Пд з Бразіліяй, на У з Гвіянай (франц.); на Пн абмываецца Атлантычным акіянам. Пл. 163,3 тыс. км². Нас. 434 тыс. чал. (2001). Дзярж. мова — нідэрландская, распаўсюджаны англ., хіндзі, яванская. Сталіца — г. Парамарыба. Краіна падзяляецца на 10 акруг. Нац. свята — Дзень незалежнасці (25 ліст.).

Дзяржаўны лад. С. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1987. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае парламент на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць аднапалатнай Нац. асамблеі (выбіраецца насельніцтвам на ўсеагульных выбарах, 51 дэпутат). Выканаўчую ўладу ўзначальвае прэм’ер-міністр.

Прырода. На ўзбярэжжы ч. Гвіянскай нізіны, у цэнтры і на Пд Гвіянскае пласкагор’е, хрыбты і горныя масівы да 1280 м. Карысныя выкапні: баксіты (запасы больш за 8 млрд. т, адно з першых месц у свеце), нафта, руды жалеза, ніобію, волава, танталу; золата, плаціна, алмазы, буд. матэрыялы і інш. Клімат субэкватарыяльны, гарачы і вільготны. Сярэднія месячныя т-ры 26—28 °C. Ападкаў 2000—3000 мм за год. Рэкі мнагаводныя, парожыстыя, багатыя на гідраэнергію. Вільготныя экватарыяльныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў займаюць каля 85% тэр. Месцамі другасныя хмызнякі, участкі саваннаў. У складзе жывёльнага свету: малпы, ягуары, пумы, тапіры. Шмат птушак, паўзуноў, насякомых. Прыродны парк Браўнсберг, некалькі рэзерватаў.

Насельніцтва. Жывуць сурынамцы, або сурынамскія крэолы (еўрап.-афрыканскія мулаты, 31%), блізкія да іх па мове і культуры негры (10%), індыйцы (37%), яванцы (15%), індзейцы (карэнныя жыхары, 2%), кітайцы (2%), еўрапейцы (1%) і інш. Вернікі індуісты (27%), пратэстанты (25%), католікі (23%), мусульмане (20%) і інш. Сярэднегадавы прырост насельніцтва 0,6% (2001). Сярэдняя шчыльн. 2,7 чал. на 1 км². Каля 90% насельніцтва жыве на ўзбярэжжы і ў далінах гал. рэк, якія складаюць 3—4% тэрыторыі. У гарадах жыве 74% насельніцтва. Найб. г. Парамарыба — каля 250 тыс. ж. з прыгарадамі (2001). У астатніх гарадах насельніцтва не перавышае 10 тыс. ж. У сельскай гаспадарцы і рыбалоўстве занята каля 20% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці і буд-ве — каля 10%, у абслуговых галінах — каля 70%.

Гісторыя. Узбярэжжа С. адкрыта ісп. мараплаўцам А.Ахедам y 1499. У 1551 галандскія гандляры заснавалі пасяленне ў вусці р. Сурынам (адсюль назва краіны). У канцы 16 ст. тут замацаваліся іспанцы, у 1630 — англічане. Паводле англа-нідэрл. дагавора 1667 Вялікабрытанія ўступіла С. Нідэрландам у абмен на нідэрл. ўладанні ў Паўн. Амерыцы. Асновай эканомікі Нідэрл. Гвіяны (тагачасная назва С.) была плантацыйная гаспадарка; для працы на плантацыях прывозілі рабоў з Афрыкі, пасля скасавання рабства ў 1863 — закантрактаваных рабочых з Індыі і Інданезіі, нашчадкі якіх цяпер складаюць найб. шматлікую этнічную групу С. У 1954 С. атрымаў аўтаномію ў складзе Каралеўства Нідэрландаў.

25.11.1975 абвешчана незалежнасць С. У лют. 1980 уладу захапілі ваенныя на чале з Д.​Боўтэрсе. У 1980-я г. ў С. склалася напружаная паліт. сітуацыя, якая ўскладнялася ўзбр. барацьбой супраць цэнтр. ўрада. У выніку пагаднення ў маі 1991 адбыліся свабодныя выбары. У 1992 падпісана мірнае пагадненне паміж урадам С. і ўзбр. групоўкамі. На выбарах у маі 2000 перамог Новы фронт за дэмакратыю і развіццё, яго лідэр Р.​Венетыян стаў прэзідэнтам. С. — чл. ААН (з 1975). Дзейнічаюць паліт. партыі: Новы фронт за дэмакратыю і развіццё, Нац. дэмакр. партыя.

