Рэспубліка Сурынам (нідэрл. Republiek Suriname), дзяржава на ПнУПаўд. Амерыкі. Мяжуе на З з Гаянай, на Пд з Бразіліяй, на У з Гвіянай (франц.); на Пн абмываецца Атлантычным акіянам. Пл. 163,3 тыс.км². Нас. 434 тыс.чал. (2001). Дзярж. мова — нідэрландская, распаўсюджаны англ., хіндзі, яванская. Сталіца — г.Парамарыба. Краіна падзяляецца на 10 акруг. Нац. свята — Дзень незалежнасці (25 ліст.).
Дзяржаўны лад. С. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1987. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае парламент на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць аднапалатнай Нац. асамблеі (выбіраецца насельніцтвам на ўсеагульных выбарах, 51 дэпутат). Выканаўчую ўладу ўзначальвае прэм’ер-міністр.
Прырода. На ўзбярэжжы ч.Гвіянскай нізіны, у цэнтры і на ПдГвіянскае пласкагор’е, хрыбты і горныя масівы да 1280 м. Карысныя выкапні: баксіты (запасы больш за 8 млрд.т, адно з першых месц у свеце), нафта, руды жалеза, ніобію, волава, танталу; золата, плаціна, алмазы, буд. матэрыялы і інш. Клімат субэкватарыяльны, гарачы і вільготны. Сярэднія месячныя т-ры 26—28 °C. Ападкаў 2000—3000 мм за год. Рэкі мнагаводныя, парожыстыя, багатыя на гідраэнергію. Вільготныя экватарыяльныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў займаюць каля 85% тэр. Месцамі другасныя хмызнякі, участкі саваннаў. У складзе жывёльнага свету: малпы, ягуары, пумы, тапіры. Шмат птушак, паўзуноў, насякомых. Прыродны парк Браўнсберг, некалькі рэзерватаў.
Насельніцтва. Жывуць сурынамцы, або сурынамскія крэолы (еўрап.-афрыканскія мулаты, 31%), блізкія да іх па мове і культуры негры (10%), індыйцы (37%), яванцы (15%), індзейцы (карэнныя жыхары, 2%), кітайцы (2%), еўрапейцы (1%) і інш. Вернікі індуісты (27%), пратэстанты (25%), католікі (23%), мусульмане (20%) і інш. Сярэднегадавы прырост насельніцтва 0,6% (2001). Сярэдняя шчыльн. 2,7 чал. на 1 км². Каля 90% насельніцтва жыве на ўзбярэжжы і ў далінах гал. рэк, якія складаюць 3—4% тэрыторыі. У гарадах жыве 74% насельніцтва. Найб.г. Парамарыба — каля 250 тыс.ж. з прыгарадамі (2001). У астатніх гарадах насельніцтва не перавышае 10 тыс.ж. У сельскай гаспадарцы і рыбалоўстве занята каля 20% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці і буд-ве — каля 10%, у абслуговых галінах — каля 70%.
Гісторыя. Узбярэжжа С. адкрыта ісп. мараплаўцам А.Ахедам y 1499. У 1551 галандскія гандляры заснавалі пасяленне ў вусці р. Сурынам (адсюль назва краіны). У канцы 16 ст. тут замацаваліся іспанцы, у 1630 — англічане. Паводле англа-нідэрл. дагавора 1667 Вялікабрытанія ўступіла С. Нідэрландам у абмен на нідэрл. ўладанні ў Паўн. Амерыцы. Асновай эканомікі Нідэрл. Гвіяны (тагачасная назва С.) была плантацыйная гаспадарка; для працы на плантацыях прывозілі рабоў з Афрыкі, пасля скасавання рабства ў 1863 — закантрактаваных рабочых з Індыі і Інданезіі, нашчадкі якіх цяпер складаюць найб. шматлікую этнічную групу С. У 1954 С. атрымаў аўтаномію ў складзе Каралеўства Нідэрландаў.
