БЛУ́МАРТ
(Bloemaert) Абрахам (25.12.1564, г. Горынхем, Нідэрланды — 27.1.1651),
галандскі жывапісец. Зазнаў уплыў франц. мастакоў-маньерыстаў; адышоўшы ад маньерызму, стварыў уласны просты і ясны барочны стыль. Тонавае вырашэнне яго карцін адпавядала прынцыпам караваджызму (святлоценявыя кантрасты). Звяртаўся да біблейскіх і міфал. сюжэтаў. Аўтар жанравых кампазіцый і пейзажаў: «Вяселле Тэтыды» і «Казанне Яна Хрысціцеля» (1638), «Укрыжаванне» (1640), «Адпачынак на шляху ў Егіпет» (1631), «Ігрок на флейце» (1643) і інш.
Я.Ф.Шунейка.
т. 3, с. 197
 Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова) 
БАТА́ЛАЎ Аляксей Уладзіміравіч
(н. 20.11.1928, Масква),
рускі акцёр, рэжысёр. Нар. арт. СССР (1976). Герой Сац. Працы (1989). Скончыў Школу-студыю МХАТ (1950). З 1976 кіраўнік акцёрскай майстэрні ва Усерасійскім дзярж. ін-це кінематаграфіі імя С.А.Герасімава (з 1980 праф.). З 1954 здымаецца ў кіно: «Вялікая сям’я», «Справа Румянцава», «Ляцяць жураўлі», «Дарагі мой чалавек», «Дзевяць дзён аднаго года» (Дзярж. прэмія Расіі 1966), «Маці», «Дама з сабачкам», «Жывы труп», «Бег», «Масква слязам не верыць» (Дзярж. прэмія СССР 1981) і інш. Сярод рэжысёрскіх работ у кіно: «Шынель», «Тры таўстуны» (і роль Тыбула), «Ігрок». Пастаноўшчык шэрагу радыёспектакляў. Аўтар кніг «Лёс і рамяство», «Дыялогі ў антракце».
т. 2, с. 344
 Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова) 
ГОЛЬФ
(англ. golf),
спартыўная гульня з мячом і клюшкай. Полем для гольфа служыць участак натуральнай умерана перасечанай мясцовасці (поле, парк, узлесак) пл. ад 50 тыс. да 200 тыс. м², на якім размечана 9—18 дарожак-трас (даўж. 150—470 м, шыр. 30—40 м). У канцы кожнай з іх зроблены пляцоўкі пл. каля 20 м² з ямкай-лункай пасярэдзіне (глыб. 11 см, дыяметр 10 см). Мяч з літой гумы (вес 42,5 г), клюшкі (у наборы) даўж. ад 85 да 110 см з галоўкамі рознай формы. Мэта гульні — ударамі клюшкай па мячу пракаціць яго праз усе дарожкі і патрапіць ім у кожную лунку. Перамагае той ігрок ці каманда, якія зробяць гэта найменшай колькасцю ўдараў.
Зарадзіўся гольф у сярэднія вякі ў Даніі. Найб. развіты ў Вялікабрытаніі, Канадзе, Аўстраліі, ЗША, краінах Скандынавіі. Уваходзіў у праграму Алімпійскіх гульняў (1900, 1904).
т. 5, с. 328
 Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)