Гаспадарка. С. — краіна сярэдняга ўзроўню развіцця з развітой горназдабыўной прам-сцю. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1999 склаў 1,48 млрд. дол., па 3,4 тыс. дол. на 1 чал. У прам-сці ствараецца 22% ВУП, у сельскай гаспадарцы — 13%, у абслуговых галінах — 65%. Найб. развіта гарнарудная прам-сць. Здабываюць баксіты (больш за 4 млн. т штогод, каля 5—10% сусв. вытв-сці), нафту — каля 1 млн. т, марганцавую руду і золата. Баксітаздабыўную прам-сць кантралююць кампаніі ЗША і Нідэрландаў. Баксітавыя руднікі ў басейнах рэк Сурынам і Котыка, каля гарадоў Мунга і Паранам, распрацоўка адкрытым спосабам. У 1999 атрымана 1,9 млрд. кВт∙гадз электраэнергіі, у т. л. 74% на ГЭС (буйнейшая з іх Бракапонда на р. Сурынам), 26% на цеплавых электрастанцыях. Развіта вытв-сць гліназёму (штогод больш за 1 млн. т) і алюмінію (каля 30—40 тыс. т), лесапілаванне і дрэваапрацоўка. Невял. прадпрыемствы цэм., абутковай, тэкст. і тытунёвай прам-сці, па вытв-сці цукру, рому, мелесу, пальмавага алею, жывёльнага масла, маргарыну, па апрацоўцы рыбы і крэветак. Саматужныя промыслы. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца 117 тыс. га зямлі, у т. л. 95 тыс. га пад ворывам, 7 тыс. га пад шматгадовымі насаджэннямі, 15 тыс. га пад пашай.

Арашаецца 60 тыс. га. Амаль усе с.-г. землі знаходзяцца на ўзбярэжжы. Пераважаюць плантацыйныя гаспадаркі. Гал. культура — рыс (больш за 50% ворыва, штогод збіраюць 2 ураджаі, каля 300 тыс. т); вырошчваюць бананы, цукр. трыснёг, арахіс, маніёк, агародніну. Трапічнае садоўніцтва (апельсіны, грэйпфруты). Плантацыі кавы, какавы, алейных і какосавых пальмаў. У жывёлагадоўлі найб. развіта гадоўля буйн. раг. жывёлы (102 тыс. галоў, 1997) і птушкагадоўля (2,2 млн. курэй разам з бройлерамі). Рыбалоўства (13 тыс. т, 1999), промысел крэветак. Нарыхтоўка драўніны каштоўных парод. Транспарт пераважна аўтамаб., унутр. водны і марскі. Даўж. аўтадарог 4,5 тыс. км, у т. л. 1,2 тыс. км з цвёрдым пакрыццём; унутр. водных шляхоў — 1,2 тыс. км, чыгункі — 166 км (1996). У краіне 46,4 тыс. легкавых, 19,3 тыс. грузавых аўтамашын і аўтобусаў, 46 аэрапортаў (2000). Гал. марскі порт Парамарыба, паблізу міжнар. аэрапорт. У 1999 экспарт склаў 443 млн. дол., імпарт — 525 млн. дол. У экспарце пераважаюць баксіты, гліназём і алюміній (разам па кошце больш за 80%), нафта, драўніна, крэветкі, рыба, рыс, бананы; у імпарце — машыны і абсталяванне, нафтапрадукты, харч. прадукты, спажывецкія тавары. Гал. гандл. партнёры: ЗША (23% экспарту, 35% імпарту), Нідэрланды (11% і 15%). Нарвегія (19% экспарту), Трынідад і Табага (12% імпарту), Японія, Вялікабрытанія. Замежны турызм у 1998 даў даход 44 млн. дол. Грашовая адзінка — сурынамскі гульдэн.

І.​Я.​Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).

Герб і сцяг Сурынама.

т. 15, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРЫНІДА́Д І ТАБА́ГА (Trinidad and Tobago),

Рэспубліка Трынідад і Табага (Republic of Trinidad and Tobago), дзяржава ў Вест-Індыі на аднайм. астравах каля паўн. ўзбярэжжа Паўд. Амерыкі. Пл. 5,1 тыс. км². Нас. 1175,5 тыс. чал. (2000). Афіц. мова — англійская. Сталіца, гал. эканам. цэнтр і порт — г. Порт-оф-Спейн. Краіна падзяляецца на 8 графстваў і 3 муніцыпалітэты. Нац. свята — Дзень незалежнасці (31 жн.).

