Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІ́-ПАША́ ТЭПЕЛЕ́НСКІ (Ali Pashë Tepelena),
Алі-паша Янінскі (каля 1744, г. Тэпелена, Албанія — 5.2.1822), албанскі феадал, правіцель (з 1787) на значнай тэр. Балканскага п-ва (уключала ч.тэр. Албаніі і Грэцыі, цэнтр г.Яніна). Дамогся ад тур. султана фактычнай незалежнасці, меў армію і флот. У ліп. 1820 тур. султан Махмуд II пачаў супраць яго вайну. Алі-паша Тэпеленскі быў забіты, а дзяржава яго распалася.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМА́Н УСЯСЛА́ВІЧ (?—1116?),
полацкі князь у пач. 12 ст. Сын Усяслава Брачыславіча. На думку гісторыка В.Л.Яніна, быў старэйшым сынам Усяслава і княжыў у Полацку з 1101. Паводле інш. даследчыкаў, адзін з малодшых Усяславічаў, валодаў нейкім удзелам. У розных летапісах смерць Р.У. датуецца 1113, 1114 і 1116, яна наступіла ў Разані, куды князь трапіў, як мяркуецца, у выніку міжусобіцы ў Полацкай зямлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЭЙМО́ (Яніна Баляславаўна) (29.5.1909, г. Ваўкавыск Гродзенскай вобл. — 29.12.1987),
расійская кінаактрыса. Скончыла кінамайстэрню ФЭКС (Фабрыка эксцэнтрычнага акцёра; 1929), вучылася ў Ін-це экраннага мастацтва ў Ленінградзе. З дзяцінства выступала ў цырку, працавала на эстрадзе (1925—27), у Тэатры-студыі кінаакцёра (1949—56). З 1957 у Варшаве. У кіно з 1925. Першая вялікая роля — Анук («Песня пра шчасце», 1934). Стварыла паэт. вобразы дзяўчынак-падлеткаў: Ася («Сяброўкі», 1936), Надзя («Ворагі», 1938), Фроська («Ішоў салдат з фронту», 1939), Папялушка («Папялушка», 1947). Здымалася таксама ў фільмах: «Адна маладая настаўніца» (1931), «Мая радзіма» (1932), «Гарачыя дзянёчкі» (1935), «Доктар Калюжны» (1939), «Два байцы» (1943), «Мы з Урала» (1944), «Два сябры» (1955) і інш. Мастацтву Ж. ўласцівы глыбокі псіхалагізм, лірычны трагізм у спалучэнні з вострай эксцэнтрыкай, дакладнасць пластычнага малюнка.
бел. кінааператар. Скончыла Усесаюзны ін-т кінематаграфіі (1971). З 1971 на кінастудыі «Беларусьфільм». Арганізатар і дырэктар відэакінастудыі «Таццяна» (з 1991). Аператарскай манеры ўласціва стварэнне паэт. атмасферы дзеяння. На кінастудыі «Беларусьфільм» зняла маст. фільмы «Антыквары» (1972), «Вянок санетаў» (прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1978), «Берагі» (абодва 1977), «Дзікае паляванне караля Стаха» (1980), «Знак бяды» (1988) і інш.; на студыі «Таццяна» — маст. «Пейзаж з трыма купальшчыцамі» (1991, сумесна са студыяй «Патмас»), дакумент. «5 хвілін да кахання» (1993, з М.Сідорчанка), «Мастак Барыс Забораў» (1995). Аператар тэлефільмаў «Там удалечыні за ракой» (1971), «Ясь і Яніна» (1974), «Чорны замак Альшанскі» (1984) і інш. Фільмы на інш. кінастудыях: «Юнацтва генія» (1982, Дзярж. прэмія СССР 1984), «Назіральнік», «Дзіцячая пляцоўка» (абодва 1989), «Поўня» (1990), «Кветкі ад пераможцы» (1999).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯСЕ́ЦКІЯ,
дзяржаўныя дзеячы, шляхецкі род у Рэчы Паспалітай герба «Яніна» (некат. прадстаўнікі роду карысталіся гербам «Забава»). Найб. вядомыя:
