Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗАМЕРЫ́Я (ад іза... + грэч. meros доля, частка) y хіміі, з’ява існавання злучэнняў (пераважна арган.) з аднолькавай малекулярнай формулай, але рознай структурнай і прасторавай будовай і таму рознымі фіз. і хім. ўласцівасцямі. Такія злучэнні наз. ізамерамі.
Адкрыта ням. хімікам Ю.Лібіхам (1823), які паказаў, што існуюць 2 розныя па ўласцівасцях рэчывы аднолькавага саставу: AgCNO — фульмінат Ag-O-N=C і ізацыянат Ag-N=C=O серабра. Тэрмін «І.» ўведзены швед. хімікам Ё.Берцэліусам (1830), які даследаваў вінную і вінаградную к-ты. Далейшае развіццё І. атрымала ў навук. працах А.М.Бутлерава, Я.Х.Гофа, Ф.А.Кекуле, А.Пастэра, У.Прэлага. Адрозніваюць структурную ізамерыю (асобны выпадак — таўтамерыя) і прасторавую ізамерыю (стэрэаізамерыю), якую падзяляюць на энантыямерыю (аптычную ізамерыю) і дыястэрэамерыю (асобны выпадак — геаметрычная ізамерыя). Гл. таксама Дыястэрэамеры, Стэрэахімія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАМЕТРЫ́ЧНАЯ ІЗАМЕ́РЫЯ, цыс-транс-ізамерыя,
з’ява існавання малекул рознай прасторавай будовы пры аднолькавай паслядоўнасці і тыпе хім. сувязей у злучэнні; від прасторавай ізамерыі. З’яву геаметрычнай ізаметрыі растлумачыў Я.Х. вант Гоф (1874).
Геаметрычная ізаметрыя ўласцівая злучэнням з падвойнымі сувязямі (найчасцей C=C і C=N), вакол якіх немагчыма свабоднае вярчэнне атамаў, і цыклічным злучэнням з малымі (неараматычнымі) цыкламі. Магчыма, калі атам вугляроду пры падвойнай сувязі ці ў цыкле мае неаднолькавыя замяшчальнікі (групоўку атамаў тыпу RR′C = CRR′), якія па-рознаму размешчаны адносна плоскасці падвойнай сувязі (гл.Кратныя сувязі) ці кольца ў цыклічных злучэннях. Існуюць 2 формы геам. ізамераў: цыс-ізамеры — аднолькавыя замяшчальнікі знаходзяцца па адзін бок ад плоскасці падвойнай сувязі (формула 1) ці кольца (формула 3), транс-ізамеры — па розныя бакі (формулы 2, 4). У цыклічных злучэннях адначасова з геаметрычнай ізаметрыяй магчыма і аптычная ізамерыя. Геам. ізамеры маюць розныя фіз. і хім. ўласцівасці. Цыс-ізамеры даволі лёгка (пад уздзеяннем святла, цяпла, хім. рэагентаў) пераходзяць у больш устойлівыя транс-ізамеры, напр., малеінавая кіслата. Геаметрычная ізамерыя ўласцівая і палімерам, напр., гутаперча (транс-поліізапрэн), каўчук натуральны (цыс-полііэалрэн).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Ізамерыя атамных ядраў 5/53; 9/34
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАСТО́РАВАЯ ІЗАМЕРЫ́Я, стэрэаізамерыя,
адзін з тыпаў ізамерыіхім. злучэнняў. Абумоўлена існаваннем злучэнняў (стэрэаізамераў) з аднолькавай паслядоўнасцю сувязей атамаў паміж сабой, але розным іх прасторавым размяшчэннем у малекуле. Падзяляюць на энантыямерыю, ці аптычную ізамерыю, якая ўзнікае пры наяўнасці ў малекуле элемента хіральнасці, дыястэрэамерыю, абумоўленую існаваннем у злучэнняў з некалькімі элементамі хіральнасці груп прасторавых ізамераў, якія не з’яўляюцца аптычнымі антыподамі (гл.Дыястэрэамеры), геаметрычную ізамерыю, уласцівую злучэнням з падвойнымі сувязямі і малымі цыкламі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПТЫ́ЧНАЯ ІЗАМЕРЫ́Я, энантыямерыя,
з’ява, абумоўленая здольнасцю рэчыва вярцець у розныя бакі плоскасць палярызацыі святла, што праходзіць праз рэчыва; від прасторавай ізамерыі. Звязана з існаваннем рэчыва ў дзвюх формах (лева- і прававярчальнай), якія наз. аптычнымі ізамерамі або аптычнымі антыподамі і ўзнікаюць у выніку асіметрыі (хіральнасці) малекулы.
Аптычныя ізамеры адносяцца адзін да аднаго як несіметрычны прадмет і яго люстраны адбітак; маюць ідэнтычныя фіз. і хім. ўласцівасці, акрамя аптычнай актыўнасці. Адзін ізамер верціць плоскасць палярызацыі святла ўлева [l- ці (-)-форма], другі — управа [d- ці (+)-форма). Дзве формы аднаго і таго ж рэчыва маюць люстрана процілеглыя канфігурацыі. Для вызначэння генетычнай сувязі рэчываў выкарыстоўваюць знакі L і D, якія сведчаць аб роднасці канфігурацыі аптычна актыўнага рэчыва з L- ці D-гліцэрынавым альдэгідам або адпаведна з L- ці D-глюкозай. Аптычныя антыподы (ізамеры), узятыя ў эквімалекулярнай колькасці, утвараюць аптычна неактыўны рацэмат.
Аптычную ізамерыю маюць прыродныя амінакіслоты, вугляводы, алкалоіды. Фізіял. і біяхім. дзеянне аптычных ізамераў рознае: бялкі, сінтэзаваныя з прававярчальных кіслот (прыродныя бялкі — левавярчальныя) не засвойваюцца арганізмам; левы нікацін больш ядавіты, чым правы. У біял. працэсах існуе феномен перавагі левай формы аптычнай ізамерыі, які ўплывае на ўяўленні аб шляхах зараджэння і эвалюцыі жыцця на Зямлі.