Дзяржаўны лад. Т. і Т. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1976. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца калегіяй выбаршчыкаў з членаў парламента на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць двухпалатнаму парламенту, які складаецца з сената (31 член) і палаты прадстаўнікоў (36 дэпутатаў), што выбіраюцца на 5 гадоў; 9 сенатараў назначае прэзідэнт, 16 — рэкамендуе прэм’ер-міністр, 6 — лідэр апазіцыі. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе кааліцыйны ўрад.

Прырода. В-аў Трынідад (пл. 4,8 тыс. км²) пераважна раўнінны. Ёсць 3 невысокія горныя ланцугі (выш. да 940 м). На в-ве Табага (пл. 0,3 тыс. км²) горы (выш. да 579 м) і вапняковае плато. На в-ве Трынідад радовішчы нафты (на сушы і на шэльфе), асфальту (воз. Піч-Лейк), прыроднага газу. Клімат субэкватарыяльны, гарачы і вільготны. Сярэднямесячныя т-ры 25—27 °C. Ападкаў за год ад 1200 мм на З да 3800 мм на У. Бываюць разбуральныя трапічныя ўраганы. Трапічныя лясы (трынідадскі цік, карыбская хвоя, махагоніевае дрэва. чырвоны сандал, бальса і інш.) займаюць 46% тэр. Фауна мае падабенства з фаунай Паўд. Амерыкі. Трапляюцца пекары, ацэлот, апосум, агуці, малпакапуцын, кажаны, чарапахі, змеі, алігатары. Шмат птушак. Ёсць рэзерваты і марскі запаведнік.

Насельніцтва. Жывуць негры (39,5%, нашчадкі рабоў), індыйцы (40,3%, нашчадкі закантрактаваных рабочых з Паўн. Індыі), мулаты (18,4%), еўрапейцы, кітайцы і інш. Сярод вернікаў хрысціяне (62%, пераважна католікі і англікане), індуісты (25%), мусульмане (6%) і інш. Сярэднегадавы прырост каля 1%. Сярэдняя шчыльн. 230,5 чал. на 1 км². Больш шчыльна (да 400 чал. на 1 км²) заселена зах. ч. в-ва Трынідад. Гар. насельніцтва 73%. У г. Порт-оф-Спейн з прыгарадамі больш за 300 тыс. ж. (1996), у г. Сан-Фернанда каля 50 тыс. ж., астатнія гарады невялікія. У прам-сці занята каля 30% эканамічна актыўнага насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — каля 10%, у абслуговых галінах — каля 60%.

Гісторыя. На час адкрыцця ў 1498 Х.Калумбаіл в-аў Трынідад быў населены індзейцамі-аравакамі, в-аў Табага — карыбамі. У 1532—1797 в-аў Трынідад быў ісп. калоніяй, у 1797 захоплены Вялікабрытаніяй (афіцыйна замацаваны за ёй у 1802). За валоданне в-вам Табага спрачаліся розныя еўрап. дзяржавы (у 1652—58 — уладанне Курляндскага герцагства, васала ВКЛ), у 1763 захоплены Вялікабрытаніяй (замацаваны за ёй у 1814). У 1889 абодва востравы аб’яднаны ў адзіную калонію. У выніку лютай эксплуатацыі большасць індзейцаў знішчана, замест іх для працы на плантацыях прывозіліся негры-рабы з Афрыкі. Пасля скасавання рабства ў 1834 пачалася эміграцыя рабочых з Індыі і Кітая. У 1958—62 Т. і Т. — чл. Вест-Індскай федэрацыі. 31.8.1962 абвешчана незалежнасць Т. і Т. ў складзе Садружнасці.

1.8.1976 абвешчана рэспубліка. Да сярэдзіны 1980-х г. у паліт. жыцці краіны дамінавала Нар. нац. партыя, якая адлюстроўвала інтарэсы пераважна афратрынідадцаў. З канца 1980-х г. вял. ўплыў у палітыцы набыў Аб’яднаны нац. кангрэс, які адлюстроўвае інтарэсы індатрынідадскай абшчыны і з 1995 узначальвае ўрад дзяржавы. Т. і Т. — чл. ААН (з 1962), Арг-цыі амер. дзяржаў (з 1967). Дзейнічаюць паліт. партыі: Аб’яднаны нац. кангрэс, Нар. нац. партыя, Нац. саюз за рэканструкцыю.