25.11.1975 абвешчана незалежнасць С. У лют. 1980 уладу захапілі ваенныя на чале з Д.Боўтэрсе. У 1980-я г. ў С. склалася напружаная паліт. сітуацыя, якая ўскладнялася ўзбр. барацьбой супраць цэнтр. ўрада. У выніку пагаднення ў маі 1991 адбыліся свабодныя выбары. У 1992 падпісана мірнае пагадненне паміж урадам С. і ўзбр. групоўкамі. На выбарах у маі 2000 перамог Новы фронт за дэмакратыю і развіццё, яго лідэр Р.Венетыян стаў прэзідэнтам. С. — чл.ААН (з 1975). Дзейнічаюць паліт. партыі: Новы фронт за дэмакратыю і развіццё, Нац.дэмакр. партыя.
Гаспадарка. С. — краіна сярэдняга ўзроўню развіцця з развітой горназдабыўной прам-сцю. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1999 склаў 1,48 млрд.дол., па 3,4 тыс.дол. на 1 чал. У прам-сці ствараецца 22% ВУП, у сельскай гаспадарцы — 13%, у абслуговых галінах — 65%. Найб. развіта гарнарудная прам-сць. Здабываюць баксіты (больш за 4 млн.т штогод, каля 5—10% сусв. вытв-сці), нафту — каля 1 млн.т, марганцавую руду і золата. Баксітаздабыўную прам-сць кантралююць кампаніі ЗША і Нідэрландаў. Баксітавыя руднікі ў басейнах рэк Сурынам і Котыка, каля гарадоў Мунга і Паранам, распрацоўка адкрытым спосабам. У 1999 атрымана 1,9 млрд.кВт∙гадз электраэнергіі, у т. л. 74% на ГЭС (буйнейшая з іх Бракапонда на р. Сурынам), 26% на цеплавых электрастанцыях. Развіта вытв-сць гліназёму (штогод больш за 1 млн.т) і алюмінію (каля 30—40 тыс.т), лесапілаванне і дрэваапрацоўка. Невял. прадпрыемствы цэм., абутковай, тэкст. і тытунёвай прам-сці, па вытв-сці цукру, рому, мелесу, пальмавага алею, жывёльнага масла, маргарыну, па апрацоўцы рыбы і крэветак. Саматужныя промыслы. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца 117 тыс.га зямлі, у т. л. 95 тыс.га пад ворывам, 7 тыс.га пад шматгадовымі насаджэннямі, 15 тыс.га пад пашай.
Арашаецца 60 тыс.га. Амаль усе с.-г. землі знаходзяцца на ўзбярэжжы. Пераважаюць плантацыйныя гаспадаркі. Гал. культура — рыс (больш за 50% ворыва, штогод збіраюць 2 ураджаі, каля 300 тыс.т); вырошчваюць бананы, цукр. трыснёг, арахіс, маніёк, агародніну. Трапічнае садоўніцтва (апельсіны, грэйпфруты). Плантацыі кавы, какавы, алейных і какосавых пальмаў. У жывёлагадоўлі найб. развіта гадоўля буйн. раг. жывёлы (102 тыс. галоў, 1997) і птушкагадоўля (2,2 млн. курэй разам з бройлерамі). Рыбалоўства (13 тыс.т, 1999), промысел крэветак. Нарыхтоўка драўніны каштоўных парод. Транспарт пераважна аўтамаб., унутр. водны і марскі. Даўж. аўтадарог 4,5 тыс.км, у т. л. 1,2 тыс.км з цвёрдым пакрыццём; унутр. водных шляхоў — 1,2 тыс.км, чыгункі — 166 км (1996). У краіне 46,4 тыс. легкавых, 19,3 тыс. грузавых аўтамашын і аўтобусаў, 46 аэрапортаў (2000). Гал. марскі порт Парамарыба, паблізу міжнар. аэрапорт. У 1999 экспарт склаў 443 млн.дол., імпарт — 525 млн.дол. У экспарце пераважаюць баксіты, гліназём і алюміній (разам па кошце больш за 80%), нафта, драўніна, крэветкі, рыба, рыс, бананы; у імпарце — машыны і абсталяванне, нафтапрадукты, харч. прадукты, спажывецкія тавары. Гал.гандл. партнёры: ЗША (23% экспарту, 35% імпарту), Нідэрланды (11% і 15%). Нарвегія (19% экспарту), Трынідад і Табага (12% імпарту), Японія, Вялікабрытанія. Замежны турызм у 1998 даў даход 44 млн.дол. Грашовая адзінка — сурынамскі гульдэн.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).