Якуб (? — крас. 1587), падкаморы і канюшы каронны ў 1564—74. Канюшы дворны ВКЛ у 1565—87 (з перапынкам), староста геранёнскі, трабскі, ліпнішскі, дзевянішскі. Геранім (?—1630), сын Якуба пісар польны ВКЛ з 1611. Пасол на сеймы 1607 і 1628. Удзельнічаў у вайне Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29, у перагаворах пры заключэнні перамір’я 1618, у вайне з туркамі 1621. Пётр, сын Якуба, староста больніцкі, падваявода віленскі ў 1621. Андрэй, сын Якуба, стольнік брэсцкі ў 1632. Павел, сын Якуба, падсудак навагрудскі, падваявода ў 1633. Геранім (? — каля 1690), сын Паўла, падсудак слонімскі з 1650, падкаморы з 1661, маршалак з 1672. Шматразовы пасол на сеймы. У 1670—78 віцэ-адміністратар Гродзенскай эканоміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕ́БАЎСКАЯ (Яніна Казіміраўна) (24.10.1901, Мінск — 16.12.1978),
бел. актрыса. Нар.арт. Беларусі (1970). Скончыла Бел.драм. студыю ў Маскве (1926), працавала ў Бел. т-ры імя Я.Коласа. Найб. самабытныя, жыццёва праўдзівыя, каларытныя вобразы жанчын з народа стварыла ў нац. рэпертуары: Мальвіна («Несцерка» В.Вольскага), Даміцэля («Прымакі» Я.Купалы), Югася («Навальніца будзе» паводле трылогіі Я.Коласа «На ростанях»), Гарпіна («Алазанская даліна» К.Губарэвіча і І.Дорскага), Антаніна Цімафееўна («Выбачайце, калі ласка!» А.Макаёнка), старая Жыгоцкая («Вайна пад стрэхамі» паводле А.Адамовіча) і інш. Індывідуальнасцю творчай манеры адметныя і яе ролі класічнага рэпертуару: Матруна («Улада цемры» Л.Талстога), Малання, Васа («Ягор Булычоў і іншыя», «Васа Жалязнова» М.Горкага), Уліта («Лес» А.Астроўскага), Дандальская («Дамы і гусары» А.Фрэдры), Орта («Ветрык, вей!» Я.Райніса) і інш. З інш. роляў: Пастарша («Юстына» Х.Вуаліёкі), лэдзі Патэрсан («Востраў Афрадыты» А.Парніса), Шарлота («Гарачае лета ў Берліне» паводле Э.Д.К’юзек).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСІПЕ́НКА (Алесь) (Аляксандр Харытонавіч; 7.9.1919, в. Пушкары Віцебскага р-на — 6.8.1994),
бел. пісьменнік. Засл. работнік культуры БССР (1979). Скончыў Мінскі пед.ін-т (1955). У Айч. вайну партызан. З 1966 гал. рэдактар час. «Маладосць», з 1972 гал. рэдактар сцэнарнага аддзела кінастудыі «Беларусьфільм», у 1976—80 гал. рэдактар газ. «Літаратура і мастацтва». Першы зб. апавяданняў «Лёд растае» (1958). Асн. тэмы твораў — гераізм народа ў барацьбе з фашызмам, партыз. рух, пасляваен. аднаўленне (раман «Вогненны азімут», 1965; аповесці «Жыта», 1966; «Два дні і дзве ночы», 1976; апавяданні), жыццё вёскі і горада, сац. і маральна-этычныя праблемы (раманы «Непрыкаяны маладзік», 1971—80, Літ. прэмія імя І.Мележа 1981; «Лабірынты страху», 1992; аповесці «Дысертацыя», «Няроўнай дарогай», абедзве 1957; «Паплавы», 1958; «Абжыты кут», 1963; апавяданні). Па сцэнарыях Асіпенкі пастаўлены маст. фільмы «Пяцёра адважных» (1971), «Надзейны чалавек» (1975), «Кожны трэці» (1980, з Н.Сафаравым), тэлефільм «Ясь і Яніна» (1974, з С.Паляковым), дакумент. фільм «Трывогі першых птушак» (1986) і інш.
Тв.:
Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1979;
Зб. твораў. Т. 1—3. Мн., 1989—90.
Літ.:
Быкаў В. Таленавітая аповесць // Полымя. 1964. №7;
Кухараў С. Акрыленасць душы // Полымя. 1979. № 9;
Савік Л. Падзеі, час, людзі // Полымя. 1981. № 1;
Грамадчанка Т. З увагай да звычайнага // Полымя. 1983. № 6.