Гаспадарка. Т. і Т. — адна з развітых краін Карыбскага бас., мае развітую эканоміку з моцным прыватным і невялікім дзярж. сектарамі. У 1999 валавы ўнутр. прадукт склаў 4,4 тыс. дол. на 1 чал., у т. л. ў нафтавым сектары ствараецца 21,4%, у астатніх галінах прам-сці і буд-ве — 18,6%, у сельскай гаспадарцы — 2%, у гандлі і турызме — 18,3%, у інш. абслуговых галінах — 39,7%. У прам-сці гал. ролю адыгрывае здабыча і перапрацоўка нафты і газу. Здабычу вядуць пераважна замежныя кампаніі. У 1998 здабыта 7,1 млн. т нафты і каля 1 млрд. м³ газу. Асноўную частку нафты здабываюць на марскіх радовішчах. Вытв-сць нафтапрадуктаў каля 8 млн. т (1998); акрамя мясц. перапрацоўваецца нафта з Венесуэлы і інш. краін. Асн. цэнтры нафтаперапрацоўкі і нафтахіміі на З в-ва Трынідад у наваколлі г. Сан-Фернанда (у т. л. 3 нафтаперапр. з-ды, нафтахім. камбінат, з-д па вытв-сці азотных угнаенняў). Распрацоўваюцца запасы асфальту (воз. Піч-Лейк), штогадовая здабыча 100—200 тыс. т. Вытв-сць электраэнергіі 4,8 млрд. кВт∙гадз (1998), пераважна на ЦЭС. З галін апрацоўчай прам-сці найб. развіты цукр., цэм., тэкст., абутковая, дрэваапр., папяровая, фармацэўтычная, буд. матэрыялаў. Ёсць металург. з-д, прадпрыемствы па вытв-сці пластмас і хімікатаў, па зборцы легкавых аўтамабіляў і тэлевізараў. Нарыхтоўка драўніны каштоўных парод. Шмат дробных прадпрыемстваў харч. прам-сці. Развіты саматужныя промыслы. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 133 тыс. га зямлі, у т. л. пад ворывам 77 тыс. га, пад шматгадовымі насаджэннямі 46 тыс. га, пад пашай 10 тыс. га. Пануе буйное землеўладанне. Гал. экспартная культура — цукр. трыснёг, займае каля 40 тыс. га, штогадовы збор каля 2 млн. т (каля 200 тыс. т цукру). Меншае значэнне маюць какава, кава, какосавая пальма, цытрусавыя. бананы, тытунь. Асн. харч. культуры: рыс, ямс, бабовыя, кукуруза, маніёк, батат, агародніна. Трапічнае садоўніцтва. Жывёлагадоўля.развіта слаба. Пагалоўе (тыс. галоў): буйн. раг. жывёлы — каля 70, свіней — каля 50, коз — каля 40. Птушкагадоўля (8,5 млн. курэй, 1997). Рыбалоўства (15 тыс. т, 1999). Транспарт аўтамаб. і марскі. У краіне 8,3 тыс. км. аўтадарог, у т. л. 4,3 тыс. км з цвёрдым пакрыццём; 128 тыс. легкавых, 27 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў. Гал. марскія парты: Порт-оф-Спейн, Пуэнт-а-П’ер, Пойнт-Фортын, Скарбара. На астравах 6 аэрапортаў, у т. л. 2 міжнародныя. Сетка нафтаправодаў і газаправодаў злучае месцы здабычы з перапрацоўчымі і трансп. цэнтрамі. У 1998 экспарт склаў 2,4 млрд. дол., імпарт — 3 млрд. долараў. У экспарце пераважаюць нафта і нафтапрадукты (64%), хімікаты і ўгнаенні, сталь і пракат, цукар, какава, кава, цытрусавыя, кветкі; у імпарце — абсталяванне, трансп. сродкі, прамысл. і харч. тавары, нафта. Гандаль пераважна з ЗША (36,9% экспарту, 44,7% імпарту), краінамі Лац. Амерыкі (адпаведна 39,1% і 18,9%), Вялікабрытаніяй і Японіяй. Т. і Т. — развітая турыстычная краіна, штогод наведвае больш за 200 тыс. турыстаў пераважна з ЗША, Канады, краін Зах. Еўропы. Асн. турыстычныя цэнтры на в-ве Табага. Грашовая адзінка — долар Т. і Т.

Герб і сцяг Трынідада і Табага.
Да арт. Трынідад і Табага. Заходняе ўзбярэжжа вострава Трынідад.

т. 15, с. 549

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)