КА́ЎФМАН ((Kauffmann) Марыя Ганна Ангеліка) (Анжэліка) Катарына (30.10.1741, г. Кур, Швейцарыя — 5.11.1807),
швейцарскі жывапісец і графік; прадстаўніца класіцызму. Вучылася ў бацькі — аўстр. жывапісца І.І.Каўфмана. Працавала ў Італіі, Аўстрыі, Англіі. Элегантны, свецкі стыль яе твораў склаўся пад уплывам англ. партрэтнага жывапісу, вызначаецца гладкай манерай пісьма і дасканалай прапрацоўкай дэталей. Майстар партрэта (аўтапартрэт, 1762; «Агюст Тысо», 1783; «Баранеса дэ Крудэнер з сынам», 1786; партрэт І.В.Гётэ, 1787), у т. л. параднага (партрэты Паўла I, Іосіфа II, Людовіка IV Баварскага і інш.). Аўтар сентыментальна-пачуццёвых сцэн на міфалагічныя, рэліг., гіст. і літ. сюжэты: «Развітанне Абеляра і Элаізы», «Музыка і жывапіс» (1782), «Каранаванне Марыі» (1802). Працавала ў афорце, кніжнай ілюстрацыі («Месіяда» Ф.Г.Клопштака).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІРО́НАЎ (Андрэй Аляксандравіч) (7.3. 1941, Масква — 16.8.1987),
расійскі акцёр. Нар.арт. Расіі (1980). Сын М.У.Міронавай і А.С.Менакера. Скончыў Тэатр. вучылішча імя Б.Шчукіна (1962). Працаваў у Т-ры сатыры. Камедыйны акцёр, іранічны, элегантны, адораны пластычна і музыкальна. У многіх (асабліва позніх) работах выявіўся драм. талент М., яго здольнасць да глыбокага псіхал. аналізу, вострай трактоўкі ролі: Жадаў («Даходнае месца» А.Астроўскага, 1967), Фігаро («Вар’яцкі дзень, або Жаніцьба Фігаро» П.Бамаршэ, 1969), Хлестакоў («Рэвізор» М.Гогаля, 1972), Чацкі («Гора ад розуму» паводле А.Грыбаедава, 1976), Лапахін («Вішнёвы сад» А.Чэхава, 1983). Паставіў: «Бывай, канферансье» Р.Горына (1984, роля Канферансье), «Цені» М.Салтыкова-Шчадрына (1987, роля Клаверава) і інш. З 1961 здымаўся ў кіно: «Сцеражыся аўтамабіля» (1966), «Брыльянтавая рука» (1969), «Уласнасць рэспублікі» (1971), «Саламяны капялюшык» (1974), «12 крэслаў» (1976), «Мой сябар Іван Лапшын» (1982, вып. 1985), «Бландзінка за вуглом» (1984), «Перамога» (1985) і інш.
Літ.:
Вислова АВ. Андрей Миронов: Детство. Юность. Театр. В кино и на телевидении. В жизни, за кулисами, с друзьями. Ростов н/Д, 1998.