Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ЯР, роў,
глыбокі са стромкімі схіламі размыў, утвораны часовымі вадацёкамі; найб. небяспечны вынік воднай эрозіі глебы. Даўж. да некалькіх кіламетраў, шыр. і глыб. — дзесяткі метраў. Узнікаюць пры інтэнсіўных ліўневых дажджах, разворванні і апрацоўцы глебы ўздоўж схілаў, пракладцы дарог, празмерным выпасе жывёлы, знішчэнні дрэвавай і травяністай расліннасці на схілах і інш. Характэрны для ўзгорыстых раўнін, узвышшаў, перадгор’яў, якія складзены з рыхлых парод (лёсаў, лёсападобных суглінкаў і інш.). Я. «растуць» за кошт рэгрэсіўнай эрозіі ўверх па схілах або ў глыб водападзела, а таксама ў выніку доннага і бакавога размыву і разгалінавання, пераважна пры раставанні снегу і ліўнях, калі звязанасць пераўвільготненых грунтоў памяншаецца. Пашыраны на раўнінах стэпавай і лесастэпавай зон Расіі, Украіны, у перадгор’ях Каўказа, Цэнтр. Азіі, шэрагу штатаў ЗША, правінцый Кітая і інш. На Беларусі займаюць больш за 11 тыс.га, у асн. на Аршанска-Магілёўскай раўніне, Навагрудскім, Ашмянскім і Мінскім узвышшах, Мазырскай і Капыльскай градах. Я. наз. таксама абрывісты бераг ракі (часцей правы ў Паўн. паўшар’і), мора ці возера, уступ дна ракі ці возера, вір. Тэрмін уваходзіць у склад многіх геагр. назваў (напр., Краснаярск).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПУ́СЦІН ЯР,
касмадром і палігон у Архангельскай Астраханскай вобл. Расіі. Засн. ў 1946. З К.Я. здзейснены запускі геафіз. ракет «Вертыкаль», ШСЗ з серый «Космас» і «Інтэркосмас», інд.ШСЗ «Арыябхата» і «Бхаскара», франц.ШСЗ «Снег-3» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́БІН ЯР,
урочышча на паўн.-зах. ускраіне Кіева, месца масавай загубы ў 1941—43 ням. фашыстамі мірнага насельніцтва і сав. ваеннапалонных. На працягу 1941—43 у Бабіным яры забіта каля 100 тыс.чал., пераважна яўр. нацыянальнасці. Толькі паводле афіц.ням. звестак 29—30.9.1941 у Яры расстраляны 33 771 яўрэй. У 1976 у раёне Бабінага яра ўзведзены манумент ахвярам фашызму. Да тэмы Бабінага яра звярталіся многія дзеячы мастацтва, у т. л. І.Эрэнбург, Я.Еўтушэнка, А.Кузняцоў, Дз.Шастаковіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЫГРО́ВЫ ЯР,
запаведнік у ніжнім цячэнні р. Вахш у Таджыкістане. Засн. ў 1938 для аховы прыроднага комплексу тугайных лясоў і прылеглай пясчанай пустыні. Пл. 52,2 тыс.га. Рэльеф поймавай тэрасы раўнінны, з паніжэннямі, у цэнтры якіх знаходзяцца азёры. Глебы поймавай тэрасы р. Вахш алювіяльна-лугавога тыпу. Тугайная расліннасць прадстаўлена ўчасткамі лесу з таполі-турангі з травяным покрывам з эфемераў і эфемероідаў; значныя плошчы пад зараснікамі трыснягу і эрыянтусу. Звычайны алень бухарскі, кот чаротавы, шакал, заяц-талай, фазан, кобра, гюрза, пясчаная эфа; у пустыннай частцы сустракаюцца джэйран і драфа. У азёрах-старыцах сом, сазан, вусач, плотка і інш.; зімой шмат вадаплаўных птушак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАГЧЫ́НА,
лінейна выцягнутае эразійнае паніжэнне рэльефу са спадзістымі (15—45°) схіламі, якія плаўна пераходзяць да днішча і водападзелу. Утвараюцца пераважна ад размыву глебы і грунтоў снегавой вадою і ліўневымі дажджамі. Глыбіня Л. 3—15 м і больш, шыр. ад дзесяткаў да 150—200 метраў. Форма папярочнага сячэння Л. карытападобная, днішча плоскае ці слабаўвагнутае. Звычайна задзернаваныя, нахіленыя ў адным напрамку. Пры далейшым развіцці могуць ператварацца ў яр. На Беларусі Л. трапляюцца найчасцей у цэнтр. і паўн. раёнах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНІ́ШЧАЎ Віктар Сцяпанавіч (н. 2.3.1936, с. Лукашкін Яр Аляксандраўскага р-на Томскай вобл., Расія),
бел. геолаг. Д-р геолага-мінералагічных навук (1986). Скончыў Казахскі ун-т (1959). З 1972 у Ін-це геал. навук Нац.АН Беларусі. Навук. працы па тэктоніцы і нафтаноснасці Прыпяцкага прагіну, тэктоніцы абласцей галакінезу стараж. платформ. Дзярж. прэмія Беларусі 1978.
Тв.:
Соляная тектоника Припятского прогиба. Мн., 1975;
Тектоника областей галокинеза древних платформ. Мн., 1980;
Тектоника областей галокинеза Восточно-Европейской и Сибирской платформ. Мн., 1982;
Сравнительная тектоника областей галокинеза древних платформ. Мн., 1984.